11 фев 2016 в 05:59 — 9 лет назад

179. НАЗВЫ РЭК І АЗЁР ЛЕПЕЛЬШЧЫНЫ. Супіталёў Андрэй

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 4526

 Нарадзіўся ў 1982 годзе ў вёсцы Старое Сяло Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова па спецыяльнасці “Гісторыя і нямецкая мова”. Працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў школах Бялыніцкага раёна. Працуе намеснікам рэдактара раённай газеты "Зара над Друццю" (Бялынічы). Даследуе тапанімію і гідранімію раёна і сумежных тэрыторый (Бярэзінска-Друцкага краю). Да сфер цікавасці аўтара таксама адносяцца традыцыйная народная культура, каменная спадчына краю, міфалогія, старажытная гісторыя Беларусі, этнічная гісторыя. У краязнаўчай рабоце прытрымліваецца прынцыпу: "Праз малое расказваць пра вялікае".

 Назвы рэк і азёр, ці гідронімы, з’яўляюцца вельмі старажытнымі. Большасць з іх змяняліся падчас міграцыйных і этнічных працэсаў. Прычым іншы раз да непазнавальнасці, таму практычна для кожнага гідроніма магчыма адшукаць некалькі этымалагічных тлумачэнняў. Пры гэтым існуе першасная ўнутраная форма, хоць далёка не заўсёды вызначальная. Толькі супастаўленне назваў водных аб’ектаў і геаграфічных тэрмінаў на розных тэрыторыях еўразійскай прасторы дазваляе меркаваць аб іхняй першапачатковай форме.

 Справа ў тым, што ў старажытнасці існаваў зыходны запас гідранімічных асноў, якія перадаваліся ў кантактных зонах ад народа да народа, з мовы ў мову на працягу многіх стагоддзяў. Вось чаму падобныя гідронімы і геаграфічныя тэрміны сустракаюцца ў розных рэгіёнах Еўропы і Азіі сярод народаў з розных моўных сем’яў.

 ОЧ, ВОКАНА

 Назву возера Оч можна суаднесці з такімі гідронімамі як Ачэса ў басейне Сожа, Лучэса ў басейнах Сожа і Заходняй Дзвіны, Ачыжа ў басейне Бярэзіны, Ака (прыток Волгі).

  У аснове ўсіх пералічаных вышэй назваў ляжыць гідранімічны корань *ak-, які ўзыходзіць да агульнай індаеўрапейскай эпохі і мае вялікую колькасць вытворных. Напрыклад, можна прыгадаць гоцкае ahva “рака”, лацінскае aqua “вада”, латышскае aka “крыніца”, “калодзеж”.

 Балцкаму тэрміну aka адпавядае славянскі геаграфічны тэрмін акно, які ўжываецца ў значэнні“возера”, “адкрытае месца на балоце ці возеры, не парослае расліннасцю”, але таксама і “яма на балоце”, “дрыгва”. У некаторых мясцовасцях у гэтым жа сэнсе распаўсюджаны тэрміны глазина, глазник, якія збліжаюць паняцці акно і вока. Такая ж сувязь прасочваецца таксама ў іншых мовах: напрыклад, армянскае акн – “вока”, але і “крыніца”.

 Такім чынам, гідронім Оч праз паняцці вада/акно/вока азначае проста возера. Калькай гэтай назвы з’яўляюцца таксама азёры Аконнае, ОКАНА (ВОКАНА).

 СВЯДЗІЦА, СВІЖ, ПОЎСВІЖ

 Рака Свядзіца мае блізкія адпаведнікі як у розных кутках Беларусі, так і за яе межамі: Сведзь (варыянт Свяда), Свеса (варыянт Свіза), Света, Свідзера, Свідня ў басейнах Бярэзіны-Дняпроўскай, Прыпяці, Акі і Дзясны.

 У назве прадстаўлены даволі распаўсюджаны гідранімічны корань свяд- з базавым значэннем “вада”. Яго фанетычнымі варыянтамі з’яўляюцца асновы свід-, свед-, свіж-, свіш-, а без пачатковага гука [с] –вят-, вяч-, вiт-,вiз-,вiж-, вiс-, вiц-, вiш- і іншыя. Цікава, што і ў некаторых фiна-ўгорскiх мовах “вада” гучыць падобна: весi, вiз, вiт. Такім чынам і Свядзіца, і возера Свіцязь, а таксама рэкі Вiцьба, Усвятка, Вясея, Iвесь, Віць, Вята, Вяча, Вiша, и многія іншыя фактычна абазначаюць адно i тое ж – вада...

 У сваю чаргу, абапіраючыся на меркаванне вядомага беларускага даследчыка тапанімікі А.Ф. Рогалева, можна “канкрэтызаваць” значэнне гідроніма Свядзіца. Адна з рачулак ў басейне Прыпяці – Свідаўка – мае паралельную назву Балотніца, якую адлюстоўвае “пераклад” больш старажытнай і “цёмнай” першапачатковай назвы. У такім выпадку, назву Свядзіца магчыма трактаваць як “рэчка, якая працякае па балоцістай нізіне”. У пацверджанне гэтай высновы Аляксандр Рогалеў прыводзіць прыклад этымалогіі тапоніма Нясвіж: спалучэнне адмаўлення не- і кораня свіж- у назве паселішча ў значэнні “не багністае месца”, “не балота”.

 На Лепельшчыне рака СВІЖ упадае ў возера ПОЎСВІЖ.

 НЕКАЛАЧ, НЕСІНА

 Цікава адзначыць, што ў гідраніміі Лепельшчыны таксама сустракаюцца назвы з элементам адмаўлення. Напрыклад, назва возера Некалач утрымлівае індаеўрапейскі корань кол-, для якога, у тым ліку, былі ўласцівыя значэнні “гнуць, згінаць”, “рухацца, цячы, плыць”. Прыстаўка не- у назве Некалач паказвае на адсутнасць руху, таму гэты гідронім неабходна трактаваць як “возера са стаячай, нерухомай вадой”.

 Такім жа чынам магчыма трактаваць і назву возера Несіна: не- + сін-. Гідрааснова сн/хн/цн суадносіццаз іранскім геаграфічным тэрмінам “хон” – “крыніца”, старажытнаіндыйскім “снауці” – “сочыцца, цячэ”або комі “сін” – “крыніца на дне вадаёма”. У сваю чаргу назва возера Цеклиц, наадварот, указвае на наяўнасць вадацёку, які ўпадае ў возера і прыводзіць яго ваду ў рух.

 ВЯЛІКІ і МАЛЫ ГОГАЛЬ, УЛА

 Гідронімы звычайна маюць некалькі напластаванняў: першы план –верхні, пераасэнсаваны, другі – глыбінны, першапачатковы ці больш ранні. Такая складаная структура вельмі добра прасочваецца на прыкладзе назвы возера Гогаль, якое ў выніку пераасэнсавання стала атаясамляцца з назвай птушкі ці нават з прозвішчам вядомага пісьменніка. Аднак у гідроніме прадстаўлены дзве асновы: гог- + -оль.

 Першую частку можна супаставіць з геаграфічнымі тэрмінамі: хантыйскае когу, когэ – “дрыгва, топкае балота”, карэльскае когва – “наледзь”, армянскае гог – “заліў”.

 Другая аснова ўтрымліваецца ў гідронімах тыпу Ола, УЛА, а таксама супастаўляецца са словамі ел – “крыніца” і ёль – “лясны ручай, рэчка”, якія ўжываюцца адпаведна ў хантыйскай і комі мовах. Аб сувязі з вадой таксама ўскосна сведчыць украінскае слова гоголіти –“блішчэць, свяціцца (аб вадзе)”.

 Такім чынам назва Гогаль таксама мае водную этымалогію.

 У якасці заключэння

 Відавочна, што большасць назваў рэк утварылася ад каранёвых асноў або слоў са значэннем “вада”, “плыня”, “рака”. Некаторыя гідронімы ўзніклі ў выніку зліцця дзвюх такіх асноў: “вада-вада”, “рака-рака”. Такое магчыма ў выпадку, калі новыя насельнікі краю ўспрымалі папярэдняе найменне як цьмянае, незразумелае, таму і дадавалі да яго тлумачальны тэрмін у значэнні “вада”, “рака”.

 Словы, ад якіх утварыліся першапачатковыя назвы рэк, з цягам часу перасталі ўжывацца, сталі незразумелымі для носьбітаў жывой мовы. Таму найменні многіх вадаёмаў былі імі пераасэнсаваны, “падагнаны” да зразумелых і сугучных слоў. Некаторыя ж гідронімы, напрыклад, Свядзіца , такі лёс абмінуў, і яны ўжываюцца як традыцыйныя гукавыя комплексы без відавочнага сэнсу.

Напісана ў 2016 годзе.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





11 фев 2016 в 23:26 — 9 лет назад

А Эса?



12 фев 2016 в 08:29 — 9 лет назад

Эса - ад балтскага слова "брод". Так лічаць у Лепелі. Можа спадар Супіталёў удакладніць? Ды і Лепельскае вадасховішча ў даўніну звалася возерам Лепель. Так мне казаў археолаг Міхась Чарняўскі, нябожчык. Ці "жоўтыя гарлачыкі" з літоўскай мовы перакладаецца назва нашых горада і возера, як прынята лічыць афіцыйна?



12 фев 2016 в 12:46 — 9 лет назад

У прынцыпе Эса азначае тое ж самае - "вада", "рака". Гідронім можна супаставіць з назвамі Уса, Уша, Уча і г.д. Калі адкінем пачатковы гук "э", то застанецца аснова са, якая часта сустракаецца ў назвах рэк у якасці фармантаў. Напрыклад, Домса. Такі фармант некаторыя даследчыкі лічаць указаннем на балцкае паходжанне гідронімаў. Пра возера Лепель і іншыя назвы напішу ў наступным артыкуле.



12 фев 2016 в 12:50 — 9 лет назад

Дарэчы, фоткі да артыкула вельмі файныя. Фатографу рэспект. Отлично



13 фев 2016 в 09:45 — 9 лет назад

Андрей, калі не цяжка і ёсць магчымасть, напішы пра паходжанне назвау: Клеманцова,Сызаушчына,Караевічы, Іконкі, Дварэц, Матырына, Будішчы, Чэрцы, Гадзіуля,Свяда.



15 фев 2016 в 09:26 — 9 лет назад

Марцін, калі наўскідку, то Клеманцова, Сазаўшчына, Караевічы і Чэрцы - гэта назвы, якія ўтварыліся ад імені, мянушкі ці прозвішча заснавальніка або ўладальніка. Клеманцова, напэўна, ад Клімент, Сазоўшчына - Сазоў. Карачаевіцы - ад назвы нашчадкаў чалавека па імені Карачай. Чэрцы - калектыўная назва. Магчыма, у паселішчы пераважалі сем´і з такім прозвішчам, якое, верагодна, ад мянушкі Чарэй. Такая мянушка адзначана ў даведніках, але яе паходжанне цьмянае. Назва Дварэц азначае, што ў гэтым паселішчы некалі быў панскі маёнтак або двор. У Буднішчы некалі была буда - прадпрыемства, на якім у 15-19 ст. у спецыяльных печах буднікі выпальвалі драўляны вугаль, выраблялі паташ, гналі смалу, дзёгаць. Гэта калі ў агульных рысах. Назвы Іконкі і Гадзіўля трэба больш часу, адразу і не скажу. Пра Свяду я пісаў у артыкуле вышэй. Матырына, відавочна, звязана з назвай возера. У Тамбоўскай вобласці ёсць рака з такой назвай. Я зараз асноўную ўвагу ўдзяляю даследванню назваў рэк і азёр, таму тапонім Маторына паспрабую разгледзіць у наступных артыкулах.



15 фев 2016 в 12:53 — 9 лет назад

Андрей дзякую.



15 фев 2016 в 15:47 — 9 лет назад

паважаны сп. Блукач Валацужны, паходжанню назвы Лепель мяркую прысвяціць наступны артыкул. Калі, канечне, грамада не супраць. Улыбаюсь



15 фев 2016 в 21:06 — 9 лет назад

Грамада не супраць.





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 236 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ