Звесткі пра аўтара глядзець тут.
Мае дзеці, пяцікласнікі, сядзяць ціха. Ніколі за гэтыя паўгода не бачыла іх такімі ціхмянымі, удумлівымі…
- Дзеці, у нас сёння будзе сустрэча з цікавым чалавекам, - неяк сказала ім пасля ўрокаў.
І мы разам пайшлі ў госці да жанчыны паважанага ўзросту, якой крыху за 80.
- Што ж вам, дзеткі набаяць, пра што пагукаць? – пытаецца Еўдакія Аляксандраўна.
- Пра тое, як жылі раней, як працавалі, як адпачывалі, якія песні спявалі, – адказваю за дзяцей, якія крышку разгубіліся.
Так, яны – аднавяскоўцы: і Лена, і Паліна, і Слава, і Еўдакія Аляксандраўна. Дзеці часта бачылі гэтую ўсмешлівую жанчыну па дарозе на пошту, у магазін, віталіся з ёю, часам дапамагалі, як маглі, і ніколі не размаўлялі з ёю, не пыталіся пра яе даўняе дзяцінства, пра маладосць. Чым жыла даўно-даўно гэтая жанчына? Чым жыве цяпер?
А Еўдакія Аляксандраўна гасцей любіць. Яна з той жа ўсмешкай, з якой прывыклі бачыць жанчыну аднавяскоўцы, расказвае дзецям пра даваеннае жыццё, пра арганізацыю калгаса ў Баброве, пра тое, як даіла кароў у 15-гадовым узросце, а ў 18 ужо “хадзіла за свіннямі”.
- Свінні мяне завялі ў Маскву на ВДНГ, - робіць вывад Еўдакія Аляксандраўна.
- Куды, куды хадзілі свінні? – не вытрымлівае Леначка, мая самая няўрымслівая дзяўчынка.
І я тлумачу дзецям незразумелае і таямнічае слова – ВДНГ і … як туды “хадзілі свінні”. А гэтым часам гаспадыня падносіць нам скрыначку з беларускім арнаментам – і на дзіцячай руцэ самыя сапраўдныя медалі з той самай ВДНГ: “Пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва”.
Вучні перадаюць беражліва з рукі ў руку рарытэты.
- Адкуль у вас такое слова? – пытаюся ў іх.
- Усё, што старое – рарытэт, - тлумачыць мне за ўвесь клас Палінка, мая самая сур’ёзная і ўдумлівая дзяўчынка.
- Якая ж я старая? – Еўдакія Аляксандраўна не ўсё добра чуе, – Мне ж усяго пайшоў толькі 86-ы. А вунь той і той старыя, ім хутка 90.
Так, старэе вёска. Адыходзяць у іншы свет аднавяскоўцы. А з імі – тыя непаўторныя, адмысловыя мясцовыя слоўцы, што некалі казалі толькі ў суседніх вёсках і больш нідзе-нідзе. І калі слова можа запомніць з вясковага дзяцінства нейкі цяперашні “наваспечаны” гараджанін і перакажа яго дзецям, а тыя – сваім дзецям, то назвы палёў, урочышчаў, былых фальваркаў, дворышчаў і хутароў ужо не верне ніхто. Бо каб ведаць, як называецца гэтае поле ці пералесачак, балотца ці грудок, трэба па ім хадзіць, працаваць на ім. Трэба, каб паказалі на месцы, а не махнулі рукою – там, дзесьці.
А тыя ж, хто можа паказаць на месцы, ужо не дойдуць туды. І таму гады чатыры назад мы з вучнямі вырашылі: збіраем словы, выразы, праклёны, назвы былых вёсак і хутароў, назвы палёў і ўрочышчаў.
- І будзем мы маляваць свае карты, – падказала я некалі сваім першым цікаўным вучням.
Гэта сёння мае адзінаццаці– і дзевяцікласнікі расказваюць са смехам, як сядзелі “ў засадзе” са сшыткам і алоўкам ля лавачкі, дзе “пляткарылі” бабулькі; як аднойчы спецыяльна пасварылі дзвюх суседак, каб тыя праз плот адна адну пракліналі, а тым самым далі добры матэрыял для чарговай даследчай працы; як сядалі да трактарыста пакатацца па палях і спытаць іх назвы, а той (ну трэба ж такому здарыцца) ездзіў і ездзіў узад-уперад па аднаму і таму ж полю – араў.
Сёння мы згодныя нават на тое, каб хтосьці махнуў рукою – паказаў: “там і там”. А мы замалюем на карту самі. Так, мы крыху можам памыліцца. Але ж затое не знікне назва. А можа, яшчэ і легенда ці паданне знойдзецца?
Бабуля Еўдакія Аляксандраўна Гумоўская памятае, дзе стаяў кожны хутар вакол Баброва. Так цяпер, аказваецца, называюцца палі. Якіх мы толькі назваў не пачулі: і Папкоўшчына, і Раманаўшчына, і Анахаўшчына, і Тарэнтаўшчына. А яшчэ, ёсць Савічава, Козарава і Галаі, Калістратава, Кругліца і Качаніха. Ёсць Гуцарава сядзіба, Вярбіцкія хутары і Леванёнкаў хутар. А адно поле называецца Аніска і Ахрэм. Ну, не захавала памяць народная прозвішча братоў-хутаранцаў, а толькі іх імёны. А Дармавізна – гэта гара, на якой нізашто ніводзін чалавек не паставіў свой хутар.
- І дарма тая гара нікому не трэба – пустая яна, – тлумачыць бабуля.
- Я запісваю ў сшытак назвы і крадком назіраю за дзецьмі. Яны слухаюць вось ужо трэцюю гадзіну. Значыць, цікава. Значыць, застанецца ў памяці. Значыць, не вырастуць абыякавымі з думкаю: “хутчэй бы адсюль, хутчэй бы ў горад”…
- А мы пойдзем яшчэ на сустрэчу з цікавым чалавекам? – пытаецца Слава, мой адзіны хлопчык у класе.
І я лаўлю яго думку: прагне сустрэчы з цікавым чалавекам. Сапраўды, хай так у гэтым годзе называюцца нашы паходы, сустрэчы і размовы.
- Так, Славачка, а цяпер мы сходзім да тваіх дзядулі і бабулі, – адказваю яму.
- І што яны цікавае раскажуць? – здзіўляецца шчыра ўнук. – Я сто разоў з імі гаварыў – нічога цікавага.
Я так чакала сустрэчы з Аляксеем Фёдаравічам Карусевічам, дзядулем Славы, а ён нам сказаў кароткае:
- Не! Не цяпер!
– А калі?
– Не ведаю. Пагляджу.
Прайшло тры–чатыры дні. Было шкада, я нават ужо і надзею страціла, як раптам… званок у настаўніцкую.
- Я чакаю вас сёння, – зноў кароткае і дакладнае запрашэнне ў госці.
Гэта пры сустрэчы я даведалася, што Аляксей Фёдаравіч усе дні маляваў на аркушы карту мясцовасці, падпісваў назвы ўсіх палёў вакол неіснуючай цяпер яго роднай вёскі Падаліцы, што тулілася некалі ля вялізнага балотнага масіву Рэпішча – Рымаўшчына. Ён успамінаў легенды і паданні, расказваў днямі сваёй жонцы, каб тая пасля, пры сустрэчы, не дала забыцца ці памыліцца. Нават сваю нявестку, завуча нашай школы, прымусіў “злазіць у інтэрнэт і паглядзець, што там кажуць пра Падаліцы”.
І вось мы трымаем у руках пажоўклы двайны аркуш з вучнёўскага сшытка.
- Я пачаў гэту работу даўно, а потым кінуў, – расказвае Аляксей Фёдаравіч, – бо нікому не патрэбная яна. А тут вы. Перадаю вам самае дарагое – памяць.
Пры гэтых словах мае дзеці ўсталі. Самі. Як па камандзе. І ручкі за паперкай працягнулі разам. Каб не пачалі адбіраць адзін у аднаго, забрала сама – гэта наша агульная памяць.
Па дарозе да школы пытаюся, як звычайна, што запомнілася. Аказваецца, усё. Бо назваў палёў і ўрочышчаў ля заціснутай балотамі вёсачкі не так і многа. Але ж якія яны адметныя. І хутароў тут было мала. Спрадвеку была вёсачка. І Макрадзі, і Глінішча, і Міхеева Лужына, і Малахаў Астроў, і Сцёпачкін Равок, і Сабачы Востраў, і Конскае Кладбішча, і Камень-у-Лужыне запомнілі мае вучні. Што ўжо і казаць пра такія лёгкія назвы, як Ляды, Чортаў ручай, Часцяк ці Чарцягі. Але ж больш за ўсё запомніўся Прырэз.
Прырэз – невялічкае поле адразу за вясковымі могілкамі і зарослай былой палявой дарогай да суседняга Залесся. Аказваецца, выкарчаваў Сялява (заможны пан з Губіна, у якога была “бумажная фабрыка”) лес, а пні пакінуў. Пачало пускацца расці “абы-што”. На агульным сходзе вырашылі сяляне адкупіць зямлю ў складчыну і “давесці яе да ладу”. Спадзяваліся, што нядорага ім абыдзецца, бо пні стаяць. Так яно і выйшла: купілі задарма, давялі да ладу, агульна выкарыстоўваць сталі, значыць, прырэзалі да сваіх надзелаў. Адсюль – Прырэз.
Дзядуля Аляксей Фёдаравіч Карусевіч – энтузіяст-аматар. Да былых вёсак Падаліцы і Гарані ён трактарам прыцягнуў вялікія-вялікія камяні і фарбай зрабіў надпісы: “Стой, падарожны, спыніся! Тут была вёска…”
І міжволі ля такіх камянёў узгадваюцца і вайна, і Чарнобыльская зона… Але ж – наш час…
А дзед Аляксей Карусевіч у свае 80 з гакам яшчэ і паэт. Журбой працінае яго верш пра старую яблыньку.
Слёзы нагортваюцца на вочы ад верша “Моя деревенька”.
- Я і не ведаў, што мой дзед такі разумны, - зрабіў выснову Слава. – Вось брату Максіму раскажу!
Да Таісы Ларывонаўны і Івана Паўлавіча Марозаў мы завіталі “на хвілінку”. Здзіўленне наша было шчырым, калі ў руках у гаспадара з’явіўся аркуш, на якім побач з прамой лініяй стаялі загадкавыя літары.
- Я гадоў дзесяць назад сеў і напісаў – успомніў, дзе хто жыў у суседніх вёсках і ў маім родным Гарадцы, - чырванеючы, як дзіця, саромеецца чамусьці свайму ўчынку Іван Паўлавіч. – Толькі замест імёнаў і прозвішчаў – ініцыялы.
Як я люблю вас, мае захавальнікі далёкай і недалёкай гісторыі, словаў, назваў …
- Мы пойдзем яшчэ на сустрэчу з цікавым чалавекам?
– А вам спадабалася?
– Усё!
– Ну, тады пойдзем!
Такі дыялог у нас з дзецьмі адбываецца пасля кожнай сустрэчы.
Па іх паводзінах, па іх успамінах бачу і веру: не забудуць, захаваюць, перакажуць сваім дзецям і ўнукам словы, выразы, назвы мае сёняшнія пяцікласнікі Паліна Жлоба, Вячаслаў Карусевіч і Алена Пліско.
2018
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |