06 мар 2018 в 07:56 — 7 лет назад

555. МАЯ ВЁСКА НА ВАЙНЕ. Хаванская Надзея

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 2111

     Нарадзілася ў 1965 годзе ў вёсцы Варашкі. Працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Дзяржаўнай установы адукацыі “Баброўскі дзіцячы сад-базавая школа Лепельскага раёна”. Жыве ў Варашках

 

     Нарадзілася я, калі прайшло ўсяго 20 гадоў пасля заканчэння вайны. Што такое 20 гадоў? Гэта не такі ўжо вялікі тэрмін. У людской памяці вайна была як бы ўчора. Так, навукоўцы сцвярджаюць, што за 20 гадоў змяняецца пакаленне людзей. Можа, навукоўцы і гавораць праўду, але ж для людзей, якія прайшлі вайну і дзецьмі, і партызанамі, і вайскоўцамі, і проста былі на акупіраванай тэрыторыі, вайна – блізкая, страшная, крывавая.

     - І няхай больш такое не паўторыцца”, - чула я бясконца ў маленстве.                           

     Цяпер на ўроках літаратуры, калі прыходзіцца гутарыць з дзецьмі пра 60-я гады і прыводзіць у прыклад мае дзіцячыя ўспаміны аб тым часе, часта чуецца дзіцячая смяшынка:

     - А мамантаў вы не бачылі?

     Не, мамантаў я не бачыла, аднак тэлевізары на вёсцы толькі пачалі з’яўляцца. Ды і электрычнасці людзі яшчэ радаваліся, не прымалі як належнае. Але ж затое былі пасядзелкі! Звычайна ў больш вялікай вясковай хаце збіраліся мужчыны, каб пагуляць у карты, даміно, шашкі, каб пачытаць газеты, каб абмеркаваць справы. Асобна маглі збірацца жанчыны прасці воўну, сукаць ніткі на калаўрот, вязаць, вышываць. А маглі збірацца проста суседзі ў адну хату і праводзіць вечары за размовамі.

     Аб чым былі размовы? Крыху аб будзённым – надзённым, крыху аб працы, але больш за ўсё – успаміны. Так, успаміны аб вайне, тым, што так яшчэ блізка і так балюча.

     Звычайная вясковая хата – гэта хата з трысценам. Няма тых пакойчыкаў з дзвярыма, як цяпер. А значыць, калі да нас збіралася шмат суседзяў і яны бавілі час за размовамі, хочаш, не хочаш, а слухаць нам з сястрой даводзілася. З маленства мяне цікавілі гэтыя размовы. Я магла, як казаў тата, разявіўшы рот сядзець і слухаць гадзінамі. Ну а памяць мая захавала тыя ўспаміны надоўга. Як і цяпер уяўляю перад сабою і Пятра Паўлавіча з бабай Палютай (Палінай), і бабу Дуню Хвядосіху, і дзеда Ягора, і маіх тату з мамаю. Іх ужо няма. Нікога няма. Са старэйшага пакалення ў вёсцы застаўся адзін мужчына і тры жанчыны.

     Тое, што захавала мая памяць з дзіцячых успамінаў, дапоўнілі мае аднавяскоўцы Варошка Марыя Пятроўна, мая суседка, якой на пачатак вайны было 11 гадоў, і Варошка Аляксандр Дзям’янавіч, якому было тады ўсяго сем гадоў. Сваімі ўспамінамі падзялілася і жыхарка вёскі Катоўшчына Ханяк Раіса Рыгораўна, якой ў 1941 годзе споўнілася 12 гадоў.

     Так, яны ўсе – дзеці вайны. І сёння ім “пад” або “за” 80. Яны ўспамінаюць вайну, якая была 70 гадоў назад, як учарашні дзень, бо гэта іх дзяцінства ці маладосць. Тыя залатыя для кожнага чалавека гады былі апалены вайною, пажарамі, смерцямі. “Дзяцінства, апаленае вайною”,- выраз даўно знаёмы і збіты. Але ж іменна ён так падыходзіць да дзяцінства маіх суразмоўцаў. 

     Мая маленькая вёсачка Варашкі знаходзіцца на поўначы Лепельскага раёна. Зусім побач, як кажуць, рукою падаць, Бешанковіцкі і Ушацкі раёны. Крыху далей ад вёскі, але ўсё ж блізка, Чашніцкі. Вёсачка мая невялікая. На маёй памяці ніколі не было тут больш за 30 двароў. Няма побач ні вялікіх лясоў, ні шырокіх рэк. Але ж затое ёсць маленькі Падаляцкі бярэзнік, невялікая рака Лукамка, што злучае паміж сабою азёры Луконіца і Рагоўскае, і маленечкая бурлівая рачулка – ручаёк Дзіва, што злучае Катоўскае і Рагоўскае азёры. Але ж затое многа азёр у маім краі. Сушанскія азёры, на думку многіх мінскіх дачнікаў, што прыязджаюць летам у нашы вёскі, ніколькі не саступаюць Браслаўскім. Толькі сучаснай рэкламы ім не хапае.

     За паўкіламетра ад вёскі ідзе дарога, што злучае Камень і Улу, былыя мястэчкі, а цяпер звычайныя вёскі – аграгарадкі. Размешчаныя Варашкі хоць і на ўзгорку, але ўсё ж паміж вялікімі ўзвышшамі з захаду, усходу і поўдня. А з поўначы – раўніна і азёры.

     Такое размяшчэнне вёскі дало падставу немцам у гады вайны не размяшчаць тут свой гарнізон, а проста бываць наездамі.

     Кожная з суседніх вёсак даведвалася пра вайну па–свойму. Радыё на той час не было. Да маёй вёскі вестку прывёз аднавясковец з Каменя, куды ездзіў да яўрэяў у крамы. А суседняя Макарыўшчына пачула вестку толькі тады, калі пачалася бамбёжка Бароўкі – аднаго з ваенных гарадкоў Лепельшчыны.

     Немцы ішлі хутка. Нават вельмі хутка. Перадавыя часці не збочвалі з дарогі. І супраціўлення ў нашай мясцовасці ім не аказваў ніхто. Гарнізон у Бароўцы быў разбіты. Нашы войскі адступалі малымі групамі ноччу. А немцы ехалі некалькі дзён. І на машынах, і на матацыклах з каляскамі, і на веласіпедах. Ужо ў той час іх пяхота не ішла пяшком. Тэхніка была розная і машыны з кулямётамі, і танкі, і бронемашыны. Ішлі на ўсход – у напрамку Віцебска і Ленінграда. Так, дарога праз Улу – самая бліжэйшая з Мінска на Ленінград.

     Усе мае цяперашнія суразмоўцы ў адзін голас адзначаюць, што сіла ішла вялікая. Колькі ж многа было тэхнікі! Колькі ж ішло людзей, чужых, у чорнай форме, з незразумелай мовай!

     - Якая сілішча!” – чулася часам паміж людзей.

     І ўсё ж людзі верылі, што перамогуць нашы войскі.

     - Звернуцца нашы і дадуць бой, як тады, - казалі сівабародыя дзядулі.

     А тады – гэта значыць у Першую сусветную, калі немцы дайшлі да Бачэйкава, што непадалёку ад нашай вёскі.

     Так, войскі чужынцаў ішлі маршам. Ішлі хутка. Рваліся да Ленінграда. І не верылася нашым людзям у вёсцы, што немец стаў дабрэйшым з 18–га года.

     У суседняй вёсцы Катоўшчына неяк напачатку вайны нават выпадак адбыўся цікавы. Калі там стаў гарнізон на пастаяннае месца, дык у адным немцы старыя людзі пачалі бачыць быццам бы знаёмага, толькі даўно забытага. Якім жа было іх здзіўленне, калі гэты немец загаварыў па–руску, і нават без акцэнту. Аказалася, што і ён прыглядаўся спачатку да мясцовасці, да людзей, а потым, калі ўспомніў усё дасканала, асмеліўся загаварыць. У Першую сусветную ён, Людовік, быў у гэтай жа вёсцы. Ваяваў. Быў паранены. Потым папаў у палон. Тут яго дапытвалі нашы. Аказваецца, ён быў тады не проста радавым салдатам. Лячылі яго ў вёсцы і нямецкі фельчар, і мясцовыя бабулькі. З цягам часу папаў Людовік на радзіму. А калі пачалася мабілізацыя ў войскі Гітлера, быў прызваны радавым, як ненадзейны, як былы палонны. І ў перадавыя часці ён не трапіў. Затое так атрымалася, што яго гарнізон стаяў у той жа Катоўшчыне. Усё шукаў, шукаў ён бабульку, што лячыла яго, але так і не знайшоў. Можа, не адкрылася жанчына? А можа, не было ўжо яе сярод жывых?

     І быў гэты немец як свой сярод сваіх. Часта ў вольны час ішоў да людзей. Расказваў пра сваю сям’ю, паказваў фотаздымкі жонкі і дзяцей. Расказваў пра Германію. Не, не дакараў ён Гітлера за пачатак вайны. Проста, напэўна, баяўся. Але ж затое са смуткам часта казаў пра тое, што вайну распачынаюць кіраўнікі, а ваяваць даводзіцца простаму люду, пакідаючы дом, сям’ю.

     Полацка–Лепельская партызанская зона – гэта часткі Полацкага і Лепельскага раёнаў, а таксама ўвесь Ушацкі. Вёскі Ушацкага раёна зусім побач знаходзяцца ад маіх Варашкоў. Блізкія ад нас Заслаўкі, Замошша, Урада (Заазёрная), Атокі, Хвашчова, Мішулькі, Зямцы, Янова былі партызанскімі. Суседнія Суша, Двор–Суша, Загорцы, Гаравыя, Завадзіна – “памежнымі”, як казалі тады ў народзе. Туды немцы асабліва носу на паказалі, але ж і для партызан гэтыя вёскі даступныя толькі ноччу.

     З-за свайго размяшчэння Варашкі партызан сустракалі так-сама толькі ноччу, але ж радзей, чым суседнія.

     На захад ад вёскі знаходзіцца вялікае Катоўскае возера. Заходні бераг возера стромкі, узнімаецца вялікая–вялікая гара. Напэўна, з далёкай старажытнасці тут могільнік дзвюх вёсак – Катоўшчына і Варашкі. Прама на могільніку знаходзяцца тры валатоўкі – высокія курганныя насыпы. Дарэчы, такіх насыпаў было амаль што два дзесяткі. Расцягнуліся яны прамой лініяй на працягу прыкладна трох кіламетраў ад Сушы да Катоўшчыны. Пашанцавала захавацца толькі тром – на могільніку. Астатнія па ўказу мясцовых кіраўнікоў былі проста спецыяльна расцягнуты трактарамі, каб не перашкаджаць працаваць тэхніцы. Як кажуць мае суразмоўцы, з усіх “сыпаліся косці і нейкія чарапкі”.

А адразу за могільнікам - шырокі глыбокі роў. Стварыла прырода яго сапраўды ўнікальным. Прыкладна метраў 20 глыбіня і метраў 30 шырыня. З нахілам да возера. Вада там ніколі не затрымліваецца: ідзе ў возера.

     Гэты роў аблюбавалі немцы. Узялі самую лепшую хату ў Катоўшчыне і перанеслі яе ў роў. Там жылі немцы ўсю вайну. Чалавек 20 – 30 было пастаянна. З сабакамі. З рова не было бачна нават коміна хаты. Якое ж удалае месца было выбрана! Колькі ж нашых салдат і партызан было забіта з гэтай абарончай пазіцыі! Ва ўсе бакі з гары – могільніка прастрэльвалася мясцовасць на многія дзясяткі кіламетраў. Як ні стараліся партызаны выбіць нямецкі гарнізон у Катоўшчыне і іх абарончае ўмацаванне на могільніку – не атрымалася.

     І нават тады, калі ў 44–м наступалі нашы войскі, немцы на дне рова абараняліся да апошняга боезапасу. Здацца ў палон нашым іх прымусіла толькі адсутнасць патронаў і гранат.

     Дарэчы, расказваюць, што і наступленне савецкіх войск у 44–м пайшло ў нашай акрузе хутчэй толькі тады, калі была захоплена гэтая агнявая пазіцыя немцаў. А ў час вайны ў гэты роў часта бегалі … дзеці. Так, дзеці на вайне ці ў мірны час заўсёды будуць дзецьмі, здольнымі на выдумкі, свавольства. Усе “дзеці вайны” як бы ў адзін голас расказваюць, што кралі кожны ў сваім доме яйкі, а калі можна было, то і масла, і неслі немцам ці то ў роў, ці то ў гарнізон і выменьвалі на цукеркі – ледзяшы або нейкія маленькія плітачкі шакаладу. І ўсе аднолькава адзначаюць, што немцы былі розныя. Іменна нямецкая нацыя, якая стаяла на захопленай тэрыторыі, - гэта пераважна людзі больш старэйшага ўзросту, якім, бачна было, проста надакучыла ваяваць. Вось з імі можна было дзецям весці “дыпламатычныя перамовы”.

    Адрозніваліся ад немцаў жорсткасцю румыны, чэхі і “іншыя нацыянальнасці”. На маё наіўнае пытанне: “А як жа вы іх адрознівалі?” - быў здзіўлены адказ ва ўсіх: “А што, па іх не бачна было, хто яны? Бачна!”. І на дзяцей – дыпламатаў не раз былі нацкаваны аўчаркі іменна “другімі нацыянальнасцямі”.

    Мая вёска Варашкі адрознівалася ад іншых суседніх тым, што ў вёсцы з пачаткам вайны адбылося своеасаблівае размежаванне сярод людзей. Аж 13 сямей выехала на пачатку вайны “у Нямеччыну”. Так яны называлі суседнюю вёску Баброва, якая  поўнасцю была нямецкай, мела вялікі гарнізон, нямецкі шпіталь. Выехалі да немцаў за адну ноч. А адбылося гэта зімой 1941 – 1942 гадоў.

    На маё здзіўленне “чаму паехалі” цяпер адказаць няма каму. Хутчэй за ўсё, тлумачыць Аляксандр Дзям’янавіч, яны проста баяліся нашых партызан. Баяліся і за нейкія грахі перад савецкай уладай, і за багацце сваё. А яшчэ, на маю думку, проста прапала ў людзей вера ў нашу перамогу.

     У доказ таго, што намер быць з немцамі – сапраўдны, было прапанавана спаліць вёску Варашкі іменна тым сем’ям, што паехалі да немцаў. Не ведаю, не расказвае ніхто, як павялі сябе сем’і ў гэтай сітуацыі, але ж вёску ніхто не паліў. І толькі адна жанчына, прыехаўшы з мужам за пакінутымі пажыткамі, спытала ў мужа:

     - З якога канца будзем паліць вёску?

     Гэтага было дастаткова, каб атрымаць ад мужа кухталя ў плечы і па вуснах. А пасля ён, загнаўшы яе на воз, хуценька падаўся ў Баброва. І там усе сем’і “пераседзелі – перажылі” да 1944 года, да вызвалення.

     Пытанне ж тое было не забыта. Яго паўтаралі аднавяскоўцы гэтай дурной жанчыне да яе смерці. І цяпер яно, бачна, не забыта, бо гэта лічылася здрадай перад людзьмі, перад народам.

     Здраднікі. Паліцаі. Народнікі. Так, былі сярод людзей і тыя, хто радаваўся немцам, бачыў у іх вызваленне ад Саветаў, ад калгасаў, бачыў будучае “цывілізаванае жыццё”. Нельга сказаць, што такіх было ў вёсцы і яе ваколіцах многа. Але ўсё ж былі.

     Напэўна, самым страшным у акрузе быў Чэпік Максім з суседняй вёскі Залессе. Ці Модаль, Мадалёк, як звалі яго ў ваколіцах. Ён суправаджаў немцаў у іх “агітацыйных сходах”. Сядзеў з імі ў прэзідыуме за сталом. Сядзеў і звысоку паглядаў на вяскоўцаў. Але ж ніколі яму не даруюць і мёртваму тое, што выдаваў маладых, якія хаваліся, не хацелі ехаць у Нямеччыну. Выдаваў партызанскія сем’і і сем’і чырвонаармейцаў. А яшчэ быў старастам вёскі Залессе.

     Не, быць старастам – не здрада. Але ж старастам можна быць розным. Модаль не шкадаваў людзей, быў над імі панам. Аднойчы ў хату да яго ноччу пастукалі партызаны. Ведаеце, жонка яго, калі быў выкананы прысуд, сказала:

     - Дзякуй вам, людцы, што вызвалілі ад вырадка!

     Людская памяць моцная, трывалая. Гэтымі словамі жанчына як бы вызваліла сябе і сваіх дзяцей ад сораму за мужа, бацьку. І цяпер, калі ўспамінаюць Модаля, то аднаго, без сям’і. Ён – здраднік. Яны – свае, нашы.

     А ў нашых Варашках старастам амаль што ўсю вайну быў дзядзька Антон. Звалі яго хто дзядзькам Антонам, а хто і проста дзедам Антонам. І зараз, калі толькі размова заходзіць пра гэтага мужнага чалавека (даводзілася назіраць мне неаднойчы), у людзей неяк святлеюць твары, свецяцца ўдзячнасцю вочы.

     Дзед Антон і да вайны быў паважаным, разважлівым чалавекам. І ў вайну, калі толькі лёс распарадзіўся быць іменна яму старастам (чарга спынілася на ім), ён сказаў аднавяскоўцам:

     - Нічога, да нашых дажывём.

     І з гэтай верай – дажыць да нашых – прайшоў ён праз усю вайну, а побач з ім - і ўсе старыя, малыя ды жанчыны ў вёсцы. Трымаліся яго, верылі яму, а ён, дзед Антон, клапаціўся пра людзей чужых, як пра сваіх. Ды і якія яны чужыя! Яны ж – аднавяскоўцы. А значыць – свае, нашы.

     Некалькі сем’яў поўнасцю выехалі ў партызанскую зону. Многа мужчын і маладых дзяўчат і хлопцаў ваявалі з партызанамі. І ні адна сям’я не была выдадзена, колькі б ні дапытваліся немцы.

     Дзед Антон быў сапраўдным дыпламатам. Калі прыязджалі днём немцы з загадам ці то даць людзей у падводы (перавозіць грузы на конях), ці то капаць равы, ці на аднаўленне падарванага партызанамі моста, то ў старасты быў адзін адказ:

     - Я зараз, зараз прабягу і ўсіх збяру.

     А замест “усіх” было ўсё: яйкі, сала, самагонка. А далей дзеянне разгортвалася прыкладна аднолькава: п’яныя немцы ад’язджалі з Варашкоў з яйкамі і салам. Людзі заставаліся жыць і чакаць ночы, партызан. Для партызан жа ў вёсцы шыліся рукавіцы, маскіровачныя халаты і нейкі час кажухі. Адна жанчына рэгулярна пякла хлеб. У вёску да дзяўчат прыходзілі маладыя хлопцы–партызаны. Ладзіліся ігрышчы.

     Часта праз вёску ў нямецкую зону ішлі партызанскія разведчыкі. Аднойчы немцы па следу партызана дайшлі да Варашкоў. А тут хлопец як скрозь зямлю праваліўся. Абшукалі вёску – няма. За тое, што хаваюць партызана, людзей сагналі ў канюшню. Што было б далей, калі б не “дыпламатычныя перамовы” дзеда Антона, зразумела ўсім і тады, і цяпер. І дзед Антон выкарыстаў свой апошні аргумент. Скінуўшы шапку на зямлю, сказаў:

     - А няхай я буду тым партызанам, калі ён вам так трэба, саколікі мае!

     І “саколікі” азірнуліся, схамянуліся, засмяяліся. Перад імі – стары дзед, які да таго ж дрэнна ходзіць. Але ж якая смачная ў яго самагонка. Паразмаўлялі нешта па–свойму і скамандвалі:

     - Нах хаус!

     Гэтае разумелі ўсе.

     Дзе ж быў той малады хлопец, з–за якога разгарэўся ўвесь сыр–бор? Пад печкай у дзеда Антона. Як і ў кожнай вясковай хаце, было там месца для курэй у зімовыя моцныя халады. Дзед Антон зрабіў яшчэ пралаз (падкоп) убок, куды маглі змясціцца ажно тры–чатыры чалавекі. І закрывалася тая схованка цэглай. Нічога не заўважыш, калі нават пасвеціш пад печку.

     Гэты падпечак ведалі многія партызаны. Неаднойчы дзед Антон садзіў туды спецыяльна хлопца, які ведаў нямецкую мову, а сам з п’янымі немцамі вёў размову пра “дрэнных партызан і добрых немцаў”.

     І цяпер пры ўспаміне дзеда Антона многія кажуць у вёсцы:

     - Ён жа быў Чалавек!

     Заўсёды самай вялікай хвалой на вёсцы былі словы: “Ты – Чалавек!”. І самымі абразлівымі былі, дарэчы: “Ты – не чалавек”. Нават пры размове з жыхарамі суседніх Катоўшчыны і Макараўшчыны неаднойчы чула:

     - Ну, у вас жа быў дзед Антон! І гэта значыла – заступнік.

     Не адзначаны такія людзі ні ордэнамі, ні медалямі. Затое людская памяць захавала пра іх, народных герояў, добры ўспамін, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.

     Мой тата не раз дома расказваў пра дзеда Антона. А калі сталі падрастаць мае сыны, дзядуля і ім у аповедах пра вайну  ўспамінаў яго, дзеда Антона. Асабліва любіў мой малодшы сын Вадзім ляжаць з дзедам “нос у нос” і слухаць, слухаць яго. Цяпер майму Вадзіму - 21. Неяк спытала, ці памятае ён дзядулевы казкі–апавяданні. Аказалася, памятае. І пра дзеда Антона памятае. Ведаю, раскажа сваім дзецям. А гэта і ёсць народная памяць пра добрага чалавека. Напэўна, гэта і ёсць узнагарода. Самая лепшая. Пра самага добрага чалавека.

     І яшчэ быў у нашай мясцовасці чалавек, які радаваўся немцам. Да вайны быў у Камені ветэрынарны фельчарскі пункт, які абслугоўваў жывёлу і калгасную, і хатнюю ва ўсёй акрузе. Працаваў там адзін ветэрынар, які спецыялізаваўся на лячэнні коней. Роўных яму, лічылася, не было. А як жа хварэлі коні ў акрузе!

     Аказваецца, гэты ветэрынар не лячыў, а рабіў так, каб коні хварэлі. А за недагляд коней не раз былі асуджаны калгасныя даглядчыкі. І цяпер я не раз чула, як паўтаралі людзі любімыя словы таго гора – ветэрынара:

     - Недогляд! Вредительство! Под суд! Калі ж наступалі нямецкія часці, іх ля Каменя сустракаў “конскі ветэрынар”. Перад ім нямецкі начальнік нават стаяў па стойцы “Смірна!”. Якім жа было здзіўленне нашых людзей, калі ад ветэрынара загучала нямецкая мова. Так, ён быў нямецкім агентам. Усю вайну гэты чалавек пражыў у Камені пад вельмі моцнай аховай. Колькі разоў партызаны спрабавалі пакараць здрадніка! Але ўсе спробы аказаліся безвыніковымі. А ўжо напачатку 44-га, калі толькі немцы дакладна зразумелі, што перамога будзе наша, “ветэрынар” з’ехаў у Нямеччыну разам са сваёю моцнай аховай.

     Зараз, аглядваючыся на тыя далёкія гады, не магу зразумець аднаго: чаму тады вясковыя людзі так баяліся ўсяго і ўсіх, чаму не былі пільнымі назіральнікамі? Бо відавочна ж было, што пасля прыезду–агляду калгасных статкаў коні пачынаюць хварэць, а пасля “лячэння” зусім канаюць. Няўжо нікому не прыйшла гэтая думка ў галаву? А калі чалавек здагадваўся, то чаму маўчаў? Мая хата з краю? Аб тым, што людзі здагадваліся аб шкодніцкай дзейнасці “ветэрынара”, я зразумела з аповедаў маіх суразмоўцаў. На маё пытанне, чаму маўчалі, адказам было толькі пацісканне плячэй.

     З партызанамі, расказваюць, было добра. Яны прыносілі звесткі “з вялікай зямлі” і з Масквы. Расказвалі, што чулі, што бачылі, як немцам не даюць жыць спакойна. А ўжо прыкладна з канца 42-га пачаў над нашай мясцовасцю лятаць самалёт і раскідваць лістоўкі. Колькі ж непрыемнасцей ён прыносіў немцам! Па–першае, яго трэба збіць. Не, не ўдаецца, высока лятае. Па-іншае, трэба сабраць лістоўкі. А вецер дапамагае ім разлятацца ў лясы, у хмызнякі, у балоты. Наш чалавек іх знойдзе ўсюды, прачытае, перакажа іншым. А яшчэ, кажуць, у гэтага самалёта быў такі моцны гук, што ў немцаў адразу пачыналася паніка. За чытанне і захоўванне лістовак – пакаранне смерцю. Ды не, нашы захоўваць лістоўкі не будуць. Нашага чалавека выручала заўсёды, і ў вайну таксама, вусная народная творчасць – пераказ. Нашмат горш стала, калі была разгромлена партызанская зона. Прарыў з акружэння прабілі партызаны на тэрыторыі Ушацкага раёна і выйшлі ў Бягомльскія лясы. Наша тэрыторыя стала поўнасцю пад немцам. Немцы здзекаваліся, дражнілі людзей, казалі, што ўлада будзе толькі іхняя. А нашы маўчалі, але не верылі ім. Верылі, што некалі пагоняць нашы ворагаў. Толькі калі? Хутчэй бы. І вось нарэшце дачакаліся. Аднойчы ў вёску прыйшлі ноччу незнаёмыя людзі. Самае цікавае, што яны завіталі да дзеда Антона. Крышку пабылі ў хаце і далей пайшлі. Зайшлі за вёску на самую высокую горку і далі некалькі залпаў у бок Катоўшчыны. Самі ж  заляглі ў сянажнай яме пад грушай. Што тут пачалося! Немцы як ашалелі. Яны пачалі біць па вёсцы з аўтаматаў, і з кулямётаў, і трасіруючымі кулямі. Апошнія былі самымі страшнымі. Ад іх маглі загарэцца саламяныя дахі. І вось у адну хату якраз у цэнтры вёскі і трапіла такая куля. Выгарала вёска ўся, бо хаты стаялі вельмі густа. Засталіся толькі некалькі будынін на абодвух канцах вёскі. Ды яшчэ тры хаты на другой вуліцы. Застаўся, не згарэў дом маёй бабулі Рыпіны. Хоць і быў ён стары, дрэнны, але ўсё-ткі гэта было жыллё. Гэтая хата гасцінна запрасіла і дала прытулак сямі сем’ям аднавяскоўцаў. Мой папа часта ўспамінаў, як жа весела жылося ім, дзецям, у гэтай хаце. 16 дзяцей пад адным дахам! І амаль што ўсе – хлапчукі–равеснікі. Пра іхнія свавольствы можна слухаць і цяпер гадзінамі (Аляксандр Дзям’янавіч – стрыечны брат майго таты). Дарэчы, я зрабіла выснову, што сучасныя дзеці – золата. Яны так не шкоднічаюць.

     У той час, калі гарэла вёска, людзей паблізу не было. Партызаны–разведчыкі, хутчэй за ўсё, папярэдзілі дзеда Антона, што тут можа быць бой, бо стараста хутка пасля адыходу нашых аббег вёску і вывеў людзей у балоты Рэпішча і Рымаўшчына, не даў нават узяць нічога з сабою. Так, згарэла ўсё нажытае, але ж ніхто не загінуў.

     Гэта была разведка боем. І людзі здагадаліся: хутка будуць нашы. Ды і немцы як ашалелі. Пачалі моцна рабаваць тыя вёскі, дзе стаялі, дзе не згарэла нічога. Пачалі (заўважылі нашы)  пакаваць сабе нарабаванае. Значыць, яны “дадому”.

     Аб тым, што будзе бой, людзей папярэдзілі нашы і далі загад: адысці ў такое бяспечнае месца, каб там не было ні немцаў, ні нашых. Так, зноў выручылі балоты. Але ж як можа наш чалавек сядзець ва ўкрыцці і чакаць “з мора надвор’я”? Смельчакі пайшлі ў вёску Гарадзец, якая знаходзілася сярод балот, на высокай гары. Адтуль добра праглядвалася мясцовасць. Вось і сачылі за боем, за наступленнем нашых, за тым, як страляе “Кацюша”, як выбіваюць немцаў з могілак у Катоўшчыне.  А з іншага боку ішло наступленне нашых - з Сокарава на Бачэйкава. Там бой быў меншы.

     І толькі калі ўсё сціхла, рашылі вяртацца ў вёску. Колькі ж нашых тут палягло! Дзед Антон адразу даў загад: пахаваць, паставіць крыжы. Адны рыхтавалі хоць якія-небудзь дамавіны, другія рабілі крыжы, трэція капалі ямы. Пасля вайны ўсіх загінулых нашых воінаў збіралі ў брацкую магілу ў Сушы. Тата расказвае, што толькі ў нашай вёсцы воіны былі пахаваны ў дамавінах. А крыжы беспамылкова маглі паказаць месца пахавання.

     А колькі ж яшчэ воінаў ляжыць у нашай беларускай зямлі і лічыцца зніклымі без вестак? Так, напрыклад, расказваюць, што неаднойчы былі паветраныя баі над нашай тэрыторыяй. Тата расказваў, што два нашы самалёты былі збітыя і разам з лётчыкамі зваліліся ў балоты. Адзін самалёт быў збіты над Макараўшчынай, але ж не зваліўся на вёску, дацягнулі лётчыкі да ўскрайку населенага пункта, не сталі скакаць з парашутамі. Удзячныя вяскоўцы таемна ад немцаў ноччу пахавалі іх на мясцовых могілках. Пахавалі па хрысціянскіх звычаях: глыбока, у дамавінах. Толькі крыжы не сталі ставіць, а закідалі месца пахавання лапкамі елак і соснаў, каб не заўважылі немцы. Неаднойчы казалі мясцовыя жыхары ўладам аб месцы пахавання, бо імёны герояў невядомыя.

     - Прыедуць з ваенкамата, капнуць некалькі разоў неглыбока і кажуць: “Нічога тут няма!”. Мы ім: “Капайце глыбей! Ёсць!”. А яны збяруцца і паедуць, - распавядала Раіса Рыгораўна Ханяк.

     І толькі памяць людская захоўвае подзвіг герояў–лётчыкаў. Усе мае суразмоўцы сведчаць аднолькава: на пачатку вайны, калі адступалі нашы, было такое адчуванне, што арміі ў нас амаль што няма; не бачылі нашых воінаў, або калі яны і былі, то ў малой колькасці; калі ж нас вызвалялі нашы ўлетку 44-га, то іх было столькі шмат, што вока радавалася.

     Мае вяскоўцы вылезлі з балот, прыйшлі ў вёску і паспелі хлебам–соллю вітаць сваіх. А як жа рады былі бачыць нашы воіны жывых беларусаў на акупаванай былой тэрыторыі. Асабліва радаваліся дзеці і старыя. Дзяцей падкідалі ўгору, дарылі ім шапкі. Старых абдымалі і плакалі. Нават і цяпер без слёз пра гэтыя моманты не можа расказаць ніводзін.

     Вайна пайшла–пакацілася на захад. У вёсцы стаў аднаўляцца калгас. Забралі мужчын у армію. І хоць да Перамогі быў яшчэ год, верылі: яна будзе хутка. Цяпер ужо лягчэй стала ведаць, дзе б’юць немца. І хоць гінулі нашы на франтах, хоць цяжкай вайна была і на чужой тэрыторыі, жылі надзеяй – хутка Перамога.

     І Перамога прыйшла. Была прыгожая пара цвіцення. Сама прырода радавалася Перамозе. У калгасе адразу быў абвешчаны выходны дзень. І ўсе сабраліся ля хаты дзеда Антона. Былі пад яблыняю накрыты сталы. Нёс кожны на іх тое, што меў. Святкавалі аж да раніцы. Было тут усё: і ўспаміны, і песні, і слёзы, слёзы, слёзы…

     А потым было чаканне з вайны герояў. Вярталіся ў розны час: і ўлетку, і ўвосень, і ўзімку. Камусьці выпала служыць да 47-га. Вяртаўся кожны са сваім успамінам, са сваёй вайной.

     У школе я была актыўнай піянеркай. Аднойчы атрымала заданне: запісаць успаміны ўдзельнікаў і ветэранаў вайны ў сваёй вёсцы. Дзе ж тыя мае запісы цяпер? І толькі памяць захавала маё дзіцячае ўражанне ад медаля і ордэна на далоні, ад хвалюючага ўспаміну пра Сталінградскую бітву, аб дзейнасці першага партызанскага атрада на тэрыторыі Лепельшчыны - у Саснягоўскай пушчы, аб паходзе на Берлін і бітве за Кёнігсберг. За тую справу, якую мы распачалі цяпер, няхай бы ўзяліся хоць на 20 гадоў раней…

     А памяць людская пра вайну не загіне. Яна перадасца з пакалення ў пакаленне. Ад маці і бацькі да сына, дачкі, унука. І будзе жыць. Такое ліха, як вайна, няхай ніколі не паўторыцца. Няхай будзе мір! Мы, сёняшняе пакаленне, зробім усё–ўсё для гэтага.

2018  



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





06 мар 2018 в 20:59 — 7 лет назад

От разбившегося самолёта что-нибудь осталось? Может документы(карты в планшетах) у лётчиков были?





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ