08 янв 2021 в 08:23 — 4 года назад

11. Светлы шлях. АМАЛЬ МІРНАЕ ЛЕТА 41-га. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 807

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Ліпеньскай раніцай 1941 году я прачнуўся раней звычайнага, бо пад вакном гучна размаўлялі Жэнька і на год старэйшыя за мяне мае стрыечныя брацікі Бронік, сын дзядзькі Ваціка, і Толік, сын дзядзькі Барнася. Пасля таго, як браткі са сваімі мацяркамі з пачатку вайны перабраліся ў Валову Гару, наша частка хаты была запоўненая, як казала бабуля Анэта, па завязку. Спраўляцца каля печы аднагалосна даручылі жонцы дзядзькі Барнася – цётцы Лёні - як больш спрытнай у гэтай справе.

 Пасля сняданку я вызірнуў у вакно і не ўбачыў насупраць Лук’яновічавай хаты ўчарашняга нямецкага абозу з вялізнай гарматай. Нацягнуўшы штонікі на шлейках, а на галаву бацькаву кепку, якая спаўзала на вочы, я далучыўся да Жэньчынага хаўрусу. Яна хутка падгаварыла мальцаў зрабіць падарожжа на месца стаянкі незвычайных машын. Гэта нейкіх сотню крокаў па правым беразе канала, затым праз мост і сто крокаў да Лук’яновічаў.

 Жанчыны ў гэты час пайшлі сушыць сена, а дзядзька Бронік з касой падаўся дакошваць сенажаць. Бабуля ўзяла ў Жэнькі абяцанне, што малых тая не дапусціць да вады, а сама занялася хатнімі справамі. Старэйшыя дзяўчынкі Аня, Ніна і Тоня ўзяліся паліваць лехі з агароднінай.

 На месцы стаянкі абозу ўжо завіхалася Лук’яновічыха, якая ўвесь час штосьці бурчала, збіраючы курыныя пёры і смецце. Для нас сапраўдным багаццем былі бляшанкі, абгорткі з фольгі ды лашчонай паперы і нават пустыя пачкі з-пад цыгарэт.

 Аднак збор трафеях адбываўся нядоўга. На матацыкле з немцам і паліцэйскім падкаціў стараста Вітольд Мацкевіч. Злезшы з матацыкла, той спытаў у жанчыны, як сяляне прывіталі прадстаўнікоў цывілізаванага свету – вызваліцеляў ад бальшавізму. Абураная жанчына выдала пану старасту ўсю праўду аб няпрошаных гасцях:

 - Твае, Віта, вызваліцелі і цывілізанты разрабавалі ўвесь падворак, перадушылі ўсіх курей, вытапталі агарод. Гэтыя госці на вачах усёй вёскі, не скаромячыся, галяком купаліся на вадапоі, а затым падчас вячэры за сталом паветра пускалі праз зад ды яшчэ абражалі нас швайнамі і нейкімі урбевохнерамі. А мяне дык увогуле нейкай фрау дэрвільде абазвалі.

 Працягу размовы мы не чулі, бо наша камандзірка пагнала нас дахаты. Калі выходзілі на дарогу, Жэнька сарвала з мяне кепку і кінула ў адбітак капыта нямецкага каня з абозу. Шапка свабодна размясцілася ў глыбокай ямцы, пакінутай жывёлінай.

 Хутка мы былі дома і наперабой распавядалі аб сваім падарожжы. Трафеі нашы былі тут жа выкінутыя ў смецце. Пакінулі дарослыя толькі бляшанкі. Дзядзька Бронік сказаў, што ў іх можна збіраць чарвякоў для прынады пры вуджэнні рыбы.

 А час ішоў, вайна адкацілася на ўсход, нават грымот не было ўжо чуваць. Новым прадстаўніком улады стаў стараста Вітольд Мацкевіч. Аднак ён па начах хаваўся ад людзей. Разам з сынам Яськам начавалі на сене ў пуні, бо дайшлі чуткі, што нехта палюе на стараст, а далёка, на балотных астравах, дзейнічае партызанскі атрад Баці. А ў глухіх вёсках Бярэзінскага запаведніку бачылі незнаёмых людзей, якія дужа цікавіліся жыццём вяскоўцаў і нават занатоўвалі імёны з прозвішчамі старастаў ды паліцаяў.

 У суседніх Барсуках, дзе да вайны быў калгас імя Варашылава, не знайшлося ніводнага жыхара, які б пагадзіўся заняць пасаду старасты. На агульным сходзе барсукоўцы вырашылі старастваваць па чарзе. Першым старастам стаў Пятрок Мірановіч, бо яго падворак быў першым ад шашы. Ён меў адну нагу, другую страціў на Фінскай вайне, таму хадзіў на драўлянай. Не гледзячы на калецтва, з дапамогай сыноў-падлеткаў майстраваў з дрэва добрыя і танныя цабэркі, вёдры, бочкі. Яму як чарговаму старасту давялося загадаць жанчынам пахаваць пяцярых энкэвэдыстаў, забітых нямецкай засадай пры выхадзе на Мінскую шашу дарогі са Стайску. Жанчыны паблізу дарогі выкапалі неглыбокую ямку і сцягнулі туды ужо гнілыя целы асабістаў. Звярам было лёгка знайсці і расцягаць трупы. У наш час выпрамлялі дарогу, і бульдозер зруйнаваў прыдарожны курган. А вось тых некалькі дзясяткаў падазраваных людзей, забітых энкэвэдыстамі ў лесе за Стайскам, каб не выводзіць з акружэння ў тыл, ніхто нават не прысыпаў лясной глебай на радасць звярам. Такі быў загад: расстраляць пры немагчымасці вывесці.

 Адбыўшы сваю чаргу, Пятрок перадаў пасаду дзеду Хведару. Далей прыйшла чарга 16-гадовага Юзіка і г.д. Хутка ўсе мужыкі перахадзілі ў старастах. Прыедуць немцы – ёсць кіраўніцтва, прыйдуць партызаны – не расстрэльваць жа ўсіх мужчын.

 Але вернемся ў Валову Гару. Жнівеньскай раніцай прыбегла Жэнька.

 Дзяўчынка, бачна, наплакалася, бо не прасіла дзядзьку Броніка пагушкаць яе на назе. Маці пацікавілася, хто пакрыўдзіў дзяўчынку.

 - Не, цётка Ўладзя, мама дрэнны сон бачыла. Бабуля яго выслухала і сказала, што татка мой не вернецца, можа, загінуў.

 - А ты, Жэнечка, распавядзі той сон, я буду ў Левановічаў і спытаю ў старой, аб чым ён сведчыць. Яна мастак вялікі на разгадванне сноў.

 - А ты, цётачка, толькі мамцы не кажы. А прыснілася ёй, што ідзе яна па вялікім полі, якому канца–краю няма. Вакол ні то людзі, ні то цені. Уперадзе – туман. Калі падышла бліжэй, пачула таткаў голас: “Ты, Маня, не шукай мяне, я – у вялікай незразумелай кампаніі”. Туман ці дым трошкі разышоўся, і яна ўбачыла твар таткі, што паказаўся з туману. Яго, густы, татка разграбаў рукамі, каб вызваліць сваё цела. Затым сказаў, што ў яго няма часу і амаль закрычаў: “Беражы Жэньку”! Мамка прачнулася і потым казала, што сэрца гатовае было выскачыць з грудзей. Бабуля збегала да Левановічыхі, і тая хуценька прыгатавала адвар валяр’янкі ды іншых зёлак, дык маці п’е патроху. Цяпер супакоілася. А бабуля сказала, што гэта толькі сон, і не трэба думаць аб самым горшым. Але мне забараніла хадзіць далей вашай хаты.

 …Надышоў час жніва, і вяскоўцы не маглі глядзець, як гіне збажына. Амаль інстынктыўна кінуліся на свае былыя хутары: Балотнікі на Касаву, Сідзякі на свае высечкі, Шуневічы і Левановічы – на сваё поле. Тыя, што жылі бліжэй да возера Плаўна, аглядалі Казліху і ўсе паляны да Пунтасавага моста. Кажуць, Зінкевіч як прыйшоў на сваю старонку, дык упаў на калені і цалаваў зямлю. Увечары мужыкі агледзелі малатарню, змазалі падшыпнікі і рухомыя цягі, замянілі драўляныя прычэпы з ворчыкамі. Стась Левановіч падрыхтаваў некалькі цапоў для ручнога абмалоту і драўляных шуфлікаў. Вось так талакой пачалося жніво.

 Начальства не было, але ўсе слухаліся маю хросную маці Паўліну Сідзяку. Праз некалькі дзён уся ярыца была зжатая сярпамі і стаяла ў бабках. Бабка складалася з 10 вертыкальна пастаўленых снапоў, якія вяршыў адзін раскудлачаны сноп. Такія бабкі ў непагадзь надта не намакалі і лёгка прасыхалі ў сонечныя дні. Цвёрдае зерне пры добрым надвор’і не патрабавала дадатковай прасушкі. Хлеб з мукі такога зерня, замешанай з дабаўкамі ў драўлянай дзежцы і спечаны ў печы на лістах клёну ці капусты, мог захоўвацца да трох тыдняў, не чарсцвеў.

 Баба Левановічыха бурчала:

 - Гэта ж нада так спустошыць зямельку, што ў калгасе на гектары збіраюць па 100 пудоў зерня і рады, а Мікола Казлоўскі браў па 200 пудоў і казаў, што гэта не мяжа, толькі трэба на кожны гектар трымаць не менш за аднаго каня ці карову. Але каго вучыць – п’янчуг ды лайдакоў?

 А дзед Левановіч з сынам яшчэ з вясны будавалі рамоўкі, майструючы двайныя сценкі з сухіх ялін, якія дастаўляў дзед Юзік. І ўжо за дамбай у Левановічаў было пастаўлена каля 20 вуллёў. Можа столькі мелася ў дзеда Юзіка і ў нас уздоўж дамбы. Амаль штодня ў выстаўленыя хаткі сяліліся раі.

 Ці не ўсе правабярэжныя сяляне мелі скляпы ў дамбах, дзе зберагалі бульбу і гародніну. Многія выкарыстоўваюцца і па сённяшні дзень.

 Паміж скляпамі, нашым і Лоцькавым, рос дуб, як кажуць, у два абхваты. І было пад тым думам жалудоў нямерана. Іх мы, дзеці, збіралі ў кашалі Дарослыя часткай збору кармілі свіней, а частку сушылі на жалудовы напой, накшталт кавы. Мне не надта падабалася такое пітво, але маці ўгаворвала выпіць шклянку з малаком і мёдам. Казала, што зубы будуць моцныя, і ўсялякая хвароба не прычэпіцца.

 Працы падчас жніва хапала ўсім. Дарослыя, справіўшы хатнія справы, ішлі ў поле, падлеткі зранку – на балота за бабоўнікам ці белакрыльнікам. Стараліся сабраць ношку бабоўніку, пакуль сонца не ўзнімецца ў верх неба, інакш авадні і сляпні заядуць, пакуль дойдзеш дахаты. Ад такой ежы свінні за год вырасталі за 200 кілаграмаў. Ужо ўвосень дадавалі ў рацыён бульбу “свінушку”, аздобленую мукой. Забіваннем займаліся ўжо напачатку снежня.

 Дома з дзецьмі заставаліся толькі старыя бабулькі, але і ім хапала працы: трэба было дагледзець і прапалоць агародніну, пільнаваць, каб куры не залезлі на лешкі, бо гэта такія стварэнні, што за 10 хвілінаў перакапаюць усе пасевы. У гэты час малыя заставаліся без нагляду. Вось у такі момант Жэнька арганізавала паход на абмалот збажыны, што прывозілі на брыках мальцы-падлеткі са сваіх зжатых палеткаў.

 Па шляху на ток мы наведалі хату Адварда Сідзякі, дзе яго дачка Віка пачаставала нас белымі малінамі. І ўжо цэлым натоўпам з’явіліся каля “рухавіка” малатарні, які складаўся з чатырох конікаў, прычэпленых ворчыкамі да доўгіх брускоў на вялікай шасцерні. Яна круціла маленькую, замацаваную на доўгай металёвай штанзе, заглыбленай у равок, захінуты шырокай дошкай, дзе хадзілі жывёліны. Усярэдзіне малатарні з вялікай хуткасцю круціўся барабан, жалезнымі пальцамі захопліваючы снапы. Дзве жанчыны рэзалі нажамі вязкі і клалі снапы на стол малатарні, а там ужо двое мужыкоў асцярожна падавалі іх на барабан. З іншага боку сыпалася зерне і спаўзала салома, якую віламі адкідвалі ўбок і далей клалі ў вялікія стагі. Зерне шуфлямі падбіралі ў вялікія вываркі і адносілі ў пуню. Твары людзей каля малатарні былі захінутыя павязкамі, адзенне засыпанае мякінай і шэрым пылам.

 Нам не даспадобы было такое паветра, дзе пыл стаяў слупам, і наша кампанія рушыла ў пуню. Там на невысокім зэдліку сядзела мая хросная маці Паўліна, час ад часу чэрпала шуфлікам зерневую сумесь і шпурляла яе ў сцяну, шчыльна затоўчаную дошкамі. Цяжкія зярняткі даляталі да сцяны, а палова падала па шляху да яе. Паўлінін малодшы сын Казік шуфлем падсоўваў пад матчын шуфлік прынесеную ад малатарні сумесь. Старэйшы Эдзік кіраваў коньмі.

 Наша прысутнасць і тым больш спроба дапамагчы правейваць збажыну, кідаючы жменькамі ў бок бурту, толькі перашкаджалі працаваць матульцы Паўліне. У гэты час зайшоў у пуню дзядзька Віта Мацкевіч і сказаў, што Жэньку шукае баба Малання з лазовым дубцом. Гэта была для нас сур’ёзная навіна, і ўжо праз некалькі хвілін, мінуўшы мост адводнай канаўкі, а затым мост цераз канаву і нікога не сустрэўшы, зразумелі, што нас нахабна ашукалі.

2021

(Працяг будзе)



НРАВИТСЯ
СУПЕР
1
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 5 дней назад,   за неделю: 391 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ