19 мая 2012 в 13:00 — 1 год назад

КАМЕННЫ СЛЕД ЛЯ КРАСНАЛУЧКІ, або ЁСЦЬ ДРУГІ ЛЕПЕЛЬСКІ СЛЕДАВІК!

Тема: Природа Лепельского края     Сегодня: 2, за неделю: 2, всего: 1345

Вандроўныя нататкі старога валацугі

-- Шмат гадоў таму назад я абкошваў урочышча Пад Ліпамі. Кожны раз абедаць сядаў на валун, які выдзяляўся сярод іншых большымі памерамі. У прадаўгаватую ямку пасярод каменя, якая нагадвала след чалавека, клаў яйкі, каб не скаціліся на дол. Пасля таго, як “Лепельскі край” надрукаваў серыю матэрыялаў пра Поўсвіжскі камень-следавік, па фотаздымках вызначыў, што прыямак на тым валуне не што іншае, як след чалавечай нагі. Таму і паклікаў Валацугу ў Красналучку.

Жыхар вёскі Красналучка Валосавіцкага сельсавета Уладзімір Няміра распавядаў аб адкрытым ім камні-следавіку па меры нашага прасоўвання па закінутым полі да аб’екта ўласнага адкрыцця.

-- Няўжо раней ніхто не цікавіўся рэдкім каменем? У Беларусі знойдзена ўсяго сотня следавікоў, а на Лепельшчыне да гэтага часу -- адзін, Поўсвіжсі. Яго дакладней было б называць Залескім, бо знаходзіцца бліжэй да Залесся, чым да Вялікага Поўсвіжа…

-- Гэта нядаўна я ўзгадаў, як у 1953 годзе пастух Генька Скарупа распавядаў, што да яго Пад Ліпамі падышоў сталы мужчына і пачаў распытваць, дзе тут знаходзіцца камень-следавік. Генька ўяўлення не меў, што гэта такое, таму і не паказаў шукальніку валун з адбіткам следу.

Следавік убачылі здалёк. Размешчаныя побач іншыя валуны былі меншых памераў. Ад хаты Уладзіміра Антонавіча -- усяго нейкі кіламетр. След сапраўды нагадвае адбітак босай чалавечай нагі, быццам зроблены ў мяккім пластыліне. Замяраю памеры: даўжыня следу 26, шырыня -- 10 сантыметраў. Несумненна, гэта камень-следавік. Другі ў раёне і 101 у Беларусі.

-- Звярні ўвагу на размешчаныя паблізу чатыры камяні, -- красналуцкі краязнавец паказвае на іншыя валуны. -- Яны размешчаны ў форме крыжа. Мабыць, у даўніну іх спецыяльна так паклалі. Шкада, што час і працяглая прапаганда атэізму сцерлі з людской памяці паданні аб існаванні следавіка.

Прыселі на следавік, каб у большай ступені ўвасобіцца ў яго.

Паблізу ў парослай альхоўнікам лагчыне крынічны ручай утварае сажалку. Вада светлая. Водная расліннасць з’явіцца не паспела.

-- Раней тут карасі вудзіліся. Дзеці купаліся. З часам невялікі вадаём заглеіўся, абязрыбеў. Дарожнікі ДРБУ-202 збіраюцца акультурваць гэты занядбаны папар. Баюся, каб, не ведаючы прыроднай каштоўнасці следавіка, не спіхнулі яго кудысьці ў агульную крушню, як тое калісьці зрабілі меліяратары ці сельгасхімікі ў час правядзення культуртэхнічных работ за Двор-Таронкавічамі -- каменныя крыжы і надмагільныя камяні з сярэднявечных могілак ссунулі бульдозерамі на ўзлесак. Добра, лепельскія краязнаўцы вярнулі рытуальныя рарытэты на ранейшае месца.

Супакоіў нераўнадушнага да прыроды і гісторыі 70-гадовага вяскоўца тым, што дарожнікі прачытаюць гэты артыкул і абмінуць на бульдозерах следавік. Ды і сам Уладзімір Антонавіч будзе бачыць, як пачнуцца культуртэхнічныя работы, ды стане на абарону свайго адкрыцця.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ