06 фев 2019 в 08:27 — 6 лет назад

6. ТАМ БАЙНА АД ВАЧЭЙ ХАВАЕЦЦА, або ТАК ПАМІРАЕ ЗЯМЛЯ

Тема: Ретро скитания помешанного Бродяги     Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 1587

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

Заканчэнне. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут.

 Палявая дарога полем прывяла ў Забаенне Малое. У вёсцы шмат пустых двароў. Жывуць толькі ў трох. У адзін з іх заходжу, каб распытаць дарогу на Бардзілова (на карце Бардзілоўшчына), аднак там кійком падпёртыя калідорныя дзверы - смела для нашага часу. Даводзіцца шукаць наступную сядзібу з пратаптанай сцежкай да хатніх дзвярэй. Заходжу ў хату. Гаспадыня, каб дагадзіць незнаёмаму дзіваку, кульгаючы, вядзе мяне аж на вуліцу паказаць кірунак. Нават кіёк-спадарожнік забывае ў хаце. На маю заўвагу адказвае:

 — Нічога, вытрымаю.

 Гэтым эпізодам хачу паказаць, да чаго ветлівы, шчыры і добразычлівы стары вясковы люд - не роўня моладзі і гараджанам. Не зламалі яго ні даўнейшыя, ні цяперашнія жыццёвыя перыпетыі.

 Секануў другі за сёння дождж (першы загнаў мяне і рэўтпольца Скібскага ў яго хату). Пабеглі з забаенкай хавацца ў яе жытло. Тая пачала распавядаць пра сябе. Дачка недзе далёка, з мужам жыццё не ладзіцца. Адна ў старой надзея — на сына, навучэнца Лепельскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума. Паспявае ён і вучыцца, і маці дапамагаць карову трымаць, агарод абрабляць. Цяжка ёй будзе, калі таго ў армію забяруць. Разумее жанчына, што ўсё адно хлопец не застанецца ў такім захалусці, сваё жыццё будзе ладкаваць у больш цывілізаваных мясцінах.

 Прыйшла суседка глядзець мыльны серыял, паведаміла, што дождж сцішэў, і я пасунуўся на сёмае спатканне з Байной.

 Дробны, але сыпле дождж. Паступова адзенне прамакае. Іду полем, лесам, зноў полем. Шматлікімі палявымі ды ляснымі дарогамі, не збіваючыся, і прыходжу ў Бардзілова. Там мясцовая сялянка разам з гарадскімі дарослымі дзецьмі падрабязна абмалёўваюць шлях да Байны і далей, у вёску Лябікі. Пастух за Бардзіловам дакарэктоўвае маршрут. За пашай шырокую канаву пераадольваю па бервяне з дапамогай высечанага кійка і скрозь лес хутка трапляю на сёмае спатканне з Байной.

 Густы лес рассякае вузкая пойма з вузкай стужкай рэчышча пасярэдзіне. Пад дарогай рэчка нырае ў бетанаваную трубу. Адразу псуецца ўражанне ад спаткання з аб´ектам майго падарожжа. Лічу, што, заганяючы раку ў трубу, людзі прыніжаюць годнасць прыроднай прыгажуні, зневажаюць яе, пазбаўляюць волі. Ужо драўляны масток нашмат лепш дапасуецца да бязлюднага наваколля, чым бетанаваная прымітыва. Штучнай канаве месца ў трубе, а не вольнай рацэ. Няхай бы хоць квадратны трубапераезд (ёсць у меліяратараў пад такой назвай бетанаваны праводчык водных патокаў) паклалі. Ён у большай ступені нагадваў бы мост.

 Мераю кійком глыбіню з трубы. Каля метра. Акідваю позіркам мокрае наваколле. Палатку можна паставіць толькі на ўзлеску, за кустамі. Праўда, ад Байны далекавата, аднак месца ўзвышанае, пясчаная глеба дасуха з´ядае дажджлівыя патокі.

 Вогнішча не распальваю - дождж не сціхае. Насухую вячэраю, кладуся адпачываць. Ноч дождж барабаніць па поліэтылену над палаткай, нягледзячы на непагадзь, спяваюць птушкі, нейкія вялікія асобіны гучна лопаюць крыламі, паблізу прызямляючыся і ўзлятаючы.

 Пад раніцу надвор´е паправілася. Нават неба пасвятлела. Аднак з цяжкасцю падпаліў наламаныя з елак засохлыя сучкі. Паеўшы, панёс мыць салдацкі кацялок з квартай у Байну. Спецыяльна на лішнія некалькі хвілін затрымаўся на трубе, каб падоўжыць восьмую сустрэчу з сяброўкай маёй чарговай вандроўкі. Угледзеўся ў пахмурную пойму. Не, доўга ёй не прасунуся. Балота.

 Пайду, як і меркаваў, у Лябікі.

 Трактарам у Лябікі заехаў бы. На легкавіку — ні ў якім разе.

 Толькі сады, кусты бэзу і бур´ян на хатнішчах нагадваюць пра колішняе паселішча. Праўда, жывая апошняя сядзіба. Аб гэтым нагадваюць карова з канём на пашы і сабачы брэх.

 Раз´юшаныя два сабакі апанавалі мяне ў двары. За вакном убачыў жаночую постаць. Рукой паклікаў яе на вуліцу. Жанчына прагнала сабак, вінавата сказала, што рана ўстаюць, таму цяпер паснулі. I пачала даволі цікавы аповяд пра лябіцкае жыццё.

 Лябікамі вёску назвалі, хутчэй за ўсе, таму, што ў ёй жылі ў большасці людзі з прозвішчам Лябік. Хат 17 было ў вёсцы. Найбольш блізкія чашніцкія Бардзілова і Ліпавец, лепельскія Кавалевічы. Бліжэйшы магазін за чатыры кіламетры ў чашніцкім Дворышчы.

 Паўміралі, павыязджалі лябікаўцы. Застаўся верна служыць вёсцы ды халасцякаваць у ёй адзін Іван Рамановіч. Развал Савецкага Саюзу адбыўся каму на бяду і гора, а каму на шчасце.

 Жыла ў Карагандзе прыгожая жанчына Тамара Раманенка з трыма дзецьмі. Пачалі ўшчамляць іх правы казахі, і Раманенкі ўцяклі сем гадоў таму на Чашніччыну. Нехта тады і падраіў Тамары Івана-лябікоўца. I пачалі Раманенка з Рамановічам весці адну гаспадарку.

 Лябікаўцы нідзе не працуюць. Жывуць са сваёй гаспадаркі. Трымаюць каня, карову, дзвюх купленых цялушак, каб за лета выгадаваць і здаць (летась такім чынам зарабілі на двух бычках). Здаюць, а не прадаюць вырашчаную жывёлу таму, што з Лябікаў няма на чым дабрацца на базар.

 Дачцэ Насці 20 год. I яна так падабае лябіцкае жыццё на прыродзе, што не хоча выязджаць у цывілізацыю, бацькам гаспадарыць дапамагае. Наташы 17, а Васю 15 год. У школу яны ездзяць на веласіпедах за дзевяць кіламетраў у Красналучкі. Зімой на кані бацькі дзяцей падвозяць на красналуцкую дарогу да аўтобуса, а то і пехатой яны пераадольваюць тых кіламетры са тры. Але дзеці любяць Лябікі і перасяляцца з іх не хочуць, хоць магчымасць маюць. У Красналуках пустуе хатка лябікаўцаў, у якую яны збіраюцца пераехаць пасля таго, як занядужаюць.

 Звяроў вакол шмат. Ваўкі ёсць. Мядзведзь вакол вёскі блукае. Рысь у сад прыходзіць.

 — Можа вам і пашанцуе мядзведзя сустрэць па шляху на Ліпавец, — "узрадавала" мяне Тамара.

 Маёмасць лябікаўцаў не крадуць ні звяры, ні людзі. Транспарт сюды не дойдзе, а што знясе ягаднік ці грыбнік?

 На Ліпавец два з паловай кіламетры стралой цягнецца высакавольтная лінія ад лябіцкай падстанцыі. Па ёй ходзяць лябікаўцы на аўтобусны прыпынак. Над Байной бервяно ляжыць.

 Ну і сцежка на Ліпавец! Лінія скрозь зарасла крапівой. Вада. Гразка.

  I баяўся я не мядзведзя з рыссю, а дрэў, якія мокрымі галінамі датыкаліся да высакавольтных правадоў, і да якіх даводзілася дакранацца мне.

 Дзявятае табе прывітанне, Байна! Ні даліны, ні поймы ты тут не маеш. Бруішся раўчуком між дрэў. Глыбіня па шчыкалатку. Наўкол балота, а дно цвёрдае, пясчана-жвіровае. Шырыня на крок. I бервяно над рэчышчам непатрэбнае. Вада па-крынічнаму халодная.

 За Байной зноў пачынаецца крапіўны гушчар. Дзесяццю здаюцца тыя два з паловай кіламетры да Ліпаўца. Невыказна радуюць быццам насыпаная дарога на лініі, старая зарослая дзялянка, даўно парэзаны лесавознымі коламі дол, свежая, яшчэ незавершаная дзялянка, паша, сама вёска Ліпавец, аўтобусны прыпынак на заасфальтаванай красналуцкай дарозе.

 3 гадзіну адпачываў у сухой альтанцы. Надвор´е такое, што кожную хвіліну можна чакаць дажджу з нізкіх, цяжкіх і змрочных хмар.

 Іду асфальтам у лепельскі бок. Насупраць вёскі Загацце асфальт зварочвае, а маім кірункам сцелецца гладкая жвіроўка. Кіламятровы знак вызначае 25 кіламетраў да Лепеля. За вёскай Дабрамыслі карта паказвае пункцірную сінюю крывую, якая перасякае дарогу і за ёй заканчваецца. Гэта азначае, што Байна тут існуе толькі ў паўнаводдзе, а іншым часам высыхае.

 Так і ёсць. Нягледзячы на штодзённыя ліўні ў рэчышчы пуста. Яно праходзіць скрозь дзве спараныя бетанаваныя трубы і, запоўненае меншай, чым абапал, травой, аддзяляецца ад дарогі па абодва бакі.

 Сумнаватай атрымалася дзясятая і апошняя сустрэча з Байной, тут рэчкай-невідзімкай.

 I паплёўся я чакаць аўтобуса з Барысава ў Лепель на аўтобусны прыпынак першай лепельскай вёскі Старыя Валосавічы.

*   *   *

 З часу майго падарожжа ўздоўж Байны мінула 18 год. Ніводнай са згаданых мной лепельскіх вёсак даўно няма і ў паміне. На пазнейшай карце і чашніцкая вёска Лябікі пазначана ўжо як урочышча Лябікі. Калі меркаваць па ўзросце, мала хто жыве і з маіх суразмоўцаў. Няхай гэты ўспамін аб тым даўнім блуканні па ваколіцах 17-кіламетровай рэчкі-невялічкі зойме пачэснае месца ў гісторыі Лепельскага краю і яго насельнікаў.

 Вёсак няма, людзей няма, а расповяд аб іх будзе жыць доўга.

Падзеі 18-гадовай даўніны рэанімаваныя ў 2019 годзе.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
1
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





06 фев 2019 в 16:32 — 6 лет назад

Блукач, нешта ты зусім песімістычна скончыў аповед. Мог бы паабяцать працяг пасля сустрэчы з моладзю Лябікаў, з каўбоем Асеевым.

А трубу палажылі ў рэчку аматары роднай прыроды, каб цмокам было дзе схавацца ад паляўнічых з верталётаў.





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ