10 апр 2020 в 06:53 — 4 года назад

3. Светлы шлях. ПЯРЭДАДЗЕНЬ АПАКАЛІПСІСУ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 1140

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут).

 Валова Гара. У сярэдзіне чэрвеня, 1941 году да майго дзеда Юзіка Шуневіча зайшоў вясковец Мацкевіч Вітольд, па-вясковаму проста Віта. Адносіны паміж мужчынамі былі даволі даверлівымі, бо ў вёсцы, вядома, амаль усе былі звязаныя сваяцкімі сувязямі, па меншай меры на ўзроўні сватоў.

 У сям’і Вітольда Мацкевіча былі старэйшая дачка Казя, малодшая глуханямая Ядзя, сыны Яська і Франок. Яська ажаніўся з лепелькай Анэляй і жыў у Лепелі. Яго сына маці ўпусціла з рук, і дзіця зламала хрыбет. Так і рос гарбатым. Брат Вітольда – Іосіф – жыў з сям’ёй у Гарадку – хутары даглядчыкаў шлюзаў на Злучальным канале Бярэзінскай воднай сістэмы. І калі зносілі хутары, катэгарычна адмовіўся ўступаць у калгас і перасяляцца ў Барсукі. Улады не даравалі супраціву, і ў 1933 годзе Іосіфа Мацкевіча забілі ў Оршы, а яго сям’ю з пяці чалавек выслалі ў Сібір, дзе ўсе і загінулі.

 Размову з дзедам Юзікам Вітольд пачаў здалёк:

 - А скажы, Юзік, паклаўшы руку на сэрца: я магу дараваць гэтай уладзе смерць брата і яго сям’і? Я павінен адпомсціць. Якім чынам, час пакажа. І гэты час блізка.

 Дзед Шуневіч старанна чухаў лысіну.

 Нарэшце загаварыў:

 - А ты, Віта, канкрэтна ведаеш, хто вінаваты? Іх вельмі шмат. Усім не адпомсціш. А сябе і сям’ю загубіш.

 - Я табе, Юзік, магу сказаць, што яшчэ чарніцы не паспеюць, а тут будзе іншая ўлада.

 - Усякая ўлада, дружа, гэта гвалт, як кажуць: хрэн за рэдзьку не саладзейшы. А ты лепш язык за зубамі трымай, а то ў такі неспакойны час данясуць пра твае пагрозы.

 - А я, Юзік, не баюся, бо ў першую чаргу да сценкі паставяць даносчыка як правакатара, бо ў нашага вусатага забойцы ўяўная дружба і давер навечна з такім жа вусатым крывапіўцам. А на самой справе гэта смяротныя ворагі. Мне аб гэтым аўтарытэтныя людзі распавядалі. Так што хутка мы будзем і панамі, і суддзямі, і кАтамі.

 - А ці не тымі аўтарытэтамі былі, Віта, тыя два вайскоўцы, што з тыдзень у цябе атабарваліся? Ужо ўся Валова Гара аб тым ведае. Таму і кажу, каб не дужа распаўсюджваўся. А мяне са сваёй хеўры выключы. Я ўжо спаўна наваяваўся і памятаю бацькаву прымаўку: не будзь войтам, не будзь панам багатым, не будзеш і чалавекам праклятым.

 - Ну, як ведаеш, Юзік. Але праз некалькі дзён гром грымне.

 Увечары з камандзіроўкі ў Белавежскую пушчу вярнуўся мой бацька, таксама Юзік Шуневіч, пляменнік дзеда Юзіка.

 Стомлены быў канчаткова, бо давялося з Бягомля ісці пехатой – у “палутарцы” не хапіла паліва, і падвезці яго маглі толькі на наступны дзень. З двума калегамі (з Домжарыцаў і Ствольна) вырашылі не начаваць у знаёмага лесніка, а ісці дахаты. Дайшоўшы да Бярэзіны, надумалі крыху адпачыць і напіцца рачной вады. Але пасля вадапою бацькавы спадарожнікі зусім страцілі моц, і іх давялося па чарзе ўзганяць. Гэта з-за таго, што іх на адыход добра пачаставаў самагонкай хлебасольны бягомльскі ляснік. На іх шчасце ў бок Лепеля рухаўся грузавік ЗІС-5 з дзвюма печкамі для выпрацоўкі газу для газагенератарнага рухавіка. П’яныя спадарожнікі даехалі да Ствольна, а бацька злез у Ніўках, адкуль да Валовай Гары было кіламетраў з шэсць.

 Адпачываючы пасля кожнага кіламетру, бацька ў прыцемках ужо па дамбе пераадолеў апошнія метры і не зайшоў, а ўваліўся, як казала бабуля, ў хату. Я, вядома, ужо спаў.

 Маці з бабуляй узяліся гатаваць вячэру. У гэты час да нас зайшоў старэйшы сын Вітольда Мацкевіча, Яська. Падсеўшы да гаспадара, што стомлена драмаў на лаве, паставіў на стол пляшку “казёнкі”. Затым, узяўшы з паліцы дзве гранёныя шклянкі, напоўніў іх да краёў. Сказаў:

 - Вып”ем, Юзік, за здароўе і дабрабыт нашых блізкіх да дна.

 Калі шклянкі апусцелі, Яська паспрабаваў зноў іх напоўніць, але ўмяшалася бабуля Анэта, патрабуючы пакінуць стомленага сына. Яська пачаў даказваць майму бацьку, што трэба дачакацца прыходу нямецкіх войск, якія прыйдуць не пазней як праз тры дні, і перайсці на службу новай уладзе. У бальшавікоў рукі па локаць у крыві замучаных ахвяр. Знішчыць бальшавікоў – святая справа.

 Амаль сілком бабуля выпіхнула Яську з хаты, усунуўшы яму ў кішэню недапітую бутэльку. Тым часам бацька схіліў галаву на рукі і, седзячы, заснуў.

 - Уладзечка, пакліч ад дзеда Бронічку, трэба Юзіка пакласці на ложак, - звярнулася бабуля да маёй маці.

 Раптам раздаўся удар, трэск дошак і моцны бацькаў голас:

 - Ну, ты - гад, табе мала крыві, дык хочаш ператварыцца ў кАта!

 Бацька стаяў пасярод хаты з акрываўленай рукой, а ў дзвярах дубовай шафы чарнела дзірка.

 На лямант прыйшоў дзед Юзік. Угаварыў пляменніка Юзіка легчы спаць. Загадаў жанчынам не турбаваць яго.

 Прачнуўся бацька толькі раніцой, калі сонца ўзабралася даволі высока. Жанчыны спраўляліся па гаспадарцы. У хату зайшлі дзед Юзік і стары Левановіч. Селі за стол і ціха павялі гутарку. Дзед Юзік пытаў:

 - Дык скажы, пляменнік, што ты бачыў і чуў бліжэй да мяжы? А то тут сама зямля нядобрымі чуткамі поўніцца. З аднаго боку -  прысяганне ў вечнай дружбе, з іншага – розныя, непрымірымыя палітычныя сістэмы.

 - У нас, дзядзька, былі іншыя задачы – назіранне за жывёльным светам, а не за сістэмамі, - адказаў дзедаў пляменнік і мой бацька. – Вядома, сустракаліся з пагранцамі. Толькі з іх слова лішняга не вяцягнеш. Дый нас папярэдзілі не балбатаць. А вось з перабежчыкамі – у асноўным гэта цыганы, жыды, мясцовыя жыхары – сустракаліся і размаўлялі. Усе ў адзін голас казалі, што за мяжой шмат нагнана бранятэхнікі, войск, аэрадромы запоўненыя летакамі. Праваднікі-палякі дык наўпрост кажуць, што немцы незадаволеныя выкананнем бальшавікамі дамоўленасці, і да зімы з камунізмам будзе скончана. А Масква падзе да верасня.

 - Значыць, сапраўды Вітольд мае рацыю, раячы чакаць прыходу германцаў, і трэба быць поўным ідыётам, каб не бачыць таго, - заключыў дзед Юзік. – Аднак трэба трымаць язык за зубамі. Таму я вам кажу, мальцы, што нас тут няма. Мы нічога не чулі, нічога не ведаем.

 Як толькі старыя пайшлі з хаты, да сына падышла бабуля Анэта і прамовіла:

 - Я ўчора чула, што плёў табе Яська. Ты, сынок, не вер яму. Калі і здарыцца бяда, дык з усімі людзьмі. І мы падзелім агульнае гора. Як усім, так і нам. У жывога ж аб жыцці думкі. Заходзіў Франік Левановіч. Збірае талаку імшыць зруб на наступным тыдні. Хацеў параіцца з табой, дзе паблізу лепшага моху надраць.

 Крыху падумаўшы, бацька прамовіў:

 - Адпачну да заўтра, бо з панядзелка на службу. Трэба пісаць справаздачу з камандзіроўкі. А лепшы мох на Чысціку, пад П”янай гарой. Не дай бог залезці ў запаведнік! Дык я сам яму і дапамагу.

 Але тым планам не наканавана было збыцца. Сярод ночы страшэнны гром, ад якога падскочылі сонныя людзі, і пасыпаліся дрэнна замацаваныя шыбы, падзяліў людское жыццё на даваеннае і вайну. Пачалі калечыцца лёсы маіх аднавяскоўцаў і родных.

2020

(Працяг глядзець тут).



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 2 дня назад,   за неделю: 260 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ