10 окт 2020 в 09:35 — 4 года назад

233. ВЯРТАННЕ Ў МІХАЛОВА. Лісічонак Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 2245

  Родилась в городе Жданове (Мариуполь) Донецкой области Украины. Закончила СШ №1 г Лепеля, Витебское техническое училище №16 кулинарии. Работала поваром 5 разряда в Витебском тресте столовых и ресторанов, лакировщицей радиодеталей на Витебском радиозаводе, делопроизводителем вспомогательной школы-интерната города Нижневартовска Тюменской области, завхозом Лепельской санстанции, инженером по кадрам Лепельского комбикормового завода, секретарём-машинисткой Лепельского филиала «Бусел» культурно-концертного центра «Блиц», заместителем генерального директора по хозчасти фонда ТИРА БФ. Занималась в театральной студии. Участвовала в художественной самодеятельности. Училась хореографии. Пишет стихи, сказки, рассказы, сценарии праздников. Исполняет акапельные народные песни, романсы. Живёт в Лепеле. 

 Калі ехаць з Оршы на цягніку, дык апошні прыпынак перад Лепелем – Лазовікі, а па левы бок ад чыгункі – вёска Лазовікі, і на гэтым жа баку праз які кіламетр ёсць яшчэ адна маленькая вёсачка ў адну вулку – Міхалова. Гэта мая бацькаўшчына.

 У даўнія гады там жылі мае бацькі, на адным краю вёскі – татка Гурко Аляксандр Пракопавіч і маці Унуковіч Яніна Сямёнаўна – на іншым краі. Тут яны і пакахалі адзін другога. Гэта была рамантычная гісторыя. Татка хварэў на ногі, і ягоныя бацькі сабралі грошы яму на лекаванне ў Віцебску. А матуля дужа гаравала, што ён яе там забудзе, знойдзе гарадскую каханку. Дык татка тады не паехаў лячыцца, а на тыя грошы справіў гулянку - вяселлейка. Вось такім чынам сталі яны мужам і жонкай.

 І нарадзілася ў іх два дзіцяткі: старэйшанькі сынок Валерка і малодшанькая Тамарка – гэта я. Але пабачыла свет я ўжо не ў Міхалове, а аж на беразе Азоўскага мора, у горадзе Жданаве, які пазней пераназвалі Марыупалем. Гэта паехалі мае бацькі шукаць лепшую долю ў чужым краі. Бачна, цяжка было вандраваць з маленькімі дзеткамі, паколькі адвезлі яны нас назад да бабуль у Міхалова.

 Нарадзілася я ўлетку ў чэрвені месяцы, а ўжо ўзімку, пад новы год, мы ехалі дахаты. Ці памятае што немаўлятка ў паўгода? А ў мяне засталіся ў памяці такія ўспаміны аб тым (можа і не тады гэта было, а калі пазней): ляжу маленькая ў дзеда Пракопа за пазухай і так мне хораша і цёпла, і пахне кажушком ды махоркай, і я хоць не бачу, але чамусьці ведаю, што намяло снегу дзядулю па калена, і я быццам гойдаюся ў гэтай пухнатай белай коўдры, правальваюся ў сон. А прачынаюся ўжо ад дотыку лагодных бабуліных рук ды няспыннага гоману. Людзей поўная хата. Тут і другая бабуля, і цётачкі з дзядзькамі. І ўсе мяне цалуюць ды песцяць. Вось так пачалося маё міхалоўскае жыццё.

 І раслі мы з братам паміж дзвюх малых хацінак, паміж дзвюх бабуль, паміж дабра і любові.

 Матуліна маці, баба Проска, жыла адна, бо дзед Сямён не вярнуўся з вайны, дык больш мы знаходзіліся ў яе. І былі тут яшчэ два халастыя дзядзькі ды цётачка Анька. Вось яны мяне і выпеставалі.

 А як ужо падрасла, любіла бегаць да дзеда Пракопа. З бабай Марыяй яны жылі болей заможна, бо мужык жа ў хаце. Дый працаваў дзед на чыгунцы, грошы мелі. Бабуля насыпе ў мяшочак цукерак ды пернікаў смачных, іду па вуліцы важна: во, глядзіце, якая я багацейка, ні ў каго такой бабулі няма! І свой першы дарослы падарунак я атрымала ад дзеда Пракопа – наручны гадзіннік. Але гэта ўжо пазней, калі я вучылася ў школе. У першы клас я пайшла ў Заслонава, дзе жыла таткава сястра Люба. А брат чамусьці вучыўся ў Чэрцах.

 Так пашыралася геаграфія майго дзяцінства ад Жданава да тутэйшых мясцін. Але ж цэнтрам яе ўсё адно было маё Міхалова. Там я не проста жыла, там я вучылася жыццю. Дзядзькі ды цётачкі ўжо параз’ехаліся, і трэба было дапамагаць бабулі Просцы. Яна ж хоць і жыла адна, без мужыка, ад аднавякоўцаў не адставала, трымала карову, авечак, курэй, гадавала парсючкоў. Цяжка ёй было, але ж два памочнікі ў хаце – не прападзём, бабуля!

 Брат з маленства касіў траву, хадзіў за плугам, нарыхтоўваў дровы. Ну, а я – каля хаты. Прачыналіся рана. Бабуля снедаць згатуе, і ўжо брыгадзір Федзька Яршоў грукае ў вакно: Проска, паехалі! А мне – у хаце прыбраць, посуд памыць, ляху прапалоць, ахрап’я назбіраць, карову на абед загнаць, у хованкі пагуляць, суніц салодкіх наесціся, у Зорніцу на рэчку збегаць – во працы…

 І так цэлы летні дзень. А вечарам - да бабулі пад бачок. Яна абдыме, пацалуе: унучачка, ты мая памочніца. Пагладзіць пяшчотна па галаве – і гэта шчасце, і пяе твая маленькая душа, і шчыміць сэрца, і хочацца ці то плакаць, ці то смяяцца. Але зморыць цябе блакітны сон, і ты плывеш у марыве над родным Міхаловам і не можаш прачнуцца.

 Але прагрукоча начны цягнік, гудне: я еду! І знікае сон, і бягу я да акенца, а цягнік мільгане і - міма, міма… І ўжо ўстае бабуля, ідзе ў хлеў даіць рагулю і цэдзіць бялюткае малако скрозь бялюткую тканіну, і шчодра налівае ў кубак: пі, унучачка, будзеш здаровая ды прыгожая. І гэтыя мае малочныя рэкі ды сунічныя берагі назаўсёды засталіся ў маім сэрцы.

 Гэта быў першы этап майго жыцця. А потым бацькі пераехалі на Данбас, працавалі ў шахце, далей забралі нас, і да чацвёртага класа жылі мы ў пасёлку Дар’еўка Луганскай вобласці. Там мне запомніўся вялікі вішнёвы сад, а вішань аж чорна, і мы збіралі іх у вядро, яшчэ ў адно, і яшчэ… А тады вылузваем костачкі, і надыходзіць вішнёвы рай: вішнёвы кампот, вішнёвае варэнне, варэнікі з вішнямі. А татка ў вялікія бутлі злівае вішнёвы сок – гэта будзе вішнёвае віно.

 А якія там былі кавуны! Вялікія, хрумсткія, халодныя ды салодкія. А абрыкосы - прама па вуліцы, пры пасадках. А зараснікі акацыі духмянай і ставок, у якім мы купаліся спякотным летам. А памідораў цэлыя палі, больш нідзе я не ела такіх памідораў. А можа гэта было ўжо не там, бо бацькі мае яшчэ пераязджалі на Кубань, і ў маёй дзіцячай галаве пераблыталіся смакі і пахі?

 Добра там было і заможна, але ў 1964 годзе вырашаюць бацькі ехаць у родныя мясціны. І вось ізноў чыгунка, цягнік: “ту-ту”, апошні супынак Лазовікі. Але, не, пакаштаваўшы гарадскога жыцця, яны ўжо не хочуць жыць у вёсцы і асталёўваюцца ў Лепелі, будуюць сваю хату на так званым Пасёлку, непадалёк ад чыгункі.

 І зноў будзіць мяне ўначы гудок цягніка, і грукае па рэйках: “міма, міма”, кліча ў далёкія краі. А мне ў далёкія не трэба, мне б даехаць толькі да Лазовікаў, а адтуль па знаёмай сцяжынцы бягом, бягом да Міхалова, да лагодных рук бабулі – а іх жа ў мяне там дзве ды дзед Пракоп, ды ўся радня, і ўсе мяне любяць, і ўсіх люблю я.

 Усе канікулы - і зімовыя, і летнія – толькі туды, у родны куточак. І ўсё, як раней у малым дзяцінстве, але крыху інакш, бо падрасла я, падраслі і мае справы. Ужо хаджу з бабуляй на калгаснае поле церабіць лён, а ён даўжэзны, шаўкавісты, шапоча на вятрыску, бярэш яго ў далоні і лёгенька (як вучыла бабуля) цягнеш, і ён паддаецца, а ты радуешся: во якая памочніца, працадзень зарабіла бабе Просцы.

 А ўвечары – танцы ў Валодзькі Азаронка, прама на двары, але ж ты яшчэ малая для іх, глядзіш скрозь плот, як скачуць старэйшыя, і гойдаецца твая душа, і агортвае цябе музыка, і, заплюшчыўшы вочы, ты лунаеш у небе нібы птушка. А як заканчваюцца скокі, бяжыш дадому, хапаеш сшытак і пішаш, пішаш, пішаш…

 А раніцой чытаеш бабулі з братам, а яны лагодна смяюцца: паэтка ты наша. І весела табе, і прыемна, і ты скачаш па хаце лёгка ды спрытна, і так хораша вам утрох, і заспявае бабуля песню, а браток падхопіць, і ты ўжо віхурай закруцілася ў невядомым танцы, і кружыцца з табой маленькая хатка і сонейка, і палі, і лугі, і кружыцца ўвесь свет, і кружыцца твая галава…

 Паспявалі, патанчылі і зноў за справу, у кожнага – свая.

 Хутка 1 верасня, нам у школу, а бабулі заставацца. Развітваемся з ёй, заходзім да дзеда Пракопа з бабай Марыяй. Дзед запрашае на воз і вязе нас да цягніка, пасадзіць, клункі ўнясе, памахае рукой: да хуткай сустрэчы!

 Не бядуй, дзядуля, Лепель жа недалёка, праз тыдзень зноў убачымся.

 Заканчваецца смятанка, ды малачко, ды тваражок. Дык не бяда! Усё ёсць у нашым Міхалове. Едзьце, дзеткі: і дае матуля грошы на квіткі ў цягнік. Ідзём на вакзал, а там - марожанае халодненькае ды сітро салодкае, і так нам іх хочацца… А, было, не было! Пешшу дойдзем.

 І па шпалах уперад, уперад… Марожанае з’елі, сітро выпілі, во ўжо і Казарма – гэта Жарсцвянікі, а потым пераезд – гэта Бораўна, да Міхалова рукой падаць. Звярнулі са шпалаў на сцежку, на мяккую траву. Сандалі з ног, босымі, хутчэй, хутчэй. А вунь грыбок мільгануў сярод кустоў, а вунь другі - у руку іх бабулі на булён. І скрозь жытняе поле дамоў, дамоў, пад родныя дахі, да роднага парога, да роднай бярозкі, да студні са сцюдзёнай вадой…

.

Малая деревня, родина моя!

По тебе, родная, так скучаю я.

Детство золотое убежало вдаль,

Будоражит сердце горькая печаль.

.

Маленький домишко, на окне герань,

Хорошо проснуться в розовую рань –

Солнышко играет в небе голубом,

На столе горлачик с белым молоком.

.

Выйду на крылечко, захолонит дух,

Защемит сердечко от красы вокруг.

Воздух тих, прозрачен, майский жук гудит,

И роса слезою на цветах блестит.

.

В платьице цветастом девочка бежит,

На ромашке белой долю ворожит.

Крикну я сквозь слёзы: «Милая, постой!».

Отмахнётся детство нежною рукой.

.

Здесь хочу остаться средь родных берёз,

Чтоб не лить мне больше одиноких слёз.

Милая деревня, родина моя!

Принимай, родная, возвратилась я!

Напісана ў 2016 годзе.

 

 



НРАВИТСЯ
2
СУПЕР
ХА-ХА
1
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ