Ад Блукача Валацужнага. Яны сябруюць. Дзед і ўнук. Аляксей і Максім. Карусевічы. Жывуць у Баброве. Але іх паэтычныя душы лятаюць над гістарычнай радзімай – вёскай Падаліца (Падаліцы), што была за Бабровам.
У Падаліцы нарадзіўся Аляксей у 1936 годзе. А Максім жыццё пазнаў ужо ў Баброве ў 2007-м. Дзед скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Унук вучыцца ў 6-м класе Старалядненскай школы. У вольны час разам наведваюць прывід Падаліцы, у які даўно ператварылася вёска. Дзед распавядае ўнуку пра яе. Паказвае, дзе была хата яго прашчураў. Наводзяць парадак. Але, як можна прыбраць прывід?
Аднак яны знайшлі выйсце, як увекавечыць прывід. Прыцягнулі валун да былой вёскі і на ім напісалі яе назву: “Падаліца”. І прывід павесялеў, быццам глынуў кроплю былога жыцця.
Камлыга з надпісам стала кідкім помнікам былой вёсцы Падаліца. А Максім узяўся за скульптарскую справу – лепіць з пластыліну. Калі стане скульптарам, зробіць сапраўдны помнік дзедавай роднай вёсцы. Бо яго жыццё таксама пачалося там задоўга да ўласных народзінаў.
Візіты да прывіду Падаліцы натхняюць дзеда з унукам на паэтычныя летуценні. І тады нараджаюцца вершы. Апяваюцца ў іх Бацькоўскі Кут і ўся Бацькаўшчына. Першае паэтычнае слова - дзеду Аляксею.
Ва ўрочышцы Падаліца
Ва ўрочышчы спыняю крок…
Калісьці тут стаяла хата…
Пакрыўся дзірваном грудок,
Ды ў кветніку здзічэла мята.
Вось толькі яблыня адна
Адсюль глядзіць у даль, на поле,
Перапляла ў журбе яна,
Як пальцы рук, старое голле.
Не спіцца па начах старой,
Ды штосьці шэпча на рассвеце,
Як тая маці, ад якой
У горад паўцякалі дзеці.
Ёсць і добрыя звесткі. Старшыня райсавету Ігар Урбан дапамог зрабіць дарогу на могілкі.
Ад Блукача Валацужнага. А вось якім бачыць бацькоўскі кут дзеда ўнук Максім.
Вёсцы майго дзеда
Мой дзед нарадзіўся ў вёсцы,
Маленькай, зусім непрыкметнай.
Раслі каля дома бярозкі,
А побач – і старыя вербы.
А ў садзе – вялікія грушы
Раскінулі вецце на волі.
Калі іх хоць раз пакаштуеш,
Той смак не забудзеш ніколі
І бегла сцяжынка за вёску,
Лясочак вітаў нас прыветна.
Грыбоў назбіраць там так проста,
А водар – сунічны, адметны.
Няма ўжо вёскі на карце,
І хаты, дзе жыў мой дзядуля,
І толькі трывожная памяць
Дзядулева сэрца турбуе…
Дзядулю начамі не спіцца…
Прыехаць прайсціся імкнецца
Па вёсцы, начамі што сніцца,
З маленствам - юнацтвам сустрэцца.
У вас узнікае пытанне:
Як вёсачка тая завецца?
Няма ў мяне тут сакрэту:
Падаліцы…
Ад Блукача Валацужнага. Каб бліжэй пазнаць Максіма Карусевіча, трэба ўдумацца яшчэ ў адзін яго твор.
Мая зямля
Зямля мая, Радзіма дарагая,
Хачу табе я шчасця пажадаць!
Я ганаруся сваім родным краем,
На мове роднай я імкнуся размаўляць.
Ты столькі вынесла ў часіны ліхалецця,
Ты адстаяла сваю годнасць, свой народ.
І веру я, што больш ніколі твае дзеці
Не зведаюць крывавых тых дарог.
Дастойным быць цябе і тваёй славы,
З табой адной навек звязаць свой лёс
Мяне вучылі дома тата з мамай
І іх навуку ў сэрцы я збярог.
2019.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |