22 янв 2019 в 08:09 — 6 лет назад

ПАДСЛУХАНА НА ВАКЗАЛЕ (ПАМЯЦІ В. БЫКАВА). Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 2003

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Нядобра падглядаць, нядобра падслухоўваць.

 Ды я не аб маральным баку гэтых з´яў, а аб тым, што мне давялося міжволі падслухаць на лепельскім аўтавакзале. А ці варта было выносіць на суд людскі падслуханы дыялог, няхай мяркуюць самі чытачы. Справа тут яшчэ і ў тым, што гэта датычыцца адной з тых асоб, якіх у народзе называюць "сумленнем нацыі". 3 жыцця такіх людзей нават маленькая дробязь мае вялікае значэнне. I яна не павінна быць забытай…

 Лепель. Вакзал. Чакаю чарговую маршрутку, празваную у народзе неяк ласкава - "бусік", ім хутчэй дабрацца да Мінску у параўнанні з аўтобусам. Чакаць яшчэ каля гадзіны, таму, зайшоўшы ў амаль пустую залу вакзала, утульна размясціўся на лаўцы ды, адкінуўшыся на спінку, задрамаў.

 У хуткім часе дрымоту прыпыніла размова двух немаладых людзей, што селі насупраць. Спачатку гаворка ішла пра надвор’е, аб тым, што такога ніхто з іх не прыпамінае:

 - Жывём як у мяшку, ад таго і здароўя няма, дэпрэсія даймае, маркотна на сэрцы...

 I сапраўды: на дварэ канец снежня, а снегу няма, ды вецер такі, што раней і ў паміне не было.

 Паразважаўшы пра цяжкасці сучаснага жыцця, паступова перайшлі да палітыкі. I тут высветлілася, што той чалавек, які бліжэй да мяне, невялікі, з рыжымі вусамі і зыркім поглядам, цалкам падтрымлівае палітыку ўлады:

 - Ты кажаш, што мы павінны жыць лепш, чым у той Швейцарыі, але ж нам дасталася разбураная эканоміка, заняпалая сельская гаспадарка, машыны і прылады даўно час спісаць на лом. А тут яшчэ з усіх бакоў крытыкуюць прэзідэнта, перашкаджаюць працаваць. Хто, скажы, вытрымае такое? А ён цярпіць усё і працуе. Ды і хто назаве чалавека, які лепш зможа ў такіх умовах кіраваць дзяржавай?

 - Дрэннаму танцору ведаеш што перашкаджае? - неяк рэзка, але без злосці прамовіў той, што далей ад мяне, вышэйшы за свайго спадарожніка на цэлую галаву, з шэрымі вачыма і маладым голасам, што неяк не стасоўваўся з яго ўзростам. - Вось я і кажу, што свае памылкі ўлады стараюцца прыхаваць за дэмагогіяй пра апазіцыю, пра заходніх "буржуяў" ды шпіёнаў, пра ўсходніх непрыяцеляў. I трэба ж выдумаць такое, што ў нас няма лепшых і разумнейшых людзей. Скажы іншае: што большасць людзей спакусілася на хлуслівыя абяцанкі, а цяпер сорамна самім сабе прызнацца ў самым горшым выбары. А былі людзі, прарокі свайго часу, якія папярэджвалі аб вяртанні да аўтарытарызму ды дыктатуры, спрабавалі штосьці зрабіць, ды толькі за гэта некаторыя з іх склалі галовы, прынеслі ў ахвяру сваё жыццё. Іншыя вымушаны былі пакінуць радзіму, многія і сёння змагаюцца за волю, за дэмакратыю, не гледзячы на фізічныя і судовыя расправы. Мне аднойчы давялося размаўляць з чалавекам з вялікай літары - Васілем Уладзіміравічам Быкавым, гэта размова ў некалькі хвілін застанецца ў памяці да канца жыцця.

 - Ну, і хвалько ты, Мікола. Якраз у Быкава хапіла часу на размову з табой! Быццам іншых спраў у яго не было. Як паслухаць цябе, дык ты і з тым, і з гэтым сустракаўся ды размаўляў. Штосьці я не магу паверыць.

 - Ну і не трэба верыць, не вялікая страта. 3 табой гаварыць - што ваду ў ступе таўчы!

 Чалавек насунуў на вочы трусіную шапку і, адкінуўшыся трохі назад, змоўк. Маўчаў і яго суразмоўца, толькі зрэдку паглядаў на іншых пасажыраў. Але цікаўнасць перамагла, і, штурхнуўшы ў плячо спадарожніка, ціха сказаў:

 - Мікола, а Мікола, час у нас ёсць, раскажы, аб чым вы размаўлялі.

 - Дык ты ж не верыш?

 - Раскажы спачатку - тады можа і паверу.

 - Добра, толькі не перабівай і не абражай - не люблю такога. А было гэта ў час першых прэзідэнцкіх выбараў, з самага пачатку перадвыбарчай агітацыі. Яшчэ не было стрэлу пад Лёзнам, не прайшлі тэледэбаты. Быў я па справах у Мінску ды зайшоў на Варвашэні-8, каб забраць улёткі, іншую агітацыйную пракламацыю. Хацелася як мага больш узяць грузу, але ж у чалавека дзве рукі - як данесці да аўтавакзалу? Давялося трохі затрымацца, каб лепш і ямчэй спакавацца, выбраць найбольш важныя, на мой погляд, матэрыялы. Ну, а калі яшчэ болей праўдзіва сказаць, то хацелася трошкі пабыць сярод людзей, якіх я вельмі паважаў і стасункамі з якімі ганарыўся, якія прайшлі праз газы і міліцэйскія дручкі, судовыя расправы, палітычныя рэпрэсіі і турэмныя засценкі.

 У гэты час у штаб-кватэры БНФ адбывалася нейкая нарада, і я, робячы сваю справу, час ад часу паглядаў у той бок.

 Калі сабраў пакункі і памкнуўся крануцца да выхаду, шлях быў перагароджаны натоўпам людзей, якія паўсталі шчыльнай маўклівай сцяной. Тая сцяна маўчала, толькі дзясяткі позіркаў свідравалі маю постаць. Былі гэта позіркі цікавасці, здзіўлення, калючыя і сярдзітыя, насмешлівыя, але ніводнага спагадлівага. I так мне стала няўтульна і маркотна ад неразумення, што маюць да мяне гэтыя хлопцы.

 Але сцяна маўчала. Маўчаў і я. Мяне ні аб чым не пыталі, ні ў чым не вінавацілі. Я збянтэжана чакаў пытанняў. Хацелася сказаць: "Хлопцы, я ж як і вы, а можа і больш гора пазнаў ад таго жыцця, што нам угатавала бальшавіцкая сістэма. Прайшоў і вайну, і галоднае дзяцінства, і калгасна-прыгоннае права і "КПССаўскі рай".Хачу хоць напрыканцы жыцця не быць рабом нейкай новай сістэмы ці дыктатуры, хачу быць чалавекам са сваімі марамі, радасцю, лёсам. Не хачу баяцца за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Вось чаму я тут, у вас, а не ў іншым месцы”.

 Колькі доўжылася тое маўчанне альбо псіхалагічнае выпрабаванне, не ўяўляю. Мне яно здалося вельмі доўгім. Раптам натоўп расхінуўся, і чалавек з шырокай і ласкавай усмешкай на твары, прыветлівымі вачыма, гледзячы мне ў вочы, падаў руку і, моцна паціснуўшы маю, прамовіў:

 - Дзень добры, чалавеча. Адкуль ты?

 І гэтае "чалавеча", ветлівая усмешка, моцны поціск рукі ахінулі нейкім унутраным цяплом і спакоем. Больш я нікога, апрача Васіля Уладзіміравіча не заўважаў.

 - 3 Лепельшчыны я, вось пакую улёткі ды мяркую як лепш дабрацца да аўтавакзалу.

 - Дык мы амаль землякі, цягне мяне хоць дзень пабыць на маёй радзіме - Ушаччыне. Дзень пабудзеш, а зараду энергіі хапае на цэлы год. Шкада, што заўсёды не хапае часу. Дык скажы, як жывуць людзі, што думаюць наконт прэзідэнцкіх выбараў?

 - Цяжка сказаць, Васіль Уладзіміравіч, але апытанне, якое мы правялі, сведчыць аб тым, што людзі паддаюцца на хлусню і дэмагагагічныя абяцанкі, асабліва абывацелі старэйшага ўзросту і малаадукаваныя.

 Васіль Уладзіміравіч спахмурнеў, нейкі цень прабег па твары. Ціха сказаў:

 - Не дай бог, калі спраўдзяцца горшыя прагнозы. Краіна на доўгія гады апынецца ў сярэднявеччы... Але мы павінны верыць у лепшае і працаваць, працаваць, даходзіць да кожнага чалавека.

Хочацца аб многім пагаварыць, але даруй, дружа, зноў спяшаемся.

 Ён неяк вінавата развёў рукамі, затым моцна паціснуў маю далонь і дадаў:

 - Мы абавязкова яшчэ сустрэнемся ў лепшыя часіны. Абавязкова!

 Пісьменнік хутка пакрочыў да дзвярэй. I тут я заўважыў, што ў пакоі ўжо нікога няма. Забраўшы пакункі, таксама накіраваўся да выхаду.

 Ну, а далей ты ўсё ведаеш, Быкаву давялося працаваць апошнія гады за мяжой і толькі паміраць ён прыехаў на радзіму. Сустрэцца нам болей не ўдалося... А шкада...

 Чалавек змоўк, маўчаў і яго суразмоўца. Затым апавядальнік зняў шапку, агаліўшы пасівелую ад часу галаву, і неяк пільна ўгледзеўся ў прывакзальную плошчу, як быццам хацеў згадаць нешта цікавае, даўно забытае і такое патрэбнае у гэтую хвіліну.

 Ужо едучы на маршрутцы, я ўвесь час згадваў расповяд старога чалавека. У галаве несупынна паўтаралася тое рэдкае слова: "чалавеча". Адразу ўзнікла пытанне: а чаму дзясяткі выдатных, разумных палітыкаў не змаглі знайсці такога ёмкага і такога простага слоўца, не згледзелі таго, што ўбачыў Васіль Уладзіміравіч - у чалавеку чалавека. А можа не хацелі нічога бачыць, акрамя сваёй асобы, уласнай непаўторнасці? А людзі не разглядзелі іх прыхаваныя не лепшыя якасці. Можа таму і дазволілі здзейсніцца злу, што не зразумелі, як сталі інструментам для дасягнення ўласнай мэты, спакусіліся на абяцанкі шчаслівай долі для сябе і нашчадкаў? У людзей жа заўсёды ёсць патрэба ў спадзяванні на лепшае, і большасць да таго і імкнецца, верачы ва ўсё, што часта сыходзіць ад асобаў несумленных і бывае падманлівым, замешаным на ашуканстве і хлусні. Вось так і атрымалі “саўковае шчасце" на многія гады. I што цяпер ківаць на хворае грамадства, сцвярджаць, быццам народ мае тое, што заслугоўвае, калі час ідзе, гады бягуць, і многія беларусы ўжо не дажывуць да таго часу, калі іх краіна стане вольнай, такой, аб якой марыў Васіль Быкаў. А ці дажывуць тыя двое старых, якіх падслухоўваў на вакзале? Можа і дажывуць… Няхай дажывуць! Будзем спадзявацца...

2019.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ