Вандроўныя нататкі старога валацугі
Субота, 17 сакавіка. Загадзя купіў адзін грам матылёў. Прадавец і пакупнікі смяяліся: куды мне такі мізер -- раптам клёў пачнецца. Супакоіў іх, што ў мяне не пачнецца, а больш паловы гэтага грама ў палонку выкіну.
Куды паехаць? Пакуль жвіроўкі і прасёлкі не вызваліліся ад лёду, мой двухколавы “Дракон” данясе толькі да блізкіх ад асфальту азёраў. У мінулы выхадны быў на возеры Поўсвіж. Шэсць рыбін агульнай вагай 100 грамаў тады навудзіў за дзве гадзіны. Кпінаў не прымаю, бо сам сябе называю пучыным рыбаловам (пукамі на Лепельшчыне называюць яршоў). Цяпер трэба выбраць новае месца. Блізка і недалёка ад асфальту возера Доўгае (кардзяцкае, бо ёсць яшчэ з такой назвай пышнянскае).
Свідар, за які некалькі гадоў не браўся, дзіркі свідруе выдатна. Першага выцягваю мізэрнага ярша (пуку па-мясцоваму). Ну, думаю, пучыная рыбалка мне забяспечана. Аднак клёву зусім не стала.
Заехаўу самы пачатак возера з боку Вялікага Поўсвіжа. Каля гадзіны блукаў па крайнім заліве, пакуль з адной дзіркі не выцягнуў дзевяць рыбін.
Хроніка рыбалкі. Вудзіў з 11-50 да 14-50 гадзін. Пачынаў рыбалку пры тэмпературы 5, завяршыў -- 9 градусаў цяпла. Стаяла сонечнае надвор’е. Прынады -- матыль. Улоў у 280 грамаў склалі 10 акунёў, 5 плотак і 1 ёрш. Смех для вас? А для мяне сенсацыйная здабыча.
Так што, перш чым мяне крытыкаваць як рыбалова аматара, улічыце мой сапраўдны паход на возера -- абы не ў кватэры сядзець.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2010 год. ЛЕПЕЛЬ.
На здымку: першы пука.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
Каментар. Да выбару пазіцыі фатографа прашу прэтэнзіі не выказваць. Фатаграфую сябе сам. Стаўлю фотаапарат на любы прадмет перад сабой. На возеры апрача лёду нічога няма. Таму пад падстаўку прымяняю, што пад руку трапіцца. На возеры Поўсвіж выкарыстоўваў рыбалоўную скрыню. Цяпер выбраў тэрмас. Вынік вынаходніцтва -- перад вамі. Дарэчы, дату не забываюся ўключыць, каб не падумалі, што выкарыстаў фотаздымак з архіва.
Мая справа рыбы навудзіць, а жончына -- прыгатаваць. Здаецца, яна мой улоў замарозіла для смакавання ў будучыні.