Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Лепельская бібліятэчная сістэма і Каменская бібліятэка-музей Тодара Кляшторнага распрацавалі літаратурна-краязнаўчы маршрут па радзіме пісьменніка-земляка “Роднаму краю буду я вечна вядомы”. Яго задачы - папулярызацыя творчасці Тодара Кляшторнага, захаванне літаратурнай спадчыны паэта-земляка і перадача яе з пакалення ў пакаленне, садзейнічанне ўзмацненню ролі бібліятэкі-музею як цэнтра духоўнага развіцця дзяцей і юнацтва праз экскурс-турыстычную дзейнасць.
Як дрэва не можа жыць без каранёў, так і народ не можа існаваць без сваёй гісторыі і культуры. Што значыць для нас спадчына і што значым мы без яе, без гістарычнай памяці, без ведання вытокаў свайго быцця?
Наша Лепельская зямля багатая на таленты. Яна бруіцца крыніцамі хараства, творчасці, спеўнымі скарбамі, вызначаецца беражлівым захаваннем народных звычаяў і традыцыяў. Свой родны край мы любім як часцінку нашай бацькаўшчыны. Любім і ганарымся тым, што яна нарадзіла вядомых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў: Тодар Кляшторны і Анатоль Вярцінскі, Эдуард Бацяноўскі і Леанід Сцяпук, актрыса Беларускага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы Ларыса Бацяноўская, літаратурны крытык і драматург Міхась Модаль – усіх іх натхнілі на творчасць цудоўныя каменскія краявіды: блакітныя вочы азёр, узгоркі ў рамонках і валошках, зубчастая зеляніна лясоў.
На небасхіле ўсіх зоркавых асоб Каменшчыны ярчэй ззяе зорка таленавітага паэта Тодара Кляшторнага. З вялікім задавальненнем запрашаю ў літаратурна-краязнаўчае падарожжа па бацькаўшчыне нашага знакамітага земляка.
Пра музей распавядала раней.
Мястэчка Камень, вёска Камена – так яшчэ і цяпер называюць старажылы Лепельшчыны наш аграгарадок. У выніку русіфікатарскай палітыкі 20-х гадоў плаўная назва Камена ператварылася ў строгую канкрэтную – Камень. Але і сёння яшчэ часта можна пачуць: “Камена”, - з вуснаў яго жыхароў і людзей з навакольных вёсак. Назва мястэчка Камень, бачна, узнікла ад слоў “камень”, “камяністы”.
Сёння аграгарадок – цэнтр Каменскага сельскага Савету і адкрытага акцыянернага таварыства “Ладасна”. Размешчаны сярод пяці азёраў: Ісцінка, Каменскае, Дворнае, Баркоўскае і Клёўзава, на паўночна-ўсходняй частцы Лепельскага раёну, за 20 кіламетраў ад Лепелю.
Паселішча вядомае з другога тысячагоддзя да н.э. як стаянка балцкіх плямёнаў. У сярэдзіне 16 стагоддзя ўжо згадваецца сяло Камень у складзе Вялікага Княства Літоўскага, з 1569 году – Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе Камень апынуўся ў складзе Расіі як мястэчка, цэнтр воласці Лепельскага павету.
Напачатку 1930-х гадоў у мястэчку быў арганізаваны калгас “Батрак”. На гэты час тут дзейнічалі ільнозавод, кравецкая і шавецкая майстэрні, млын, сукнавалка, фарбавальня, некалькі дзясяткаў крамаў, аптэка.
З ліпеня 1941-га па 27 чэрвеня 1944 году вёска была акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1968 годзе ўстаноўлены абеліск у знак ушанавання памяці 120 землякоў, загінулых у баях падчас апошняй вайны.
Наступны помнік-сведка ліхалецця – брацкая магіла 83-м воінам-вызваліцелям і 22-м партызанам мястэчка, закатаваным напярэдадні вызвалення ў чэрвені 1944 году. У 1964 годзе тут быў устаноўлены помнік – скульптура салдата на брацкай магіле. Гэта месца святое для жыхароў. Вучні мясцовай школы даглядаюць брацкую магілу: ускладаюць кветкі, вянкі, гірлянды Славы, праводзяць урачыстыя мерапрыемствы 9 мая, 3 чэрвеня.
І яшчэ адно месца на Каменскай зямлі адзначана смуткам жыхароў – урочышча Баркі. Яно знаходзіцца з правага боку дарогі, што вядзе ў вёску Ладасна. Там у 1941 годзе фашысты расстралялі 177 яўрэяў мястэчка. У 1967 годзе на месцы расстрэлу пастаўлены гранітны помнік. У 2016-м з дапамогай міжнароднай арганізацыі па ўвекавечанні памяці яўрэяў свету мясцовай уладай была праведзеная рэканструкцыя абеліску. З усяго свету прыязджаюць блізкія і родныя загінулых пакланіцца праху пакутнікаў. Не даюць зарасці сцяжынцы да месца трагедыі жыхары, вучні, якія ўлетку і ўвосень, узімку і ўвесну даглядаюць пахаванні.
У гады вайны ў мястэчку стаяў нямецкі гарнізон, роты 201-га паліцэйскага матарызаванага батальёну. Разгром варожага гарнізону ў Камені – першая буйная аперацыя партызанскай брыгады Дуброўскага і Лабанка. У 1942 годзе партызаны занялі Царкоўную гару, на ёй выкапалі акопы, якія захаваліся да гэтага часу. З гэтых акопаў вялі агонь па нямецкім гарнізоне, спалілі школу, у якой стаялі паліцаі.
Захаваўся будынак яўрэйскай карчмы.
На 15-мятровым узгорку знаходзіцца Гарадзішча. Яно было заселена двойчы: не пазней за 6-8 стагоддзі і ў 12-13 стагоддзях.
Мясцовыя жыхары захавалі паданне. Даўным-даўно, калі нашая бацькаўшчына была падзеленая на мноства невялікіх княстваў, і князі вялі паміж сабой шматлікія войны, у час адной з іх быў цяжка паранены князь. Стомленае войска вярталася з крывавага паходу. Шлях ваяроў прайшоў скрозь тутэйшыя мясціны. Князь ад ран памёр. Пахаваць яго вырашылі тут. У знак удзячнасці правадыру за храбрасць і мужнасць кожны з ваяроў прынёс на магілу па жмені зямлі. Адпачыўшы, дружына пайшла далей. З цягам часу на магілу князя забыліся, але месца гэтае сваёй духоўнай сілай усё яшчэ прыцягвала да сябе людзей. У дадатак да таго вакол было шмат урадлівай глебы, якая магла даваць неблагі ўраджай. У выпадку небяспекі высокае гарадзішча надзейна ахоўвала. Таму тут і пасяліліся людзі.
Бег час. Жыць на роўнай мясцовасці стала менш небяспечна. Людзі пакінулі гарадзішча і пасяліліся побач з ім. Але месца тое заўсёды вабіла да сябе. Пазней тут пабудавалі Міхалаўскую царкву, бачную нават з аддаленых вёсак. Яе купалы-макаўкі ззялі золатам, а званы разносіліся на дзясяткі кіламетраў. У страшным 1937 годзе, калі ішла барацьба з рэлігіяй, творчай інтэлігенцыяй, царкву разбурылі.
Насупраць аўтобуснага прыпынку знаходзіцца машынны двор.
Тут напрыканцы лета 1941 году фашысты стварылі перасыльны канцлагер для палонных савецкіх салдат. У ім, паводле сведчання мясцовых жыхароў, за калючым дротам адначасова ўтрымліваліся каля пяці тысяч чалавек. З лагеру пастаянна гналі калоны далей на захад. Лагер існаваў больш за месяц. Пасля немцы пакінулі частку палонных для выканання цяжкай працы. Згодна з архіўнымі дадзенымі Лепельскага краязнаўчага музею на гэтым месцы загінула тысяча ваеннапалонных.
Да будаўніцтва аб’язной дарогі Мінск-Віцебск, шаша праходзіла праз аграгарадок. Была яна брукаваная. Гэта быў самы кароткі шлях з губернскага Віцебску ў Мінск. Шмат радасных і сумных падзеяў бачыў бальшак за свой век.
Кожнаму вядомае імя палкаводца, вяршыцеля лёсаў мільёнаў людзей, знаўцы ваеннай справы Вялікай французскай рэвалюцыі Напалеона Банапарта. Палкаводзец па шляху на Маскву ноч з 23 на 24 ліпеня 1812 году правёў на паштовай станцыі Камень. Чаму ён прыпыніўся ў Камені, а не ў самым Лепелі, застаецца загадкай. У Лепельскім краязнаўчым музеі захоўваецца рэпрадукцыя карціны французскага мастака Альбрэхта Адама “Начлег Банапарта ў Камені”.
На перакрыжаванні дарог ў 30-я гады знаходзілася школа.
У той час мясцовы калгас меў гучную назву “Полымя” ў дусе савецкага часу, і ў яго гонар была названая новая школа, якую наведвалі вучні з навакольных вёсак Парэчча і Двор-Парэчча, Чаросава і Двор-Чаросава, Паземшчына і Астроўна. Тодару Кляшторнаму не пашанцавала: падчас яго дзяцінства гэтай установы не існавала, і ён хадзіў у Каменскую царкоўна-прыходскую школу. Дарэчы, ў 2013 годзе дзяржаўная ўстанова адукацыі “Каменская дзіцячы сад-сярэдняя школа Лепельскага раёну” шырока адзначыла сваё 150-годдзе. На юбілеі прысутнічаў знакаміты беларускі паэт Анатоль Вярцінскі, які ў 1952 годзе паспяхова скончыў установу і паступіў на журналісцкае аддзяленне філалагічнага факультэту БДУ.
Родныя ваколіцы, родная вёска… Кожнаму вяскоўцу любыя гэтыя краявіды. Прырода шчодра ўзнагародзіла Каменскую зямлю – тут узгоркі і лагчыны, гаючыя сасновыя бары і чыстыя лагчыны, у кожнага з якіх адметная гісторыя.
У самай глыбінцы, за тры кіламетры ад Каменя, знаходзіцца Парэчча. Побач – возера Дзявочае.
Цішыня і спакой над ім. І толькі чыстае паветра дрыжыць над вадой, нібы жывая сувязь сіняй вады і блакітнага неба. Пра многія азёры захаваліся ў народзе легенды, паданні. Агорнутае таямніцамі і Дзявочае. Вось што распавядае адно з паданняў.
Адбылося гэта ў часы Івана Грознага. Зімовай раніцай, калі было яшчэ цёмна, прачнуліся дзяўчаты і заспяшаліся на панскі двор. Яны ведалі, што за спазненне пан можа сурова пакараць. Каб скараціць дарогу, яны пайшлі напрасткі, па возеры, якое толькі што пацягнулася лёдам. Раптам затрашчаў нетрывалы панцыр і ўсе дзевяць дзяўчат праваліліся між утвораных крыг. Так, у памяць пра тых няшчасных, возера і назвалі – Дзявочае.
Трапіўшы ў Парэчча, адчуваеш сябе нібыта ў мінулым: невялікія хаткі з на дзіва простымі рамамі на акенцах, як на старых гравюрах, няхітрыя агароджы. Вясной і летам патанае вёска ў зеляніне птушыных спеваў. Тут Тодар з’явіўся на свет, хадзіў па тых самых сцяжынках, што да гэтага часу служаць людзям.
Уласную гісторыю, насычаную цікавымі фактамі мінуўшчыны, маюць не толькі вялікія, але і маленькія паселішчы. Запісанае з вуснаў бабуль паданне даносіць, што некалі цякла ў гэтай мясцовасці рэчка Серабранка, паўз яе сяліліся людзі, таму і паселішча стала звацца Парэччам.
Напачатку ХХ стагоддзя ў Парэччы было 23 двары, каля 180 жыхароў. Побач з вёскай знаходзіўся маёнтак Парэчча, які належаў пану Снарскаму. Гэта была сядзіба з гаспадарчымі пабудовамі. Такі тып паселішчаў называлі фальваркамі, маёнткамі ці дварамі. Спалучэнне слоў “двор” і “Парэчча” надало назву вёсцы Двор-Парэчча. Адбылося гэта з прыходам да ўлады бальшавікоў у 1917 годзе. Апошняй уладальніцай маёнтку была Соф’я Снарская, жанчына адзінокая. Пасля таго, як усталявалася новая ўлада, пані, пераапрануўшыся ў беднае сялянскае адзенне, непрыкметна пакінула сваю спадчыну. Людская пагалоска панесла па наваколлі чутку, што сышла яна ў Польшчу да родзічаў. Зараз Двор-Парэчча нагадвае дачны пасёлак.
Напачатку 30-х гадоў у Парэччы дзейнічалі калгас “Полымя” і кузня. Сёння Парэчча – прыгожае маляўнічае месца з векавымі дрэвамі і хараством прыроды, якое натхняла Тодара на складанне цудоўных вершаў. Зараз тут жывуць 33 вяскоўцы.
Шмат што змянілася з тых часін. Не захавалася і хата Кляшторных, у якой прайшло дзяцінства Тодара, і толькі вялікі раскідзісты дуб, які пасадзіў бацька будучага паэта, нагадвае аб тым часе.
Менавіта сям’я была крыніцай духоўнай прыгажосці і моцы таленавітага вяскоўца. Яго творчасць сілкавалася матчынай пяшчотнай песняй, уражаннямі дзяцінства і юнацтва, прыгажосцю роднай зямлі.
Асабліва паэт любіў восень, бо вёска тады патанала ў золаце клёнаў, у медзі ліпавай лістоты, у роўнядзі сіняй азёрнай вады.
Слаўны вечар, пагода ліпнёвая,
А ў садзе красуецца восень…
Колькі яблыкаў восень ружовая,
Залацістая восень развесіла.
Блудзяць хмаркі вандроўныя дальнія,
Месяц косіць абмежкі ліловыя,
Загарэлі затоны крыштальныя,
Засмуцілася сінь вераснёвая.
Плачуць гусі – асеннія здраднікі,
Плачуць гусі, як сэрца дзяўчыны…
Заглядзеліся ў даль канаплянкі
Над бялявым вянком павуціння.
Эх вы, сцежкі-дарожанькі вузкія,
Эх ты, просінь, тыняная просінь…
Хоць прыгожа вясна беларуская, -
Прыгажэй беларуская восень.
Паэзія слова і хараство беларускай прыроды зліваюцца ў вершах паэта, нібы вада гаючых крыніц, ачышчаюць і лечаць нашыя душы. Усе, хто зачараваны самабытнай паэзіяй Тодара Кляшторнага, плацяць яму шчырай любоўю і ўдзячнасцю. З усіх куткоў прыязджаюць людзі ў музей паэта і на яго бацькаўшчыну, каб далучыцца да творчай калыскі песняра.
“Не шкада рассыпаных гадзінаў: Мы жылі, жывём і будзем жыць…”, - пісаў Тодар Кляшторны ў адным з вершаў. І гэта так. Паэт і сёння працягвае жыць у гэтых бярозах, соснах, травах, аснежаных белымі рамонкамі, у бясконцай роўнядзі азёраў, у шчырых сэрцах сваіх землякоў.
2018.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |