Вучыцца ў сёмым класе Баброўскай школы. Жыве ў Губіне.
Я сапраўды лічу, што маё прозвішча – лепшае ў свеце. І заўсёды так лічыла. І маме сваёй сказала, што калі выйду замуж, прозвішча не памяняю. Мама засмяялася і адказала:
- Будзеш мужа кахаць – прозвішча яго возмеш. Я ж узяла. І з прыгожага звонкага Літвін стала Варошка.
Маё прозвішча Варошка, а вёска, дзе я нарадзілася, - Варашкі. Часта, чую, кажуць не Варашкі, а Варошкі. І тады я папраўляю: Варашкі – вёска, а Варошка, Варошкі – прозвішча.
Дзядуля кажа, дзе ні пачуеш прозвішча Варошка, ведай: гэта выхадзец з Варашкоў. Бо толькі тут яго карані. Блізкія, ці далёкія, ці, наогул, страчаныя, але ж тут нарадзіліся яго продкі ці то ў трэцім, ці то ў пятым калене. Можа, тут ужо і родных няма, але ж хай чалавек пашукае ў сваім радаводзе – і знойдзе карані роду з Варашкоў.
Аказваецца, мясцовасць наша раней была багата вёскамі, у якіх людзі ў большасці насілі сугучнае прозвішча. Былі Казлоў і Казлоўшчына, Грабяжан і Грабяжова, Скавародка і Скавародкі, Глебаў і Глебаўшчына, Ягадка і Ягадкі. Але ж вёсак цяпер няма. І толькі на старых картах, якія мне паказваў дзядуля, яны ёсць. А прозвішчы захаваліся.
Мая ж вёска ёсць і цяпер. Яна зімою маленькая (усяго 5 – 7 гаспадароў застаецца), але ж затое летам гудзе. Не, не дачнікамі–чужынцамі, а сваімі, мясцовымі бабулямі і дзядулямі, што з’язджаюцца да сонейка, цёплага ласкавага ветрыку, салаўёў і драздоў, ластавачак і буслоў з цесных гарадскіх кватэр сваіх дзяцей. І мая вёсачка жыве. Жыве тым непаўторным хараством цішыні і дабрыні, якая існуе толькі ў маленькіх вёсках, дзе з маленства ўсе ведаюць адзін другога, і дзе не бывае замкоў, а проста - кій пад дзверы.
Адкуль жа назва вёскі? Дзядуля смяецца, што ад прозвішча. А прозвішча? Чую адказ:
- Ад вёскі!
Дык вёска ад прозвішча ці прозвішча ад вёскі? На гэтае пытанне мне ніхто не адказаў.
- А Бог яго ведае, дзіцятка”, - чула я неаднойчы адказ.
А яшчэ кажуць: ад рускага “ворожить” і дыялектнага “варажыці”. А можа ад беларускага “варушыць”? Бо шмат тут у ваколіцы балот верхавых, на якіх сушылі-варушылі сена жыхары суседніх вёсак. Уяўляеце: у маіх Варашках і сёння амаль што ўсе Варошкі. Ёсць, праўда, Чэпік і Ягадка.
- Дык гэта ад мужоў-прымакоў нашым дзяўчатам чужыя прозвішчы прыйшлі, – кажа бабуля. –А вось мне пашанцавала. Я за аднавяскоўца замуж выйшла.
У мяне вялікая-вялікая радня ў вёсцы. Амаль паўвёскі! У майго дзядулі пяць братоў і сясцёр, у бабулі тры. І усе аднаго прозвішча. Уяўляеце?
Аказваецца, раней, у 1930 – 1990 гадах, была ў вёсцы дамоўленасць: не называць дзяцей так, каб сугучнымі былі імя, імя па бацьку і прозвішча. І калі імёны паўтараліся, то ўжо імя па бацьку – ніколі. Таму і сёння ў вёсцы ўсе памятаюць адзін другога і былых аднавяскоўцаў па імені па бацьку. Што рабіць паштальёну, калі на канверце назначана Варошка М.П. ці Варошка М.Г., ці Варошка М.З? І кожны расшыфруе ў вёсцы, што гэтыя ўсе бабулькі Марыі маюць рознае імя па бацьку.
Так, сталее мая вёсачка. Не, не, не старэе, а сталее. Вось ужо і мае тата з мамай перабраліся бліжэй да “цывілізацыі” – у аграгарадок Баброва, дзе і школа, і пошта, і магазін. Але ж любімым, самым дарагім для мяне месцам на зямлі будзе заўсёды мая вёсачка Варашкі, што знаходзіцца на ўскраіне Лепельскага раёна, ад якой маё прозвішча – самае лепшае ў свеце.
2018.
НРАВИТСЯ 1 |
СУПЕР 1 |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |