22 июля 2020 в 08:33 — 4 года назад

8. Светлы шлях. БЕЗУЛАДДЗЕ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 1830

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут).

 Дзесьці на трэці дзень пасля праводзін навабранцаў з Валовай Гары на вайну мая маці, папярэдзіўшы бабулю Анэту, сабралася ў Барсукі наведаць сваю маці, маю другую бабулю Міхаліну з Барсукоў. Адлегласць невялікая, усяго тры кіламетры, добрым крокам паўгадзіны хады, але з малым, вядома, больш. Без прыгод прайшоўшы грэблю над ракой Кестай, спыніліся пад векавой ліпай, што калісьці расла на падворку Гардзіёнкаў. Цяпер толькі ліпа і сведчыла аб тым, што тут калісьці было жытло.

 Напіўшыся з бутэлькі вады, працягнулі свой шлях і хутка выйшлі на ўскраек вёскі, што называлася Лыскі да далучэння да Барсукоў. Бачачы, што я стаміўся, маці ўзяла мяне на рукі. Вітаючыся з вяскоўцамі, хутка спынілася ля хаты бабулі Міхаліны. На парозе нас сустрэла малодшая сястра маці, Зюня. Яна паведаміла, што бабуля пайшла палоць буракі, Бынуся забрала Лёлю і з вяскоўцамі падалася разбіраць краму, бо бежанцы і вяскоўцы, што адступалі, сказалі, быццам праз тры дні тут будуць немцы, нельга ворагу аддаваць і калгаснае дабро, лепш яго раздаць па хатах. А Міша за мальцамі пацягнуўся за шашу. Увечары будзе сход, на якім трэба абавязкова прысутнічаць усім дарослым. Старшыня калгасу Кубар з сям’ёй збег яшчэ раней, бо баяўся, што немцы яго першага павесяць – нехта яму прыгразіў. Дык сход будзе праводзіць сусед Федзька. Там і размяркуюць, каму што з калгаснага майна аддаць.

 Тым часам прыйшла з агароду бабуля Міхаліна. Сказала:

 - Ды не слухай, Уладзечка, гэтую балаболку – што пачуе на вёсцы, дык адразу прымае за чыстую манету. А пакуль ніхто нічога не ведае.

 Паглядзеўшы з дакорам на малодшую дачку, бабуля Міхаліна распавяла, што бежанцы і вайскоўцы адступаюць іншымі шляхамі, бо масты на Бярэзіне і Бузянцы падарваныя. Таму ідуць тыя, у каго няма грузу.

 Мая маці моўчкі развязала хатуль і, дастаўшы глечык, ціха сказала:

 - Свякроў Анэта на гасцінец мядок перадала вам, а Левановічыха – кубелец сала. Учора хлеб пяклі, дык я бохан паклала.

 - Дзякуй, дачушка! Мы даўно такіх прысмакаў не маем. Перабіваемся са шчаўя на рудзьку. Хутка ягады, грыбы пойдуць. Хоць і кажуць, што лес – бес, але ж ён не дасць з голаду памерці.

 Зірнуўшы ўздоўж вясковай вуліцы, бабуля здзіўлена прамовіла:

 - А што ж гэта за цуд у пёрах да нас ідзе?

 І сапраўды, збочыўшы бліжэй да паркану, малы хлопчык ледзь цягнуў дзве вайсковыя коўдры, а за спінай яшчэ хатуль вісеў.

 - Міша, унучак, хто ж цябе прымусіў цягнуць гэтыя рэчы? – спытала бабуля Міхаліна.

 - А я выконваю загад камандзіра, - патлумачыў хлопчык. – На шашы атрад вайскоўцаў адпачываў, а мы з мальцамі падышлі да іх. Камандзір мяне спытаў, хто я такі. Адказаў, што я Міша Занько. А вялікія мальцы з Зоркі сказалі, што ў мяне няма маці, яна вораг народу, і дзед вораг народу. А я кажу, што мая маці – бабуля Міхаліна, а дзеда апраўдалі, і маму Антосю апраўдаюць, бо яна заступалася за тых, хто не паступіў у калгас. Тады камандзір звярнуўся да сваіх байцоў з пытаннем, у каго штосьці лішняе ёсць апрача зброі. Знайшліся чатыры прасціны і дзве коўдры. Прасціны баец закруціў у хатуль з байкавай анучы, а коўдры звязаў вугламі і перакінуў цераз маё плячо. Камандзір сказаў, што спяшаюцца дужа, таму праводзіць мяне дахаты не могуць. І даў мне баявое заданне: данесці-дацягнуць да бабулі і здаць ёй пад распіску ваенную амуніцыю. Мальцы хацелі дапамагчы, але я не дазволіў. Здаю пад распіску.

 Потым мая маці казала, што не ведала, а ці то смяяцца ёй з Мішавай выхадкі, а ці то плакаць.

 Пакуль ішла разборка падарункаў адступанцаў, падышлі з крамы Бынуся з Лёляй. Прынеслі пяць плюшавак. Бабуля Міхаліна была незадаволена і хуценька пачала збірацца ў краму, каб паспрабаваць ухапіць солі і, магчыма, круп.

 Мая маці таксама збіралася дахаты: убачыліся і хопіць. Бабуля Міхаліна падарыла ёй плюшаўку, і мы знаёмай дарогай пакрочылі ў Валовую Гару, дзе нас чакала бабуля Анэта Шуневіч. Мяне, надта стомленага, паклалі спаць, а маці са свекрывёй здзейснілі некалькі ходак у краму, адкуль вынеслі амаль палову куфара солі, што ў далейшым было а ці не самым важным прадуктам на ўсе чатыры гады ліхалецця…

 …Забягаючы некалькі наперад, трэба сказаць, што ўжо пасля ваеннага ліхалецця бабуля Міхаліна адвяла Мішу Занько ў Лепельскі дзіцячы дом, бо акрамя рудзькі(зерне асакі на муку для выпечкі “пірагоў”) ды “бліноў” з мёрзлай бульбы (парулі) есці нічога не было, а ў прытулку кавалкам хлеба і іншай стравай дзеці былі забяспечаныя.

 Пасля сканчэння сямігодкі некалькіх дзяцей накіравалі на вучобу ў фабрычна-заводскія навучальныя ўстановы, дзе атрымлівалі прафесіі. Міша стаў газаэлектразваршчыкам і працаваў у Віцебску на заводзе. Адбываць армейскую службу трапіў у войскі ўнутраных спраў. Там пазнаёміўся са следчым, які пагадзіўся адшукаць справу яго маці Занько Антосі.

 Следчы сапраўды сумленна выканаў просьбу Мішы, дамогся доступу да справы яго маці, чытаў сакрэтны дакумент, аднак фатаграфаваць яго забаранілі. Антосі Занько інкрымінавалі шпіёнскую дзейнасць на карысць Польшчы і іншых варожых краін, садзейнічанне кулацтву, прапаганду лепшага жыцця за мяжой. Хто пісаў даносы, не паказалі, каб не было помсты. Аднак гэта было вядома і без таго.

 Антося не падпісала ніводнае абвінавачванне, аднак усю віну ўзяла на сябе, калі паабяцалі скалечыць жыццё сыну. Прызнала, што адна выконвала заданні польскіх і японскіх шпіёніў, на пасадзе члена сельсавету ліберальна адносілася да кулацкіх сем’яў падчас раскулачвання. Расстраляная была на наступны дзень пасля прыбыцця з Лепельскай турмы ў Оршу.

 Міша Занько даводзіўся мне стрыечным братам. У 1956 годзе даслаў свой армейскі здымак.

 На адваротным баку фатаграфіі захаваўся яго подпіс.

 У размове з дзедам Вінкам Будрэвічам, яго сынам Казікам і мной Міша спрабаваў папракнуць маці за падпісанне абвінавачвання. Але Будрэвічы, якія самі сталі ахвярамі ганення за іншадумства, пазналі рэпрэсіі сталінскага дзяржаўнага апарату, сказалі, што ніякага значэння подпіс Антосі Занько не меў для вызначэння суровасці пакарання - у любым выпадку жанчыну чакаў расстрэл, а яе прызнанне ўсяго толькі пацвердзіла “прафесіяналізм” следчых.

 Пасля службы Міша Занько пераехаў у Адэсу, дзе працаваў на суднарамонтным заводзе па спецыяльнасці. Там ажаніўся, меў дачку і сына. У мяне захоўваецца здымак з вяселля яго дачкі Святланы. На здымку сын Мішы, хлопчык, стаіць побач з маладзёнам.

 У жывых з нашчадкаў Мішы Занько застаўся толькі сын Саша, які браў актыўны ўдзел у абароне сваёй радзімы Украіны ад сепаратыстаў і расійскіх акупантаў.

2020.

(Працяг глядзець тут).



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 2 дня назад,   за неделю: 259 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ