Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Шэраг цэркваў і касцёлаў на фотаздымках зафіксаваў краязнавец Ян Балзункевіч, які з імпэтам вандраваў па Беларусі напачатку ХХ стагоддзя. Цяпер калекцыя тых арыгінальных фотаздымкаў захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
З надзеяй адшукаць у гэтай фотакалекцыі выявы лепельскіх цэркваў, давялося і мне завітаць у акадэмічную бібліятэку. Паводле надпісаў пад здымкамі можна вызначыць геаграфію падарожжаў Яна Балзункевіча. З бліжэйшых да Лепельшчыны мясцін ён наведаў мястэчкі Халопенічы і Красналукі. З фотаздымкамі культавых аб’ектаў гэтых паселішчаў можна пазнаёміцца ў кнізе “Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя”, выдадзенай у 2000 годзе.
У аб’ектыў фотакамеры краязнаўцы трапіла таксама царква ў вёсцы Латыгалічы Чашніцкага раёна, здымак якой ёсць у калекцыі, але ён чамусьці не ўвайшоў у згаданую вышэй кнігу.
Лепельскім краязнаўцам Латыгаліцкая царква можа быць цікавая тым, што Латыгалічы да пачатку будаўніцтва Лукомскай ДРЭС у першай палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя ўваходзілі ў склад Лепельскага раёна.
Разглядаючы старое фота, вырашылі на свае вочы пабачыць тое месца, дзе стаяла царква, даведацца, што памятаюць пра яе мясцовыя жыхары. Такім чынам, краязнаўчыя шляхі-дарогі чарговы раз прывялі ў Латыгалічы.
Найбольш дасведчаная апавядальніца бібліятэкар Соф’я Углік, сустракаючыся са старажыламі, зафіксавала іх успаміны пра царкву. Вось аповед аднаго з іх - Наталевіча Міканора Аляксеевіча, 1895 года нараджэння:
- Царква была ў цэнтры вёскі. У папа былі запашнікі, зямлі ў яго было многа. Стары поп Паплаўскі выкладаў у школе святы ўрок. Вучыў малітвам. У Паплаўскага было дзве дачкі. Адна выйшла замуж за псаломшчыка Уліцкага, які кіраваў царкоўным хорам.
Дом святара знаходзіўся недалёка ад царквы. Царква была зрубленая з лесу, узятага з навакольных могілак.
Тут, у Латыгалічах, Паплаўскі і памёр. Пахаваны на тым самым месцы, дзе была царква. Затым прыехаў другі, брат Паплаўскі, які прабыў нядоўга – гады два. Нямнога служыў у нашай царкве і святар Міцкевіч.
З Барысава прыехалі людзі і забралі ўсе ўпрыгожанні з царквы. З царквы зрабілі клуб.
У нас ёсць Кіпячы калодзеж. Каля калодзежа была невялікая пабудова, дзе па святах святар праводзіў службу. Людзі бралі ваду з таго калодзежа. Казалі, што яна гаючая. Ёй лячылі вочы.
Адна з першых згадак пра царкву ў Латыгалічах маецца ў “Інвентары ім. Чашнікі з данымі пра цэрквы ў м. Чашніках, с. Начы, Латыгалічах і Валосавічах”, які датуецца 26 ліпеня 1633 года. У дакуменце гаворыцца, што “ў той вёсцы цэркаўка збудавана разам з іншымі падданымі суседскімі, абразоў і інвентару не мае. Выязджае туды святар валосавіцкі”. На той час царква была ўніяцкай. У XVIII стагоддзі Латыгалічы з’яўляліся цэнтрам парафіі. Царкоўныя метрычныя кнігі складаліся на польскай мове.
З 17 лістапада 1732-га па 3 лістапада 1781 года святаром у Латыгалічах быў Пётр Хруцкі. Цягам дзесяці гадоў, са снежня 1809-га па снежань 1819 года, у царкве служыў Ігнат Хруцкі. У архіўным дакуменце ад 25 лютага 1837 года зафіксаванае імя латыгаліцкага святара Іосіфа Нарбута.
На здымку Яна Балзункевіча адлюстраваны будынак Латыгаліцкай прыходскай царквы Георгія Пераможцы. Царква была збудаваная паміж 1870 і 1875 гадамі на сродкі прыхаджан, адносілася да Мінскай епархіі. Архітэктурны стыль – эклектыка. Магчыма, царква была ўзведзеная замест старой, якая, паводле слоў старажылаў, згарэла.
Разам з Соф’яй Васільеўнай старой вуліцай Латыгалічаў крочым да таго месца, дзе калісьці стаяла царква. Зараз там пустка, якая пакрысе зарастае маладымі дрэўцамі. Скрозь ніцую ад першых восеньскіх маразоў расліннасць можна пабачыць камяні ад царкоўных падмуркаў, якія не здолелі расцягнуць на гаспадарчыя патрэбы.
Дзесьці да сярэдзіны сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў царкве месцілася бібліятэка і клуб. Затым будынак згарэў. Прычынай вызначылі парушэнне правілаў пажарнай бяспекі – у будынку было пячное ацяпленне.
Распавяла Соф’я Васільеўна і пра надмагільны камень з выявай крыжа, які знайшлі каля царквы. Вяскоўцы лічаць, што гэты камень з надмагілля святара Паплаўскага, пра якога згадвае ва ўспамінах Міканор Наталевіч.
2018 год.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |