Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Калі пры заездзе ў Валову Гару з Барсукоў павярнуць направа і пайсці ўздоўж Злучальнай канавы Бярэзінскай воднай сістэмы, то праз тры сотні метраў дамба прывядзе да чацвёртага шлюзу і “калавуркі” – службовага дамка даглядчыка гідратэхнічнага збудавання.
Вядома, ні шлюзу, ні гаспадарскіх пабудоў наўкола “калавуркі” ўжо няма.
Жывуць там толькі дачнікі і то улетку. Далей – зарослае хмызняком поле, якое і па сённяшні дзень мясцовыя жыхары, што яшчэ жывыя, называюць Зінькевічавым Лядам.
Яшчэ ў часіны Сталыпінскай рэформы пустку ля дамбы ўпадабала і выкупіла за сімвалічную цану сям’я Зінькеічаў. Стары Зінькевіч пабудаваў сядзібу. Узяўся пашыраць плошчу пад ворыва і сенажаць.
Але чалавеку не надта пашанцавала ў жыцці. Рана памерла жонка, і ён застаўся з сынам Антосем. У гаспадарцы былі конік ды карова з цялём.
Працаваць даводзілася шмат, але жылі не ў беднасці. Ды час рабіў сваю справу. Захварэў стары Антон і даў наказ сыну Антосю:
- Ты ж, сынок, жаніся, бо мне нядоўга засталося быць на гэтым свеце. Аднаму табе з гаспадаркай не справіцца. А галоўнае – зямельку беражы, яна цябе і накорміць, і апране, не здрадзіць і не абмане. Кажу гэта табе таму, што ты надта даверлівы і наіўны.
На гэта Антось адказаў бацьку:
- Ай, татка, паспею яшчэ ажаніцца і з гаспадаркай упраўлюся.
Пахаваў Антось бацьку. А следам і часы насунуліся нядобрыя. Пачалася калектывізацыя. Найбольш руплівых гаспадароў раскулачылі. Хутары знішчылі, асабліва тых гаспадароў, хто не пажадаў добраахвотна ісці ў камуны. Саміх хутарцаў скіроўвалі ў “высылкі” – каго ў Сібір, каго ў Казахстан. Большасць тых небаракаў загінулі па дарозе, на марозе. Выжылі адзінкі.
Бачыў Антось вынікі калектывізацыі, таму трымаўся бацькавага наказу. Супраціўляўся ўгаворам старшыні Кубара і актывістаў. Не перасяляўся з хутару. Не абагульваў сваё ляда і гаспадарку. А з раёну патрабавалі стопрацэнтовага знішчэння кулацкіх і падкулацкіх гаспадарак.
Напісаў старшыня данос на Зінькевіча і аддаў упаўнаважанаму з раёну. Той пажадаў пагутарыць з хутарцам. Пасля размовы сярдзіты прыйшоў да Кубара. Сходу накінуўся:
- Ты якога чорта хацеў мяне падставіць, падсунуўшы бішака, які не ведае, што была рэвалюцыя, не ведае нашых правадыроў і кірунку палітыкі партыі на светлую будучыню ўсяго чалавецтва? Даю табе тыдзень на вырашэнне пытання аб перасяленні апошняга хутаранца.
З гэтага часу жыццё Антося стала невыносным. Мясцовыя камсамольцы, а з імі і падлеткі, ідучы з вечарынкі, грукалі ў шыбы, білі нагамі ў дзверы, да самага золку не давалі адпачыць стомленаму чалавеку. Але Зінькевіч знайшоў выйсце і стаў на ноч хавацца ў стажку сена. Нягоднікі хутка выкрылі схованку і аднойчы кучай наваліліся на капешку. Чалавек стаў задыхацца, пачаў маліцца, прасіцца, абяцаць зрабіць усё, што ад яго патрабуюць. Аднак, калі яго адпусцілі, абазваў усіх бандытамі, разбойнікамі, вырадкамі. Тыя толькі смяяліся.
Раніцой Антось пайшоў да Юзіка Шуневіча прасіць парады. І той параіў:
- Жаніся, малец, бо адзін ты не пражывеш. Зямлю і гаспадарку гвалтам забяруць, а самога, як і многіх хутарцаў, што супраціўляліся, пагоняць на выселкі. Яны ж дурныя. Гэта ж трэба не мець ні розуму ў галовах, ні бога ў душы, каб забраць распяцце Хрыста з каплічкі і кінуць на вогнішча палякам-плытагонам, дзе тыя ежу гатавалі. Адзін з палякаў нават прытомнасць страціў. Але ж полымя адступіла, распяцце ўратавалі. А ўчынілі шкоду камсамольцы-бязбожнікі. Не пашкадуюць і цябе, Антось. Цяжкія часы надышлі. Людзям усё ж давядзецца нятанна заплаціць за бязвер’е і ўсёдазволенасць. Шкада, што тое даткнецца і вінаватых і невінаватых. Наконт сватаўства зайдзі да Левановічаў. Старая Левановічыха да гэтай справы здатная, умомант маладзіцу прысватае.
Праз некалькі дзён да Зінькевіча зноў прыйшла дэлегацыя ад сельскага савету. І здаўся аднаасобнік. Не гледзячы, падпісаў заяву аб уступленні ў калектыўную гаспадарку. Вокам не паспеў міргнуць, як усё, што гадамі нажывалася, апынулася на калгасным падворку. Апусцеў свіран, знікла жывёла. А праз некалькі дзён вырашчаны ўраджай збожжа быў зжаты і стаяў, звязаны ў снапы, у бабках.
Абураўся Антось, абражаў усіх рабаўнікамі і злодзеямі. Аднак яму адказвалі, што ён добраахвотна ўсё аддаў у калгас, сам падпісаў заяву. Цяпер ён роўны з усімі. З’яўляецца членам калектыву. Можа карыстацца агульнай сталоўкай, толькі хлеб трэба з сабой прыносіць. Але ж каб яго мець, трэба мука, а каб яе намалоць, неабходнае зерне. І Антось са свайго агароду зацягнуў дзясятак ужо калгасных снапоў у пуню і абмалаціў. Змалоў у прымітыўных жорнах і спёк некалькі боханаў.
На вячэру ў сталоўку Антось прыйшоў з хлебам, што не засталося па-за ўвагай актывістаў. Тыя зрабілі засаду і злавілі “шкодніка” на гарачым, з панятымі.
Прывязалі да чалавека два снапы спераду, два ззаду, звязалі рукі і павялі дамбай, уздоўж канавы, праз усю вёску. Гэта амаль паўтара кіламетра да возера Плаўна. Затым па шлюзе перавялі на іншы бераг канавы і пагналі назад ужо па супрацьлеглай дамбе.
Плакаў чалавек, прасіў не ганьбіць яго, лепш забіць, бо ўсё роўна памрэ. На калені падаў. Яго ўзганялі і прымушалі ісці. Крычалі, што ўчыняць злачынства, калі заб’юць яго, а так будзе навука іншым. Казалі:
- Таму ідзі, Зінькевіч, і кайся, што ўкраў калектыўную маёмасць.
- Ды я зямельку араў, я насенне лепшае купляў і засяваў ляда, - енчыў Антось. – Дык чаму я не павінен карыстацца сваім дабром і паміраць з голаду?
- Маўчы, Бішак! – назваў галоўны актывіст Антося мянушкай, прыклеенай яму энкэвэдыстам. – А то прышыем табе палітыку, дык здохнеш у турме альбо ў зямлі згніеш.
Старыя людзі асуджалі паводзіны актывістаў, жагналіся, гледзячы на здзекі над чалавекам. А для моладзі – новая забава.
Некалькі дзён хаваўся Антось ад людскіх вачэй, а затым пайшоў да Левановічаў, дзе і пазнаёміла яго старая са сваёй знаёмай Антанінай. Заседзелася ў дзеўках жанчына – амаль на восем гадоў старэйшая за жаніха. Аднак абодвум выбіраць не даводзілася. І сталі яны жыць адной сям’ёй.
Жонка адразу паказала строгі характар. Не дазваляла нікому прыніжаць мужа. Але і Антося часта вучыла розуму ды паслухмянасці словам і справай. З сабой у якасці пасагу прывяла карову, якая была галоўнай карміцелькай сялян. Тым больш, што жывёліна была спраўнай. З дапамогай родзічаў і вяскоўцаў сабралі талаку дый перавезлі ўсе хутарскія збудаванні ў вёску. Для навасёлаў улада выдзеліла прысядзібны надзел зямлі ў 40 сотак, бо нават адурманеныя калектывізацыяй начальнікі-гультаі разумелі, што без прыватнай прысядзібнай гаспадаркі пракарміць насельніцтва нельга.
На той час сяляне ўжо пачалі абзаводзіцца новай жывёлай замест адабранай, саджаць пладовыя дрэвы. У вёску перабраліся Балотнікі з хутару Касава, Гардзіёнкі з хутару Гардзіёнчыха, і толькі Сідзякі засталіся на месцы, бо іх сядзібы былі пабудаваныя непадалёк ад канавы, а іх пуні, кузня, хлявы і свіран адабралі пад калгасны двор.
Абжывалася на новым месцы і сям’я Зінькевічаў. Антаніна аказалася руплівай гаспадыняй. Карова-карміцелька дазваляла за тыдзень збіраць смятану і збіваць масла, а Антось ставіў мірожы на карасёў і шчупакоў, і часта раніцой у нядзелю Антаніна назапашаныя прадукты насіла ў горад прадаваць. Адтуль, вядома, прыносіла хлеб.
Выжывалі, хто як мог. Жыццё пакрысе наладжвалася. Сям’я Зінькевічаў папоўнілася сынам Рафаілам, а праз два гады – Эдуардам.
У строгасці Антаніна выхоўвала не толькі сыноў, але і мужа. Неяк сусед пачуў, што Антось штосьці крычыць на сваім падворку. Прыбег і ўбачыў, што мужык ляжыць на зямлі, задраўшы ўгору ногі і рукі, а жонка яго лупцуе граблямі. А небарака толькі крычыць у адказ:
- Антаніна, не дуронься! Антаніна, не дуронься!
- Ты ж пакалечыш мужыка граблямі, – умяшаўся сусед. – Будзеш жыць з калекам.
- Дык ён жа замест таго, каб пожаньку скасіць, сабраў мірожы і хацеў бегчы на возера, - патлумачыла свае паводзіны раз’юшаная жанчына.
Падрасталі хлопчыкі. Ім патрабавалася цвёрдая бацькоўская рука. Антаніна спрабавала прышчапіць мужу ўменне выхавання дзяцей з дзягай у руках. Аднак бацька спрабаваў вырашаць праблемныя пытанні па справядлівасці, дамагаючыся добраахвотнага прызнання шкоднікамі сваёй віны. Пачынаў выхаванне прыкладна так:
- Рафалька, сынок, ты смятану злізаў?
- Не, татка, гэта Эдзька зрабіў, - адказваў старэйшы сын.
- Эдзька, сынок, ты смятану злізаў?
- Не, татка, гэта Рафалька зрабіў, - адказваў малодшы.
Не знайшоўшы шкадліўца, не стаў бацька караць наўздагад, каб не адлупцаваць невінаватага. Такі мяккі характар у яго склаўся з таго, што дужа шмат нацярпеўся ў жыцці несправядлівых здзекаў. А таму аднойчы раз і назаўсёды вярнуў назад жонцы дадзеную яму ў рукі папругу са словамі:
- Хочаш, лупцуй сама. А я не буду. Спраўлюся і без рэменя.
Абышла сякера генацыду сям’ю Зінькевічаў. Ды і вайна неяк не кранула яе. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
2019
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |