06 авг 2016 в 23:27 — 8 лет назад

281. ПА ЧАРНІЦЫ З МІХАЛОВА Ў НЯМІРАЎ ЛЕС. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1589

Звесткі пра аўтара тут.

 Бягу да бабы Пракопіхі. Здалёк бачу: матацыкл на дарозе стаіць, значыць, цётка Люба прыехала з дзядзькам Паўлам, во, не дарэмна іду. Залятаю ў хату, а тут усе сабраліся, і, галоўнае, Наталка прыехала, мая сястрычка стрыечная, нагаворымся… Дзед смяецца: лёгкая на згадку, а цётка Тамара з парога агарошвае пытаннем:

 - Ягад хочаш?

 Не, кажу, я малін наелася. А цётачка ізноў:

 - А чарніц?

 Ага, адказваю. А цётка:

 - Ну, дык у лесе.

 Кручу галавой: у якім лесе? Бабуля Марыя за мяне заступаецца:

 - А не дурыце вы дзяўчынцы галаву.

 Дзед Пракоп падхоплівае:

 - Не слухай гэтых дурніц, дзетка, слухай дзеда. Заўтра пойдзеце ў Няміраў лес чарніцы збіраць.

 Лес. Які лес? Няма ў нас тут лесу, як я вучылася ў першым класе ў Заслонаве, там быў лес, і ён называўся Віткаў. А гэта ўжо іншы? Другі, іншы.

 І вось зноў раніца. Едзем на брыцы, цётка Люба, цётка Тамара (гэта па ёй мяне назвалі), ейная сяброўка Каця Лісунова, ну і мы з Наталкай. Дзед давозіць нас толькі да рэчкі, а потым нам трэба ісці бродам, а вечарам зноў забярэ.

 Здымаем гумовыя боты, шкарпэткі, закасваем штаны, першая цётачка Люба, за ёй Наталка і я, тады цётка Тамарка з Кацяй. Ступіўшы ў ваду, войкаю, халодная, але ж усе ідуць, іду і я. Як іду, адной рукой учапілася за Наталку, другой за цётчыну, баюся, там нехта па нагах бегае, зараз укусіць. Але маўчу, калі Наталка не баіцца, а яна ж за мяне малодшая, буду цярпець. Тым больш ужо і бераг блізка. Фу, перайшлі раку! А нічога страшнага, аказваецца, ніхто нікога не з’еў, усе жывыя, здаровыя. Страхаццё наперадзе, вунь стаіць цёмнай сцяной. А там жа, можа, і ваўкі водзяцца?

 Спачатку ідзём дарогай, збоку нейкая вёска відаць, мы – міма яе, і вось уступаем у гэтак таямнічае лясное княства. Дрэвы высокія і скрыпяць чамусьці. Можа паваляцца зараз, уцякаць трэба?

 Але ж ізноў маўчу, Наталка ідзе, і руку цётаччыну кінула, і маю кінула, ужо нешта ў траве знайшла, грыбок, во спрытная якая, а я дык нічога не бачу. Руку цётаччыну не выпускаю, яна смяецца:

 - Ну, так і будзем з табой хадзіць, а хто ж ягады збіраць будзе?

 Ай, не хачу я ўжо і ягад тых, хачу дахаты. Але ўжо спыняемся, прывязваюць яны вядзерцы да пояса, у Наталкі конавачка, а ў мяне маленькі бітончык, таксама прывязалі, збірай.

 А што збіраць? Сунічка з малінкай чырвоненькія, іх бачна добра, а дзе тут тыя чарніцы? А ўсе ўжо сагнуліся, толькі рукі мільгацяць. Ну, было, не было, нагінаюся і я, разводжу кусточак, а там ягад аж чорна. Хапаю хутчэй ды ў рот. Смачна, яшчэ жменьку ды ізноў у рот, і зноў у рот, а ў бітончыку - пуста. Не, так нельга, чаргаваць буду: адну ў рот, дзве ў бітончык. Во, цяпер добра, дно захінула. Пайшла справа…

 Забылася і на ваўка, і на дрэвы, што могуць паваліцца , і снуюць мае маленькія ручкі між чарнічных дудак, увечары буду частаваць бабу Проску з Валерыкам.

 І кудысьці знік мой страх, а і чаго баяцца? Усе тут, побач, і ў лесе пасвятлела, а скрозь шаты неба сінюткае бачнае, ды сонейка ззяе. Ужо і горача робіцца, хусцінку з галавы далоў. Ах, як хораша, а прыгажосць якая, а водар дзіўны які, дыхаю, убіраю ў сябе і смяюся ад радасці. Дык вось ты якІ, Няміраў лес!

 А цётачкі расклалі ўжо ежу на хусцінках, клічуць мяне, а пра што вы гавораце, я ягад наелася. Смяюцца, бачна, што не галодная, рот вунь які чорны. Смяюся і я з іх: на сябе паглядзіце, і рагочам усе разам, паказваючы адзін на другога.

 І весела мне, і зусім не страшна. Дрэвы стаяць ды злёгку пагойдваюць вершалінамі, запрашаюць прыходзіць да іх часцей, і я абяцаю, што прыйду яшчэ.

 Збіраемся дахаты, але ж у мяне бітончык няпоўны, я не пайду. А трэба ісці, бо там жа дзядуля чакае. Што рабіць? Ну, дык жа ў мяне дзве цётачкі ёсць, перазіраюцца між сабой ды бухаюць у мой бітончык ягад, аж каптурок атрымаўся, завязваюць хусцінкай, каб не рассыпаць па дарозе.

 Да пабачэння Няміраў лес, да новай сустрэчы! Дзякуй табе за тваё хараство!

 Напісана ў 2016 годзе.



Метки: Лисичёнок (Гурко) Тамара

НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ