13 мар 2020 в 08:45 — 4 года назад

1. Светлы шлях. ХРОНІКА ДАВАЕННАГА ЖЫЦЦЯ РОДУ ШУНЕВІЧАЎ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1221

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Прайшло амаль два дзесяцігоддзі пасля кастрычніцкага перавароту, але абяцанае бальшавікамі агульнае шчасце не надышло. Зямля стала ўласнасцю дзяржавы, заводы і фабрыкі - агульнай маёмасцю, іх прадукцыю і здабытак захапіла дзяржава.

 Індустрыялізацыя патрабавала новых тэхналогій, машын, станкоў, матэрыялаў, людскіх рэсурсаў. З апошнім праблем не было, а вось са сродкамі для закупу тэхнікі і забеспячэннем адукаванымі спецыялістамі стварыліся цяжкасці. Каб тое вырашыць, пачалося масавае рабаванне сельскага насельніцтва, тым больш, што калектывізацыя дапамагла абагуліць усе запасы харчавання. Хто супраціўляўся, знішчаўся фізічна. Тых сялян, што пайшлі ў калгас, знішчаў голад. І пайшоў ён гуляць па ўсёй імперыі. Спроба бальшавіцкага кіраўніцтва ажыццявіць індустрыялізацыю за лік сялян, каштавала народу незлічонай колькасці чалавечых жыццяў. Асабліва пацярпела ад галадамору заходняя частка імперыі.

 Што тычыцца вёсак Барсукі і Валова Гара, дык людзей ад галоднай смерці ратаваў лес. Цяжка было перажыць вясну, калі заканчваліся запасы бульбы і зерня. Даводзілася ўпотай капаць на калгасным полі мёрзлыя клубні, так званыя рулі, і пячы з іх бліны. Выручала і заячая капуста, што высыпала на лясных праталінах, і насенне балотнай асакі, хваёвых дрэў. Усё, што можна было сушыць, перамолвалі жорнамі на муку і з яе пяклі хлеб. У ступах таўклі зерне каноплі, лёну, ячменю – атрымлівалася запраўка да бульбяной кашы. Добрым дадаткам да ежы служылі шчаўе і шнітка. Такі рацыён харчавання надта бударажыў страўнік, але і ратаваў ад галоднай смерці.

 Калі пачыналіся грыбы і ягады, дык людзі ўвогуле аджывалі. Дзеці не вылазілі з лесу, збіраючы яго дарункі і на сёняшняе харчаванне, і ў зімовыя запасы.

 А дзяржава ў цяжкі час не толькі не дапамагала сялянам, але выдала аблігацыі і прымусова-добраахвотна запрашала купляць іх, прыпісваючы антысаветчыну тым, хто адмаўляўся купляць пустыя паперкі.

 Распавядаюць, што непадалёк прыжыўся цыган. Добрым кавалём быў. З рысоры за 20 хвілін мог на заклад выкаваць сякеру. Жонка з дзецьмі займалася цыганскай справай – варажбой, а гаспадар рамантаваў у калгасе няхітрыя прылады працы. Вядома, што нешта рабіў і для вяскоўцаў за натурплату.

 Аднойчы зайшла ў хату да цыгана дэлегацыя актывістаў на чале са старшынёй сельсавету. Пачалі ўгаворваць гаспадара пазычыць дзяржаве грошы, а ўзамен атрымаць аблігацыі ўнутранай пазыкі, па якіх калі-небудзь можна выйграць вялікую суму. Ян, так звалі чалавека, уважліва выслухаў, моўчкі ўзняўся з лавы і, не кажучы ні слова, выйшаў з хаты на вясковую вуліцу, паваліўся на траву ды пачаў енчыць:

 - Людцы! Ратуйце! Дайце рады! Канец свету надышоў! Ратуйцеся, хто можа!

 Вядома, што сабраўся натоўп. Выйшлі з хаты і агітатары ды спыталі, што з ім сталася. І Ян адказаў, што яго баба сказала, быццам канец свету надыдзе, калі дзяржава пачне цыгана прымушаць бясплатна працаваць альбо прасіць пазычыць грошы.

 На наступны дзень з’явіўся міліцыянт, каб правесці з “контрам” і “антысаветчыкам” сур’ёзную гутарку. Толькі таго і след прастыў. Да дзяржаўнай мяжы было каля 30 кіламетраў, а якімі сцежкамі сям’я Яна ўцякла ад бяды, толькі ёй і вядома.

 Значна парадзела мужчынскае насельніцтва Барсукоў і Валовай Гары пасля “хапуну” 37-га і 38-га гадоў. Але тыя, хто застаўся, працягвалі неяк жыць.

 Скончылася будаўніцтва шашы Мінск – Віцебск. Раз’ехаліся грабары, але некаторыя парубкі засталіся на шляху будаўніцтва, пажаніліся. На мясцовых могілках да гэтага часу захоўваюцца ўкраінскія прозвішчы Касцючэнка, Прыходзька і іншыя.

 Ажаніўся Франік Левановіч. Сасватала старая Левановічыха сыну дзяўчыну з Ушаччыны, з Кублічаў, каталіцкага веравызвання. Анця прыйшла даспадобы мальцу. Старыя Левановічы ўсё чакалі ўнукаў. Але не дачакаліся. Каханне маладых выклікала ў вяскоўцаў ці то зайздрасць, ці то асуджэнне:

 - Гэта ж трэба, з поля на руках жонку нясе! Бо стамілася, капаючы бульбу.

 На гэтакія кпіны ў сям’і не звярталі ўвагу і жылі дружна. А вось Стась катэгарычна адмовіўся жаніцца. На ўгаворы маці адказваў:

 - Няма часу, пакуль не выраблю апошнюю раму і дзверы вяскоўцам.

 …Зрэдку наведвалі Анэту Шуневіч старэйшыя браты: у кожнага свая сям’я, сваё жыццё, турбот хапае з хатнімі справамі. У маці ж думкі аб усіх дзецях аднолькавыя, якіх яны з Адолькам настараліся: у Ваціка /1908г.н./ Агнеша цяжарная другім дзіцём, у Барнася /1910г.н./ – трэцім. Не да маці ім. Юзік /1914г.н./ больш па камандзіроўках гойсае: то ў бешанковіцкую пушчу скіроўваюць, то ў іншыя мясціны наводзіць парадак у запаведных уладаннях. Пасля з’яднання з Заходняй Беларуссю прывозіць з камандзіровак падарункі адзеннем, мануфактурай. Нікога са сваіх не забывае. Ды вось не жэніцца, хаця дзяцюк зайздросны і знешне, і пагаварыць мастак, і пявун, і танцор, дый дзяўчаты да яго хінуцца бы да мёду: толькі б не нашкодзіў. Падрос Бронічка /1923г.н./, матчын памочнік, выцягнуўся хлопчык прыгожы, вясёлы, нейкія сакрэты ў іх з сястрой. А Франуська /1921г.н./ хоць і заседзелася ў дзеўках, але павінна думаць аб далейшым лёсе, нават калі не яна, а яе выбіраюць, няхай не лятае ў марах, а сур’ёзна думае аб будучыні. Вось і дзед Юзік кажа: няхай не круціць носам, а калі Яська Казлоўскі з Зацяклясся пасватаецца, дык і дае згоду. Хлопец не калека, пры партфелі, даўняга шляхецкага роду, і не за светам жыве, а за восем кіламетраў напрасткі, кожны тыдзень можна сустракацца.

 Ад гэтых думак Анэту адарвала Стаська, дачка Юзіка:

 - Цётачка, ад Барсукоў ідзе жанчына. І, як мне здаецца, гэта Міхаліна Цяліца.

 Ёкнула сэрца. Анэта папрасіла паклікаць падарожніцу. Запрасіла яе прысесці, падзяліцца навінамі. Абыякава зірнуўшы ў вочы спадарожніцы, Міхаліна ціха прамовіла:

 - Нашкоднічалі нашы дзеці, пані Анэта, дачка мая зацяжарыла ад Юзіка. Што будзем рабіць?

 - Як што? Вяселле будзем рабіць. Але якая дачка? У цябе іх шмат – ці не шасцёра?

 - Сярэдняя Уладзя.

 Трошкі адлягло. Бачыла Анэта дзяўчыну: прыгожая і, кажуць, працавітая, даяркай у калгасе працуе.

 - У нашым родзе, пане Міхаліна, не заведзена дзяцей раскідваць па свеце. Чакайце сватоў.

 Увечары з удзелам дзевера Юзіка, Франуські і Броніка ўзялі “шкадліўца” ў абарот. Той надта і не супраціўляўся.

 У першую суботу Левановічыха з дзядзькам і жаніхом наведала сядзібу нявесткі і заручылася згодай на шлюб, як таго патрабуе традыцыя.

 Не надта шыкоўнае вяселле справілі праз два тыдні, перавёзшы куфар з пасадам нявесткі з Барсукоў у Валову Гару, а затым афіцыйна зарэгістравалі шлюб у Зацякляскім сельскім савеце.

 Прыязна прынялі нявестку свякроў і залоўка Франуська з дзеверм Бронікам. Адразу пасябравалі. І было за што. Не цуралася ніякай працы. Старалася, бачачы добрыя да сябе адносіны. Большы парадак навяла ў хаце і агародзе. Яшчэ да ўзыходу сонца даіла карову, карміла жывёлу і печку паліла.

 Вядома, леснікі і службоўцы запаведніку жылі спраўней за калгаснікаў. Апрача традыцыйнай нішчымніцы на стол траплялі і рыбка, і мядок, і свежая дзічына. Праўда, былі на рэжымнай тэрыторыі вялікія строгасці – за стрэл у абходзе маглі і з працы звольніць лесніка. Калі нават сучок зваліўся з дрэва, дык не маеш права ўзняць – прырода сама ведае, што з ім зрабіць. Але здараліся выпадкі, калі людзі пакрысе ўсё ж умешваліся ў працэс жыцця жывёльнага свету. Аб тым калісьці распавядала Анэта.

 Аднойчы два ваўкі зарэзалі лася ды не паспелі добра паласавацца здабычай, як на месца лясной трагедыі падаспеў яе муж Адолька Шуневіч. Страляць нельга, а пакідаць шкада – дома вялікая сям’я. Кінуўшы драпежнікам вантробы і адрэзаўшы ногі, чалавек зняў дзягу і, зачапіўшы за галаву, выцягнуў на дарогу тушу лася вагой каля двух цэнтнераў. Ваўкі ішлі следам і гатовыя былі накінуцца. Але, калі паляўнічы пачынаў цэліцца са стрэльбы, кідаліся ў гушчар. У такім супрацьстаянні праціўнікі, адпачываючы пакрысе, прыйшлі амаль да самай вёскі, а гэта каля шасці кіламетраў. Дачакаўшыся цемры, чалавек у адзенні, мокрым ад поту, прыбіўся дахаты са здабычай, дзе меў сур’ёзную размову з жонкай.

 …Напачатку жніўня 39-га году ў Валову Гару прыехалі з Зацяклясся сваты да Франуські Шуневіч: пакуль мясцовыя мальцы разважалі, дык Яська Казлоўскі заслаў сватоў і атрымаў згоду.

 Справіць вяселле і пасаг дапамаглі браты маладухі. Былі пагрозы мясцовых дзецюкоў украсці дзяўчыну, але ўсё адбылося без непрыемнасцей. Нават ніхто нападпітку не пабіўся, што ў вёсцы лічылася ў парадку рэчаў. А вось па дарозе да сельскага савету і хаты жаніха маладзён адчуў сябе кепска. Можа стаміўся, а можа страва не падышла, ці лішні кілішак кульнуў, каб не пакрыўдзіць хлебасольных сватоў. Даехаўшы да густога ельніку, сігануў з падводы і пабег у гушчар. Увесь картэж спыніўся. Крышку пачакаўшы, старэйшы брат маладухі загадаў разварочваць падводы і вяртацца назад, паколькі жаніх знік – збег у лес. Але запярэчыла маладуха, і яе падтрымаў дзядзька Юзік:

 - Нам ганьба не патрэбна.

 А тут і жаніх выйшаў з ельніку. І убачыўшы намер картэжу, зноў адчуў сябе дрэнна. Госці, узяўшы яго пад рукі, пасадзілі на падводу. Да сельсавету прыехалі без прыгод, дзе гасцінна маладых сустрэла маці Яські. Паплакаўшы ў абдымках жанчыны, маладыя заключылі дамову на доўгія гады жыцця.

 У сем’ях старэйшых братоў Франуські, Ваціка і Барнася, нарадзіліся хлопчыкі, чым браты вельмі ганарыліся, бо першымі немаўлятамі былі дзяўчынкі, з чаго жартавалі з Юзіка, што і ў яго будзе немаўля жаночага полу. Але Юзік аўтарытэтна заявіў, што ў адно і тое месца снарады двойчы не трапляюць: будзе малец.

 Пасля “вызваленчага” паходу ў Заходнюю Беларусь пад канец верасня 1939 году аслабела машына рэпрэсій ва ўсходняй частцы. Сілы НКУС былі скіраваныя на “вызваленую” тэрыторыю. Вельмі хутка “вызваленыя” адчулі, што трапілі з агню ды ў полымя. На ўсход пацягнуліся эшалоны з вязнямі з Заходняй Украіны, Беларусі, Прыбалтыкі.

 Паход на захад прайшоў амаль без страт, і бальшавіцкія стратэгі вырашылі адсунуць пагранічную мяжу ад Ленінграда, спадзеючыся на лёгкасць паходу. 30 лістапада савецкія войскі спрабавалі сходу  заваяваць заходнюю Фінляндыю, захапіўшы ўмацавальную лінію Манергейма.

 Непадрыхтаваныя да лютай зімы, узброеныя толькі лёгкай зброяй, загінулі больш за 200 тысяч чырвонаармейцаў – па дзевяць чалавек на аднаго фінскага ваяра. Давялося падпісваць пагадненне аб перамір’і. За свае пралікі і невуцтва чырвоныя правадыры заплацілі жыццямі значнай часткі свайго народу.

 У запаведніку выдалі леснікам і егерам валёнкі-катанкі, паўкажушкі і зімовыя шапкі з адкладнымі вушамі. Мароз даходзіў да 40 градусаў. Дзеці не маглі хадзіць у школу. Вымерзлі многія лісцёвыя дрэвы: вольха, ясень, клён, вяз, граб. Выстаялі толькі сасновыя лясы, бярозы, дубы, яліны. Да дна прамерзлі неглыбокія рэчкі і азёры. Нялёгкая была зімоўка і ў дзікіх жывёл. У стагах з сенам знаходзілі цэлыя вывадкі дзікоў-падсвінкаў, якія спрабавалі схавацца ад сцюжы ды так і замерзлі, не маючы належнага пласту назапашанага ўвосень тлушчу.

 А леснікам і егерам даводзілася штодзень працаваць у лесе, дзе няма чым абагрэцца. Выдадзенае адзенне было цяжкаватае для далёкіх пераходаў, таму катанкі і паўкажушкі адразу пайшлі для хатняга ўжытку. Дзед Левановіч з сынам Франікам і Юзікі Шуневічы (дзядзька з пляменнікам) хадзілі ў пасталах з ласінай скуры шчэццю ўверх. На ногі насоўвалі шкарпэткі з воўны амаль у палец таўшчынёй, затым накручвалі шарсцяныя анучы, якія замацоўваліся доўгімі аборамі, звітымі з канаплянай пянькі, амаль да калена. Даспадобы прыйшлася егерская футравая шапка, цёплая і не замінаўшая падчас падліку звярыных слядоў. Абмаражэнняў у сем’ях лясных работнікаў не назіралася.

 У адзін з марозных дзён 39-га году, а дакладней, у навагоднюю ноч, Уладзя Шуневіч нарадзіла дзіця.

 Ролю акушэркі выканала баба Левановічыха, пра яе дзейнасць у вёсцы казалі: бабіць, г.зн. прымае дзяцей. Старой дапамагала Паўліна Сідзяка, яна ж згадзілася быць хроснай маткай. У пасведчанні аб нараджэнні маці хлопчыка днём з’яўлення яго на свет запісала 2 студзеня, каб не лічыўся на год старэйшым.

 Паводле традыцыі імя Анатоль хлопчыку надала маці, паколькі дзяўчынку называў бацька. Так з’явіўся на свет я, аўтар гэтых радкоў. Вось так і атрымаліся два Анатолі Шуневічы ў двух братоў – Юзіка і Барнася – з розніцай у адзін год. Такіх немаўлят у той мясцовасці называлі “цяляткамі”.

 Вельмі ганарыўся сваім дзіцём Юзік Шуневіч.

 З расповядаў знаёмым вынікала, што сын расце не па днях, а па гадзінах. Вядома, суразмоўцы пагаджаліся, але пра сябе з усмешкай успрымалі бацькоўскі форс.

 Вось з гэтага моманту, паважаныя чытачы, павяду гутарку ад свайго імя, бо дагэтуль аповяды вяліся паводле ўспамінаў блізкіх мне людзей, а таму былі магчымыя нейкія недакладнасці. Далей абяцаю апісваць толькі тыя падзеі, якія бачыў на свае вочы і чуў з першых вуснаў.

 Аднойчы выпадкова мне давялося размаўляць з беларускім пісьменнікам Васілём Уладзіміравічам Быкавым (аб тым у мяне ёсць успамін “Падслухана на вакзале (памяці В. Быкава)”. Дадаю дапаўненне да той размовы.

 - Васіль Уладзіміравіч, - кажу. – У мяне ёсць напрацоўкі па 30-х – 40-х гадах, сведчанні людзей прама ці ўскосна пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсій, фашысцкай навалы. Дык ці можна вам перадаць іх?

 - А ты сам напішы аб усім. Як напішаш, так і добра, але толькі праўду, - быў адказ пісьменніка.

 Што і раблю.

 2020

(Працяг тут).



НРАВИТСЯ
СУПЕР
1
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ