Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Ярка свеціць восеньскае сонца. На дварэ цёпленька бы ўлетку. У акенца скрабецца вішнёвая галінка. Гэта татка пасадзіў для мяне, бо я дужа люблю вішні. Дрэўца яшчэ маленькае, а я ўжо дарослая, сёння б пайшла ў пяты клас.
Але ляжу вось з завязанай шыяй, пад цёплай коўдрай, і румзаю:
- Ну, нашто я ела тое марожанае? Такое халоднае ды пахучае! І з’ела ўсяго адну пачку, а Валерык з Наталкай па дзве, і ім нічога. А ў мяне забалела глотка.
У школе ж ужо, мусіць, лінейка ідзе. І Нінка Тарнаўская, і Наташка Кавалеўская стаяць у новых сукенках ды белых фартушках у першым шэрагу ды фарсяць. А мая сукенка вісіць у шафе, і фартушок з карункамі. І прыгожыя кветкі, што я хацела падарыць настаўніцы, стаяць у слоіку на стале.
У хаце анікога. Матуля ў першую змену на малаказаводзе, татка з’ехаў на працу ў Бароўку. А я адна. Толькі і застаецца сумаваць ды плакаць.
А ўчора было весела. Да нас прыязджала цётка Люба з Наталкай. Яны жывуць у Заслонаве. Цётачка добра шые, дык матуля папрасіла, каб пашыла мне фартушок і карункавы каўнерык. Яна іх і прывезла. А яшчэ на вакзале купіла цукерак і марожанага. Цукеркі я не дужа люблю, калі толькі з белым хлебам ды з малаком. Добра, што сваё другое марожанае аддала татку, а то б зусім расхварэлася, бо слабая на глотку.
У хаце цёпла, але маркотна. Думала, думала дый заснула. Перад сном яшчэ падумала: а як прачнуся, ужо і Валерык прыбяжыць, пра ўсё распавядзе.
Чую скрозь сон: нешта грымнула. Мабыць Валерык. Але не, нейкі гоман, хтосьці ўдвох заходзіць.
- Ну во, гэта ж цэлае лецечка дзіця не хварэла, а як у горад забралі, дык адразу змарнавалі пястуху нашу любую.
- І не кажы, свацця! І на рэчку гойсала, і босай хадзіла – і нічога.
А-а-а, чую я па галасах, гэта дзве маіх бабулі прыехалі з Міхалова. Зараз пачнуць мяне лячыць.
- Цішэй, можа яна спіць, - гэта баба Проска.
- Не, бабулечкі, я ўжо прачнулася, - кідаюся ў іхнія цёплыя, утульныя абдымкі. – А адкуль вы даведаліся, што я захварэла?
- Дык Люба заязджала, мы ўжо насварыліся на яе за марожанае, - гэта баба Марыля, дастаючы з сумкі слоік мёду, кажа. – Гэта во дзед Пракоп табе даслаў. І малачко, і яйкі.
Выкладваюць яны на стол вясковыя прыпасы: тут табе і тваражок, і сала, і каўбаса пахучая з кменам ды часнаком. Матуля казала, што гэтымі прыпасамі толькі і ратуемся, бо грошы, заробленыя на Данбасе, бухаюць у новы дом. А яшчэ і не дабудавалі, трысцен стаіць без вокнаў і дзвярэй. Але татка казаў: да зімы ўправімся.
- А ну, прэч у ложак! - прыкрыкваюць мае бабулі. – Лячыць цябе будзем.
Мая баба Проска – шаптуха. Яна лечыць дзяцей і жывёлу. Ну, і мяне, вядома.
Я ўжо ведаю, што яна будзе ціснуць мне зубішча. Разяўляю рот. Бабуля змазаным газай пальцам цісне на балючыя шышкі, пачынае нешта шаптаць. Добра памятаю тэкст: “Ой міца сына, святога духа…”, а далей не разабраць.
І дзіўна, што гэта заўсёды дапамагала. І праз дзень-другі я была ізноў здаровай і бадзёрай.
Баба Марыля тым часам гатавала ежу, кіпяціла малако, клала ў конаўку мёд ды масла і паіла мяне гэтым лекам, прыгаворваючы:
- Пі, мая ластаўка, мая ўнучачка, мая дзетачка салодкая…
…І зліпаліся мае вочы. І, правальваючыся ў сон, чула, як прыходзіла матуля, як усе нешта гаманілі. А калі прачнулася, маіх лекарак і след прастыў. Толькі грудам ляжаў пачастунак ад бабуль. І так мне захацелася той хатняй каўбасы з кменам, што аж слінкі пацяклі. Тым больш, што браток, ужо прыйшоўшы са школы, намінаў каўбасу за дзве шчакі.
І наеўшыся духмянай каўбасы, і зноў напіўшыся гарачага малака з мёдам, я паклалася ў свой ложачак каля акенца і доўга глядзела на неба. І свяціла мне зорка, і клікала да сябе ў далячынь. І ў сне я апранала новую сукенку з белым фартушком, і бегла ў школу. І вучылася лепей за ўсіх. На адны пяцёркі. Каб стаць пісьменніцай ці паэткай. І пісаць, пісаць… Пра сонейка і сіняе неба, пра белыя аблокі, зялёны лес і пухнаты снег. Пра любімых бабуль і пра дзеда Пракопа, брата Валерыка, пра матулю і татку, пра сваю радзіму, пра ўсё жыццё… Можа тады і нарадзіліся гэтыя радкі:
Я писать буду вам о простом:
Как по лужицам шла босиком,
Как деревья растут,
И как птицы поют,
Как ромашка цветёт по лугам,
Как когда-то я верила снам.
Напишу про траву-мураву
И как тут я живу
Средь тепла и добра,
И как вдруг наступает пора,
Загорается в небе звезда,
И увозят нас вдаль поезда навсегда…
2020
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Тамара Лісічонак, атрымаў з Латвіі ўжо другое ўхваленне тваіх твораў ад грамадзяніна прыбалтыйскай краіны, аднак у душы беларуса: