Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Вось ужо які год запар не абыходзяць увагай Лепельшчыну археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук. Не стаў выключэннем і сёлетні сезон раскопак, які звычайна пачынаецца ў канцы красавіка і цягнецца да глыбокай восені. На Лепельшчыну завіталі археолагі Максім Чарняўскі, Зоя Харытановіч (29-31 траўня) і Марат Клімаў. У папярэднія гады гэтыя навукоўцы ўжо даследавалі старажытныя паселішчы нашага раёна, якія адносяцца да розных па часе археалагічных культур.
Аб’ектам даследаванняў Марата Клімава стала гарадзішча і селішча ў наваколлях Кастрыцы. Менавіта на гэтых помніках у 1960-я гады праводзіў маштабныя раскопкі вядомы археолаг Георгій Штыхаў. Правёўшы дэталёвую разведку мясцовасці, Клімаў прыйшоў да высновы, што ў будучым варта працягнуць далейшае даследаванне дадзеных помнікаў.
Зоя Харытановіч у тандэме з Максімам Чарняўскім даследавалі наваколлі Верабак, дзе ў апошнія гады краязнаўцам Васілём Хацкевічам былі знойдзены ўнікальныя археалагічныя помнікі. Чарняўскага найбольш цікавілі берагі ракі Бярэшчы, якія, паводле яго гіпотызы і навуковага абгрунтавання, маглі быць кампактна заселены людзьмі прыкладна восем тысяч гадоў таму. Цяпер на Лепельшчыне вядомыя помнікі, якія налічваюць не больш пяці тысяч гадоў. На працягу дня Чарняўскі разам з Васілём Хацкевічам, пераадольваючы шэраг прыродных перашкод – яшчэ не паспеўшыя высахнуць ад вясновай паводкі тванныя берагі Бярэшчы, парослыя хмызам і балотнай травой выспы ў пойме ракі – даследавалі навакольную мясцовасць. На адным з пясчаных пагоркаў, узараных кратамі, трапіўся невялікі выцягнуты плоскі каменьчык. Гэты прыродны матэрыял, старанна апрацаваны тысячы гадоў таму якімсьці нашым далёкім продкам, аказаўся наканечнікам стралы. На думку археолага, прадмет налічвае каля сямі-васьмі тысяч гадоў і адносіцца да Кундскай культуры (8000 – 5000 гг. да н.э.). Археалагiчная культура эпохі мезаліту на ўсходзе Прыбалтыкі і на поўначы Беларусі. Назва паходзіць ад паселішча каля г. Кунда (Kunda) у Эстоніі. Адметнай рысай культуры з´яўляецца шырокае выкарыстанне прылад працы і зброі з косці і рогу, а таксама пласціначных наканечнікаў стрэлаў. Асноўны занятак насельніцтва – паляванне і рыбалоўства. Сярод прылад працы і зброі – крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл, скрабкі, каменныя сякеры, долаты і цёслы, касцяныя гладкія коп´і і наканечнікі стрэл, гарпуны, састаўныя рыбалоўныя кручкі, касцяныя кінжалы.
На тэрыторыі Беларусі вядома тры пасяленні Кундскай культуры: два ў Полацкім раёне і адно – у Верхнядзвінскім.
Знойдзены каля Бярэшчы наканечнік стралы наводзіць на думку, што і на Лепельшчыне магло існаваць паселішча дадзенай археалагічнай культуры, і магчыма, не адно. Але пра гэта можна будзе гаварыць пасля правядзення археалагічных раскопак.
Верабскае гарадзішча, якое ў народзе называюць Плоская гара, Зоя Харытановіч пачала даследаваць у мінулым годзе. Тады быў закладзены невялікі шурф. Сёлета, маючы добраахвотных памагатых – вучняў нашай школы, археолаг змагла правесці найбольш грунтоўныя даследаванні.
З Зояй сябруем даўно.
Дапамагалі ёй раскопваць гарадзішчы ў Валосавічах і Старым Лепелі. Вось і сёлета сумеснымі намаганнямі даследчыкі выявілі багаты навуковы матэрыял. На працягу двух дзён шчыравалі з рыдлёўкамі і скрабкамі дзеці пад кіраўніцтвам прафесійнага археолага.
Старанна перабіраючы рукамі грунт, выяўлялі артэфакты, якія праляжалі ў зямлі каля двух тысяч гадоў. Асноўнымі знаходкамі сталі фрагменты ляпной керамікі, а таксама жалезнае шыла і фрагмент прасліцы – грузіка, які выкарыстоўваўся ў ткацтве. Хлопчыкаў і дзяўчынак найбольш уразіла тое, што на кавалках глінянага посуду да нашага часу захаваліся сляды чалавечых рук. Хто яго ведае, можа нехта з іх дакрануўся не проста да археалагічнай знаходкі, а адчуў дотык свайго далёкага продка.
Чэрвень 2012 г.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |