12 мая 2017 в 21:51 — 8 лет назад

4) ХРОНІКА ЧАТЫРОХ ДЗЁН ПАРТЫЗАНСКАГА ЖЫЦЦЯ КАНЦА ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 1907

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 У дакументальна-мастацкай аповесці распавядаецца пра поўнае нечаканасцяў небяспечнае блуканне групы партызанаў па Домжарыцкім балоце дзеля выканання задання камбрыга выйсці насустрач Чырвонай арміі пры яе ўступленні на Лепельшчыну. Праз увесь твор праходзіць вобраз незаслужана забытай, а таму дагэтуль невядомай жыхаркі вёскі Валова Гара Марыі Міхайлаўны Шуневіч, партызанкі атраду №3 брыгады імя Сталіна, які дыслакаваўся ў ваколіцах Бярэзінскага каналу. Прозвішчы і падзеі сапраўдныя.

Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.

10. Чарговая ноч на дрыгве

 Не выходзячы на зімнік, партызаны спыніліся і ўжо на чыстае месца выпаўзлі па-пластунску. Чарноў рухам рукі загадаў Максіму спыніцца і ціха сказаў:

 - Чакай тут. Няма чаго ободвум на ражон лезці. Паўзі за курган і глядзі ў бок астраўкоў. У выпадку чаго, свісні. Аўтамат пакідаю з табой.

 Зняўшы з кургана вялікую шапку моху, прымасціў яе на кубанку і папоўз паміж купінамі ў напрамку Кубскага. Амаль на сярэдзіне зімніка спыніўся і, не здымаючы з шыі рамень біноклю, пачаў аглядаць у акуляр ускраіну далёкага вострава. Раптам адтуль мільгануў сонечны зайчык. Чарноў уцяў галаву ў мох. “Няўжо засеклі?”, - мільганула думка. Пачакаўшы некалькі хвілін, паціху папоўз убок ад зімніку да месца, дзе яго чакаў Максім.

 - Ну, ці бачыў што-небудзь? – спытаў Чарноў Максіма, калі яны паўзком пакінулі небяспечную зону.

 - З боку Кубскага нічога не бачыў. А вось з боку астраўкоў сонечны зайчык мільгануў. Можа, засада.

 - Не можа, а засада з абодвух бакоў – і з поўдня, і з поўначы. Трэба хутка адгэтуль выходзіць.

 Перад стаянкай атраду іх чакаў Сучынскі.

 - Міша, штосьці заўважылі? Бачу, што занепакоеныя.

 - Заўважылі. На Кубскім засада, на астраўках таксама. Паміж сабой звязваюцца светлавымі сігналамі. Трэба хуценька выходзіць з гэтай пасткі. Думаю, што варта абысці першы астравок з усходу, затым павернем на захад і праз паўкіламетра пярэйдзем з паўднёвага кірунку на паўночны і пройдзем па мохавым балоце аж да Лявонавых хутароў і далей, да Домжарыцкага возера, пярэйдзем Сергуч, а там па абставінах. Пры праходзе астраўка трэба быць уважлівымі і не пакінуць следу. Ведаю, Грыша, што людзі знясілелі, але неабходна ўзнімацца і спяшацца.

 - Міша, будзеце з Максімам палуднаваць на хаду. Бачыш, Маруся вам і сухары размачыла і шалупінне з бульбы зняла. Бяры Мікіту, і наперад. Трымаемся на адлегласці не меней за 20 крокаў. Я пайду апошнім, буду кантраляваць, каб хто не згубіўся, бо ўсе стомленыя і не ўбачаць, калі хтосьці неўпрыкметку страціць прытомнасць ці задрэмле.

 Праз паўгадзіны першы астравок застаўся ззаду, і ўсе асцярожна выйшлі на ўзлесак другога пад галіны магутных ялінаў. Сучынскі знакамі падклікаў Чарнова і Стрыжонка.

 - Мальцы, няма часу рабіць разведку пераходу. Ступаць след у след. Глядзі, Аляксандр, за Мулем, зусім аслаб бядак. Я пайду першым, ты, Міша, замыкальным. Падрыхтаваць зброю і ніякіх размоў.

 Праз некалькі хвілін гуськом ступаючы след у след за камандзірам, накіраваліся на паўночны бок астраўка і без прыгод спыніліся на ўскрайку лесу. Далей, як ахапіць вокам, слалася мохавае балота з рэдкімі карлікавымі соснамі. Зноў Сучынскі падклікаў Чарнова і Стрыжонка, каб параіцца наконт далейшага шляху атраду.

 - Мальцы, ёсць, на мой погляд, два варыянты. Першы – рухацца збоку астравоў, другі – па балоце, адышоўшы ад сухадолу крокаў на 300 – 400. У першым варыянце ёсць небяспека наскочыць на засаду, у другім – трапіць пад раму. Сёння толькі аднойчы праляцела ўздоўж шашы. Рызыка ёсць у абодвух варыянтах.

 - Ты – камандзір, як скажаш, так і пойдзем, - прамовіў Чарноў. – А што Стрыжонак параіць?

 - Я думаю, што шлях не адужаем, а зловіць рама – жывымі нікога не пакіне ды яшчэ роту камінцаў навядзе. На балоце мы безабаронныя.

 - Думка слушная, - задуменна прамовіў Сучынскі. – Як начальнік штабу мяркуе?

 - Сапраўды, Грыша, рызыка ёсць і там, і там. А гэтае чортава балота, дзе ногі па калена вязнуць у дрыгве, нам не па моцы, маючы хворага ды малога. Выставім дазор. Я першым пайду з Мікітам.

 - Добра, так і вырашылі, Міша. Папярэдзь усіх аб асцярожнасці.

 Чарноў падышоў да Марыі і, паклаўшы руку ёй на плячо, ледзь чутна спытаў:

 - Дужа стамілася?

 - Я, Міша, жанчына, мы больш вынослівыя і цярплівыя, у дадатак звыклая да балот і камароў. А вось з Мулем справы дрэнь. Малец на апошнім дыханні. Зноў тэмпература вымотвае, а тут хінін заканчваецца…

 - Нам, Маруся, засталося толькі адзін дзень перажыць, а там лягчэй будзе. Нашыя ўжо блізка, кананада добра чуваць. Напэўна, Віцебск вызвалены. Трымайся, любая.

 Падышоўшы да купкі партызанаў, Чарноў падклікаў Мікіту і моўчкі падаў знак рукой узнімацца астатнім. Калі ўсе былі на нагах, рушыў на ўсход па ўскрайку ляснога масіву. За ім пацягнуліся ўсе. Замыкальнымі ішлі Сучынскі з Максімам.

 Праз паўтары гадзіны, калі астраўкі засталіся далёка ззаду, Чарноў спыніўся і спытаўся ў Мікіты:

 - Ты што-небудзь адчуваеш?

 - Як быццам дымком пацягнула. Вецер з поўдня, значыць, цяпло распалілі на Вялікім Лявонавым хутары.

 Чарноў узмахам рукі спыніў рух атраду. Да яго падышоў Сучынскі.

 - Міша, што здарылася?

 - Камандзір, хтосьці ёсць з поўдня. Нашых там быць не павінна, насельніцтва таксама. Выснова толькі адна: засада, чакаюць прарыву часткі партызанаў з Паліку. Перакрываць лясны масіў будуць, мяркую, не адной ротай. Сустрэнуць нашых на сухадоле, а затым загоняць на мохавае балота, дзе авіяцыя знішчыць усіх. Адным словам, змайстравалі пастку. Але гэта не немцы. Тыя дысцыплінаваныя, не стануць распальваць вогнішча, седзячы ў засадзе. Эх, падыграць бы ім трошкі, шуму нарабіць, адцягнулі б сілы з бальшака.

 - Не, Міша, нам нельга шумець з нашым боезапасам. Дзве-тры чаргі з аўтаматаў, і бяры нас голымі рукамі. Да таго ж. мы самі ледзь ногі цягнем. Акрамя гэтага, праз паўгадзіны бою немцы будуць ведаць, што мы не асноўныя сілы і не штаб брыгады, а малюсенькая купка самазабойцаў. Акажам нашым мядзведжую паслугу. Я мяркую, што трэба рэалізаваць намечаны план і выходзіць на Рожна для злучэння са штабам брыгады. Узнімай людзей, і хутчэй пакінем гіблае месца.

 Да Сучынскага падышла Марыя.

 - Грыша, Мулю зноў трасца калоціць. Апошнюю пілюлю праглынуў. Донька вельмі стаміўся, малога на плячах валачэ, зусім хлопчык знямог.

 - Маруся, скажы Максіму, каб забраў рэчы Донькі. Нам як мага хутчэй трэба выйсці да Домжарыцкага возера і перайсці Сергуч. Міша! Узнімай Мікіту, і ўперад.

 Але як ні спяшаліся зняможаныя людзі, атрад рухаўся вельмі марудна. І толькі на заходзе сонца выйшлі на бераг аднаго з астравоў Домжарыцкага балота. Заглыбіўшыся ў лясны масіў, спыніліся на ўзвышшы, парослым хваёвым рэдкалессем, зрэдку разбаўленым асінамі ды бярозамі. Сучынскі рукой паказаў партызанам спыніцца і сам прысеў пад разлапістай ялінай, моцна прытуліўшыся плячыма да ствала. Быццам падкошаныя, адзін за другім сядалі на сыры мох стомленыя людзі. Марыя прысела ля Чарнова і занепакоена сказала:

 - Міша, у Мулі зноў прыпадак, узняўся жар, а дапамагчы няма чым. Вада патрэбная, каб павячэраць. Добра было б яе сагрэць.

 - Зараз параімся з камандзірам, а ты сама будзь асцярожнай, кажуць, гэтая трасца – заразная хвароба.

 - Я, Міша, у дзяцінстве перахварэла, таму не надта баюся заразіцца, але стараюся асцерагацца. Ідзі, Міша, камандзір цябе кліча.

 Цяжка ўстаўшы, Чарноў падышоў да Сучынскага.

 - Узнімай, Міша, Мікіту і Максіма. Трэба знайсці вады і абысці востраў. Павячэраем, і спаць, заўтра цяжкі дзень, пераход амаль да Бярэзіны. Вогнішча не трэба распальваць.

 Калі вярнуліся Мікіта з Максімам, амаль усе змораныя падарожнікі спалі. Чарнову давялося будзіць кожнага паасобку. Ужо ў добрым прыцемку вячэралі, размочваючы сухары ў кацялках з вадой. На кожнага прыпала яшчэ па дзве бульбіны і па лусце хлеба.

 - Грыша, - расштурхаў задрамаўшага Сучынскага Чарноў. – Можа, выставім вартавых?

 - Ноччу, я думаю, не трэба, а вось на золку нам траім па чарзе, па гадзіне, давядзецца павартаваць. Папярэдзь Стрыжонка. Астатнія няхай спяць. Сам кладзіся адпачываць, калі давядзецца.

 Чарноў падышоў да Марыі і, прысеўшы на галлё яміны, спытаў:

 - Чаго не спіш, любая?

 - Цябе чакаю, нават ложак прыгатавала з яловых лапак, усё ж не на сырой зямлі валяцца.

 - Калі зможаш, Маруся, разбудзі мяне на досвітку.

 - Добра, калі сама не прасплю.

 Доўга адпачываць не давялося.

11. Пралік разведчыкаў

 Апоўначы з боку Паліку пачуліся частыя выбухі, якія хутка перараслі ў суцэльны гул. Гарматная кананада доўжылася каля гадзіны, затым пакрысе заціхла, засталіся асобныя выбухі і гарматныя стрэлы.

 - На прарыў нашыя пайшлі, - зазначыў Сучынскі, гледзячы на ўстрывожаных партызанаў. – Усім адпачываць! Што гэта? Тры ракеты ў баку Лявонавых хутароў! Чарнову і Стрыжонку да мяне! Мальцы, не мне вам казаць, што творыцца на Паліку. Група прарыву, магчыма, прарвалася метраў на 500, можа, больш. Ці застанецца з той сотні байцоў хтосьці жывы? У прарыў хлынуць усе, хто яшчэ мае моцу бегчы. А вось шпіталі, сем’і ці здолелі за паўгадзіны, няхай за гадзіну, пад флангавым агнём вырвацца з мяшка? Запомнім гэтую ноч і заўтрашні, нават ужо сёняшні, дзень. Думаю, што трымаць засады на Домжарыцкім балоце фрыцам няма сэнсу, тым больш, што дадзена каманда збору. Але асцярога не перашкодзіць. Я – гадзіну на варце, затым Стрыжонак, і да світанку ты, Міша.

 Ужо даволі развіднела, калі Сучынскі разбудзіў Стрыжонка:

 - Давай, Аляксандр, гадзіну павартуй, і пойдзем. З усходняга боку – старая дарога, і далей – чыстае мохавае балота. Небяспека можа быць адтуль.

 Закінуўшы за плечы паклажу ды павесіўшы на шыю аўтамат, Стрыжонак рушыў на ўскраек вострава. Вось і старая дарога, парослая мохам, месцамі пацягнутая деразой. Далей – дробналессе і, як ахапіць вокам, мохавае балота.

 На ўскрайку лесу вялікая вывартка з чыстай вадой – бярозу, выдраную ветрам, заціснула паміж ялінай і сасной. На гэтай напалову заваленай бярозе і размясціўся вартавы. Атрымаўся добры назіральны пункт. І не заснеш, бо звалішся, і бачна далёка.

 Вось толькі чаго ланцужок мурашоў цягнецца па ствале бярозы ўгору? А, вось яно што! На яліне – кулёк вавёркі, магчыма, куніца паснедала гаспадыняй, вось і ідуць мурашы за парэшткамі. А можа, тля завялася на лісцях паваленага дрэва?

 Ад развагаў адцягнуў шум на балоце. Невялікая чарада жораваў , разрэзаўшы тонкі пласт туману, апусцілася на чыстую балотную паляну і ўзялася здзяйсняць свае птушыныя скокі. Ну, да чаго ж прыгожыя птушкі! Ды ў прыродзе ўсё прыгожае. Гэта ў людзей наадварот. Але чамусьці жоравы захваляваліся, а самы вялікі, расправіўшы крылы, амаль чапляючыся тонкімі нагамі за балотныя купіны, узняўся ў паветра. За ім узляцелі і астатнія. Напэўна, звер які напалохаў. Ворагі ў іх ёсць, можа, ліса ці воўк.

 Раптам над балотным дробналессем загойдаўся туман, і на чыстае мохавае балота ланцугом адзін ля аднаго пачалі выходзіць людзі ў нямецкім адзенні, атачаючы востраў з абодвух бакоў.

 Быццам ветрам знесла вартавога з дрэва, і ўжо праз некалькі імгненняў Стрыжонак апынуўся ў размяшчэнні атраду.

 - Мальцы! Немцы з балота ідуць. Хуценька ўзнімайцеся. Дужа шмат іх.

 - Якія немцы? – забурчаў Мікіта. – Ды яшчэ з балота. Яны любяць хадзіць па сухому. Можа, зайца напалохаўся?

 Бачачы устрывожаны збяллелы твар Аляксандра, партызаны і без загаду ўжо былі на нагах, захапіўшы зброю і пажыткі, беглі за правадніком і Чарновым у глыбіню лесу.

 Праз дзве гадзіны бесперапыннага хуткага маршу з подбегам, атрад апынуўся ў лясным гушчары непадалёк ад Домжарыцкага возера. Чарноў з Мікітам спыніліся, цяжка дыхаючы. Успацелі і астатнія.

 - Далей будзе мохавае балота з дробналессем, затым чысты луг і возера, - сказаў Мікіта.

 Чарноў падышоў да Сучынскага:

 - Што будзем рабіць, камандзір? Можа, па дробналессі вакол возера і да Сергучу?

 - Міша, па-першае, людзей узняць пасля такога маршу няпроста, па-іншае, не так шмат сілаў у немцаў, ім трэба закрыць шляхі адыходу партызанаў на галоўных напрамках, уздоўж Бярэзіны і ў барысаўскім кірунку. Да таго ж, калі рама зловіць у дробналессі ці на прыазёрнай пойме, за адзін заход усіх пакладзе, бы таго лася. Ціхенька перачакаем на ўскрайку лесу, а немцы зараз ідуць шпаркім маршам у накірунку бальшаку. Мы ўжо спазняемся злучыцца з нашымі.

 - Грыша, я ўсё ж дашлю дазорных у бок дарогі на ўсход, - прапанаваў Чарноў. - Не выходзячы на яе, прайсці па перыметру пушчы. Мікіта і Максім! Прабяжыце па лесе да дарогі, толькі вельмі асцярожна, а затым па перыметры масіву, адкуль прыйшлі. Трошкі пачакайце і вяртайцеся назад.

 - Ды нікога тут няма, - незадаволена буркнуў Мікіта, закідваючы на плячо стрэльбу. – Якія і былі немцы, дык даўно на Ніўках. Ну, што ты, Максім, целішся? Збірайся хутчэй, бо дожджык накропвае. Па лесе ў час дажджу хадзіць – мокрым быць.

 Дазорныя павольна рушылі на ўсход, а Чарноў падышоў да Марыі, якая дрыжала, прыхінуўшыся да сасны.

 - Надта стамілася?

 - Вядома, як і ўсе. Ды яшчэ нейкі непакой на душы. Чуеш, крумкач крычыць? Хтосьці яго турбуе. Заляцеў на самае высокае дрэва і крумкае.

 - Супакойся, Маруся, пачакаем да вечара. Адпачнем, а ўначы пярэйдзем шашу ля Бузянкі і гадзіны праз дзве будзем дома.

 - Дай жа бог. Як я маці ў вочы зірну? – ціха прамовіла Марыя. – Праз мяне загінуў Антось, і хату спалілі. Міша, а чаму ён раней не перайшоў да партызанаў?

 - Мне, Маруся, малец з Таронкавічаў распавядаў, што, калі гарнізон у Пышнагорах ліквідавалі, то перед тым боем Антося камендант Шарыкаў адаслаў у Стаі на падводзе за патронамі. Давялося ехаць, каб не выклікаць падазронасці. А ў Стаях яго затрымалі. Народнікі з ліку беларусаў закалолі двух немцаў ды чатырох камінцаў. Самога Шарыкава яго палюбоўніца, яна ж партызанская сувязная дубаўцаў, спаіла самагонам. Дзве бутэлькі першаку выжлукціў і пайшоў правяраць пасты. Здаровы гад, арловец, дзве чаргі з аўтамату атрымаў у плечы ад падышоўшых партызанаў і яшчэ бег з сотню метраў. Чыста ўсё зрабілі, аніякіх слядоў не пакінулі. Целы далёка ад вёскі закапалі, забралі зброю, а мальцаў па розных атрадах размеркавалі. Сувязная тая ў Стаі хадзіла. Антось перадаваў звесткі аб усім, што рабілася ў камінцаў. Таму і страты ў нашых былі нязначныя. Хутка народнікаў-беларусаў скіравалі на захад, бо даверу да іх не было. А вось чаму Антось падчас бою пераходзіў да партызанаў, толькі яму было вядома. На вялікі жаль, мальцы трапілі не да дубаўцаў, а да смаленцаў, і тыя разбірацца не сталі. Аднаго мальца забілі немцы, а Антось, паранены, дапоўз да партызанскіх акопаў, дзе з ім і расправіліся. Экіпіроўка ў яго была нямецкая, а ў кожнага партызана меўся свой рахунак да камінцаў. Вайна ідзе, Маруся, не на жыццё, а на смерць. Цяжка ўсё прадбачыць. На месца прарыву мы не паспеем, таму да ночы давядзецца перачакаць на гэтым узлеску.

 Зняўшы кіцель і захінуўшыся ім, Чарноў паклаў галаву на ўлонне жанчыны і заплюшчыў вочы. Але задрамаць не давялося, падышлі Мікіта з Максімам.

 - Пятровіч, - звярнуўся да Чарнова Мікіта. – Мы прайшлі да дарогі. Там шмат слядоў, але нікога не заўважылі. Напэўна, карнікі пайшлі да бальшаку.

 - Добра. Размяшчайцеся, мальцы, снедайце, час у нас ёсць, адпачывайце. Камандзіра турбаваць не варта. Выходзіць будзем толькі ў прыцемках.

 З поўдня паволі насоўваліся хмары. Зноў заімжыў дожджык. З усходу, ад дарогі, рэзка крыкнула сойка. Да Сучынскага падышоў Стрыжонак.

 - Камандзір, у лесе хтосьці ходзіць.

 - Што такое, Аляксандр? Няхай людзі адпачываюць, не наводзь паніку.

 - Не, камандзір, гэтая птушка крычыць тады, калі адчувае небяспеку. У лесе ёсць людзі альбо статак нейкіх жывёл.

 Чуючы ціхую гамонку, прачнуліся астатнія партызаны.

 - Заўсёды Стрыжонак палохае то жоравамі, то зайцамі, цяпер сойкамі, - незадаволена бурчаў Максім.

 У гэты час роты і батальёны генерала Камінскага, якія перакрылі адыход партызанам з Паліку, атрымалі загад пакінуць прачэсванне домжарыцкіх балот і перакрыць бальшак Лепель – Бягомль паміж вёскамі Рожна і Ствольна, а таксама спыніць прасоўванне партызанаў на Беразіно і ва Ушацкую зону. 12-тысячнае фармаванне ўкамплектаванае было з жыхароў, у асноўным, Арлоўскай вобласці, і ўваходзіла ў склад РОНА (Русской освободительной народной армии), якая з улікам арміі генерала Уласава , дывізіі данскіх казакоў, дзесяткаў паліцайскіх батальёнаў, складала каля 500 тысяч штыкоў. Нямецкае камандаванне выкарыстоўвала брыгаду Камінскага для барацьбы з партызанамі ў тыле сваіх войскаў. На Лепельшчыну разам з брыгадай прыбылі і сем’і вайскоўцаў. Размяшчалася фармаванне ў вёсцы Стаі, што за пару кіламетраў ад Лепеля.

 Падчас блакады партызанскіх злучэнняў у ваколіцах возера Палік камінцы прачэсвалі домжарыцкія балоты, вылоўліваючы мясцовцых жыхароў і натоўпамі скіроўваючы дзевак і мальцаў-падлеткаў на захад. Мужчыны і невялікія гурты партызанаў знішчаліся на месцы. Старыя і дзеці карнікаў не цікавілі. Даваць адпор, не маючы баезапасу, партызаны не маглі. Дзесяткі жахлівых трагедыяў адбываліся на астравах у домжарыцкіх балотах: ад возера Бярэшча і да Домжарыцкага возера. Амаль не меўшы стратаў, камінцы не надта спяшаліся пакінуць адносна спакойныя месцы блакавання.

 Адна рота камінцаў на досвітку прайшла наўпрасткі ад трох астраўкоў да самай дарогі Ніўкі – Лявонавы хутары. Непадалёк ад дарогі разведка вызначыла свежае месца адпачынку партызанаў. Перадаўшы звесткі аб знаходжанні ў ваколіцах Домжарыцкага возера гурта партызанаў, рота хуткім маршам дасягнула вусця Бузянкі і перакрыла ім шляхі адыходу на поўнач, на Манецкае балота. З захаду апынуліся возера і шырокае вусце Бузянкі-Сергуча – прыродная перашкода, пераадолець якую было немагчыма.

 З поўдня, пакідаючы невялікія засады, спяшаючыся, выходзілі роты камінцаў, каб перакрыць бальшак Мінск – Віцебск. Насупраць Домжарыцкага возера іх сустрэлі разведчыкі перадавой роты, дакладна паведаміўшыя аб месцы знаходжання гурта партызанаў.

 Двайным ланцугом амаль плячо ў плячо атачылі камінцы лясны прыазёрны масіў і, загнуўшы флангі з поўдня і поўначы, з кожным крокам сціскалі кола атачэння.

 …Сабраўшы рэшткі харчоў, партызаны палуднавалі, запіваючы вадой апошнія сухары ды зачарствелыя лусты хлеба.

 - Што мяркуе начальнік штабу наконт далейшых нашых дзеянняў? – спытаў Сучынскі Чарнова.

 - Думаю, што нам патрэба было б быць за Сергучам, абышоўшы па дробналессі вакол возера. Там мы былі б у большай бяспецы.

 - Міша, злучыцца з нашымі мы ўсё адно не паспелі б, а небяспека сёння нас чакае на кожным кроку. Хто хадзіў у разведку?

 - Мікіта з Максімам, толькі нічога істотнага не заўважылі.

 - Кліч, Міша, Мікіту.

 Хутка падышоў Мікіта.

 - Распавядай, следапыт, дзе былі і што бачылі? – спытаў Мікіту Сучынскі.

 - Дык мы ўжо аб усім распавядалі начальніку штабу, а калі не верыце, дык вось па шляху назад нават пачак ад цыгарэтаў узнялі.

 Мікіта дастаў з кішэні пакамячаны пачак з-пад цягарэтаў. Чарноў выхапіў з рук Мікіты каляровы кардонны пачак і не сказаў, а прашыпеў скрозь зубы:

 - Тваю маць! Што ж ты, чортаў следапыт лясны, маўчаў? Пачак сухі. Ён быў пакінуты пасля дажджу.

 - Гэта значыць, - дадаў Сучынскі, - што паўгадзіны таму назад тут была разведка. Аляксандр меў рацыю непакоіцца. З усходу мы блакаваныя. Думаю, што і з флангаў таксама. Міша, узнімай людзей і – на балота. Збор насупраць возера.

 Раптам зусім побач прагучаў моцны вокліч:

 - Стой, бандзіты!

 І прагучаў выстрал. Пасля напаўсоннай цішыні гэты вокліч быў настолькі нечаканым, што першая думка была - бегчы, куды вочы глядзяць.

12. Напад на востраве

 

 І з поўначы, і з усходу, і з поўдня – усюды, як ахапіць вокам, лес быў напоўнены людзьмі ў шэра-зялёных шынялях. А гучны голас загадваў:

 - Не стрелять! Брать жівымі!

 У партызанаў засталося адзінае выйсце – у бок балота і возера, куды першымі і пабеглі Пшонкі. Максім нават забыўся захапіць стрэльбу.

 - За мной! – крыкнуў Сучынскі.

 Чарноў, схапіўшы аўтамат, пакінуў кіцель і мяшок з сухарамі. Крыкнуў Марыі:

 - Маруся, за мной бяжы!

 Марыя рванулася ўслед за Чарновым і раптам павярнула назад. Кайстра! Там карта, НЗ, бінты… Пяць крокаў назад – і вось сумка за плячыма. Ногі нясуць у бок балота, але не бачна ў дробналессі партызанаў, наперадзе толькі Стрыжонак са сваёй цяжкой паклажай. Зайцам пятляе Аляксандр, не даючы страляць у сябе прыцэльна. А ззаду: дах, дах - прама ў плечы б’юць стрэлы. Адна думка ў галаве – толькі б не паранілі. А ногі нясуць, цела не паспявае за імі, адкідваецца назад. Хусцінка, садраная сухой галінкай крушыны, павісла на шыі. Пякуча сцябаюць па голых лытках і руках лапкі маладых ялінак. Вось і першыя балотныя купіны з сухім алешнікам і маладымі парасткамі. Пераскочыла з адной на другую, вось і трэцяя… Саскользвае нага ў балотную багну. Рве яе з усёй сілы, і бот, заціснуты між двума альховымі каранямі, застаецца ў іржавай балотнай твані. Няма часу з ім вазіцца… Вунь Стрыжонак ужо на сярэдзіне мохавай паляны. Вось і канец ручаіны. Цяпер перабегчы паляну. Божачка, матка боская, дапамажыце, толькі б дабегчы да чароту, што сцяной паўстае перад дробналессем. Вось і сярэдзіна паляны. Моцны ўдар у бядро шпурляе Марыю на мохавую паверхню балота. Страшэнны боль паралізоўвае цела, і жанчына на момант губляе прытомнасць…

 …Кінуўшыся бегчы разам з усімі, Стрыжонак з больш цяжкой паклажай адстаў ад асноўнага гурту і збочыў у больш густое дробналессе. Пятляючы з боку ў бок і раз-пораз прыгінаючыся амаль да зямлі, спрактыкавана не дазваляў пераследнікам прыцэльна страляць. Пераадолеўшы ручаіну і мохавую паляну, наблізіўся да сцяны сухога трысця, але сілы пакінулі чалавека, і, зачапіўшыся за купіну з карлікавай сасной, паваліўся ўніз тварам. Сэрца рвалася з грудзей. Рот і горла запоўніла пена.

 З вострава гучала частая стралялніна. Але кулі клаліся за некалькі сантыметраў збоку ці далей. Павярнуўшыся на бок, пацягнуў затвор аўтамату. Механізм не паддаваўся. “Ручны выраб – гэта табе не заводская апрацоўка”, - падумаў Стрыжонак.

 Магчыма, калі валіўся, зачапіў мурашнік балотных мурашоў. “І як яны дастаюць з балота пясчынкі?” – няўчасна думаў Аляксандр. Раптам ад вострава прагучаў голас Марыі:

 - Аляксандр, уцякай! Я паранена.

 Стрыжонак павярнуў галаву і ўбачыў на сярэдзіне паляны Марыю. Узнятая ўгору рука была ў крыві. На купінах ручаіны адзін ля другога стаялі людзі ў нямецкай форме і час ад часу стралялі ў бок дробналесся. І зноў добра чуўся голас:

 - Не стрелять! Брать жівымі!

 Як толькі прыпынілася страляніна, Стрыжонак рыўком перакуліўся за высокую купіну, дзе пачыналася сцяна чароту. Рукі праваліліся ў густую твань. Пасля некалькіх глыткоў балотнай вады, стала лягчэй, паболела моцы. Скінуўшы з шыі рамень аўтамату, рэзка тузануў затвор. Механізм спрацаваў.

 Злева кароткімі чэргамі азваўся ППШ. “Чарноў прыцэльна сячэ”, - адзначыў сам сабе Стрыжонак. Адгукнуўся і другі аўтамат, лупіць доўгімі чэргамі. “Камандзір. Значыць, жывыя. Як жа, мальцы, вы тут патрэбныя. Прыкрылі б на некалькі хвілін і выцягнулі дзеўку з-пад агню”. Агарнулі нейкія апатыя і роспач, абыякавасць да небяспекі, і, ўстаўшы ва ўвесь рост, звыкла, бы пры выпрабаванні зброі з блізкай адлегласці, націснуўшы на спуск, секануў па ланцугу карнікаў. Гарохам пасыпаліся з купінаў камінцы ў балотную ваду – даўно не ведалі такога супраціўлення.

 Замоўк аўтамат Стрыжонка – скончыліся патроны. Хуценька памяняўшы дыск, зірнуў у бок параненай. Марыя ляжала нерухома на баку. “Можа, памерла ад ранаў, а можа, прыкончылі ваякі Камінскага. Пакуль дабягу да яе, дзсяць разоў застрэляць, дый панесці яе без прыкрыцця не змагу. Дапамогі чакаць няма адкуль”.

 З вострава зноў пачалася страляніна. Кулі збівалі над галавой хваінкі. Прыгнуўшыся амаль да долу, Стрыжонак паволі пайшоў па густым чаротавым зарасніку і карлікавым дробналессі ў бок возера. Неўзабаве ўбачыў на купіне пад карлікавай сасной Мулю. Хлопца калаціла трасца, вусны пасінелі. Прыклаўшы да галавы хворага руку, адчуў, што ў таго надта высокая тэмпература. Выцягнуўшы з мяшка чыстую анучу, змачыў і прыклаў да гарачай галавы. І ці прыпадак прайшоў, ці прымочка дапамагла, але Муля трохі ачуняў і перастаў трызніць.

 - Пайшлі, Муля. Бяры карабін і – за мной.

 - Дзядзька Аляксандр, а можа тут перабудзем? Да возера не трэба ісці, я плаваць не ўмею. Мне трэба абавязкова выжыць, я маці абяцаў, бо я апошні мужчына ў родзе.

 - Дурань ты, Муля. Зараз пачнецца прачэсванне балота, і цябе не пашкадуюць камінцы. Пойдзем да сваіх. Можа, камандзіры штосьці прыдумаюць.

 Абапіраючыся на карабін, услед за Стрыжонкам памалу пакрочыў і Муля. Праз колькі хвілін даволі маруднай хады выйшлі на шырокі прыазёрны поплаў, парослы асакой, плюшчэўнікам і іншымі, яшчэ някошанымі травамі. Дзе-нідзе зрэдку віднеліся старыя стагавішчы з высокімі жэрдкамі і нават леташнія стажкі сена.

 Насустрач ад самага берагу ішлі Чарноў і Сучынскі.

 - Што з Марусяй? – спытаў Чарноў Стрыжонка. – Ці бачыў ты яе? Мы думалі, што цябе ўзялі, аж пакуль не пачулі чэргі твайго аўтамату.

 - Я бачыў Маньку ўжо параненую на сярэдзіне паляны. Крыкнула, каб уцякаў. Рука была ў крыві. Потым ляжала нерухома. Зразумеў, што дапамогі не дачакаюся. Збіў камінцаў у ваду з курганоў. Большага зрабіць не мог.

 Тузануўся Чарноў у бок дробналесся, але быў стрыманы Сучынскім:

 - Вазьмі сябе ў рукі, Міша. Ты пакуль што начальнік штабу. Ёй ты ўжо не дапаможаш, а сваёй пагібеллю падарунак зробіш ворагам. Мы яшчэ апошняга слова не сказалі.

 …Не чутно стрэлаў, толькі гамонка даносіцца з вострава. Гучаць нейкія каманды. Павярнуўшыся на бок, Марыя выцягнула з-пад сябе кайстру. Нага здранцвела, боль быццам адышоў, толькі ў вачах лётаюць мятлікі. Непакоіць адна думка: як не страціць прытомнасць? Уверсе плывуць густыя хмары. Рука міжволі адчыняе кайстру, намацвае НЗ і Мішаву супрацьтанкавую гранату. Пісталет ужо не спатрэбіцца, а карты няма. Чаму? Убачыць бы сонейка ў апошні час. “Сонца-сонца, вызірні ў акенца”, - спявалі калісьці малыя, бегаючы босымі нагамі па лужынах пасля дажджу. Як даўно гэта было, а цяпер хаця б неба бясхмарнае ўбачыць, ну, хоць невялічкае акенца ў грозных аблоках.

 Але, прэч, недарэчныя думкі. Трэба ўсё зрабіць так, як вучыў Міша. Рука намацала кольца лімонкі. Павольна падцягнуўшы кайстру іншай рукой, перахапіла канцавік запалу. А з вострава гучыць загад:

 - Степан! Бері своіх архаровцев, і ташчіте бандітку на сухое. Она ешчё жіва?

 - Жіва! Шевелітся.

 Быццам выконваючы жаданне жанчыны, сярод суцэльных хмараў утварыўся невялікі прагал, скрозь які прарваўся лапік нябеснай сінечы і павольна паплыў над балотна-лясным масівам. Углядаючыся ў гэтае нябеснае акенца, Марыя выцягнула кольца запалу. Яшчэ трошкі, яшчэ хвілінку паглядзець на гэтае святло, на гэтыя вершаліны дрэваў.

 - Даруй мяне, божачка, даруй мяне, мамачка, даруй, Антоська, - шапталі збялелыя вусны жанчыны.

 А ад курганоў ужо шлёпаюць боты камінцаў, абступаюць паўколам параненую.

 - Она же вся в крові! Нет за что взять.

 - Ташчі за волосы партізанскую сучку.

 Над Марыяй схіліўся чалавек у доўгім шынялі і нямецкай пілотцы з зарослым шчэццю тварам, захінуўшы сабою акенца нябеснай сінечы. Удыхнуўшы паветра, Марыя расціснула пальцы і выгукнула:

 - Бярыце, гады!

 …На беразе возера Сучынскі, Чарноў і Стрыжонак абмяркоўвалі далейшыя дзеянні.

 - Вы, мальцы, як хочаце, а я падарунак рабіць камінцам не стану, - сказаў Сучынскі. – Я нават НЗ патрачу на іх галовы, а сам лепш утаплюся. Лёгкая смерць: адзін глыток вады ўдыхнуць – і ўсё.

 - У мяне 80 патронаў у дыску, - прамовіў Стрыжонак. – Буду адзінкавымі выбіваць камінцаў, калі выйдуць на поплаў.

 Раптам пад нагамі ўздрыгнула дрыгвяная глеба, і данёсся моцны выбух. Над дробналессем узняліся нейкія парэшткі. Чарноў упаў на ўзбярэжны дол, і партызаны ўпершыню заўважылі слёзы чалавека, бачыўшага пагібель дзясяткаў таварышаў, неаднойчы без старху ўступаўшага ў рукапашную сутычку з ворагам.

 - Гэта ж яна думала, што карта ў кайстры, таму і вярнулася назад, - прашаптаў Чарноў. – А я карту за пазуху паклаў.

 Над лясным масівам у паветра ўзняліся адна за другой тры ракеты: белая, зялёная і чырвоная. Камандзр палку брыгады Камінскага ў другі раз атрымаў загад тэрмінова перадыслакавацца ў раён вёсак Рожна і Ствольна, умацаваўшы пазіцыі ўздоўз бальшаку Лепель – Бягомль ад ракі Бузянкі (Сергуч) да Бярэзіны. За невыкананне першапачатковага загаду камандзіра прыцягнуць да адказнасці.

1983 - 2017.

Заканчэнне глядзець тут.



НРАВИТСЯ
1
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ