Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут.
Узгадвае Пруская (Урбан) Усціння Гаўрылаўна
Бацька мой, Урбан Гаўрыла, быў вельмі працавіты чалавек. Фізічна дужа моцны. У 20-м годзе палякі забіралі авечак з хлеўчука, а каб гаспадар не перашкаджаў рабаванню, двое жаўнераў трымалі яго за рукі. Дык бацька іх ілбамі так стукнуў, што тыя згубілі прытомнасць. Доўга шукалі яго. Ды ці можна знайсці ў балоце чалавека? Гэта што іголку ў стозе сена шукаць.
Увесь набытак яго за лік цяжкой працы – асабістая гаспадарка. Ён не пакіне ляжаць на зямлі цвік ці гайку.
Калі заганялі ў калгас, дык спачатку раскулачылі, а ў 1937 годзе арыштавалі. Не падабалася Кубару і яго актывістам крытыка безгаспадарчасці калгаснага кіраўніцтва ды крадзяжоў. І на гэты раз выручыла яго моца. Адабралі ў турме самых дужых ды скіравалі працаваць у Асінторф. Людзі там гінулі не менш, чым у Гулазе. На торфараспрацоўках сустрэўся бацьку знаёмы, які працаваў прарабам. Ён дапамог татку вярнуцца на волю. Але ж здароўе за паўтара года катаргі і жыцця пад страхам было падарвана.
Бацька добра ведаў, як лячыць жывёлу і заўсёды дапамагаў вяскоўцам. Такія людзі, як ён, складалі залаты генафонд сялянства. Цяпер падобных амаль не засталося.
Быў яшчэ добры селянін, жыў на хутары Паўлава, які людзі завуць Барок. Прозвішча яго Гілеўскі, Эдуард. Памятаю, што быў ён кульгавы, казалі, што паранены ў Грамадзянскую вайну. Меў узнагароду – ордэн Чырвонага Сцяга. Жыў удвох з жонкай. Дзяцей чамусьці не было. Дужа прыгожая была жанчына: сінявокая ды каса колеру саломы ніжэй за пояс. Гаспадар адмовіўся ўступаць у калгас - шмат працаваў, меў два кані, дзве каровы і дзве цялушкі. Тым і наклікаў гора ў сваю хату. Арыштавалі яго.
Жывёлу забралі ў калгас, хату прадалі, а маёмасць, рэчы і адзенне памерлай жанчыны і гаспадара забраў Кубар. Потым яго жонка разлічвалася нарабаваным адзеннем з тымі, хто дапамагаў ёй упраўляцца з хатняй гаспадаркай.
Вось так чалавек нажываў і шчасце, і волю, і добрую долю. Такога нават ворагу не пажадаеш.
Узгадваюць Марыя і Казімір Будрэвічы
Бацька мой, Будрэвіч Вікенці, працаваў майстрам на Лепельскім цагельным заводзе. А мы з маці жылі на хутары Барок.
Нас, дзяцей, было чацвёра: я, Марыя, Стась і Нюра.
Бацька быў па тым часе адукаваным чалавекам і майстрам на ўсе рукі. З людзьмі жыў дружна, ніколі ворагаў не меў. Аднойчы добры знаёмы папярэдзіў, што яго дзён праз дзесяць арыштуюць – напісаны данос з вёскі Барсукі. Што рабіць? Уцякаць?
Але ўцякаць не давялося. Сям´і Будрэвічаў прысудзілі высылку на спецпасяленне. Плакала жонка, плакалі дзеці, не думалі, што калі-небудзь вернемся на радзіму. Назаўсёды развіталіся з роднымі, у хату пасялілі Антосю, бацькаву пляменніцу. Сабраліся ўсе разам, насушылі сухароў, узялі з сабой той-сёй скарб і рушылі ў дарогу.
Везлі нас у грузавых вагонах, якія свяціліся наскрозь і прадзімаліся ўсімі вятрамі. Днём душна, уначы сцюдзёна, прыбіральня ў вагоне, завешана прасцінай. Смурод страшэнны, бо дарослых людзей з вагону не выпускалі. За вадой і кіпетнем бегалі дзеці. Многія губляліся, траплялі пад колы цягнікоў. На нашых вачах пяцігадовая дзяўчынка павалілася і выліла на сябе ўвесь кіпецень. Але больш гінула дзяцей ад голаду ды розных захворванняў. Вядома, ніякай медыцынскай дапамогі не было. На кожнай станцыі хавалі пад насыпам трупы, а то і так пакідалі, моцы не было капаць ямкі. Да месца прызначэння дзяцей амаль не засталося. Нас захавала тое, што мы нядрэнна запасліся харчамі з дому, да таго ж бацька даглядаў кароў у вагоне для жывёлы і мог прынесці шклянку малака.
З Алма-Аты нас трошкі везлі, а потым гналі пехатой да саўгасу. Гэта быў жудасны шлях. Шмат людзей да месца так і не дайшлі, сканалі. Жывых давялі і пакінулі ў полі. Выкапалі яму, з усяго, што траплялася пад рукі, змайстравалі дах. Завесілі ўваход коўдрай, бацька знайшоў жалезную бочку і зрабіў нешта накшталт печкі. Так і дажылі да цёплых дзён.
Аднойчы прачнуліся раніцой, а зямлянку падтапіла вясновая вада. Давялося вычэрпваць, стоячы па калена ў халадзёнцы. З надыходам цёплых дзён пачалі дружна будаваць жыллё. Не так даймаў голад і холад, як страх, што прыйдуць забіраць бацьку. Людзей і там вельмі часта арыштоўвалі, і ніхто назад не вяртаўся. Кожны дзень – бы тая хада па лязу нажа. Але ўсё абыйшлося, і ўжо пасля вайны жылі амаль няблага.
Клімат нам не падыходзіў, маці часта хварэла, мы хварэлі. І вось у 1949 годзе дамагліся дазволу вярнуцца на бацькаўшчыну. Вярнуліся не ўсе. Загінуў на фронце смерцю храбрых брат Станіслаў.
Цяжка было ў Лепелі ўладкавацца на працу, бо былых кулакоў-лішэнцаў не надта хацелі браць. Да апошняга часу некаторыя "шчырыя" грамадзяне называлі нас ворагамі народу. Ёсць такая катэгорыя людзей зайздросных, лайдакоў ды пъянчугаў, якія прывыклі жыць за кошт іншых.
Як бы хто ні казаў, а гарбачоўская перабудова зрабіла добрую справу, людзі прывыкаюць трымаць прама галаву, людзьмі сябе адчуваюць. Вельмі шкада, што дзяржава пакуль мала зрабіла, каб ушанаваць памяць аб бязвінных ахвярах сталінскага рэжыму.
Аднойчы бацька прыехаў у вёску Барсукі да сваёй пляменніцы і сустрэў там знаёмага чалавека, Быкава Івана, якому калісьці змайстраваў добрыя рамы ў вокны, прычым бясплатна. Вось той чалавек Іван быў удзячны майстру і запрасіў яго ў хату. Хутка на стале з’явілася пляшка гарэлкі і патэльня са свежанінай. Кільнуўшы па чарцы, завялі размову аб паўсядзённым жыцці ў горадзе і вёсцы. За размовай і не заўважылі, як у хату зайшоў Іванаў сусед. Хлебасольны Іван запрасіў да стала і яго. Калі выпілі яшчэ па чарцы, Іван раптам падняўся і, гледзячы ў вочы суседу, сказаў:
- Андруха, паглядзі ў вочы Вінку. Гэта ж ты напісаў данос на яго. З-за цябе добры чалавек з сям’ёй пражыў-прагараваў на чужыне.
Спалатнеў сусед. Замармытаў нешта пра тое, што яго Кубар прымусіў, ды ён камсамольцам быў, а Кубару трэба было хату Будрэвічаў забраць. Іван зноў грымнуў на ўсю моц:
- А мяне не прымусілі, бо я не такі гад, як ты!
Быццам ашпараны выскачыў сусед ад Івана ды пабег у бліжэйшую хату, дзе папрасіў у гаспадыні гарэлкі. Тая паставіла на стол пляшку першака. Асушыўшы дзве поўныя шклянкі і ўцяўшы галаву ў плечы, мужчына моўчкі, хістаючыся, пайшоў паўз вуліцу да сваёй хаты. Якія думкі апаноўвалі чалавека ў гэты час, ніхто ніколі не даведаецца.
Бацька пражыў доўгае ды прыгожае жыццё і пакінуў аб сабе ў дзяцей, унукаў, акаляючых людзей самыя лепшыя ўспаміны.
Напісана ў 1991 – 2017 гадах.
Заканчэнне глядзець тут.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |