Звесткі аб аўтары глядзець тут.
На тэрыторыі сучаснай Лепельшчыны ў даўніну было шмат абарончых замкаў. Мы пра гэта не ведаем, бо гісторыя, якую праходзілі, даводзіла і цяпер даводзіць сцвярджэнні, быццам нам не было ад каго абараняцца, бо заўсёды жылі ў міры ды згодзе з суседнімі народамі. Гэта відавочная хлусня. Нашыя продкі бясконца ваявалі і на іх нападалі ворагі.
На Вялікае Княства Літоўскае бясконца нападалі маскоўскія орды і акупоўвалі яго на доўгія гады.
Архівы, якія не паспелі пачысціць прыхільнікі чырвонага ладу жыцця, захоўваюць звесткі аб шматлікіх абарончых умацаваннях на тэрыторыі зямлі нашай. Ёсць звесткі, што ў 1620 годзе ўладальнік замка ў Людчыцах, князь Лукомскага княства Іван Лукомскі прадаў сваё ўладанне. Яго наступнымі гаспадарамі былі паны Камінскія, Пятровы… Яшчэ паўтара стагоддзя таму назад на месцы таго маёнтку былі выразна бачныя сляды абарончага замку. Урочышча тое насіла імя Боўдыра Лукомскага. Захоўваліся валы замку, што ляжаў на ўзгорку, які ўзвышаўся над гарыстай мясцовасцю.
Лепельскія бадзяўкі вырашылі агледзець тую мясцовасць без усялякай надзеі на знаходкі. Хацелі проста ўявіць тую гераічную мясцовасць зямлі нашай.
Жыхары Людчыцаў паказалі на гару, што называецца Царкавішчам, на якой у даўніну стаяла царква ды правалілася пад зямлю. Можа гэта замак праваліўся?
Пад гарой цячэ крынічны ручай, які меліяратары загналі ў глыбокі канал.
Быццам бы і зручнае месца для абарончых дзеянняў, аднак надта ўжо малая пляцоўка для пабудовы грунтоўнай фартэцыі.
Абследавалі наваколлі Царкавішча. Крушню, безумоўна, стварылі трактарысты.
Можа бетонавыя глыбы сярод камянёў і ёсць фрагменты падмурку замку?
Аднак такое меркаванне абвяргаюць мацавальныя жалязякі пазнейшага веку.
Відавочныя руіны нейкага падмурку таксама непадобныя на старадаўнія.
А ўзвышшаў наўкола не злічыць.
Не знайшлі слядоў былой велічы і на аселіцы саміх Людчыцаў.
Можа патрэбны аб’ект пошуку знаходзіцца паблізу Двор-Людчыцаў?
Жыхары гэтай вёскі паведамілі, што мы не першыя шукаем замак князёў Лукомскіх. Раней былі дзве гары на аселіцы, аднак іх раскапалі на жвіроўку паміж Аршанкай і Людчыцамі. А панскі маёнтак да гэтага часу служыць людзям.
Хата тая слаба падобная на панскі палац. Аднак панам бедны люд называў усялякага начальніка, які меў зямлю і грошы. Ім мог быць панскі цівун ці арандатар. Але маёнтак тут быў, аб чым сведчыць прыстаўка “Двор” да назвы вёскі. Пацвярджае гэта і карта 1867 года – называе цяперашнія Двор-Людчыцы фальваркам Людчыцы, што азначае невялікую панскую гаспадарку.
Другі замак знаходзіўся ля Гарадзянца, што месціўся за 15 вёрст ад Лепеля. Цяпер гэта вёска ператварылася ў дачны пасёлак жыхароў Заслонава. Паўтара стагоддзя таму назад зямля тая належала панам Неміровічам. Населены пункт насіў статус панскага двара (сведчыць карта). Пэўна там знаходзіліся сляды абарончага замку над патокам ракі Таўпянкі. У тым месцы літоўскі князь Мінгайла выйграў бітву з Полацкім княствам і далучыў яго да Вялікага Княства Літоўскага.
Адразу стала зразумела, што наўздагад месца замку ў вялікім атачэнні Гарадзянца знайсці немагчыма. Застаецца хаця б павітацца з Таўпянкай.
Шырокая пойма сведчыць, што рака даўным-даўно была паўнаводнай. Паступова старасць звузіла яе да вузкага ручая.
Даўняя карта яшчэ больш азадачвае, паказваючы другі Гарадзянец, ужо фальварак паноў Кусцінскіх, у сутоках Таўпянкі і Улы. Трэба наведаць і тое месца.
Блізка да вусця Таўпянка пры падтрымцы Улы набрала моцы.
Аднак фальварак Гарадзянец знаходзіўся на беразе Улы па той бок вусця Таўпянкі. На нашым баку месцілася вёска Ласосніца, якую ў 20-я – 30-я гады паглынуў ваенны гарадок 116-ы кіламетр, пасля вайны пераназваны ў Заслонава.
Мы і не спадзяваліся знайсці сляды замкаў, бо яны на перыферыі княстваў былі драўлянымі. Іх месцы знаходжання даўно сцёртыя з твару Зямлі. Проста было прыемна пабыць у мясцовасці, дзе яны знаходзіліся. Затое знайшлі цудоўны адпачынак у першы дзень Бабінага лета. Мяркую, што цікаўнаму чытачу будуць карысныя гістарычныя звесткі, якім не знайшлося месца не толькі ў гістарычных даведніках, але і на абшарах інтэрнэту.
6 кастрычніка 2018 года.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
О истории крепостей в регионе есть интересный пост по ссылке http://ushachy.bloger.by/80776/ Там же - занятная история времён Ливонской войны http://ushachy.bloger.by/84796/