Нарадзіўся ў вёсцы Ладзеена. 14 год. Вуцыцца ў Баброўскай школе. Жыве ў Баброве.
Калі на памяць прыходзяць радкі Якуба Коласа пра родны край: “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, заўсёды ўспамінаецца мая маленькая радзіма – вёсачка, дзе я нарадзіўся, ступіў першы крок, пачуў гукі прыроды.
І зараз я душою і ў снах там, у маёй аддаленай і ўжо амаль зніклай вёсачцы Ладзеена, што прытулілася на ўскраіне Лепельшчыны. Наўкола вёскі зніклі, а мая – яшчэ “жывая”…
Некалі гэта быў, расказвала бабуля, цэнтр заможнага калгаса. І “грымеў” той калгас на ўсю вобласць. І цяпер людзі паважанага ўзросту памятаюць колішняга кіраўніка Чэпіка, расказваюць пра адносіны да працы, да людзей. І было ў маёй вёсачцы тады і першае ў акрузе радыё, і першая маленькая электрастанцыя, што забяспечвала святлом вёску. А яшчэ – гэта самае галоўнае тады: цвёрды рубель на працадні ў канцы года. Былі і граматы, і пераможцы ВДНГ ў Маскве, і перадавікі сацспаборніцтваў.
Чэпік… Гэта цяпер проста мясцовае прозвішча многіх маіх аднавяскоўцаў. А ў часы былыя гэтае слова гучала як складнік дабрыні і спагады, працоўнай дысцыпліны і дабрабыту аднавяскоўцаў. Бо Чэпік – гэта прозвішча старшыні калгаса.
Ды што ж гэта я ўсё пра гісторыю і пра былое жыццё? Мы ідзём з бабуляй па вёсцы. Вакол або закінутыя, пустыя хаты, або былы падмурак пабудовы, што праглядваецца сярод маладзенькага лесу.
- Гэта, унучак, была школа, а гэта – крама, а гэта – кантора, а гэта нарыхтоўчы ларок ягад і грыбоў, – не перастае здзіўляць мяне бабуля.
А яшчэ былі пошта, медпункт і швейная майстэрня.
- Як у горадзе! – адказваю бабулі.
Яна загадкава ўсміхаецца, а мне здаецца, што бабуля засталася там, у мінулай, заможнай, вялікай вёсцы.
А я маё Ладзеена памятаю іншым. Гэта, перш-наперш, галасы птушак на ўсе лады вясною і летам, трубны гук ласёў восенню з недалёкага Рэпішча і заклікальныя крыкі жораваў вясною і летам з Рымаўшчыны.
Памятаю: маленькі я садзіўся на прызбе хаты і слухаў, слухаў… Калі тата з мамаю вярталіся з працы і пыталіся ў бабулі, як я сябе паводзіў, адказ быў адзін:
– Слухаў.
А вечарамі я словамі хацеў расказаць усім у хаце, што чуў.
Мне і цяпер не хапае цішыні, спакою і гукаў прыроды. І з сучаснага аграгарадка Баброва я імкнуся туды, у роднае сэрцу, вуху і душы Ладзеена, дзе і сёння крычаць на балоце жоравы і заклікальна трубяць ласі. А вясновае такаванне цецерукоў, на маю думку, самае шчырае і пранікнёнае…
І няхай жыве мая вёсачка як мага даўжэй. Няхай ніколі да яе назвы не прыліпнуць такія балючыя словы “зніклая” ці “пустая”.
Жыві і квітней сярод некранутых лугоў і вялікіх балот, маё Ладзеена!
2018
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |