14 авг 2018 в 08:51 — 6 лет назад

1) Біяграфія партызана з першых вуснаў. ПАНШЧЫНА, САЦЫЯЛІЗМ І ДЗВЕ ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1660

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Запісана паводле ўспамінаў жыхара Лепеля Аляксандра Міхайлавіча Стрыжонка, яго блізкіх і знаёмых.

 Сонечным жнівеньскім днём 1985 году зайшоў я да свайго добра знаёмага Стрыжонка Аляксандра. Даўно збіраўся гэта зрабіць, але праца і хатнія турботы перашкаджалі. Ведаў гэтага чалавека яшчэ з часін вайны, калі сам, як кажуць, пад стол пяшком хадзіў.

 У 43-м годзе дзядзька Аляксандр часта заходзіў да дзеда Юзіка і Стася Левановіча, якія выраблялі для партызанаў драўляныя дэталі да адрамантаванай зброі і лыжы. З таго часу і адносіны ў нас былі як паміж раднёй, бо гэты чалавек быў такі даступны, і ад яго веяла дабрынёй, хоць здаваўся не вельмі гаваркім, не любіў выхваляцца.

 На парозе хаты сустрэла мяне яго дачка Валя. Паведаміла, што бацька на рыбе і хутка павінен вярнуцца.

 Па сцяжынцы, што вяла між градак з агароднінай, я выйшаў на бераг возера, дзе да загнаных у зямлю калкоў былі прывязаныя некалькі чаўноў – прымітыўных суднаў мясцовых жыхароў. На “фарштэўні” аднаго з іх і прымасціўся. Задумаўся, гледзячы на хвалі, што набягалі на бераг, і не заўважыў, як з левага боку возера, парослага плюшчэўнікам, ціха падышоў човен.

 - Доўга чакаеш? А я вось затрымаўся. Трохі плотак вывудзіў ды некалькі краснапёрак удалося выцягнуць. Паласуемся свежай рыбкай. Ты ж, як заўсёды, спяшаешся кудысьці. А мы сядзем ды пагутарым за чаркай.

 - Згодны. Дзеля гэтага і прыйшоў. Толькі без чаркі. Дый вы, дзядзька Аляксандр, не падкі да яе.

 Пайшлі да дому.

 Толькі калі размясціліся ў трысцене за сталом, гаспадар, пільна ўглядаючыся ў мае вочы, спытаў:

 - Дык аб чым будзем гутарыць? Што цябе цікавіць з майго жыцця, і адкуль пачнём? Біяграфія ў мяне такая, як і ў тысяч нашых суайчыннікаў. Усё, што адбылося, адышло ў небыццё. Маладых тое мала цікавіць, а старых, маіх аднагодкаў, ужо мала засталося.

 - Дзядзька Аляксандр, гэта не зусім так. Многія маладыя людзі хочуць ведаць сапраўдную гісторыю без прыкрас і прапагандысцкага напластавання. Таму звесткі з розных крыніц для будучых даследчыкаў вельмі патрэбныя, асабліва сведчанні простых людзей. Дык давайце пачнём з самага вашага нараджэння.

 - Згода.

Паншчына, сацыялізм і дзве вайны

 Нарадзіўся я ў 1908 годзе на Ушаччыне ў вёсцы Слабодка-Гушчынская, што паблізу Кублічаў. Бацьку клікалі Міхалам.

 Спачатку на высечцы жылі тры сям’і: дзве Стрыжонкаў і адна Ліцвінаў. А калі я нарадзіўся, вёсачка ўжо мела 23 двары. З аднаго боку жыў пан Петух, з другога – паны Карчэўскі і Козел. Маючы грошы, яны трымалі надзелы па 60 гектараў. Сяляне ж не маглі выкупіць гэтулькі і задавальняліся надзеламі ў паўтара гектара.

 З трэцяга боку стаяла вёска Забалацце, а з чацвёртага – лес паноў Петуха і Гушчы. Апошні быў доктарам.

 Вядома, без каровы нельга было пражыць у вёсцы. Але пасвіць рагуль не было дзе, і яны вельмі часта заходзілі на панскія пасевы. За нанесеную шкоду сяляне штрафаваліся ў выглядзе адпрацоўкі на панскіх палетках.

 Пан Гушча лепшы быў. Напрыканцы вёскі стаяла брама, і мы, малыя, стараліся яе зачыняць, а калі пан Гушча пад’язджаў, адчынялі. Доктар даваў нам грошы і абавязкова пытаў, чые мы.

 У школу я пайшоў рана, бо ў шэсць год ужо добра чытаў і лічыў. На вялікі жаль, правучыўся ўсяго два з паловай года. Кожны вучань павінен быў прывезці ў школу воз дроў, а бацька на тое не знайшоў каня, і мяне выключылі. Аднак я быў даволі ўпарты і вучыўся ў сваіх аднагодкаў-суседзяў. Чытаў іх падручнікі і выконваў тое, што ім задавалі на дом. Такім чынам не толькі адолеў праграму чатырох класаў, але нават дапамагаў старэйшым вучням.

 Бацька і старэйшая сястра паехалі на заробкі у Пецярбург. Сястра працавала ў сталоўцы, а бацька – чорнарабочым на Пуцілаўскім заводзе. Плацілі некваліфікаваным работнікам вельмі мала, таму і дапамога сям’і была слабая. Перабіваліся, як маглі. Бацька марыў зарабіць на каня, але так і не змог, бо нават карову пракарміць не было чым.

 Добра памятаю той час, калі цар адрокся ад трону. Бабуля плакала і казала:

 - Каровы без пастуха пасвіцца не могуць, а людзі будуць жыць у вечным смутку.

 Паны пагрузіліся на падводы і з’ехалі на Захад. Казліха, ад’язджаючы, казала, што хутка вернецца, бо іх туча, а бальшавікоў – г… куча, і яны доўга не пратрымаюцца.

 Палякі, калі прыйшлі, пачалі браць сялян у падводы. Бацька не схацеў ехаць, дык яго моцна пабілі прыкладамі.

 Калі пачалі дзяліць панскую маёмасць, то кароў аддавалі тым, у каго было цягло – конь. Трэба было неяк карміцца, і я ў 27-м годзе падаўся ў Віцебск на цагельню габрэя Сепкі. Уладкоўваўся з іншымі мальцамі вельмі цяжка амаль два месяцы. Сепка казаў:

 - Навошта мне гэтыя “мальзы”? Мне хапае арыштантаў. Я ім плачу па 20 капеек, а гэтым наёмнікам трэба плаціць рубель.

 У той час прыехаў з выпраўленчага дому былы бухгалтар, і мы яму трапіліся на вочы. Ён загадаў Сепку тэрмінова ўзяць нас на працу, а самога гаспадара перавёў інструктарам. Завод нацыяналізавалі.

 Мяне паставілі садчыкам цэглы з акладам 35 рублёў на месяц, а майго сябрука Сашу Шаха – абпальшчыкам з акладам у 45 рублёў. Напачатку 28-га году мяне перавялі садчыкам на новую печ, далі памочніка, і аклад дасягнуў 90 рублёў. З прыходам новага дырэктара цагельні Вінаградава нам далі месца ў бараку-інтэрнаце. Мы перабраліся з кватэры, дзе спалі на печцы.

 Мальцамі мы былі эканомнымі, і пад канец 28-га году я назапасіў 250 рублёў. На гэтыя грошы купілі новы зруб у суседняй вёсцы і перавезлі ў Слабодку. У тым жа годзе перайшлі ў новы дом. Вось толькі падлогу паклалі, калі я ўжо прыйшоў з арміі.

 Прызвалі мяне ў 30-м годзе і прызначылі ў падраздзяленне боезабеспячэння стралковага палку. Гэтаму паспрыяў выпадак, калі мне давялося выканаць надта складаную слясарную працу. 20 дзён правучыўся ў палкавой школе і здаў іспыты на выдатна, бо добра ведаў матэматыку і геаметрыю. Начальства лічыла, што ў мяне адукацыя не меней за сямігадовую.

 Калі адслужыў у Бабруйску два гады, прызначылі майстрам на правах камандзіра аддзялення.

 Дэмабілізаваўся ў 1932 годзе. За гэты час бацькам далі ляда для раскарчоўкі. Зямлі стала ў тры разы болей. Купілі другую карову, дошак на падлогу, каня. Сям’я стала жыць значна лепш.

 Аднак радасць была нядоўгай. Пачалася калектывізацыя. Уся маёмасць была абагулена. Я, сястра і бацька адразу пайшлі працаваць у калгас “Чырвоная змена”. Мне давялося пабыць кавалём, загадчыкам складу, брыгадзірам паляводчай брыгады.

 У 1939 годзе мяне зноў забралі ў армію - “вызваляць” Заходнюю Беларусь. У Полацку і Баравусе навабранцаў абмундзіравалі, і наступнай раніцай падышлі да польскай мяжы. Падалі каманду класціся. Па-пластунску дапаўзлі да калючага дроту. Зрабілі шырокі праход, перарэзаўшы некалькі шэрагаў калючкі. Перайшлі мяжу. Ніякага супраціву з боку польскіх памежнікаў не было. За ўвесь час чуў толькі адзін стрэл і то з нашага боку.

 З носу раптоўна хлынула кроў, і санінструктар уладкаваў мяне на цягач. На ім і прыехаў да старой польскай мяжы. Пайшоў шукаць сваю каманду. Падышоў да танкістаў, што гутарылі з цывільнымі людзьмі. Адзін з салдатаў сказаў, што танкі ў Чырвонай арміі фанерныя. Папрасіў прынесці сякеру, каб паказаўць, як трэба секчы савецкую “браню”. Дазволіў гаспадару сякеры секануць па любым месцы. Вынік атрымаўся нечаканы. Сякера стала шчарбатай, а на танку ледзь падрапалася фарба.

 Сваю часць знайшоў хутка. Пайшлі ў бок Вільні. Адпачылі ў лесе. Праз нейкі час пагрузіліся на палутаркі і скрозь горад даехалі да польска-літоўскай мяжы. 14 сутак там стаялі. Змянілі нас памежнікі Кубліцкай заставы на чале з камандзірам Шмоніным. А нас перакінулі ў Вільню на радыёзавод. Займаліся там пагрузкай і рамонтам абсталявання.

 Потым наша часць зрабіла, як казалі, “гістарычны паход” у бок Гродна, Беластоку і назад да ўмацавальнага раёну “Ляхава”. Па шляху жыццём у СССР цікавіліся многія мясцовыя жыхары. Габрэяў цікавіла магчымасць заснаваць краму. Сяляне хацелі ведаць, колькі можна мець зямлі.

 Вядома, мы загадзя завучылі адказы на магчымыя пытанні і казалі, што зямлі ў Савецкім Саюзе бяры колькі хочаш, яна ўся для сялян, заводы і фабрыкі для рабочых, працаваць можаш у любой краме і ўвогуле дзе захочаш.

 Многія чырвонаармейцы хітравалі і, штосьці купляючы, плацілі аблігацыямі, якія гвалтам давалі савецкім людзям замест зарплаты. Было і такое, што прадавалі жыхарам нейкія вайсковыя рэчы. Затым прыходзіў старшына і забіраў назад набыткі, кажучы, што яны вайсковыя. Бачыў, як вайсковец крычаў:

 - Поляк! Купі попу!

 А той, навучаны практыкай, пытаў:

 - А яна не вайсковая?

 Тут я пачуў пра вайну з Фінляндыяй і зразумеў, што дахаты доўга не патраплю.

 Ужо напрыканцы лістапада ў Навагрудку атрымалі цёплае адзенне, і палову палку скіравалі на фронт. Але па шляху нас уключылі ў склад дарожна-эксплуатацыйнага палку ў Воршы. Тут я стаў працаваць па сваёй спецыяльнасці – збройнікам ва ўзводзе боезабеспячэння. Тэхнікам быў Замосцін.

 Займаліся рамонтам палкавога ўзбраення. У хуткім часе нас перакінулі ў Волхаўстрой, гэта непадалёк ад Ладажскага возера.

 Маразы трымаліся страшныя. Нагледзеўся такога, што жудасна ўзгадваць. Шмат было параненых, але больш – абмарожаных, бо калі цябе параніла, на такім марозе ўжо нішто не ўратуе.

 13 сакавіка падпісанае перамір’е з Фінляндыяй. Але нас не дэмабілізавалі, а 5 мая перакінулі ў Новарасійск. Адтуль перайшлі ў Поці. Затым цягніком перавезлі ў азербайджанскі горад Казах. У ім праслужыў да 25 жніўня 1940 года. Вярнуўшыся дахаты, зноў пачаў працаваць кавалём у калгасе.

 У маі і чэрвені ад калгасу працавалі на будаўніцтве аэрадрому. Падвозілі матэрыялы. Трое мужчын і дзве жанчыны з нашага калгасу жылі ў лесе непадалёк ад Улы. Працавалі і не ведалі, што ўжо пачалася вайна.

2018

Працяг глядзець тут.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ