03 апр 2021 в 06:21 — 4 года назад

17. Светлы шлях. ЛІХАЛЕЦЦЕ НАБІРАЕ МОЦ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1259

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

Валова Гара. Як толькі адсвяткавалі Вялікадня 1942 году, магчыма, на чацвёрты дзень да нас завітаў дзед Левановіч з сынам Франікам.

Яшчэ стоячы на парозе, перахрысціліся ды на польскай мове прамовілі фразу:

 - Хрыстос з мёртвых устаў.

 І ім бабуля адказала таксама тры разы:

 - Праўдзівы апостал.

 Затым запрасіла прысесці за стол. Усё гэта я ўжо чуў, калі да нас прыходзіла мая хросная маці Паўліна з бабуляй Левановічыхай. Але тут меркавалася дзелавая размова, бо з’явіўся і дзед Юзік. Ён першым пачаў размову:

 - Дык што, мальцы, будзем рабіць? Вайна – вайной, а што есці будзем? Зноў калгасам, а ці талакой працаваць, а ці паасобку? Я з Балотнікавымі і Сідзякамі меў размову. Неяк усё не па-гаспадарску атрымалася, бо ямы з бульбай сякія-такія вяскоўцы спустошылі зімой дый жыта перавялі на самагон. Не хочуць мае суразмоўцы калгасам працаваць. Вось і з хутару Мар’янова Іван Гардзіёнак пераехаў у вёску, бо надакучылі заўсёдныя лясныя госці, дый небяспечна стала жыць адным у лесе: хто ведае, што ў галаве незнаёмых узброеных людзей. Лепш у маці ў цеснаце жыць, чым у пастаяннай боязі за сям’ю. Стары Левановіч таксама падтрымаў большасць вяскоўцаў, сказаўшы, што яго бацька казаў: паміраць збірайся, а сад садзі і жыта сей. Бачым, як жыццё складваецца: адных людзей мабілізуе на змаганне з бядой, а іншых бэсціць. Будзем змагацца і трэба дапамагчы Міхалавай сям’і. Там зямля пустая – магільны пясок. Пакуль ёсць цягло, адразу пры падсыханні глебы ў першую чаргу пасеем жыта. А пацяплее глеба, тады на сваіх агародах і бульбу пасадзім. Будзем так рабіць, як рабіў Мікола Казлоўскі, а ён сялянскую справу добра ведаў. Хлявы ачысцім пад бульбу, а там, дзе калгаснае бульбянішча было, збожжавыя пасеем.

 На наступны дзень дзед Юзік з дзядзькам Вацікам аглядалі запасы насення. Мяне даверылі даглядаць дзядзьку Броніку. Я найбольш цікавіўся дзедавым катом, вялікім, чорным. Той сябраваў з сабакам Нэркам, бо з дзяцінства разам раслі. Кот мяне цярпеў, але трымаўся на адлегласці. А калі знік сабака, пачаў часта знікаць і кот. Тады каля хаты дзедавы сыны Яська і Фрэдзя часта сталі знаходзіць рэшткі то зайца, то птушак. Гэта цяпер каты круглы год прывыклі марцаваць, а ў той час адгулялі сакавік ды прыступалі да сваёй галоўнай справы – знішчаць мышэй і пацукоў. Здаралася, праўда, што і птушак лавілі, і гнёзды разбуралі, але гэта ў іх спрацоўваў інстынкт драпежнікаў. Паважалі ката і вясковыя сабакі. Абрэхвалі здалёк, аднак блізка не падыходзілі, бо ведалі, што дастаткова аднаго ўзмаху пярэдняй лапы ката, і тыдзень давядзецца залізваць раны, а то і без вока застанешся.

 Знялі мужыкі накрыўку рамоўкі і выграблі адтуль два мяшкі добрых сухіх зярнят. Затым аднеслі ўбок здвоеную рамоўку і пачалі адкрываць чарговую схованку. Як толькі скінулі драўлянае кола, а за ім яловую кару, з саломы выскачылі два вялікія рыжыя пацукі. Маланкай сігануў кот у салому і выскачыў, трымаючы зубамі за каўнер пацука. Наступіў задняй лапай на сярэдзіну жывёліны і амаль адарваў ашчэраную галаву. Пакінуўшы здыхаць пераможанага пацука, кот, стаўшы на край схованкі, утаропіўся ў салому. І як толькі дзед Юзік падняў яе віламі, адтуль выскачыў другі грызун. У імгненне лапа ката з вострымі кіпцюрамі спыніла ўцекача, а зубы ўпіліся ў шыю. Пацучыная кроў пырснула на дзедаў абутак.

 - Бацька, у пацукоў рудая кроў, - заўважыў дзедаў сын Яська. – Ва ўсіх жывёл чырвоная, а тут ні то жоўтая, ні то рудая.

 - А ты, сынок, не здзіўляйся, - адказаў стары. – Такая кроў і ва ўсіх паганых людзей, злодзеяў і забойцаў.

 Пасля гэтай сцэны ў мяне назаўсёды засталося непрыемнае адчуванне, і я без літасці знішчаў пацукоў, вужак ды шэршняў. Вядома, гэта ў дзяцінстве. А калі падрос, дык зразумеў, што мы ўсе, жывыя істоты, з’яўляемся дзецьмі адной маці-прыроды, і ўсім патрэбна месца пад сонцам.

 А лёс ката-паляўнічага быў незайздросным. Двойчы стралялі па ім партызаны, двойчы – немцы. Аднак ён дажыў да перамогі. Толькі ўсё ж гэта быў драпежнік, таму задушыў дзедавага трафейнага труса. Потым сталі ў вёсцы знікаць кураняты. І была пагроза, што хтосьці застрэліць ката – зброя тады мелася ў кожнага падлетка, і небяспека для свойскай жывёліны была рэальнай. Таму дзед Юзік пасадзіў ката ў мяшок і перадаў знаёмаму падводчыку, каб адвёз жывёліну на Бярэзіну.

 Знаёмая жанчына з Рожна потым распавядала, што да іх прыблукаў вялікі чорны кот, прыжыўся ў крайняй хаце, і яго баяліся вясковыя сабакі. А вось што чыніць шкоду, не казала. Бачна, на бедака быў узведзены паклёп, бо за час вайны развялося надта шмат шашкоў, лісіц, каршуноў, а вінаватым зрабілі на самай справе невінаватага ката…

 …Не надта шпарка праходзіла сяўба, бо было малавата цяглавой сілы. На наш край Валовай гары быў добры конік, якога дзед Левановіч своечасова не адвёў у запаведнік, і калгасны конь з нейкай смешнай мянушкай – Курдаляка, які добра брыкаўся але дрэнна цягнуў плуг. Праблему вырашыў дзед Юзік. Бачачы, што прышлыя нарыхтоўшчыкі дроў не надта стараюцца вазіць іх у Лепель, дамовіўся за натуральную плату – добры магарыч і кармленне коней – даць жывёл папрацаваць на полі. Прыехаўшы з рэйсу, мальцы за два адвячоркі, добра накарміўшы коней ячменем з аўсом, апрацавалі ўсё вялікае поле. А калі гаспадары арганізавалі добрае застолле з самагонам, мёдам ды вяндлінай, паабяцалі забаранаваць засеянае поле, а дзеду Левановічу перацягнуць бярвенне на зруб для трысцена сыну.

 Многім вяскоўцам тады дапамаглі дрывасекі-чужынцы, бо коні ў іх былі спраўныя, дужыя, не тое, што калгасныя слабакі. А вось на прысядзібных надзелах пры пасадцы бульбы спраўляліся сваімі сіламі. Вырошчваць далёка ад хат гэтую культуру, лічылі зусім пустой справай, бо дзікі за адну ноч пералапацяць нават вялікае поле, выбраўшы ўсе да адзінага клубня. А бліжэй да сядзібы было і гной вывезці лягчэй, і прасцей выбраць больш урадлівую глебу, дагледзець пасевы. Тым больш, што доглядам агародных раслін займаліся сяляне сталага веку. Так ужо склалася ў вёсцы: не трэба далёка хадзіць, і памочнікі знаходзяцца пад рукой – дзеці, якіх да працы прывучалі з маленства.

 Памятаю, як я з бабуляй Анэтай праполваў цыбулю з памідорамі і пытаўся ў яе:

 - Чаму, бабуля, у мяне рабацінне на твары, а ў цябе на руках?

 - А ты, унучак, як вырасцеш вялікім, дык у цябе рабацінне з твару пяройдзе на рукі, – тлумачыла мне бабуля. - Толькі пераходзіць яно будзе вельмі павольна.

 Я потым глядзеў у люстэрка на шафе і спрабаваў пабачыць, ці далёка зрушылася маё рабацінне.

 Па заканчэнні сяўбы нейкі час, да пачатку сенакосу, вяскоўцы займаліся хатнімі справамі. Як бы адпачывалі, але гэты адпачынак быў чыста ўмоўны. Франік Левановіч сабраў талаку на заканчэнне зрубу хаты і прыбудовы да яе – трысцену. Нарыхтаванае ў лесе бярвенне, як і абяцалі, прывезлі дрованарыхтоўшчыкі. Цяпер цэлы дзень грукалі сякеры. Кіраваў працай Стась Левановіч, а дапамагалі Шуневічы - дзядзькі Вацік і Бронічка, дзед Юзік і старэйшы яго сын Яська. Пад наглядам дзеда Левановіча скаблілі бярвёны падлеткі Фрэдзя і Эдзік Сідзякі, Пятрок Лук’яновіч. Вядома, не абышлося і без нашай “дапамогі”, але хутка дзядзька Вацік зняў дзягу і папярэдзіў, каб нашага духу блізка не было. Дарэчы прыбегла Жэнька Драгун і паведаміла, што адчынілі шлюзы, сышла вада, і рыбы ў ямках і траве безліч. Яна ўжо дамоў аднесла некалькі краснапёрак. У адно імгненне чатырохгаловая каманда кінулася за Жэнькай на вадапой. Не памятаю, каб мы налавілі рыбы акрамя нейкіх малявак-печкуроў ды паўдзясятка калючых ёршыкаў, але вымаклі з ног да галавы, за што атрымалі наганяй ад мацярок. А ўвесь улоў пайшоў на вячэру кату.

 За тыдзень цесляры скончылі сваю працу. Лішнія бярвёны вырашылі распілаваць на дошкі. Дзеля гэтага Стась павінен быў збудаваць два казлы і навастрыць падоўжную пілу. Аднак гэтай задумцы не выпала адбыцца.

 Вечарамі граў гармонік дрывасекаў. Да нас даляталі песні дзевак з вечарынак. Але, як казаў стары Левановіч, у паветры чуўся надыход не лепшых часін. Пахавалі старую Караліху, якая так і не дачакалася свайго Караля. Як села з кійком на прызбу, так больш і не ўстала. Адышла, пакрыўджаная на ўвесь белы свет і пакінуўшы сіротамі чатырох дачок: Адэлю, Франю, Анюту і Ядзю.

 На здымку: дочкі рэпрасаванага  ў 1937 годзе Караля Цяліцы: Ядзя (першая злева), Франя (трэцяя злева). 

 

На здымку: дачка рэпрасаванага ў 1937 годзе Караля Цяліцы Анюта з мужам Раманам Гілеўскім. 

 На Тройцу я заўважыў, што маці мая нейкая дужа занепакоеная, не такая, як заўсёды. Не села за святочны стол, а пайшла чагосьці ў пограб, што быў збудаваны ў дамбе каля вялікага дуба. Ціхенька падышоўшы да дзвярэй, я ўбачыў, што маці плача, седзячы на вядзерцы, у якім узімку выносілі вугалі для лёгкага ацяплення пограба. Прытуліўшы мяне да сябе, ціхенька сказала:

 - Ідзі да братоў, гуляй. Ты нічога не бачыў.

 Аднак на першае пытанне бабулі Анэты, я адразу выклаў усё: дзе быў, што бачыў і дзе маці, бо бабуля раней казала, што Шуневічы сваім родным ніколі не павінны лгаць, паколькі тая мана – вялікі грэх. Вось так па маёй наводцы пачаліся нашы зборы ў дарогу, бо бабуля зразумела, што ў барсукоўскай сям’і нявестчынай маці нейкія непарадкі. Падключылі да гэтай акцыі нават хросную маці Паўліну. І хоць астатнія нявесткі не надта былі задаволеныя мітуснёй падчас святкавання, аднак дапамагалі збіраць нас у недалёкую дарогу. Хутка набралі два вядры бульбы. Баба Левановічыха прынесла вялікі шматок саланіны і глечык з леташнім мёдам. Хросная збегала па алей. Дзед Юзік прыцёг дзікай свежаніны, якую здабыў без ружжа. Праўда, стрэльба ў дзеда была, але ён хаваў яе, бо страляць было небяспечна, дый мальцы маглі нарабіць глупстваў. Таму паляваў паляўнічы па іншаму: навастрыў рыдлёўку, быццам брытву, і ад лесу, дзе былі пасадкі бульбы, увечары прыцэльна прывязваў яе да сагнутай бярозы. Раніцой хадзіў правяраць хітрае прыстасаванне сам ці Яська, яго старэйшы сын. Нядаўна Яська заўважыў выпрамленую спускавую бярозу і крывавы след. Добра, што сам не пайшоў шукаць параненага звера. Ужо з бацькам прайшлі па слядах і амаль каля Разліцця знайшлі падсвінка кілаграмаў на 60. У таго хапіла моцы з рыдлёўкай у баку кінуцца на людзей. Але ўдар доўбняй па галаве дабіў звера. Такім чынам былі ўпаляваныя тры падсвінкі і нават малады лось…

 …Цётка Стася ахвяравала кавалак масла. Два боханы хлеба бабулінай выпечкі дапоўнілі пачастунак. Зірнуўшы на яго, маці засумнявалася, што ўсё можна данесці. Тады дзед Юзік загадаў сынам Яську, Фрэдзю і Бронічку данесці ўсё скрозь Бруснічнае і, не заходзячы ў Барсукі, вярнуцца назад.

 Мальцы з задавальненнем загрузіліся пачастункамі, а маці, нацягнуўшы на мяне бацькаву шапку, чаго патрабавала надвор’е, узяла мяне на рукі і ледзь паспявала за нашымі памагатымі.

 Не прайшло і гадзіны, а мы ўжо спыніліся на ўзлеску перад Цягбіцай. Масток над рэчкай нехта разбурыў, ляжалі толькі тры нятоўстыя жэрдкі.

 У Барсуках была цішыня. Маці скіравала мальцаў з пачастункам да ўзлеску і папярэдзіла, каб не выходзілі на віднае месца, а сама са мной на руках агародамі падышла да бацькоўскай хаты. На вуліцы дзеці гулялі ў пікара, дарослых не было бачна. Да нас падбег Міша Занько.

На здымку: Міша Занько ў 1970 годзе.

 Хлопчык з радасцю павёў нас да бабулі Міхаліны. У хаце ўжо была сабраная радня. Баба Юлічыха чытала малітву, затым пачала спяваць псалмы. Голас жанчыны быў прыгожы, аднак змест спеваў на польскай мове быў мала зразумелы.

 Моўчкі прывітаўшыся з прысутнымі, маці паклікала бабулю Міхаліну. Пашаптаўшыся паміж сабой, мяне здалі пад апеку Мішу, наказаўшы неслуху глядзець за малым, а самі, узяўшы Лёлю, па адной агародам перайшлі да Лядца, дзе іх чакалі мальцы. Падзякаваўшы за дапамогу, жанчыны зноў па адной ужо з пачастункамі вярнуліся дахаты. Вельмі дарэчы быў той невялікі скарб, бо барсукоўцы перабіваліся са шчаўя на рудзьку і шнітку: рулі скончыліся, бульбу калгасныя патрыёты згнаілі, а ягады яшчэ не паспелі. Такі перыяд у вёсках заўсёды быў самы цяжкі.

 Увечары аднекуль вярнуўся мамін брат Адолька, адзіны малец сярод шасці дзевак у вялікай сям’і Юзіка Цяліцы. У размове з бабуляй я чуў, як яна ушчувала сына за сувязь з партызанамі:

 - Ты, сынок, не слухай Гаўрылу, табе ж толькі 18 гадкоў, а на вайне, як вядома, забіваюць людзей. Не дай бог, з табой што здарыцца. Ты ж у мяне адзіны, а вайна – гэта самы жахлівы час. Што мне тады рабіць з гэтым бабскім гуртам?

На здымку: тры дачкі рэпрасаванага і ў 1937 годзе расстралянага ў Оршы  Юзіка Цяліцы (злева направа) Лёля, Зюня і Бынуся. Уверсе аўтар. 

 - Паслухай мяне, мама, - адказваў Адолька. – бацьку забілі невінаватага ў мірны час. Думаеш, што хтосьці пашкадуе мяне сёння? У атрадзе я буду больш абаронены, чым дома. Ты ведаеш, што нават дзядоў забралі на размінаванне дарог? Не пашкадавалі старых. Не даюць сваёй смерцю памерці людзям. Фашысты горш за звяроў.

 Раніцай дзядзька Адолька пачаў збірацца, складваючы ў зрэбную торбу няхітры скарб: запасныя вялікія лапці, падшытыя скурай, ды ніжнюю вопратку. Мяне паклікала маці і ціха спытала, ці згодны я аддаць дзядзьку Адольку бацькаву егерскую шапку. Я катэгарычна запярэчыў, бо абяцаў татку зберагчы яе да яго вяртання з фронту. Тады дарослыя пайшлі на хітрасць і замест таткавай шапкі далі мне будзёнаўку з вялікай чырвонай зоркай, а дзядзька Адолька паабяцаў, што зберажэ шапку і верне мне пасля вайны.

 Цяпер я бегаў па вёсцы ў будзёнаўцы, амаль на здымаючы яе з галавы і дазваляючы прымяраць толькі Мішу. Жыццё мне здавалася амаль бесклапотным, бо ў сям’і заўсёды знаходзілася нешта паесці. А што вайна? Адзіная бяда, якую яна прынесла мне асабіста, дык гэта тое, што бацьку забралі на фронт.

2021

(Працяг глядзець тут.)



Метки: Шуневіч Анатоль

НРАВИТСЯ
5
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





03 апр 2021 в 08:08 — 4 года назад

Все очень интересно. Но с учетом того, что автор "воспоминаний" 1940 года рождения, то не может он помнить события и что кто-то говорил весной 1942 года. Это литературное произведение и его нельзя размещать под видом воспоминаний. Пройдет пару десятков лет и закой нибудь молодой историк из Полоцкого университета на основе публикаций Блукача защитит диссертацию, вот так и пишется история

3


03 апр 2021 в 08:41 — 4 года назад

Swetlana, а вы думали история пишется по другому. Эдвард Радинский "Екатерина подумала - с него получится настоящий полковник" Скоро в учебниках по истории.

2


03 апр 2021 в 10:40 — 4 года назад

У тэкст дадаў здымак Мішы Занько, які сустрэў у Барсуках аўтара і яго маці. Фота зроблена ў Адэсе ў 1970 годзе:

1




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


71-я бродяжья новость. МУХА В БАТОНЕ. Валацуга  — 3 дня назад,   за неделю: 416 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ