15 янв 2021 в 08:26 — 3 года назад

12. Светлы шлях. ПРЫХАВАНАЯ ТЭМА ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 821

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Лета 1941 года. Валова Гара. Увечары да дзеда Юзіка прыйшла мая хросная Паўліна і паціху распавяла ў прысутнасці бабулі Анэты, што на ток завітаў стары Вітольд Мацкевіч і быў вельмі расчараваны і дзеяннямі новых уладаў, і ўвогуле асабістым жыццём. Сказаў, што хрэн за рэдзьку не саладзейшы, а сям’ю загубіў. Надта хваляваўся за сына Яську, які звязаўся з начальнікам паліцыі – нейкім Сарокіным, не чалавекам, а зверам. Бачыць, што і сын гатоў ісці па чалавечых галовах.

 Яшчэ ён сказаў, што мясцовыя жыхары, якіх мабілізавалі перад вайной, павінны прыйсці дахаты, можа, не ўсе. Нявестка Анэля патрабуе, каб Яська знайшоў жытло ў Лепелі, баіцца за сябе і дзіцяці. Сам стары таксама думае перабірацца ў Лепель. Кажа, што надакучыла ўвесь час хавацца. Дочкі і сын Франок лічаць, што іх ніхто на зачэпіць: дзеці за бацькоў не адказчыкі.

 Паўліна сцвярджала, што дзядзька Вітольд вельмі расчараваны. Дзед Юзік, сплюнуўшы тройчы, сказаў:

 - Зразумелі поп і манах, што г…но ў галавах. Я яго папярэджваў, дык да яго толькі цяпер дайшло, што не той дарогай пайшоў чалавек. І мы не ведаем, які лёс нас чакае. Ты, Паўліна, забудзь, аб чым мы гутарылі.

 На другі дзень яшчэ да ўзыходу сонца падвода, нагружаная хатнім скарбам, пакінула Валову Гару. Ніхто сёння не скажа, аб чым думаў стары чалавек, назаўсёды пакідаючы родны куток, дзе пражыў большую частку свайго жыцця.

 З гэтай раніцы сям’я Вітольда Мацкевіча зменшылася напалову. У вёсцы засталіся трое дзяцей: Казя (Каця), Ядзя і Франок. Казя была на дзіва прыгожай дзяўчынай і постаццю, і тварам, вельмі падобнай на дачку Адолькі і Анэты. Напрыканцы 30-х гадоў гарэзлівыя дзеўкі часцяком жартавалі з сваіх кавалераў, падмяняючы адна другую на вечаровых сустрэчах ды праводзінах з вечарынак.

 У Лепелі Вітольд з жонкай пасяліліся ў яе родных. Яську з жонкай Анэляй і іх сынам камендатура па пратэкцыі начальніка паліцыі Сарокіна размясціла ў бальнічным корпусе (цяпер месца паміж раённай бібліятэкай і вуліцай Войкава).

  Мінулая зіма выдалася надзвычай суровай. Мароз даходзіў да 40 градусаў. Пры такой тэмпературы ў нізкіх мясцінах насычаныя вільгаццю дрэвы вымерзлі. Цалкам змёрз алешнік, ясень, граб, клён. Пашкоджаны марозам лес стаў крыніцай нарыхтоўкі дроў.

 Позняй восенню 1942 году паехаў стары Вітольд Мацкевіч за вёску Забаенне па сушняк. Неабходныя дакументы ад акупацыйнай улады ў яго былі ў парадку. Праехаўшы з паўкіламетра, спаткаў некалькі вершнікаў. Ці то быў паліцэйскі аб’езд, ці партызанская разведка, ніхто не ведае. Хаця ў той час партызаны так блізка да горада не падыходзілі. Возчык хутка развярнуў падводу. З боку невядомых прагучаў стрэл. Конь з мёртвым целам чалавека на возе спыніўся толькі ў Забаенні, зачапіўшыся за плот. Так загінуў старэйшы Мацкевіч.

 У ноч з 19 на 20 кастрычніка адбылася спроба партызанаў вызваліць Лепель ад фашыстаў. Але намер не ўдаўся з-за асабістых амбіцый і спрэчак камандзіраў брыгад, і бой давялося весці сіламі адной Лепельскай брыгады Дуброўскага. Вырашылі атакаваць наступнай ноччу, з 20 на 21 кастрычніка. Штурмавая група дайшла да школы-дзесяцігодкі, але зноў не было падтрымкі іншых брыгад. Двое партызанаў паспелі зайсці ў дом, дзе жыла сям’я Яські Мацкевіча. У памяшканні знаходзілася толькі Анэля з дзіцём на руках. Перапалоханая, яна не магла і слова вымавіць. Адзін з партызанаў злавіў позірк жанчыны ў бок стала. Шырокі зэдлік захінала доўгая дзяруга. Сарваўшы яе, ўбачылі скурчанага пад зэдлікам Яську Мацкевіча. Апошняе, што ён убачыў, гэта знямелы твар жонкі і нацэленая ў яго галаву руля нямецкай стрэльбы. Так скончыў жыццё памагаты немцаў, які, між іншым, шмат дапамагаў аднавяскоўцам. Разам з тым ён скалечыў лёс дзясяткаў хлопцаў. Сам жа казаў валавагорцам, што ў карных акцыях не ўдзельнічаў.

 У астатніх дзяцей Віты-Вітольда лёс склаўся менш трагічна. Жылі яны ў Валовай гары да вясны 42-га году. Ніхто іх ні ў чым не папракаў. Некалькі разоў да родных наведваўся Яська. Пад канец сакавіка, калі снег яшчэ не сышоў, а пра партызанаў хадзілі толькі чуткі, нейкія ўзброеныя людзі атачылі хату Мацкевічаў і пачалі ламіцца ў дзверы. На грукат сабраліся суседзі, каб высветліць прычыну разбою. Нападнікі сказалі, што яны партызаны атраду “Гоп-са-смыкам”, хочуць вынішчыць гняздо здраднікаў радзімы. Людзі растлумачылі незнаёмцам, што ў хаце жывуць толькі убогая глуханямая дзяўчынка і 15-гадовы хлапчук, якіх даглядае іх старэйшая сястра. Валавагорцы смела заявілі нападнікам, каб тыя, калі ўжо наважыліся ваяваць з акупацыйным рэжымам, няхай змагаюцца з немцамі, а не з дзецьмі, калекамі і жанчынамі, тым больш, што дзеці за бацькоў не нясуць адказу. Разбойнікі адступілі і пайшлі шныраць па хатах, паграбах. Знайшлі дзесьці самагон, перапіліся і сноўдаліся, спяваючы песню. Да гэтага часу памятаю словы таго блатняцкага гімну: “Радзіўся на падворку Гоп-са-смыкам, славіўся сваім магутным крыкам, горла меў ён праздарова, і мычаў быццам карова: Гоп-са-смыкам гэта буду я”.

 Потым мы, малыя, бегалі навыперадкі і крычалі:

 - Мальцы! Няхай я буду Гоп-са-смыкам.

 На наступны дзень раніцай бабуля выйшла на вуліцу і закрычала ў роспачы. Усе рамоўкі, што стаялі на дамбе, былі перакуленыя, а змерзлыя пчолы ўсеялі зямлю. Вось так і атрымалася, што напачатку вайны савецкая ўлада апіралася на злодзеяў і крымінал, а не працоўны люд.

 Дзед Юзік і стары Левановіч параіліся між сабой ды аддалі загад падлеткам тэрмінова апавясціць, што на Валову Гару наступаюць немцы, ідуць з Барсукоў, ужо на Гардзіёншчыне. Праз паўгадзіны партызанаў бы ветрам здуло, і больш яны ўжо не з’яўляліся. Аднак валавагорцы Балотнікі, Гардзіёнкі, Шуневічы, Левановічы ўсё ж параілі дзецям Мацкевіча пакінуць вёску, а за хатай абяцалі прыгледзець. У ёй у цяжкія часіны вайны сяліліся партызанскія сем’і.

 Яська яшчэ пры жыцці ўладкаваў брата Франка ў роту апалчэнцаў: і жыллё не трэба шукаць, і апрануты, і накормлены. Але немцы не надта давяралі 16-гадовым ваякам, якія часта дэзерціравалі, таму іх скіроўвалі на Захад. Франок, нікому нічога не сказаўшы, запісаўся добраахвотнікам у адну з партый адпраўленцаў. Апынуўся ў Францыі. Быў прызначаны ў ахову складу з харчаваннем. Там і дацягнуў да канца вайны. Быў узяты ў палон. Калі пачалося вяртанне палонных на радзіму, адмовіўся дэпартавацца, разумеючы, што ўлады не даруюць яму шчырую службу немцам брата і бацькі. З ім засталіся яшчэ двое беларусаў, у тым ліку і валавагорац Мікола. Большасць палонных паверылі савецкаму афіцэру, быццам трапяць пад поўную амністыю. Але як толькі мінулі мяжу СССР, вагоны з палоннымі і дэпартаванымі заперлі і пагналі на ўсход. Па шляху праходзілі суды, і ўжо вязняў рассылалі на 10 – 25 год у засценкі ГУЛагу. Вайсковых жа адмыслоўцаў пагналі ў штрафбаты вызваляць Далёкі Ўсход ад японцаў. Гэта называлася змываннем крывёй здрады радзіме.

 Франок і Мікола перабраліся ў Англію. Адразу ўзяліся вывучаць ангельскую мову. Затым Франок уладкаваўся перакладчыкам у аэрапорт. Нязвыклы шыкаваць, эканоміў. З цягам часу купіў дамок. А калі ў СССР надышла “адліга”, наладзіў сувязь з сёстрамі, дасылаў ім пасылкі з адзеннем, бо паліцы савецкіх крамаў былі парожнімі.

 Калі савецкіх людзей сталі выпускаць за мяжу, Казя (Каця) двойчы наведала брата. Ён так і не ажаніўся. Апошнім часам перамяшчаўся ў інвалідным вазку. Усю сваю маёмасць і зберажэнні завясціў сёстрам. Не вельмі вялікая была спадчына, аднак хапіла, каб забяспечыць траіх пляменнікаў жыллём у Мінску. Ядзя да таго часу памерла.

 Аднак вернемся ў час, калі ўсе дзеці Вітольда Мацкевіча былі вымушаныя ўцякаць з Валовай Гары ад партызанаў. Казя (Каця) з Ядзяй да прыходу Чырвонай арміі жылі ў лепельскай радні, а затым два гады ўжо ў роднай валавагорскай хаце. Казя пазнаёмілася з лесніком з Усавікаў і выйшла за яго замуж. У юнацтве муж прайшоў баявы шлях ад партызана да чырвонаармейца. У апошніх баях пад Берлінам быў паранены і адным вокам дрэнна бачыў. Але быў добрым мужам, дбайным гаспадаром. Вырасцілі дзяцей разумнымі і такімі ж працавітымі. Ліля скончыла школу з залатым медалём. З медалямі скончылі навучанне Тамара і Віктар. Хлопец пайшоў у ваеншчыну, затым стаў адмыслоўцам па энергетыцы рэспубліканскага маштабу.

 У 2005 годзе Каця засталася без Івана.

 І сама Каця, і яе муж Іван пахаваныя на могілках вёскі Усавікі, дзе пражылі большую частку свайго жыцця.

 У глуханямой Ядзі лёс атрымаўся трагічным. Кватаравала яна ў Стасі, дачкі дзеда Юзіка, і працавала ў быткамбінаце швачкай. Вяскоўцы на той час жылі вельмі бедна. У калгасах за працу амаль нічога не плацілі, а падаткі былі велічэзнымі. Таму сяляне хадзілі ў старым адзенні, якое зіхацела рознакаляровымі лапікамі. Вось такога мяне, апранутага ў жабрацкае адзенне, і сустрэла аднойчы Ядзя. Пазнала аднавяскоўца, паказала сваім калегам па цэху, распавяла, як мяне, малога, няньчыла і загадала распранацца. За дзве гадзіны швачкі з маіх трантаў стварылі такое добрае адзенне, што я, зірнуўшы ў люстэрка, сябе не пазнаў. На развітанне Ядзя прыгарнула земляка да сябе і наказала, каб заходзіў, не саромеўся і не цураўся. У тую восень 1959 года я ўжо служыў на балтыйскім флоце. Больш са сваёй нянькай не сустрэўся. А Ядзя выйшла замуж за такога ж глуханямога хлопца Сашу.

 Нарадзіла хлопчыка. Але шчасце было нядоўгім. Ад менінгіту сканаў пяцігадовы хлопчык, а затым ад анкалогіі і сама маці. У маёй памяці Ядзя засталася добрым і душэўным чалавекам.

2021

(Працяг глядзець тут.)



НРАВИТСЯ
1
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ