14 янв 2019 в 08:40 — 6 лет назад

6) Біяграфія партызана з першых вуснаў. ПАСЛЯ ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 1492

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Заканчэнне. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут.

 Запісана паводле ўспамінаў жыхара Лепеля Аляксандра Міхайлавіча Стрыжонка, яго блізкіх і знаёмых.

Пасля вайны

 Пасля нашай размовы мінула амаль два гады. І вось мы сядзім на прызбе гаспадаровай сядзібы і, не спяшаючыся, як бы працягваючы нашу даўнюю гутарку, дзелімся ўспамінамі аб былым часе, згадваем агульных знаёмых і іхнія лёсы.

 - Дзядзька Аляксандр, а як вашае жыццё пасля вайны склалася? Збольшага я ведаю. Але ж ёсць і такія акалічнасці ў кожнага чалавека, якія вядомыя толькі вузкаму колу людзей ды яму самому…

 Крыху памаўчаўшы, мой суразмоўца, не ўзнімаючы галавы, ціха загаварыў:

 - Жыў, як і ўсе. Яшчэ ішла вайна, а мне далі броню, каб будаваў разбураную вайной гаспадарку. Чыгуначнікам далі броню, двум ці тром тэхнічным кіраўнікам. Былі мальцы, што адмовіліся ад броні. Нас тады здзівіў загад абмундзіраваць навабранцаў і папоўніць імі вайсковыя часці, не адвёўшы на падрыхтоўчую вучобу ніводнага дня. Далейшыя падзеі паказалі, што з тых навабранцаў вярнуліся адзінкі, і тыя пакалечаныя. Я і па сёняшні дзень удзячны кіраўніцтву нашай брыгады за загад ісці ў Лепель на перафармаванне ўзброенымі, інакш магло быць як і з “кірпічаўцамі”, што пайшлі бяззбройнымі на Барысаў ляснымі дарогамі. Іх і пабілі немцы, якія хаваліся ў лясах.

 Я не адмовіўся ад броні. Палічыў, што нельга выпрабоўваць лёс. І я ўдзячны ўласнаму анёлу, што абараняў мяне дзясяткі разоў ад смерці, а ў Домжарыцкім балоце - дык тройчы за дзень.

 На працягу тыдня атрымаў неабходныя паперы, і пачалося маё цывільнае жыццё. Пасялілі спачатку ў чыгуначным бараку. Працаваць скіравалі на машынна-трактарную станцыю, каб рамантаваў зламаную тэхніку, калі можна было увогуле так назваць тое ламачча.

 Працавалі ад цемры да цемры. У справу ішлі дэталі ад усялякіх машын, нашых і трафейных. Асаблівае напружанне было з радыятарамі. Давялося з падручнага матэрыялу ўзвесці лудзільны цэх, у якім я ўзяўся збіраць халадзільныя блокі. Справу меў з кіслатой, свінцом ды іншымі шкоднымі рэчывамі. Вядома, што па-магчымасці засцерагаўся. Аднак і аплату атрымліваў па гарачай сетцы. Па тым часе заробак быў нядрэнны.

 Увесь час марыў мець свой кут. Яшчэ мая бабуля казала, што свая хатка бы родная матка. Я і месца нагледзеў на беразе возера. Мне заўсёды падабалася быць каля вады, бо неабыякавы быў да рыбы.

 Калі зрэдку выпадаў вольны час, прыглядаў у бліжэйшых вёсках хату ці зруб. На вялікі жаль, нічога патрэбнага не траплялася, а далёкія вёскі чарнелі гарэлішчамі ды голымі комінамі.

 Аднойчы дамовіўся з кіроўцам “палутаркі”, што прывозіла дровы на хлебазавод, з раніцы ўзяць мяне ў вёску Барсукі. Той папярэдзіў, што другім рэйсам забярэ назад, дык каб не затрымліваўся, чакаць не будзе.

 У вёсцы шукаць не было чаго, бо з паўсотні двароў ацалела ўсяго 17. Нейкім цудам захавалася школа. Прайшоўшы вясковай вуліцай, накіраваўся ў бок Валовай Гары. Мінуўшы грэблю праз забалочаную пойму ракі Кесты, выйшаў на Левановічава поле, якое калісьці было партызанскім аэрадромам. На ўзлеску сядзелі дзве дзяўчыны. Побач жавалі жвачку запрэжаныя ў плуг дзве каровы. На пытанне, што тут робяць, смялейшая адказала:

 - А вы, дзядзечка, не бачыце, што мы аром? Адну баразну прагналі, і кароўкі ляглі. Пэўна, стаміліся.

 З іншага боку поля падыходзіў натоўп жанчын. Калі параўняўся з імі, убачыў, што тыя саматугам цягнуць плуг. Былі і тыя, каго добра ведаў. Сэрца зайшлося ад жалю, але чым я мог дапамагчы.

 Падышоўшы да дамбы, не ўбачыў сядзібу Левановічаў. Толькі высокі журавель над глыбокай студняй ды пячны комін сведчылі, што тут калісьці было жыллё.

 Ля хаты Шуневічаў сустрэў Агнешу, жонку расстралянага у Мар’янове Ваціка Шуневіча. Ад яе даведаўся, што з палону вярнуўся дзед Шуневіч, а вось пра старых Левановічаў нічога не ведае. Жонка Франіка Левановіча жыве ў Лепелі ў хаце залоўкі. Дзяцей з Франікам не нажылі, і таму туліцца амаль у чужых людзей. Пакалечыла вайна людскія лёсы. Зноў калгаснае ярмо на людзей накінулі. А старшыня напіўся самагону і на адзіным кані памчаў у горад. Можа трактар прыгоніць, бо смеху варта, каб бабы стагектарнае поле жывамотам узаралі.

 “Валова Гара не дужа пацярпела падчас блакад, некалькі хат спалілі, - распавядала выпадкова спатканая даўняя знаёмая. – Гэта ў Барсуках шмат пабудоў згарэла, бо там баі праходзілі, дый бальшак побач. Будавацца людзі будуць, як з вайны мужчыны вернуцца. Наўрад ці ўдасца табе, Аляксандр, штосьці знайсці ў партызанскай зоне. Хіба толькі напрыканцы вёскі Міколаў зруб хто прадасць. А вось Франіка Левановіча зруб не ведаю, хто распарадзіцца прадаць”.

 Хуткім крокам заспяшаўся я на аселіцу. На дамбе амаль каля шлюза заўважыў зруб, ля якога гулялі дзеці розных узростаў. Большая дзяўчынка па маёй просьбе прывяла жанчыну, якая віламі капала бульбу на прысядзібным надзеле. Тая распавяла, што муж яе загінуў, а сама жыве ў бацькавай хаціне. Зруб прадасць. І тут загінае такую суму, што я разумею – чалавек не арыентуецца ў цэнах на такі тавар.

 Падзякаваўшы за інфармацыю, паабяцаў калі-небудзь яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання. Развітаўшыся, паспяшаўся да ўмоўленага месца, дзе кіроўца з грузчыкам-падлеткам заканчвалі ўкладваць апошнія альховыя хлысты. І ўжо праз паўтары гадзіны, натросшыся па каменным бруку шашы, стомлены, адпачываў на саламяным матрацы, захінуўшыся салдацкім шынялём.

 І зноў працоўныя будні, праца ад змяркання да змяркання. Але мара аб уласным доме на беразе возера не пакідала галаву. Падаў заяву на выдзяленне надзелу і атрымаў яго ў аблюбаваным месцы.

 У восень 1944 года ўжо працавала піларама, і я зноў пачаў шукаць зруб. Яшчэ ішла вайна. Гінулі людзі. Народ аддаваў на аднаўленне народнай гаспадаркі ўсе сілы, жывучы ў страшэннай галечы. Нам час ад часу падкідвалі гуманітарную дапамогу з замежжа. А вось у сельскай мясцовасці пражыць было цяжэй. Людзі карміліся гнілой бульбай, грыбамі ды ягадамі, шчаўем ды зернем асакі. У спаленых вёсках будавалі зямлянкі, бо надыходзіла зіма.

 Вось у такую сцюдзёную восеньскую пару сустрэлася мне жонка Франіка Левановіча, забітага немцамі на хутары Мар’янова. Ліцвінка, родам з Кублічаў, добра вядомая мне яшчэ да вайны. Ды і з партызанскага лагеру я амаль кожны дзень прыходзіў па драўляныя дэталі да партызанскай зброі, што рамантаваў. Іх выраблялі Стась Левановіч ды Юзік Шуневіч. Франік заўсёды дапамагаў данесці груз да збройнай майстэрні.

 Ад Ані даведаўся, што яна прадала зруб, бо вярнуліся старыя Левановічы, і на нешта трэба было жыць і купляць лекі - вандроўка ў калоне палонных падарвала здароўе старых людзей. Да таго ж вярнулася іх дачка са сваімі дзецьмі.

 Яшчэ Левановічыха распавяла, што ў дарозе нямецкі абоз, у якім рухаліся і тыя, хто служыў акупантам, разбамбілі нашы самалёты. Нямецкія служкі пакінулі свае сем’і і збеглі на захад. Дзеці засталіся з тым, у чым былі апранутыя. Цяпер залоўка патрабуе вярнуць грошы за зруб.

 Я доўга не разважаў і сходу прапанаваў Ані стварыць з ёй сям’ю. Тым больш, што даўно жанчына была для мяне неабыякавай. Вось так мы і пажаніліся, без вяселля і ЗАГСу.

 Больш Аня да былой залоўкі не пайшла. А праз некалькі дзён я сказаў:

 - Аня, нам чужога і на капейку не трэба. Дададзім да тых грошай, што ў цябе засталіся ад зрубу, сваіх, і вярні старым усю суму.

 Так і зрабілі. Потым былі добрымі сябрамі. Аднак старыя Левановічы ў хуткім часе памерлі, бо былі дужа хворыя.

 Жыць з Аняй пачалі ў інтэрнаце. Затым у знаёмага, якому часта дапамагаў па гаспадарцы, адрамантаваў лазню, зрабіў печку. Вось у той лазні мы і перазімавалі. Вясною зноў завітаў у Валову Гару да той жанчыны, што прадавала зруб. Мае спадзяванні спраўдзіліся.

 Разважаў так. У людзей грошай не было. Тым больш, трэба было плаціць падаткі. У вёсках увогуле цяжка было жыць. За дазволеныя 40 сотак зямлі трэба было здаць дзяржаве 500 літраў малака, 200 яек, за абавязковыя пастаўкі мяса разлічваліся бульбай. У большасці жылі ў зямлянках. Кароў не было, курэй і свіней таксама. У лік падаткаў забіралі ўвесь ураджай з прысядзібнага надзелу. А вайна працягвалася. І людзі трывалі. Перабіваліся дарункамі лесу. Распаўсюдзілася жабрацтва. У такіх варунках наўрад ці паквапіўся хто на празмерна дарагі зруб.

 Так і было. Зруб стаяў. Жанчына знізіла цану амаль удвая. Я нават не таргаваўся і адразу разлічыўся. За дзве ходкі ЗІС-5 перавёз пакупку на мой надзел. На азёрным беразе закіпела праца.

 Скончылася вайна. Вярталіся дахаты ацалелыя мужчыны. Многіх сустрэлі папялішчы. Але жыццё не спынілася. Як кажуць: “На жывой костцы мяса нарасце”.

 Людзі будаваліся. Дзяцей гадавалі. Так і мы з Аняй ужо пад канец 1946 года перайшлі ў новую хату. Але, маючы сваю сядзібу, будзеш мець бясконцую працу: трэба то адно дабудаваць, то іншае паправіць, ды яшчэ суседзі просяць дапамагчы адрамантаваць штосьці, парсюка забіць ды разабраць… Не адмовіш – сярод людзей жывучы, трэба і сябе па-людску паводзіць, усе ж залежаць адзін ад другога.

 А мы з Аняй усё ж аформілі свае адносіны ў ЗАГСе. Толькі з пэўных прычын яна пакінула сабе прозвішча Левановіч. Першынцам нашым у жніўні 1947-га стаў Віця. Праз два гады нарадзіўся Міша. А як жа без дачкі, мамінай памочніцы? У 1954 годзе з’явілася Валя. Я так меркаваў: сям’я павінна мець не меней за трох дзяцей, тады хоць адзін з іх ды застанецца ў роднай хаціне, ля старых бацькоў. Цяпер маладыя лянівымі сталі, бо гадаваць дзяцей – нялёгкая справа. А пад старасць локці сабе кусаюць, што адны засталіся.

 Я вось чытаю кніжку пра аднаго партызанскага камандзіра. Не змог чалавек схаваць ад фашыстаў чацвярых дзяцей і сястру. Забралі іх у закладнікі паводле даносу нейкага вырадка. Дык вось я ўсё думаю: а як бы зрабіў я? Абмяняў бы сябе на сваіх дзяцей, ці не? Не ведаю. Але, калі зірну на дачушку, упэўніваюся, што за адзін яе пальчык пайшоў бы на любыя пакуты, каб толькі ўратаваць роднае стварэнне. Навошта пасля мне тая зорка героя без яе? Як можна далей жыць з гэтым? Шкада мне таго камандзіра.

 Чытаю ўспаміны нашага камбрыга Лабанка. У іх ён распавядае пра партызанскіх збройнікаў, якія з падручных матэрыялаў і прымітыўнымі інструментамі выраблялі зброю не горшую за заводскую. Магу пацвердзіць, што сапраўды мной былі сабраныя дзве адзінкі такой зброі. Вядома, ручная грубая апрацоўка дэталяў – гэта табе не фабрычная шліфоўка. Аднак, на погляд карыстальнікаў, скарастрэльнасць маіх аўтаматаў была лепшай, прыцэл прасцейшы, аддача меншая. І гэта пры ўдвая большай вазе.

 - Дзядзька Аляксандр, успаміны гэтыя цікавыя. Але хочацца ведаць, як ваша далейшае жыццё склалася…

 - Ды было па-ўсялякаму. Жыццё ж не роўная дарога. У “Сельгастэхніцы” працаваў амаль 10 год. Каб яшчэ гадок, дык і на пенсію раней пайшоў бы. Але аб тым у той час не падумаў, а праца з хімікатамі стала адбівацца на здароўі. Перайшоў на малочна-кансервавы камбінат. Там працоўная дзейнасць была больш цікавая. Даводзілася рамантаваць складаныя прыборы, даводзіць тонкія дэталі абсталявання. Большы размах для творчай думкі. Адтуль і на пенсію пайшоў.

 На здымку: Аляксандр Стрыжонак побач з жонкай Ганнай (справа), дачкой Валяй (другая злева ў першым шэрагу) і суседзямі.

 

 Падрасталі дзеці. Кожны выбраў сваю дарогу. Віця стаў настаўнікам у школе. Міша пайшоў у складаную навуку. Толькі Валя засталася каля дому. На яе плечы лёг асноўны цяжар турбот па доглядзе за бацькамі. Шасцёра ўнукаў упрыгожваюць старасць.

 Вельмі шкада, што Аня рана пайшла ад нас. Хвароба Альцгеймера скасіла яе на 74-м годзе жыцця.

 - Заўважыў, што вы апошнім часам не бываеце на святочных парадах. Чаму?

 - Ат, дзяцёнак! Я лепш на ўлонні прыроды пабуду некалькі гадзін. У той час не цураюся кампаніі. Але хадзіць у натоўпе не прывык. Да таго ж усе сустрэчы заканчваюцца папойкамі. А гэта не па мне. Я добра памятаю кожнага з маіх баявых сяброў – сапраўдных пераможцаў. І жывых, і загінулых. Буду ў думках з імі, пакуль сам жывы…

*   *   *

 Распавядае Валянціна Аляксандраўна Мацюш – дачка Аляксандра Стрыжонка:

 - Бацька памёр у 1998-м на 90-м годзе жыцця. Памёр ціха, згарэў за 10 дзён. Як і ў жыцці, не надакучаў нікому і падчас хваробы. Здзейсніў усе чалавечыя абавязкі пры жыцці: і хату збудаваў, і дзяцей выгадаваў, і сад пасадзіў. Словам, пакінуў добрую памяць аб сабе тым, хто яго ведаў.

2019.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





14 янв 2019 в 21:41 — 6 лет назад

Блукач, удакладні калі ласка, як разумець словы "Ліцвінка, з Кублічаў, ..."? Маецца на ўвазе нацыянальнасць?





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ