Звесткі пра аўтара тут.
Калі вельмі ўважліва вывучаць тапаграфічную карту Лепельшчыны, то можна заўважыць, што яе тэрыторыя скрозь пакрыта густой сеткай звілістых сініх стужачак. Гэта рачулкі і ручаі сілкуюць сваімі водамі значныя водныя артэрыі, такія як Ула і Эса. Паколькі ў даўнія часы водныя аб’екты адыгрывалі вялікую ролю ў паўсядзённым жыцці людзей, кожная нават невялікая рэчка мела сваё непаўторнае і прыгожае імя.
На вялікі жаль, людская памяць скрозь стагоддзі не данесла да нашага часу назвы большасці з іх, таму і застаюцца яны безыменнымі. Адна з такіх рэчак-невялічак бярэ пачатак у возеры Чэрцы, ля вёскі з аднайменнай назвай. Сёння мала хто здагадваецца, што мелірацыйны канал, які выцякае з возера, ёсць не што іншае, як змененае рэчышча старажытнай ракі. Жыхары навакольных вёсак памятаюць яе яшчэ не кранутай рукамі чалавека. Менавіта дзякуючы ўспамінам старажылаў, да людзей прыйшло ўсведамленне вялікай гістарычнай значнасці наваколляў ракі і дало штуршок для даследаванняў.
У першую чаргу трэба было даведацца назву ракі, але гэта было не проста зрабіць. У віхуры будзённай мітусні за апошняе стагоддзе яна не захавалася ў памяці жыхароў тых паселішчаў, паўз якія пралягло рачное рэчышча. Давялося звярнуцца да гістарычных крыніц і старых картаў. Гэта прынесла станоўчы вынік. Адна з першых згадак ракі пад назвай Таўпянская ці Таўпянка адносіцца да 1867 года. Пад назвай Таўпянка пазначана яна і на карце канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. У пазнейшыя часы гэтая назва таксама неаднаразова згадваецца ў пісьмовых крыніцах.
На працягу дзесяці кіламетраў Таўпянка нясе свае воды ў Улу. Невялікія вёсачкі амаль ушчыльную прытуліліся да вады па абодва яе бакі.
Таўпянка бярэ пачатак у паўночнай частцы возера Чэрцы.
Цячэ ў паўночна-ўсходнім накірунку. У другой палове 1980-х гадоў у выніку меліярацыйных работ рэчышча, пачынаючы ад вытоку і да перасячэння з чыгуначнай магістраллю Орша – Лепель, было спрамлена.
У самым пачатку Таўпянка цячэ ў шырокай пойме, якая калісьці з’яўлялася працягам возера. Паступова пойма звужаецца, забалочаныя тарфянікам берагі саступаюць месца стромкім пагоркам. На адным з іх, па левы бок, размяшчаецца вёска Юндзілаўка.
На супрацьлеглым беразе амаль наўпроць Юндзілаўкі ў пачатку ХХ стагоддзя існаваў фальварак Гушчына. У народзе да сёняшняга дня захоўваецца назва гэтага ўрочышча як Лапэшчына. Нібыта жыў тут чалавек па прозвішчу Лапэцкі. З усталяваннем савецкай улады ў фальварку быў зроблены прыёмны пункт малака, якое зносілі з навакольных вёсак.
Мінуўшы Гушчына, рэчышча ракі хаваецца ў лясным масіве пад назвай Кацюхова, які яна падзяляе на дзве роўныя часткі.
Раней уздоўж лесу ішла палявая дарога, па якой вучні з Горак, Лазовікаў, Пунтаў і Міхалова хадзілі ў Чэрскую школу. Кожны раз на іх шляху значнай перашкодай, асабліва ў час вясновай паводкі, паўставала рака. У месцы пераходу было хоць і не глыбока, але, не маючы гумавых ботаў, патрапіць на супрацьлеглы бераг не уяўлялася магчымым. Тады дзецям даводзілася разувацца і лезці ў халодную ваду ці перакідваць адзін адному боты.
У пачатку дваццатага стагоддзя праз Кацюхова ад маёнтка Стэфанова да Юндзілаўкі і Пунтаў праходзіла панская дарога, якая перасякала раку ва ўрочышчы Прудок. Гэта было зручнае для жыцця месца. Недалёка ад рачнога берага стаяла хата лесніка Багдановіча. Пазней, калі лес стаў калгаснай маёмасцю, патрэба ў яго ахове адпала і ляснік з’ехаў у Таронкавічы. А месца ў Прудку, дзе бруілася крыніца, яшчэ доўгі час служыла добрую службу сялянам з Палянаў, куды яны на вадапой ганялі свойскую жывёлу.
Доўно ўжо тая дарога не выкарыстоўваецца, зарасла кустоем, толькі дзе-нідзе можна згледзець яе насып, абкапаны з бакоў канавамі.
Паступова змрочны нават у летні дзень гушчар лісцёвага лесу саступае месца палявым краявідам.
З левага боку паўстаюць пагоркі, якія ланцугом цягнуцца далёка на захад. За адным з іх хаваюцца хаты вёскі Горкі, назва якой і характарызуе навакольную мясцовасць. На правым беразе Таўпянкі паралельна яе рэчышчу пралягае невялікая і адзіная вуліца Глінніцы.
Зараз у вёсцы жыве разам з дачнікамі трынаццаць чалавек. З карэнных жыхароў засталіся толькі Лідзія Семянько, з сынам і ўнучкай.
Яшчэ ў дзяцінстве Лідзія Васільеўна чула ад старэйшых вяскоўцаў, што назва вёскі паходзіць ад таго, што наўкола многа гліністай зямлі. Пра рэчку паведаміла толькі тое, што вадзілася ў ёй шмат рыбы. Яе бацька Васіль Дзятко сеткамі налоўліваў яе столькі, што сям’я ніколі не галадала. У час вясенняй паводкі рака разлівалася так, што ў суседнія Горкі цяжка было дабрацца. Было тое, пакуль раку не загналі ў канал. З адметнасцяў жанчына назвала гару пад назвай Замчышча, што высіцца недалёка ад паселішча. Раней, калі вёска поўнілася дзіцячымі галасамі, мясцовыя хлапчукі часта корпаліся на гары ў пошуках скарбаў. А яшчэ на Замчышчы моладзь любіла паліць купальскае вогнішча. Нават і сёння бачны сляды гэтага абраду – рэшткі перапаленых гумавых трактарных і машынных пакрышак.
За Глінніцай рака робіць паварот улева, агінаючы стромкія схілы ўзвышша, дзе яе перасякае бетонны чыгуначны мост, на якім пазначана дата яго будаўніцтва – 1929 год.
За чыгункай Таўпянка перасякае невялікае балота.
Заглыбляецца ў захлуджаны альхоўнік.
Не вельмі ўтульныя тут яе берагі. Улетку зусім не прадраўся б скрозь зараснікі крапівы.
У хуткім часе Таўпянка ўпадае ў возера Гарадзянецкае.
Па сваёй форме прыазёрны ландшафт нагадвае авальную катлавіну са стромкімі схіламі.
Унізе паступова зарастае вадаём.
Адно з узвышшаў на правым беразе возера, дзе Таўпянка зліваецца з безыменным ручаём, абралі для жыцця ў пачатку першага тысячагоддзя нашыя продкі.
Захаваліся ўсе прыкметы наяўнасці ўмацаванага паселішча: з паўночна-усходняга боку рэшткі валоў, вузкі спуск да возера на поўдні. Чорны колер культурнага пласту з прымессю вуголля і кавалкамі ляпной керамікі, які добра бачны скрозь чэзлую траву, наводзіць на думку, што гарадзішча функцыянавала на працягу вялікага прамежку часу. Пра наяўнасць у мінулым абарончых умацаванняў сведчыць і назва вёскі - Гарадзянец, якая знаходзіцца за некалькі соень метраў ад помніка археалогіі.
Яшчэ ў 1966 годзе археолаг Георгій Штыхаў вызначыў умацаванае паселішча на левым беразе Таўпянкі. Паводле яго звестак, побач з гарадзішчам знаходзілася селішча і два курганныя насыпы. У цяперашні час помнік амаль не захаваўся, моцна пашкоджаны кар’ерамі, з якіх бралі пясок на будаўніцтва дарогі. На гарадзішчы ў савецкі час быў усталяваны ахоўны знак, ад якога засталася толькі бетонавая аснова.
Адно са згаданых вышэй умацаваных паселішчаў апісваецца ў гістарычных крыніцах ХІХ стагоддзя: “Гарадзянец, маёнтак памешчыка Спасоўскага, і пры ім урочышча Замчышча, знаходзіцца ў 15 вярстах ад Лепеля над рэчкай Таўпянскай, паблізу дарогі ў мястэчка Чашнікі. Замчышча гэтае знаходзіцца на пагорку.”
Хаты Гарадзянца выцягнуліся вуліцай уздоўж Таўпянкі, якая з возера Гарадзянецкага працягвае свой шлях у накірунку Улы. Адразу за асвальтаванай дарогай, якая вядзе ў пасёлак Заслонава, пачынаецца забалочаная пойма ракі.
Скрозь чарот цяжка нават разгледзець яе рэчышча. Толькі ля самага вусця расліннасць адступае і робіцца добра бачна, як павольная плынь невялікай Таўпянкі зліваецца з плынню больш паўнаводнай Улы.
Мясцовае насельніцтва Таўпянку памылкова называе Глінніцай. Хутчэй за ўсё так яе ахрысцілі па назве ўзбярэжнай вёскі.
Напісана ў 2015 годзе.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |