23 мар 2018 в 08:31 — 7 лет назад

607. ШЭВА. Хаванская Надзея

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 1410

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Шэва… Пачуўшы гэтае слова, многія афіцэры беларускай арміі адразу ўспомняць шчаслівыя і бесклапотныя гады, калі яны былі курсантамі. Курсантамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 Я і цяпер стараюся прыехаць і пасядзець ля інтэрната №7, ля ваеннага факультэта або проста ў дворыку БДУ. Мне здаецца, што мой Сярожа душою застаўся там, у БДУ, на ваенным факультэце. Заўсёды малады…

 Сярожа Шаўчэнка нарадзіўся маленькім і кволенькім.

 - Нічога, на гэтым свеце вырасце, – сказаў дзядуля Лёша.– І будзе яшчэ бравым салдатам.

 А мама заўсёды марыла, каб ён стаў доктарам. І, як кожная мама, свае мары яна ўкладвала ў вушы сына – толька доктарам. Не, Сярожа не спрачаўся. Ён заўсёды любіў і добра ведаў і хімію, і біялогію. Але ж на першае месца сярод вучэбных прадметаў ставіў геаграфію.

 - Гэта каралева навук, - смяяўся ён.

 І даказваў усім, што геаграфія – самы цікавы і самы складаны школьны прадмет. Перамагаў на І туры алімпіяды па хіміі, геаграфіі і гісторыі, а для ўдзелу ў ІІ туры выбіраў геаграфію і гісторыю. Перамагаў і тут, а на ІІІ тур ехаў змагацца за геаграфію.

 Можа б так і змагаўся ў душы паміж любоўю да геаграфіі і патрэбнымі ведамі па хіміі-біялогіі, калі б не адзін выпадак у класе. Дзяўчынка няўдала махнула рукой, зачапілася за штосьці пальцам – і з яго пырснула. Палілася кроў.

 - Сяргей, ратуй параненую, ты ж будучы доктар! – крыкнуў хтосьці з аднакласнікаў.

 А Сяргей… збялеў, затрымцеў, як асінавы лісток, і ціха апусціўся на стул. Гэта ўжо дома ён ацаніў-узважыў усё і зрабіў выснову:

 - Мама, ну які я буду доктар, калі крыві баюся?!

 І мама згадзілася: ніякі гэта не доктар.

 Колькі ж было радасці ў хлопца! Геаграфія перамагла! І тут жа пачаліся фантазіі: можна быць і настаўнікам, і экскурсаводам, і метэаролагам.

 - А можа, ваенным географам? – спыталася аднойчы любімая настаўніца геаграфіі Карпеня Таццяна Іванаўна з СШ №3 г. Лепеля, дзе вучыўся Сярожа ў 10 і 11 класах.

 А дома была сямейная нарада: мама, Сярожа і брат Вадзім, маладзейшы ўсяго на 2 гады. І зноў на правах старэйшага мужчыны ў доме Сяргей сказаў цвёрда:

 - Мама, я буду ваенным, я буду вучыцца самастойна. Гэтым я адкрыю шлях да навукі Вадзіму. А ты будзеш дапамагаць брату вышэйшую адукацыю атрымліваць. Ён жа у нас такі разумны.

 З гэтымі доказамі згадзіліся ўсе ў доме: і мама, і Вадзім.

 А ваенных мы бачылі толькі, можна сказаць, здаля. Бо непадалёк, у Бароўцы, знаходзіўся ваенны гарадок. І не маглі мы пахваліцца, што хтосьці з продкаў быў ваенным ці ваяваў. Не, гэтага ў нас не было.

 - Я буду першым ваенным, – смяяўся Сярожа, – распачну дынастыю.

 Нельга сказаць, што пры паступленні на ваенны факультэт БДУ ў далёкім цепер 2008 годзе мы не хваляваліся. Напэўна, хваляваліся. Але ж паступіў Сярожа лёгка. І балаў прахадных было з гакам, і камісію па фізпадрыхтоўцы прайшоў лёгка. І тут неспадзяванка – 4 жніўня трэба ўжо быць на вучобе. Курс маладога байца.

 - Мой апошні месяц лета! Я ж думаў адпачыць, – амаль што не плакаў Сярожа.

 - Можа, не паедзеш? – спытала мама.

 - Не, ты што кажаш, мяне ж ужо там хлопцы чакаць будуць. Мы ж пазнаёміліся з імі, – цвёрда адказаў будучы вайсковец.

 І вось я стаю ля акна ў будучай казарме сына. Побач такія ж бацькі будучых курсантаў. Яны задаюць пытанні людзям у форме. А я маўчу. Бо не магу нават адрозніць званне на пагонах, не ведаю, што і спытаць. Я гляджу на хлапцоў. Яны збіраюцца на пляцы. Становяцца ў шарэнгі. Вось і наша група – усяго 10 хлопчыкаў, будучых ваенных спецыялістаў геаінфармацыйных сістэм. Гэта пасля іх будуць зваць “гісы”. А цяпер яны ўсе аднолькавыя: крыху сумныя, насцярожаныя і задуменныя. Кагосьці дома чакае дзяўчына, кагосьці – лес, возера і рэчка, кагосьці – сябры, дыскатэка. Але ж не: яны – будучыя ваенныя. А гэта гучыць годна.

 Той месяц жнівень я многа-многа плакала. Нават прычыну знайсці не магла. Слёзы каціліся градам. Самі. Напэўна, адчувала маміна сэрца, што страціць хутка свайго Сярожу…

 І ўявіць нават немагчыма было ў пачатку жніўня, што да канца месяца нашы малыя яшчэ дзеці стануць такімі прыгожымі салдатамі. Высокія, стройныя, падцягнутыя… Ну, сапраўдныя бравыя салдаты. Будучыя афіцэры. І не адна я, а многія маці змахвалі слязу радасці і замілавання.

 Памятаю, калі Сярожа пачаў вучыцца, сказаў неяк, што вельмі шчаслівы і задаволены вучобай. А больш за ўсё сваімі хлопцамі.

 - Мама, усе мае аднакласнікі з Лепеля сумуюць па родных мясцінах, а мы тут, у казарме, як адна сям’я. Мы ўсё і ўсюды разам: і на вучобе, і ў час адпачынку.

 Так сапраўды адной сям’ёй сталі Аляксандр Бяляк, Раман Славінскі, Максім Равенка, Віталь Драгун, Аляксей і Алег Кухарчыкі, Сяргей Ермаловіч, Яўген Балтоўскі, Аляксандр Пякарскі, Міхаіл Шляжко, Вячаслаў Стэфаноўскі, Андрэй Афанасьеў, Міхаіл Куліна, Яўген Доўгаль, Сяргей Дзямінскі, Сяргей Крыштановіч. Я зараз імёны ўсіх магу і не ўспомніць. Няхай прабачаць мяне ўсе, хто вучыўся ў 2008-2013 гадах у БДУ. Я памятаю іх усіх, але імёны магу ўжо, па старасці, і пераблытаць…

 Сярожу прызначылі камандзірам аддзялення.

 - Мама, а яны мяне не слухаюцца, – паскардзіўся неяк сын.

 - А чаму яны павінны цябе слухацца? Ты ж такі, як і яны. Стань ім самым блізкім сябрам – і яны паслухаюць цябе, калі будзеш добрым, шчырым, адкрытым.

 - Мама, а ты казала праўду, – пачула я праз некаторы час.

 Кожнае лета Сярожа расказваў, што многія яго аднакурснікі адпачываюць у жніўні на моры. У нас магчымасці не было скіраваць Сярожу ў падарожжа: заканчваў школу і паступаў вучыцца ў БДУ на геаграфічны факультэт брат Вадзім. Ды і жадання, калі шчыра, не было. Я ўсё нечага баялася. Яшчэ з красавіка таго страшнага 2012 года Сярожа загаварыў пра падарожжа. Я мусіла згадзіцца: а калі ж тады падарожнічаць? У наступным годзе канец вучобы будзе, а хлопца я так і не пусціла.

 Гэта пасля сябры яго расказвалі, што калі ад’язджалі ўсяго на адзін месяц на канікулы, не развітваліся сур’ёзна. Звычайнае, будзённае: “бывай”. А Сярожа тым летам стараўся нешта падарыць самым блізкім сябрам са словамі:

 - На памяць пра мяне.

 Успомніліся і словы яго:

 - Пабачыць мора – і можна паміраць.

 З Крыма ён не вярнуўся… Сказалі: не паспеў перабегчы дарогу.

 Гэта ўжо пасля паездкі ў Херсон да следчага я зразумела, што Сярожа, спартсмен, бягун, які выступаў на спаборніцтвах па ваенным пяцібор’і, меў перамогі, не мог не перабегчы дарогу. Ён перабег, спыніўся на ўзбочыне, каб дачакацца кагосьці з сяброў, а машына збіла яго… насмерць. Машыну асляпіла сустрэчная “фура”. Каб выратаваць сям’ю, вадзіцель легкавой машыны звярнуў на ўзбочыну… Сярожу быў толькі 21 год.

 Тое пахаванне я памятаю фрагментамі. Гэта пасля мне расказалі, як наша маленькая вёсачка Варашкі, што на Лепельшчыне, ніколі, напэўна, не бачыла за сваё жыццё столькі моладзі. Па нумарах машын (падгледзеў нехта!) было бачна, што прыехала ўся Беларусь. Ад 0 і да 7-кі. І ў той момант мне ўспомніліся словы Сярожы:

 - Як бы хацелася сабраць тут усіх разам: і аднакласнікаў, і аднакурснікаў, і сяброў дзяцінства-маладосці...

 Сабраў. Сапраўды сабраў…

 І збірае зараз. Увесь мой, такі вялікі, уступ аб воінскім сяброўстве. Зараз я жыву ў атачэнні маладых вайскоўцаў. Рэдка бывае дзень, калі ніхто з сяброў Сярожы не патэлефануе, не напіша. Абавязкова два разы на год - у дзень нараджэння і ў дзень смерці – збіраюцца, цяпер ужо не курсанты - капітаны беларускай арміі. Звычайна я пакідаю іх ля яго, не слухаю. Хай пагутараць, раскажуць пра свае вайсковыя будні. Яны сталеюць. А ён – заўсёды малады – усміхаецца з фотаздымка на помніку і нібы кажа:

 - Хлопцы, я з вамі…

 Сярожа назаўжды застаўся курсантам. А калі заканчвалі вучобу, усе яго аднакурснікі прыехалі на могілкі, каб і Сярожа стаў лейтэнантам. Разам з хлопцамі – палкоўнік Шэўчык Сяргей, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ваеннага факультэта БДУ.

 А пасля на факультэце склалася традыцыя: перад выпускным балем пры поўнай параднай форме прыехаць да Сярожы…

 - Мы памятаем яго. Ён заўсёды будзе нам прыкладам, – сказалі неяк хлопцы з Казахстана, без малога лейтэнанты, выпускнікі БДУ.

 Па ініцыятыве Мішы Шляжко, лідара БРСМ ваеннага факультэта, у 2012/2013 навучальным годзе быў зроблены рукамі сяброў адмысловы стэнд, які расказваў пра курсанта Шаўчэнку Сяргея Аляксандравіча, спартсмена, самадзейнага артыста і проста добрага сябра.

 Я ведаю пра дасягненні і поспехі сяброў Сярожы, пра іх сем’і. Радуюся маім унучакам і ўнучачкам – іх дзецям. Віншую ўсіх са святамі, з павышэннямі па службе, з новымі званнямі і пасадамі. І наша Беларусь мне здаецца такой маленькай, бо Саша Бяляк з Гродна, дзе ён служыць, да Лепеля прыедзе за паўдня. Рома Славінскі і Міша Шляжко з Мінска – усяго за 2 гадзіны. А Міша Куліна з Бароўкі – усяго за 20 хвілін.

 Мае мілыя. Добрыя, самыя лепшыя сябры, мае хлопчыкі! Хай лёгкай будзе ваша служба. Хай трывалымі будуць вашы сем’і. Я ведаю, якая нялёгкая ваша праца і як вы любіце яе. Вы сапраўдныя сябры, надзейныя і, як любіў гаварыць Сярожа:

 - Самыя-самыя ў міры, на свеце, на зямлі, на планеце…

 І Вадзім Шаўчэнка, малодшы брат Сяргея, таксама служыць у арміі, ужо старшы лейтэнант. Ён вырашыў, што ў сям’і павінен быць ваенны, бо так хацеў Сяргей.

 Дзякуй вам, хлопчыкі, за дружбу. За службу. Нізкі паклон ад маці за тое, што далі сілу жыць.

 Хаванская Надзея Аляксееўна, мама Сяргея і Вадзіма Шаўчэнкаў, афіцэраў беларусай арміі.

 P.S. А Шэва – гэта “другое імя” Сярожы.

2018



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ