28 апр 2016 в 07:10 — 8 лет назад

218. ШТО Ў ІМЕНІ ТВАІМ, ЛЕПЕЛЬ? Супіталёў Андрэй

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 11, всего: 2284

Звесткі аб аўтары тут.

 Мясцовыя жыхары, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю, добра ведаюць пра перамяшчэнні назвы Лепель з месца на месца. Прычым першапачаткова найменне ўзнікла для пазначэння не паселішча, а возера. З цягам часу роля населенага пункта на возеры павялічылася, і менавіта ён стаў галоўным арыентырам у мясцовай сістэме каардынат, таму назва Лепель пачала атаясамляцца ў першую чаргу з ім. А возера, як другасны арыенцір, атрымала новае імя – Лепельскае. Відавочна, каб разабрацца з назвай сучаснага горада, у першую чаргу трэба высветліць паходжанне гідроніма Лепель.

Паміж вольхай і белым гарлачыкам

 Беларускі тапаніміст А.Ф. Рогалеў у сваёй кнізе “Назвы Бацькаўшчыны (Тапанімія Беларусі)” прыводзіць шэраг версій, якія робяць магчымым тлумачэнне назвы Лепель на балцкім, фіна-вугорскім і славянскім моўных матэрыялах.

 Улічваючы, што да асваення краю славянамі тут жылі балты, назву можна суаднесці з балцкім словам liepa – “ліпа”. У такім выпадку Лепель – гэта “возера ў ліпавым лесе”. Слынны нямецкі этымолаг Макс Фасмер прапанаваў тлумачыць паходжанне назвы ад латышскага слова lepa – “белы гарлачык” ці літоўскага lepis – “балотны капытнік”.

 Аляксандр Рогалеў таксама даводзіць, што на Віцебшчыне налічваецца нямала геаграфічных назваў бясспрэчна фіна-вугорскага паходжання. Таму лічыць магчымым звязаць найменне Лепель з карэльскім словам леппа – “альха”, якое таксама параўноўвае з рускім дыялектным лепешняк – “алешнік”.

 Корань леп- прысутнічае і ў беларускіх словах лепей, лепшы. У старажытнарускай мове слова лепый мела значэнні “прыгожы”,

“добры”, “выдатны”. Маўляў, славяне-першапасяленцы, уражаныя навакольнай прыгажосцю, маглі пераасэнсаваць старажытную назву Лепель як “прыгожае, добрае возера”.

Спачатку была…вада

 Спробы звязаць назвы рэк і азёраў з блізкімі словамі з балцкіх ці фіна-вугорскіх моў на той падствае, што гэтыя народы некалі з’яўляліся насельнікамі нашай зямлі, зразумелыя. Але, лічу, што яны павінны ўспрымацца як верхні, пераасэнсаваны лексічны пласт у структуры назвы. Асабліва гэта датычыцца такіх вадаёмаў, як возера Лепель, сляды пражывання людзей на берагах якога фіксуюцца з глыбіні стагоддзяў. Тым больш, што многія з прапанаваных для тлумачэння назвы слоў характарызуюць раслінны свет вадаёма і самі этымалагічна звязаны з семантычным полем вады.

 Таму самы час звярнуцца да лінгвістыкі. Аказваецца, адным са значэнняў старажытнага кораня *lep-, які ляжыць у аснове назвы возера, было: вільгаць, быць сырым, мачыць. Гэты факт праяўляецца, напрыклад, у лацінскім lippus – “слёзацечны”, грэцкім lipos – масла.

 Калі закрануць міфалагічны аспект пытання, то вада - гэта галоўная крыніца жыцця, уяўлялася старажытным людзям як згінанне, пляценне. Згінанне ў старажытнасці лічылася праявай божай, чароўнай сілы і было ўласціва ўсім першаэлементам: “пляценне” вады, “пляценне” языкоў агню і г.д. Таму адзін і той жа корань азначае “гнуць”, “гарэць”, “ліць, вільгаць” і г.д. Такія ідэі пацвярджаюцца фактамі некаторых індаеўрапейскіх моваў, што пераканаўча абгрунтаваў у сваіх працах расійскі лінгвіст Марк Макоўскі.

Метатэза ў дапамогу

 Многія гідронімы, якія падаюцца рознымі, насамрэч толькі вонкава адрозніваюцца адзін ад аднаго, але рэальна маюць агульную каранёвую аснову ў некалькіх гукавых варыянтах.

 Да адной з такіх фанетычных з’яў, якая ўплывае на структуру кораня, належаць метатэза – узаемная перастаноўка гукаў або складоў у слове. Напрыклад, далонь – ладонь, лепесток – пялёстак.

 У нашым выпадку супастаўленне каранёў *lep-/*pel- дазваляе значна пашырыць межы пошуку блізкіх да назвы возера Лепель адпаведнікаў. Да іх адносяцца азёры Пелік у Барысаўскім і Пеліканы ў Браслаўскім раёнах, рэкі Лепля, Пеля і Пелька ў Расіі. Да пераліку можна дадаць беларускія рэгіянальныя геаграфічныя тэрміны пеля, пелька “балота”, “частка ракі, якая зімой не замерзла”, “невялікі прыродны вадаём са стаячай вадой”, якія суадносяцца з літоўскім pelke – “балота”, лацінскім pelce – “лужа”.

 У паважанага чытача, напэўна, узнікла слушнае пытанне: дык як, усё ж такі, выбраць з усяго прапанаванага пераліку версій адну, самую правільную. Хутчэй за ўсё, гэта проста немагчыма. На мой суб’ектыўны погляд відавочна адно: назва Лепель вельмі старажытная, а таму ў яе аснове ляжыць слова з базавым значэннем “вада”. А кожны народ, які пераймаў гэту назву ад сваіх папярэднікаў, прыстасоўваў яе да ўласнай мовы і бачання рэчаіснасці, напаўняў блізкім для сябе сэнсам. Бо для людзей, як пісаў некалі слынны савецкі лінгвіст і тапаніміст Уладзімір Ніканаў, істотна не этымалогія, якая за даўнасцю гадоў цалкам страчана, а тыя жывыя асацыяцыі, што назва выклікае ў кожнага сёння.

Напісана ў 2016 годзе.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





28 апр 2016 в 07:23 — 8 лет назад

Спадар Андрэй, я нарадзіўся ў Верабках (бацькава вёска), але маё дзяцінства ў асноўным праходзіла ў Гадзіўлі (матчына вёска). Я ненавідзіў апошнюю назву, лічыў яе паходжанне ад словаў "гад" альбо "гадзіць", "гадзюка". А маці старалася змяніць маю думку наступным чынам: "Пад тваёй нататкай у піянерскай газеце "Зорька" пастаўлены подпіс "Уладзімір Шушкевіч. Вёска Гадзіўля Віцебскай вобласці", і допісы дзяцей з Балгарыі пошта дастаўляе табе. А каб стаяў подпіс "Уладзімір Шушкевіч. Вёска Слабада Віцебскай вобласці", цябе б пошта ніколі б не знайшла сярод дзесяткаў Слабод Віцебшчыны. Наша вёска адзіная ў свеце мае такую назву, а таму яна самая лепшая". Але да гэтага часу ніхто не ведае паходжання яе. Ці дапамаглі б.



28 апр 2016 в 11:48 — 8 лет назад

Андрэй, а можа санскрыт дапамажа знайсці першапачатковы сэнс слова Лепель?



28 апр 2016 в 14:13 — 8 лет назад

Паважаны Блукач Валацужны, канечне, паспрабую адшукаць інфармацыю пра паходжанне назвы вёскі Гадзіўля.



28 апр 2016 в 14:15 — 8 лет назад

Марцін, а чаму менавіта санскрыт? Даследванні М. Макоўскага, якімі я карыстаюся, закранаюць таксама і старажытнаіндыйскую мову - адну з многіх індаеўрапейскіх моў.



28 апр 2016 в 23:54 — 8 лет назад

Таму што ёсць меркаванне,што усе індаеўрапейскія мовы выраслі з санскрыта; і, магчыма, слова Лепель узнікла у часы, калі не было іншых моў акрамя санскрыта.



29 апр 2016 в 16:37 — 8 лет назад

Марцін, зразумела.





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 5 дней назад,   за неделю: 391 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ