14 мая 2017 в 21:25 — 7 лет назад

5) ХРОНІКА ЧАТЫРОХ ДЗЁН ПАРТЫЗАНСКАГА ЖЫЦЦЯ КАНЦА ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1720

Звсесткі пра аўтара глядзець тут.

 У дакументальна-мастацкай аповесці распавядаецца пра поўнае нечаканасцяў небяспечнае блуканне групы партызанаў па Домжарыцкім балоце дзеля выканання задання камбрыга выйсці насустрач Чырвонай арміі пры яе ўступленні на Лепельшчыну. Праз увесь твор праходзіць вобраз незаслужана забытай, а таму дагэтуль невядомай жыхаркі вёскі Валова Гара Марыі Міхайлаўны Шуневіч, партызанкі атраду №3 брыгады імя Сталіна, які дыслакаваўся ў ваколіцах Бярэзінскага каналу. Прозвішчы і падзеі сапраўдныя.

 

 Заканчэнне. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку тут. 

13. Пераход шашы

 У адказ на паўторны загад пакінуць балота, камандзір палку камінцаў рапартаваў, што ў ваколіцах Домжарыцкага возера знішчаны вялікі гурт бандытаў, рэштка іх знаходзяцца на адкрытай мясцовасці, на азёрным беразе. Тэрмінова патрэбная авіяцыя. Загад аб перадыслакацыі на шашу выконваецца. Ёсць страты ў жывой сіле.

 Пакінуўшы роту для транспартавання параненых і пахавання забітых жаўнераў, камінцы спешна накіраваліся ў бок бальшаку. Пераследаваць узброеных кулямётам і аўтаматам партызанаў ды павялічваць і так вялікія страты сваіх байцоў жадання не было.

 …- Мальцы, - звярнуўся Сучынскі да партызанаў. – У нас мала часу. Хутка тут з’явіцца авіяцыя. Таму трэба добра замаскавацца.

 - Залезем у стажкі, - прапанаваў Мікіта.

 - А можа вернемся на балота? - уставіў сваё слова Донька. – Там хоць якое, ды сховішча.

 - Не, - дрыжачым голасам вымавіў Чарноў. – Вада нас схавае. Плюшчэўнік і сітняк - да самага берага. Сядзем па шыю ў ваду, а галаву захінем травой. Зброю таксама схаваем пад траву на беразе. А можна ўвогуле з галавой нырнуць. Самалёт не спыніцца, а хвіліну, а то і паўтары можна вытрымаць і без паветра, пад вадой. Малога і Мулю закапаем у стажарышчы. На востраве абавязкова пакінуць засаду, можа нават і на балоце. А цяпер глядзіце.

 Чарноў у адзенні зайшоў па пахі ў ваду і, прысеўшы, прыціснуў да галавы шырокалісцёвую траву.

 - Вада надта сцюдзёная, але цярпець можна, - вымавіў Чарноў, ляскаючы зубамі.

 За некалькі хвілін партызаны замаскавалі Кольку з Мулем на стажарышчы, закідаўшы іх гнілым сенам. Захінулі травой і зброю на беразе, а самі размясціліся ўздоўж воднага ўрэзку, выбраўшы месцы, дзе водная расліннасць была гусцейшая.

 З паўночнага захаду пачуліся некалькі лёгкіх выбухаў, але хутка ўсё сціхла. Сучынскі спачатку прыслухоўваўся, а затым, склаўшы дулю, накіраваў яе на востраў. Здзівіліся партызаны з такіх паводзін камандзіра, а ён, падышоўшы да іх, спакойна сказаў, звяртаючыся больш да Чарнова:

 - Мы заплацілі сёння вельмі дорага. Жыццё чалавека нельга ацаніць нават у час вайны, але сваё жыццё Маруся аддала не дарэмна. Мы забралі ў ворагаў больш як гадзіну, і яны не паспелі ўмацаваць свае пазіцыі на бальшаку. Чулі выбухі? Гэта нашыя, штаб брыгады, прарваліся праз бальшак ля Рожна. Мы выратавалі шмат жыццяў нашых баявых таварышаў. Скончыцца вайна, і мы пабудуем помнік нашай Марусі з залатой зоркай на яго версе. А вось і лёгкая на ўспамін.

 З паўднёвага боку над дробналессем з’явілася рама і пайшла на разварот у накірунку Бузянкі. Умомант партызаны апынуліся ў вадзе. Напэўна, здзівіўся нямецкі лётчык, які толькі што бачыў партызанаў на беразе возера, і раптам – нікога. Самалёт працягваў баражыраваць над дробналессем, над берагавой лініяй возера, спускаючыся амаль да самых вершалін дрэваў, над самай вадой. І кожны раз пры падлёце людзі акуналіся ледзь не з галавой у ваду. Ад холаду сутаргай зводзіла ногі, сківіцы ляскаталі адна аб другую. Здавалася, што гэта працягваецца вечна.

 - Калі ж у яе, праклятай, скончыцца паліва? – бурчаў Мікіта.

 - Хутчэй мы тут скончымся, - дадаў Максім.

 - Цярпіце, мальцы, ужо нядоўга засталося, - падбадзёрыў небаракаў Сучынскі.

 Быццам у пацвярджэнне яго слоў здрыганулася наваколле, і ў паветра ўзняўся стажок леташняга зляжалага сена.

 - Не вытрымалі нервы ў фрыца, хаця б не ўзяўся стажарышчы бамбаваць, - захваляваўся Донька.

 Зрабіўшы апошняе кола, самалёт скіраваўся на захад. Ужо добра звечарэла, калі партызаны, пакінуўшы свой водны палон, сабралі зброю і невялікія пажыткі. Донька пабег раскопваць стажарышча. Муля з Колькам ужо сядзелі на краі свайго сховішча, страсаючы рэшткі маскіроўкі з непрыемным пахам.

 - Я ўжо думаў, што вы тут задыхнуліся, а вы някепска сябе адчуваеце.

 - А я, татка, адным вокам у дзірачку бачыў, як рама ледзь за жэрдку не зачапілася, нават вецер ад прапелера адчуваўся.

 Падышоўшы да партызанаў, хлопчык спыніўся каля Стрыжонка і спытаў:

 - Дзядзька Аляксандр, а чаму вашая заплечная торба парвалася? Вы казалі, што яна вечная.

 Стрыжонак скінуў з плячэй брызентавую торбу з інструментам і, разгарнуўшы верх, запусціў руку ў нутро, адкуль, неўзабаве, выцягнуў дзве расплюшчаныя кулі.

 - З бельгійскіх патронаў, - трымаючы на далоні два кавалачкі смяротнага металу, сказаў Стрыжонак.

 - Тройчы трапілі: двойчы, калі бег, і раз, калі ляжаў. Торба зверху засцерагла, а куля скрозь яе дзве дзіркі зрабіла і, сутыкнуўшыся з лязом, можа, сякеркі, рыкашэтам прайшла вышэй галавы.

 - Будзеш, Аляксандр, жыць тры жыцці, бо тройчы смерць мінула цябе, і гэта за адзін дзень, - з усмешкай сказаў Сучынскі.

 - Так шанцуе, можа, аднойчы ў жыцці, - дадаў Мікіта.

 - Няма часу на размову! – строга сказаў Чарноў. – Хутка збірацца.

 Сабраўшы рэшткі паклажы і зброю, партызаны хуткім крокам скіраваліся ўздоўж Бузянкі, пераскокваючы з купіны на купіну, і выйшлі на парослыя густым хмызняком прырэчныя курганы. На адным з іх Сучынскі спыніў атрад. Усе моўчкі размясціліся, прыціснуўшыся адзін да другога плячыма. Стрыжонак знайшоў апошні акраец хлеба. З кішэняў кожнага сабралі некалькі жменяў размоклага ячменю ды па бульбіне. Як толькі скончылася вячэра, Сучынскі агледзеў змарнелых, дрыжачых ад холаду партызанаў і загаварыў:

 - Мальцы, у нас два варыянты. Перш за ўсё паспрабуем у прыцемках перайсці бальшак каля Нівак і выйсці да Валовай Гары. Калі гэтага зрабіць не атрымаецца, тады два кіламетры пройдзем уздоўж бальшаку на ўсход і пярэйдзем за паваротам. А там цераз Барсукі – на Валову Гару. Заставацца ў лесе, дзе абавязкова пакінутыя засады і дзе задзерванеем ад холаду, я думаю, не варта. Як мяркуе начальнік штабу?

 - Нешта трэба рабіць, - адказаў Чарноў. – Таму мы з Мікітам спачатку разведаем кірунак, пакуль яшчэ штосьці можна ўбачыць, ды і сагрэемся на хаду. А цяпер узнімайцеся і – у бок Нівак.

 Праз гадзіну хады Чарноў спыніў ідучых ззаду партызанаў:

 - Камандзір, Мікіта кажа, што непадалёк бальшак, з паўкіламетра засталося. Па рацэ далёка бачна і чутно. Зірнем на мост і дарогу. Вы пакуль пачакайце.

 Праз паўгадзіны разведчыкі вярнуліся.

 - Грыша, на мосце добра бачылі ахову. Чулі брэх сабак. Думаю, што тут праходзіць нельга. Магчыма, што бальшак – галоўная артэрыя адыходу нямецкіх войскаў з-пад Віцебска. Чакаць няма чаго. Узнімаем людзей і – на усход. Усяго два кіламетры па балоце.

 Добра сцямнела, калі атрад, перасекшы палову сасновага лесу і дарогу на Ніўкі, рушыў па мохавым балоце на ўсход, да павароту, трымаючыся на адлегласці з паўкіламетра ад бальшаку. Праз невялікія адрэзкі часу з боку Нівак уключаўся пражэктар, і тады была бачная шаша да самага павароту. Часам прамень пражэктара абмацоўваў ускраек балота, што служыла арыенцірам партызласці ад бальшаку трымацца і своечасова хавацца за купіны з карлікавымі соснамі.

 Праз паўтары гадзіны партызаны наблізіліся да ляснога масіву. Сучынскі паклікаў Чарнова і Мікіту:

 - Мальцы, трэба абдумаць далейшыя нашыя дзеянні. Мікіта, кліч Стрыжонка. Міша, карта нам не спатрэбіцца, уся надзея на Мікіту.

 І, ужо гледзячы на падышоўшых Стрыжонка і Мікіту, Сучынскі спытаў апошняга:

 - Ты добра ведаеш, дзе мы цяперзнаходзімся?

 - Камандзір, тут усё проста – гэта Кубскае. Мы гэты востраў абыходзілі з поўдня, там засада была. Калі толькі перайсці востраў і трошкі прайсці балотам, дык будзем за паваротам, насупраць Бруснічнага. Там за шашой - дарога на Мар’янова, а праз метраў пяцьсот, а, можа, і меней, ідзе дарога на Барсукі. Да іх, можа, кіламетра паўтара.

 - Што думаеш, начштабу? – звярнуўся Сучынскі да Чарнова.

 - Ды тут, па-мойму, толькі адна думка: падысці бліжэй да шашы і па ўскрайку вострава рухацца за паварот. Мы з Мікітам паперадзе пойдзем. Размовы спыніць. Ісці ланцужком, каб ніхто не згубіўся, на адлегласці бачнасці. А далей будзем дзейнічаць паводле абставінаў.

 - А што думае Стрыжонак?

 - Я толькі за. Трэба хутчэй перайсці бальшак, моцы ў людзей не засталося. Да таго ж не думаю, што пасля прарыву немцы надта пільна возьмуцца ахоўваць увесь бальшак. Дробязныя гурты іх не будуць хваляваць. Галоўнае для іх – пераправы.

 - Міша, папярэдзь усіх аб асцярозе. Я і Стрыжонак пойдзем замыкальнымі.

 Праз некалькі хвілін атрад, расцягнуўшыся, рушыў па густым дробналессі ўздоўж бальшаку на ўсход. Перайшлі грэблю, пракладзеную з бальшаку на Кубскае, і заглыбіліся ў бярозавае дробналессе, якое змянілася маладым алешнікам і сухімі дрэвамі, змерзлымі ў саракавых гадах падчас незвычайна сцюдзёнай зімы.

 На беразе маленькага азярца Чарноў спыніўся і, калі да яго падышоў Сучынскі, распавёў, што выйшлі да кар’ераў, выкапаных будаўнікамі дарогі. Амаль да самага бальшака густы бярэзнік і лазовыя кусты.

 - Міша, бяры Мікіту, Максіма і Доньку, малога пакінь са мной, і асцярожна падыходзьце да бальшаку. Трэба праверыць, ці ёсць ахова на павароце. Глядзіце ў абодвух напрамках.

 Неўзабаве вярнуўся Донька і, падышоўшы да Сучынскага, даклаў:

 - Камандзір, толькі што прайшоў патруль з чатырох жаўнераў. Зрэдку сігналізуюць ліхтаром у бок Барка і Нівак. Сабак не чуваць. Чарноў лічыць, што, як толькі патруль схаваецца за паваротам, трэба хутка перабегчы шашу, не нарабіўшы шуму.

 Праз некалькі хвілін партызаны размясціліся пад адхонам бальшаку. Чарноў, прыгнуўшыся, падышоў да Сучынскага і прашаптаў:

 - Зараз патруль схаваецца за паваротам. Па маім сігнале за паўхвіліны трэба, прыгнуўшыся, літаральна пераляцець шашу. Толькі б на міны не наскочыць. І каб раней часу патруль не павярнуў назад.

 Калі святло ліхтарыка знікла за паваротам, Чарноў рукой падаў сігнал. Шчыльным фронтам, прыгнуўшыся амаль да зямлі, партызаны ўзняліся на насып бальшаку і ў імгненне вока апынуліся на іншым баку брукаванай шашы. Адбегшы каля сотні метраў ад небяспечнага месца, Чарноў спыніў атрад і, калі ўсе трошкі аддыхаліся, падышоў да Мікіты:

 - Ты гэтыя мясціны добра ведаеш?

 - Бы свае пяць пальцаў. Нацянькі праз Бруснічнае – кіламетры са два, не больш. Балот тут вялікіх няма, а дарога на хутар і Барсукі дзесьці тут побач.

 - Тады вядзі, - загадаў Чарноў і, зрабіўшы знак рукой астатнім, рушыў уздоўж бальшаку.

 Але доўга ісці не давялося – Мікіта узняў руку.

 - Вось і дарога. Налева – на хутар, а далей паварот направа – на Барсукі.

 - Грыша, - звярнуўся да Сучынскага Чарноў. – Я так думаю, што наўрад ці ноччу ў сябе ў тыле немцы будуць рабіць засады. Калі на міны не натыкнемся, то дарога да Барсукоў чыстая. Я пайду першым. Мікіта – за мной у дзесяці кроках. Папярэдзіш, дзе трэба павярнуць на Барсукі.

 Прызвычаіўшыся да цемры, вочы добра бачылі каляіны лясной дарогі. Таму партызаны праз паўгадзіны выйшлі на ўскраек доўгай нівы.

14. Фінал чацвёртага дня

 

 Звярнуўшы да ляснога масіву, партызаны прайшлі да ракі Цягбіцы, падзяляўшай Барсукі на пасёлкі.

 - Мікіта, як нам цяпер выйсці на Валавагорскі ўскраек вёскі? – спытаў Чарноў.

 - Вельмі проста, - адказаў Мікіта. – Пройдзем трошкі ўздоўж вёскі, затым звернем на поўнач, праз ручаіну і выйдзем на Лыскі. Гэта пасёлак з боку Валовай Гары. Ды гэта блізка, з паўкіламетра, не болей. А, можа, і таго меней.

 Хутка партызаны, перайшоўшы невялікае ляда, па лясной сцежцы выйшлі на большае. Спыніліся на краі поля, дзе былі бачныя вясковыя хаты. Асобна ад іншых з боку дарогі на Валову Гару выдзялялася хата з гаспадарчымі пабудовамі.

 - Камандзір, - звярнуўся Чарноў да Сучынскага. – Можа, спачатку разведаем, каб быць бльш упэўненымі?

 - Добра, Міша, - адказаў Сучынскі. – Толькі вельмі асцярожна. Бяры Мікіту для прыкрыцця.

 - Не, Грыша. Адзін буду меней прыкметны.

 …Чакаць давялося няшмат. Спачку ў акне хаты мільгануў агеньчык, затым праз колькі хвілін з’явілася постаць Чарнова.

 - Грыша, усё спакойна, у хаце толькі Ганна Францаўна Казлоўская, тая настаўніца, што спявала з Марусяй на канцэртах і шыла з сёстрамі адзенне для партызанаў. Маці з маладымі ў лесе схавалася. Немцаў ужо два дні няма ў вёсцы.

 На парозе хаты партызанаў сустрэла даволі рослая прыгожая жанчына. Вокны ў трысцене былі завешаныя пасцілкамі, на стале стаяў прымітыўны, зроблены з артылерыйскай гільзы каганец.

 Прывітаўшыся, жанчына замітусілася, запрашаючы да стала. Калі ўсе размясціліся, выцягнула з печы вялікі чыгун з бульбай. Чарноў паставіў яго на стол, а жанчына, быццам просячы прабачэння, сказала:

 - На вялікі жаль, у хаце больш нічога няма. Я сваім зварыла, але бульба ёсць, яшчэ згатую.

 Смачнейшага галодныя людзі быццам ніколі не елі – так хутка чыгун апусцеў, а на стале засталося толькі бульбяное шалупінне.

 - Міша, - звярнулася Ганна да Чарнова. – А дзе Шуневічава Маня?

 Моўчкі ўстаў Чарноў і выйшаў з хаты. Маўчалі і партызаны. Сучынскі, апусціўшы долу вочы, ціха сказаў:

 - Марыю Міхайлаўну не збераглі. Загінула наша Маруся смерцю героя.

 Па шчаках жанчыны цяклі слёзы. Моўчкі, схіліўшы галовы, сядзелі партызаны. Акінуўшы хуткім позіркам гасцей, Ганна ціха прамовіла скрозь слёзы:

 - Вельмі шкада, што ў час войнаў і рэпрэсіяў першымі гінуць лепшыя людзі.

 - Чуваць кананада, - сказаў, увайшоўшы з падворку, Чарноў. – Нашыя ўжо блізка. Нам на адпачынак дзве гадзіны. Максім, на паўгадзіны – на варту. Астатнім адпачываць, а вопратку сушыць на печы. Вазьмі карабін Мулі і, каб не заснуць, залазь на драбіну – будзеш баяцца задрамаць, бо звалішся. Цябе зменіць Стрыжонак, затым Донька.

 Ганна дапамагла партызанам размясціцца ў вялікай палове хаты, затым намыла поўны чыгун бульбы і з дапамогай Чарнова паставіла яе гатавацца, падкінуўшы некалькі пацурбалкаў на яшчэ не патухлыя ў печы вугалькі. Прысеўшы на невялікі зэдлік, жанчына распавяла Чарнову, што два дні таму назад апоўдні прыехала крытая нямецкая машына, поўная жаўнераў, і спынілася на аселіцы. У крайняй хаце была толькі старая Гумоўская. Нямецкі афіцэр спытаў, як праехаць на Валову Гару. А старая была глухая. Не чуе і сцвярджае адно:

 - Пан афіцэр, партызанаў у вёсцы няма.

 Немец, бачачы, што ад старой нічога не даведаешся, дастаў карту, штосьці паглядзеў і зноў сеў у машыну. Паехалі ў бок Гардзіёнкавага хутара. Адтуль да Валовай Гары кіламетра паўтара. Праз гадзіны тры машына вярнулася і зноў спынілася на аселіцы. З машыны высадзілі старога Шуневіча Юзіка, Стася Левановіча ды дзеда з бабай Левановічаў і сталі абшукваць. У старога Шуневіча немец знайшоў два крыжыкі. Паляскаў па плячах і загадаў лезці ў машыну. Стары штосьці казаў немцу, і той Левановічаў таксама скіраваў у машыну, а кульгавага Стася некалькі жаўнераў павялі ў бок лесу, на Галяк. Вярнуліся жаўнеры без Стася, і машына паехала ў накірунку бальшаку.

 - Так распавядала старая Гумоўская, - падвынікавала расповяд Ганна. – А я так думаю: стары Юзік у маладосці служыў у царскай гвардыі і меў узнагароды. Магчыма, тыя ўзнагароды і выратавалі Шуневіча і Левановічаў ад смерці. Даведаемся аб усім, калі хтосьці з іх застанецца жывы. А мы ўчора з сярэднім братам Янакам пайшлі на Галяк і знайшлі забітага Стася Левановіча. Янак збегаў па рыдлёўку, і мы выкапалі глыбокую яміну, абклалі яловымі лапкамі і пахавалі чалавека. Прыйдуць нашыя, тады зробім труну ды перазахаваем на могілках. І чым гэты калека ды старыя людзі маглі ім нашкодзіць, што заслужылі смерці. Ды, што я кажу? Гэта ворагі, а да вайны свае палову вёскі знішчылі. Забілі бацьку і трох братоў невядома за што. Адны паклёпы страчылі, іншыя забівалі. Працавала малатарня вынішчэння лепшых людзей, працавітых ды разумных. Ой, Міша, я загаварыла цябе, ідзі, адпачывай, а я сама дагатую бульбу і на вуліцы папільную. Няхай вартавы адпачывае.

 Але вартавы і сам зайшоў у хату і разбудзіў Стрыжонка. Узняўшыся з падлогі, дзе ляжаў на саламянным матрасе, Аляксандр накінуў падсохлую верхнюю вопратку і, узяўшы ў рукі зброю, выйшаў у двор.

 Ужо даволі добра было бачнае наваколле, і вельмі сіроча выглядалі чатыры хаты сярод папялішчаў. З недалёкіх лазовых кустоў даносіліся спевы салаўя, і, калі б не грымоты, што раз-пораз даносіліся з усходу, ды папялішчы перад вачыма, дык нават цяжка было б усвядоміць, што цябе кожную хвіліну чакае небяспека.

 Чырванеў небасхіл на ўсходзе. Напружваючы слых, вартавы ўзіраўся ў дарогу, што вяла з вёскі на бальшак.

 Грукнулі дзверы, і на парозе з’явіўся Сучынскі.

 - Аляксандр, усё ціха?

 - Ціха, камандзір. Толькі нешта на душы цяжка і неспакойна. Трэба хутчэй адыходзіць, бо ўжо добра развіднела.

 - Думаю, што маеш рацыю. Зараз узніму мальцаў, бо сняданак гатовы. Аня бульбу адцадзіла.

 У трысцене на стале стаяў чыгун, з якога клубілася пара, распаўсюджваючы прыемны пах. Паклаўшы галаву на складзеныя рукі, за сталом драмаў Чарноў.

 Сучынскі ціха ўвайшоў у залу і па чарзе разбудзіў моцна спаўшых людзей, загадваючы хутка збірацца ў дарогу. Ужо ў трысцене ён звярнуўся да партызанаў:

 - Мальцы, слухайце загад: Пшонкі Мікіта, Максім і Донька з сынам ідуць на Бярэшчанскія чысцікі, на Бабскую баравіну да сваіх сямей. І чакайце нас. Дарогу вы добра ведаеце. Будзьце асцярожныя пры пераходзе канавы і ідучы вакол Бярэшчы. Старэйшым будзе Мікіта. Астатнія – са мной, у бок Валовай Гары і далей да Зацяклясся на сустрэчу са штабам брыгады.

 У хату увайшла Ганна і, убачыўшы, што партызаны збіраюцца выходзіць, спынілася і загаварыла, звяртаючыся да Чарнова:

 - Міша, калі няма часу паснедаць, дык вы забярыце бульбу, а я яшчэ згатую.

 Двойчы запрашаць было не трэба, і праз хвіліну чыгунок апусцеў, а бульба размясцілася ў кішэнях гасцей.

 - Снедаць будзем на хаду, - сказаў Сучынскі. – Выходзім па адным у бліжэйшыя кусты.

 Прыгнуўшыся ніжэй плоту, партызаны шпарка пакінулі гасцінны двор і яго добрую гаспадыню. Перабегшы дарогу на Валову Гару, спыніліся ў зарасніку маладога алешніку, адкуль добра праглядалася наваколле.

 Як і дамовіліся, партызаны разышліся ў розныя бакі: руднянцы – на усход, астатнія – на захад. Над вершалінамі бліжэйшых дрэваў загулялі сонечныя прамяні. Пачынаўся пяты дзень хронікі аднаго невялікага эпізоду з жыцця і барацьбы партызанаў Лепельшчыны.

 15. Пошукі парэшткаў Марыі

 

 Пасля вызвалення Лепеля, напачатку ліпеня 1944 года па шашы Лепель – Бягомль бясконцым патокам рухаліся часці Чырвонай арміі. Сярод гэтай масы людзей і тэхнікі знаходзіўся вайсковы шпіталь. На адной з аўтамашын, загружанай да верху медыцынскім абсталяваннем, прымасціўшыся між дзвюх скрынь, сядзелі двое мужчын. Калона часта спынялася, прапускаючы наперад бранятэхніку, вайсковыя часці, а таксама сустрэчныя машыны з чырвонымі крыжамі. У небе над калонамі час ад часу баражыравалі чырваназорныя знішчальнікі.

 - Ну, Міша, уцягнуў ты мяне ў авантуру. З такой хуткасцю мы і да вечару не дабярэмся ў тыя Ніўкі.

 - Грыша, я ж прасіў толькі мне зрабіць пасведчанне, а ты ўгаварыў каменданта і для сябе. А ўвогуле, у нас ёсць сем дзён для пераафармлення. Паперныя пытанні, як і дамовіліся, вырашыць палітрук.

 - Ды не змог я цябе аднаго, без зброі, адпусціць. У мяне хоць пісталет застаўся, а ты ўсё здаў трафейшчыкам. Нам з табой яшчэ топаць да Берліну, таму пасля ўсяго, што разам перажылі, згубіць цябе тут я не маю права.

 Як ні марудна рухалася калона, але ў чарговы раз спыніліся ўжо ля вёскі Барсукі, перад з’ездам на лясную дарогу ў бок Стайску.

 - Што там здарылася, зямляк? – спытаў Сучынскі сяржанта, які з чырвоным сцяжком стаяў на ўзбочыне шашы.

 - Немцы па дарозе на Стайск, - патлумачыў чырвонаармеец. - Кажуць, каля 800 чалавек сустрэлі партызанаў, што ішлі на перафармаванне ў Барысаў. Шмат загінула, амаль увесь кулямётны ўзвод.

 - Ды што ж гэта робіцца, камандзір? – абурыўся Чарноў. – Паслаць людзей без суправаджэння, бяззбройных, бо іх таксама, бы і нас, вядома, раззброілі.

 - Міша, лепш памаўчым, калі не хочаш атрымаць кулю не ад ворага.

 Калона прасунулася з паўкіламетра і спынілася на аселіцы Барсукоў. Прыйшло распараджэнне шпіталь размясціць у вёсцы, паколькі Ніўкі і пераправы праз Бузянку і Бярэзіну знаходзіліся пад пастаянным бамбаваннем нямецкай авіяцыі.

 - Ну, што будзем рабіць, Рыгор Анісімавіч? – спытаў Чарноў Сучынскага. – Можа, пехатой патопаем? Тут кіламетраў з пяць, не болей. За гадзіну дойдзем.

 - Міша, мы так і за двое сутак не ўкладземся, - адказаў Сучынскі. – А нам яшчэ да возера больш за гадзіну ісці.

 Іхнія разважанні спыніў сігнал санітарнага аўтамабіля, з кабіны якога жанчына ў вайсковай форме, стараючыся перадужаць рокат рухавіка, пракрычала:

 - Хлопцы, сядайце хутчэй у кузаў да санітараў! Мы спяшаемся ў Ніўкі. Там пасля налёту шмат параненых.

 Двойчы хлопцам не трэба было казаць, і праз дзве хвіліны, трасучыся на бруку і абмінаючы калоны пехацінцаў, машына даволі хутка даставіла падарожнікаў да Нівак.

 - Міша, рушыць у лес без зброі – вельмі вялікая рызыка. Фрыцы з катла выходзяць, можна на іх натыкнуцца. Давай шукаць нейкае начальства.

 І сапраўды, хутка знайшлі начальніка аховы моста над Бузянкай, старшага лейтэнанта. Даведаўшыся аб мэце прыезду двух партызанскіх камандзіраў, ён паспачуваў ім і ў сваю чаргу распавёў, што пры сеняшнім налёце зноў разбамбілі мост. Загінуў Герой Савецкага Саюзу і некалькі байцоў, шмат паранена. Дзесьці сядзіць карэкціроўшчык, і як толькі нашыя знішчальнікі адлятаюць, нямецкія самалёты тут як тут. А яшчэ і ў палон здаюцца і немцы, і ўласаўцы. Дужа баяцца партызанаў, бо тыя ў палон не бяруць, а адразу ў расход.

 - Я гэтулькі канваіраў не набяруся, дык адпраўляю гуртамі да Барсукоў, там пункт збору. Зброяй дапамагчы не магу. Ёсць толькі трафейная. Калі ўмееце валодаць, выбірайце з умовай, што вернеце назад, бо ўсё трафейнае рэгіструецца. Згода! На тры гадзіны даю двух байцоў на ўсялякі выпадак. Пакуль сапёры пераправу наводзяць, пастарайцеся ўправіцца. Сяржант Анечкін! Вазьмі аднаго з байцоў, і праводзьце таварышаў да месца, дзе ім трэба быць. Не марудзьце.

 Праз дзесяць хвілін чатыры чалавекі шпарка крочылі на поўдзень па лясной дарозе ў бок Домжарыцкага возера.

 - Хлопцы, - звярнуўся да спадарожнікаў Сучынскі. – на ўсялякі выпадак пойдзем асцярожна, след у след. Звяртайце ўвагу на свежаўскапаную глебу на дарозе, у час адыходу камінцы маглі паставіць супрацьпяхотныя міны. Я пайду першым.

 Вось і ручай з Домжарыцкага балота бяжыць у Бузянку. Яшчэ праз паўгадзіны Чарноў спыняе групу:

 - Вунь ад гэтага павароту направа каля трохсот метраў у бок возера быў наш прыпынак.

 Прайшоўшы прыкладны адрэзак шляху па лясным масіве, група выйшла на бераг мохавага балота, да трох вялікіх хваінаў, пад якімі некалькі дзён таму назад адпачывалі партызаны.

 - Рыгор Анісімавіч, беглі мы ў бок возера, вось толькі мы за Пшонкамі прама ад соснаў, а Стрыжонак з Марусяй лявей.

 - Хлопцы, - звярнуўся Сучынскі да чырвонаармейцаў. – Абыдзіце вакол хваінаў і далей па лесе. Можа, што-небудзь знойдзеце, а мы – на балота.

 Узяўшы лявей, Чарноў і Сучынскі хутка падышлі да купін з лазой і алешнікам. Пераскокваючы з купіны на купіну, апынуліся на мохавай паляне, што цягнулася паміж лесам і балотным дробналессем.

 - Міша, - звярнуўся Сучынскі да Чарнова. – Каб не губляць час, ты павярні направа, а я пайду налева. Калі знойдзеш месца выбуху, свісні.

 Хвілін праз пяць пачуўся свіст з боку Сучынскага. Чарноў кінуўся да сябра. Той моўчкі стаяў над невялікай катлавінай, запоўненай іржавай балотнай вадой.

 - Грыша, якія-небудзь парэшткі ці засталіся? Можа, у яміне што-небудзь?

 Не чакаючы адказу, абмацаў дно яміны.

 - Нічога няма. Можа, далей. Давай, Грыша, вакол абыдзем і агледзім балота. Не можа быць, каб нічога не засталося.

 Некалькі колаў зрабілі вакол месца выбуху, калі Сучынскі паклікаў Чарнова і паказаў адзіную знаходку: рамень ад санітарнай кайстры з верхняй часткай самой кайстры.

 - Усё, Міша. Больш шукаць няма сэнсу. Альбо звяры часткі цела расцягнулі, а можа камінцы забралі як доказ сваёй перамогі.

 На ўзлеску іх чакалі чырвонаармейцы. Яны распавялі, што ўвесь узлесак вытаўчаны, нібы статак сланоў прайшоў, аднак чагосьці адметнага не знайшлі.

 Сонца схілілася да небакраю, калі пашукоўцы вярнуліся да Нівак. Здаўшы трафейныя карабіны і падзякаваўшы камандзіру узводу аховы мосту за садзейнічанне, Сучынскі і Чарноў наважыліся выходзіць на шашу, каб паспрабаваць перахапіць які-небудзь транспартны сродак у бок Лепелю. Не паспелі зрабіць і некалькі крокаў, як іх дагнаў сяржант Анечкін і перадаў паўбохана хлеба і бляшанку кансерваў. Між іншым ён дадаў, што з лесу выйшлі паўтара дзясятка ўласаўцаў ці камінцаў, здалі зброю і хочуць крывёй змыць сваю віну. Кажуць, што выконвалі ахову сувязі, у баях не ўдзельнічалі.

 Чарноў, не даслухаўшы сяржанта, папрасіў паказаць уласаўцаў, і той прывёў сяброў да ўзлеску, дзе знаходзіўся гурт палонных, зусім маладых, амаль хлапчукоў у вопратцы, якую насілі жаўнеры Рускай вызваленчай народнай арміі. Толькі нашыўкі былі садраныя.

 - Таварыш дзядзька, - звярнуўся адзін палонны да Сучынскага. – Нас растраляюць?

 - Суд вырашыць, што з вамі рабіць, - адказаў Сучынскі. – А пакуль што адкажыце на нашыя пытанні.

 Ад палонных учарашнія партызаны даведаліся, што прачэсваннем займаўся пяты полк, і ў іх была сутычка з партызанамі. Страты камінцаў склалі каля двух дзясяткаў забітых і шмат параненых. Жанчына-партызанка падарвала сябе і яшчэ васьмёх жаўнераў. Камандзір роты загадаў сабраць парэшткі ўсіх загінулых на плашч-палаткі і пахаваць у лесе. А камандзіра палку за нясвоечасовае выкананне загаду немцы пакаралі.

 - Міша, хопіць іх дапытваць, большага ты не даможашся. А калі скончыцца вайна, мы знойдзем тое пахаванне і перазахаваем нашую Марусю так, як яна таго заслугоўвае.

 Праз некалькі гадзін Чарноў і Сучынскі на санітарнай машыне, запоўненай параненымі армейцамі, памалу рухаліся на ўсход насустрач бясконцаму патоку вайсковай тэхнікі і людзей.

 Толькі ў сутонні параненыя былі дастаўленыя ў вайскова-палявы шпіталь. Двум жаўнерам дапамога ўжо не спатрэбілася і іх пахавалі на краі пясчанага кар’еру паміж шашой і крайняй хатай Барсукоў.

 А нашыя спадарожнікі, павячэраўшы падарункам гасціннага камандзіра аховы мосту над Бузянкай, пераначавалі ў вясковай пуні і раніцой выйшлі на шашу, каб спадарожным транспартам дабрацца да Забаення, дзе знаходзіўся пункт перафармавання партызанскіай брыгады імя Сталіна.

1983 – 2017.

 Ад выдаўца. Збіраць звесткі ад удзельнікаў блуканняў па Домжарцкім балоце і на падставе пачутага пісаць дакументальную аповесць у мастацкай форме, аўтара змусілі абставіны, што ні ў якім спісе ўдзельнікаў партызанскага руху не пазначана санітарка атраду №3 брыгады імя Сталіна Марыя Міхайлаўна Шуневіч з Валовай Гары. Няма яе і ў пераліку загінулых землякоў на абеліску ў Барсуках. Маўчыць аб партызанцы кніга “Памяць. Лепельскі раён”. Не ведаюць пра Марыю Шуневіч і ў краязнаўчым музеі.

 Сюжэт твору Анатоль Шуневіч складаў паводле расповядаў герояў аповесці Аляксандра Стрыжонка, Міхаіла Чарнова, а таксама вяскоўцаў з Барсукоў, Валовай Гары і Рудні.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 209 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ