Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Продолжение. Начало смотреть здесь, предыдущую часть - здесь.)
Зіма 43-га году выдалася на дзіва снежнай і марознай. І ўжо напачатку снежня ўсе змайстраваныя братамі Левановічамі з Валовай Гары лыжы былі разабраныя. Дзядзька Вацік і дзядзька Бронік Шуневічы пад кіраўніцтвам дзеда Юзіка не паспявалі прывозіць з лесу нарыхтаваныя ўвосень двухмятровыя цюльпакі, з якіх потым майстры вырабілі снегаступы. Такія лыжы не пакідалі значнага следу на снезе, асабліва калі лыжня пятляла па ўскрайку лесу. Ногі лыжніка не правальваліся глыбока ў снег, і чалавек мог рабіць пераходы ў некалькі разоў большыя, трацячы значна менш энергіі.
Хоць “рамы” часцяком і ляталі над Валовай Гарой, але людзі прызвычаіліся ўчасна хавацца. Дарослыя папярэджвалі дзяцей, каб хаваліся ад гуку з неба, бо з самалёту не бачна, хто рухаецца па зямлі: дарослы ці дзіця.
А вось прылёты самалётаў з Вялікай зямлі спыніліся з-за сумётаў, а партызанам патрабаваліся зброя, боепрыпасы, адпраўка цяжка параненых. Параіўшыся паміж сабой, дзед Юзік з пляменнікамі Бронем, Вацікам і сынамі дзеда Левановіча - Франікам са Стасем, прапанавалі начальніку штаба брыгады Дубава прыкатаць пасадачную палосу.
З дапамогай партызанаў і дужых коней кавалярыйскага эскадрону, што знаходзіліся на лясным хутары Мар’янова ў пакінутых хатах леснікоў, прыцягнулі два дубовыя, у два абхопы цельпукі да хаты Левановічаў. У вясковай кузні знайшлі металічныя швораны і загналі іх у торцы цельпукоў, а да выступаючых канцоў прымацаавалі аглоблі. Вось такімі каткамі даволі хутка быў прыцісеуты да зямлі снегавы шарпак на неабходную шырыню пасадачнай палосы. Затым прасам, збітым з трох бярвён, разгарнулі на бакі снегавое крошыва. Праз тры дні з Вялікай зямлі прызямліўся першы самалёт на лыжах. Аэрадром запрацаваў.
І зноў у нашай хаце разбіралі боепрыпасы. Мы з Бронікам, сынам дзядзькі Ваціка, цераз каптур печы з цікавасцю назіралі, як з доўгіх скрынак выцягваюць ПТРы і вялікія да іх патроны, загорнутыя ў паперу ППШа, дыскі да іх і пачкі патронаў.
Раніцой прыбег Казік, сын маёй хроснай Паўліны, і мы ўсёй кампаніяй зазірнулі да сына дзеда Юзіка, Валькі.
Той наперабой з “усяведам” Казікам паведалі, што з ПТРа можна збіць “раму” альбо перабіць гусеніцу танку і нават прабіць бок браневіку. А вось аўтаматы ППШ вельмі капрызныя і пры падзенні могуць выстраліць. А яшчэ ражковыя магазіны больш практычныя за дыскавых не гледзячы на тое, што ў дыскавых змяшчаецца больш патронаў – ражковыя можна трымаць у кішэнях і мяняць падчас бою ўдвая хутчэй. Вядома, што такія звесткі хлопчыкі падслухалі з размовы сваіх старэйшых братоў, а тыя даведаліся ад партызанаў.
Працы ўзімку не так шмат, як улетку, бо, як кажуць старыя людзі, летні дзень год корміць. А ў падлеткаў іншай працы, як нарыхтоўка сушняку на дровы, і не было. Тым і займаліся.
Як толькі пачаліся маразы, ўся дробная жывёла была зліквідаваная гаспадарамі. Частку кароў у першы год вайны забралі немцы, а потым знікла быдла і з пастаўнікоў. Бабуля Анэта шкадавала Малютку, але дзед Юзік супакоіў яе, сказаўшы:
- Усе войны рана ці позна заканчваюцца. Галоўнае – зберагчы сябе. А жывёлу нажывём.
Кароў партызаны прыганялі. Казалі, што ў немцаў адваявалі падчас разгрому гарнізонаў. На дамбе, паблізу калавуркі, каля сцяны казённай кухні абсталявалі бойню. Кіраваў забойствам чалавек з Таронкавічаў ці з Валосавічаў. Яму дапамагалі двое партызанаў і хтосьці з бежанцаў. Сярод забойцаў круціўся хлопчык у чырвонай вопратцы і ваўняным кажушку. Бронік сходу назваў яго “Гілёк”. Так называлі прылятаючых на зімоўку птушак з чырвонай грудкай, крыху большых за вераб’ёў. Гілёк здалёк назіраў за нашымі гульнямі, але блізка не набліжаўся.
У марозныя дні мы сядзелі на печы, а вось у адлігу нас выпускалі з хаты. Тады ляпілі снегавікоў, кідаліся снегавымі камякамі. Аднойчы Гілёк падышоў да нас, і Бронік прапанаваў надаваць таму бухлякоў. Але Казік параіў спачатку пагутарыць з хлопчыкам і спытаў:
- Хто ты такі?
- Я Васька, - адказаў самотнік.
З далейшай размовы з ім мы даведаліся, што галоўным нарыхтоўшчыкам ялавічыны для партызанскай кухні з’яўляецца яго татка, а маці і бабулю застрэлілі паліцаі - нехта ім падказаў, што яго бацька стасуецца з партызанамі. Калі прыйшлі ў двор, маці паспела на печы схаваць Ваську пад кажушок, і яго не заўважылі. Потым Гілька прытулілі суседзі. А паліцаі, вярнуўшыся з суседняй вёскі, і хату спалілі. Цяпер у Ваські з бацькам няма жытла і заставацца ў вёсцы немагчыма, бо можна падвесці сваякоў. Татка сказаў, што ў вёсцы завёўся “пацук”, якога ён абавязкова знойдзе.
Мая маці і цётка Агнеша вельмі расчуліліся і папярэдзілі, каб мы не крыўдзілі хлопчыка, бо без маці яму вельмі цяжка жыць. Раніцой мая маці паклала мне ў кішэню пакуначак і сказала, каб Васька яго перадаў свайму татку, і пра гэта – нікому ні слова.
На наступны дзень Гілёк прыйшоў пазней звычайнага і, неяк вінавата гледзячы, спытаў:
- А ці можна зайсці да вас у хату?
Вядома, што адмовіць у такой дробязі не прыйшло нікому з нас у галаву, і мы ўсёй гурбой зайшлі ў сені, а затым адчынілі дзверы ў нашу хату. На шум выйшла бабуля Анэта і спачатку паўсчувала нас, што не абтрэслі з сябе снег, а потым загадала распрануцца і лезці на печ грэцца, бо на вуліцы было вельмі марозна. Магчыма, гэта было ў Піліпаўку, бо вечарамі чулася воўчае выццё, і не па сабе рабілася ад такога шматгалосся, а дзед Юзік неяк аднойчы сказаў, што ежы поўна ў лесе, таму і развялося шмат драпежнікаў.
Наш новы знаёмы чамусьці не скінуў кажушок, а падышоў да бабулі Анэты і сказаў, што яго татка падзякаваў за пачастунак і перадае вось гэты падарунак. Васька адкінуў крысо кажушка і падаў штосьці ў зрэбнай торбе. Потым бабуля, загнаўшы нас на печ, доўга аб нечым гутарыла з Васькам. Калі прыйшлі мая маці і цётка Агнеша, то бабуля выказала меркаванне, што гэты хлопчык перажыў такое, што і ворагу не пажадаеш, а яго разважанні, можа, разумнейшыя, чым у многіх дарослых, хаця ён усяго на два гады старэйшы за нас, дуронікаў. Заўсёды беражлівая бабуля насыпала поўную бляшанку солі, калі хлопчык сабраўся да свайго часовага месца жыхарства.
Увечары прынеслі каравульным вячэру. Пакаштаваўшы страву, мальцы адмовіліся ад ежы, а павячэраць вырашылі сухарамі з кішэняў і саланінай. Запараная ж ячная каша з бульбай і мясам была не пасоленая, да таго ж застылая на марозе. Бабуля сыпнула ложку солі ў посуд з кашай, дадала нейкіх прыпраў і, добра памяшашўшы, паставіла ў добра натопленую печ. Праз нейкі час каша стаяла на загнеце, а па хаце распаўсюдзіўся прыемны пах добрай стравы. Партызаны ўмомант спусташылі свае міскі, хапіла павячэраць і нам. А адзін з партызанаў сказаў:
- Ну, цётухна! Ну, чараўніца!
Астатнія толькі рукі развялі ў знак згоды.
А бабуля Анэта заўважыла, што ў вайну заўсёды соль даражэй за золата.
На наступны дзень зранку мая і Бронікава мацяркі атрымалі ад бабулі загад перабраць у склепе бульбу, асобна засыпаць у малы катух сеянку, у вялікі – для сябе. А ўсю паранку ды лішкі затарыць у мяхі і адвезці бежанцам ці партызанам з умовай, што тара будзе вернутая. Найшлася справа і дзядзьку Броніку. Бабуля загадала яму на санках адвезці мяхі з бульбай да хаты лепельскага паліцая Яські Мацкевіча, дзе жывуць бежанцы, і растлумачыла, што малец учора распавёў, што там яны вараць шалупінне, праціраюць праз рэшата і, пераварваючы з нейкім дамешкам, ядуць, а ў нас ёсць такія-сякія рэшткі гародніны.
- Бежанцы ж - нашыя людзі ў вялікім няшчасці. Яны пазбаўленыя ўсяго, - бедавала бабуля Анэта. – Толькі адно жыццё ў іх і засталося. Дый што яшчэ ўсіх нас чакае, аднаму богу вядома.
Пад вечар да нас забег Фрэдзя, сын дзеда Юзіка.
Ён распавёў, што вяскоўцы заварушыліся і таму забяспечваюць бежанцаў і партызанскую кухню гароднінай і бульбай, дый жорны працуюць па ўсёй вёсцы – зерне партызаны аднекуль прывезлі. Кажуць, што недзе нямецкі склад захапілі.
Бежанец Васька-Гілёк цяпер стаў паўнапраўным удзельнікам нашай каманды. Вось толькі Жэнька Драгун неяк аддалілася. А мы больш слухалі Казіка ці новага сябрука. Ад апошняга мы даведаліся, што яго бацька хадзіў да начальніка штабу брыгады, каб яго ўзялі на заданне, але яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ў таго і так важная справа – кароў рэзаць на стол партызанам, што рабіць не кожны здолее, да таго ж няхай падумае аб сыне. А што тут думаць, калі хочацца адпомсціць фашыстам?
За такую інфармацыю мы сталі сапраўды паважаць Ваську-Гіля, бежанца і сына партызанскага памочніка. І неяк неўпрыкметку для валавагорскай дятвы ён стаў у доску сваім мальцам.
2022
(Працяг глядзець тут.)
НРАВИТСЯ 12 |
СУПЕР 2 |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |