Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Час ад часу краязнаўчыя сцежкі-дарожкі праходзяць праз чашніцкую вёску Латыгалічы, якая месціцца амаль на памежжы з Лепельшчынай, а да сярэдзіны 60-х гадоў увогуле была лепельскай.
На гэты раз нагодай завітаць сюды стала мажлівасць пазнаёміцца з родзічамі георгіеўскага кавалера Франца Крупеніча.
У пошуках звестак пра гэтага чалавека лёс звёў з мясцовым бібліятэкарам Соф’яй Углік. У свой час Соф’я Васільеўна, збіраючы краязнаўчы матэрыял, наведала шмат каго з вясковых старажылаў. У хаце Восіпа Крупеніча ўвагу звярнула на незвычайны, на першы погляд, фотаздымак у рамцы, на якім бацька гаспадара адлюстраваны ў “рэвалюцыйнай” форме.
Вялізнага памеру фотапартрэт – гэта першае, што кінулася і мне ў вочы, калі ўпершыню пераступіў парог хаты Крупенічаў.
Уразілі не столькі памеры партрэта, а тое, што глядзіць з яго герой Першай сусветнай вайны у палявой форме царскай арміі, на плячах пагоны старшага унтэр-афіцэра, на грудзях Георгіеўскі крыж.
Восіп Крупеніч памёр ужо колькі год таму назад, а жонка Валянціна мала што ведае пра свёкра. Пра партрэт кажа, што ён вісіць у хаце спакон веку.
На іншым канцы Латыгалічаў у хаце нас сустрэла Франя Наталевіч, дачка Франца Крупеніча. Жанчына з ахвотай узялася апавядаць тое нямногае, што ведае пра бацьку. Крупенічы прыехалі ў Латыгалічы аднекуль з-пад Полацку. Недзе ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Ксавэрый, прадзед Франца, католік па веравызнанні, абуладкаваў на могілках у Добрай Вадзе крыніцу. Франц нарадзіўся ў 1892 годзе. Быў даволі пісьменным чалавекам, напачатку мінулага стагоддзя скончыў царкоўнапрыходскую школу.
На момант, калі пачалася Першая сусветная вайна, Франц служыў у войску. Вярнуўшыся з вайны, крыху расказваў, якога ліха там давялося сербануць. У адным з баёў быў паранены ў руку. Не заўважыў, як таварышы адступілі з занятых пазіцый, якія ў хуткім часе занялі немцы. Заваліўшыся сярод забітых і параненых, стаў чакаць цемры з надзеяй на тое, што яго знойдуць свае, калі пачнуць збіраць параненых. Так яно і здарылася. Франц быў сярод нямногіх шчасліўчыкаў, хто, сцякаючы крывёю на полі бою, дачакаўся санітараў.
За які геройскі ўчынак бацька быў адзначаны Георгіеўскім крыжам чацвёртай ступені, Франя дакладна не ведае. Памятае, толькі словы, што аднаго яго, селяніна, узнагародзілі, астатнія ўсе паны былі.
Пасля вайны Франц Крупеніч вярнуўся ў Латыгалічы, займаўся звыклай сялянскай працай. Абзавёўся сям’ёй, у якой нарадзілася чацвёра дзяцей. У 1934 годзе нехта з мясцовых актывістаў напісаў данос на георгіеўскага кавалера. Ратуючыся ад пераследу, узняліся з наседжанага гнязда Крупенічы. Пераехалі далей ад нядобрых людзей – на хутар пад Сівы Камень, дзе стаяла пяць
хацін. Незадоўга да Другой сусветнай вайны вярнуліся ў Латыгалічы. Франц падаўся ў калгас.
Пасля нямецкай акупацыі быў вартаўніком, бо ўжо не меў моцы фізічна працаваць. Старшыня калгаса ставіў яго вартаваць калгасныя палі, каб людзі не кралі зжатыя каласы. Раз-пораз начальнік ушчуваў старога, што той ніводнага разу не схапіў злодзеяў, што квапіліся на дзяржаўнае дабро. У адказ Франц толькі маўчаў, нябачна ўсміхаючыся ў пасівелыя вусы.
Памёр Франц Антонавіч Крупеніч у 1952 годзе. Пахаваны ў Добрай Вадзе.
Цягам доўгіх гадоў сям’я Крупенічаў ашчадна зберагае рэліквіі свайго продка – адзіны пожоўклы ад часу здымак, зроблены на памяць адразу пасля ўзнагароджвання. Ужо пасля смерці Франца яго жонка Марыя замовіла зрабіць з таго фотаздымка вялікі партрэт, які доўгія гады нагадваў ёй пра мужа.
Запісана ў 2017 годзе.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |