Вандроўныя нататкі старога валацугі
У парку паставілі скульптуру Русалкі.
Спрытная маладзіца, хоць і з хвастом замест ладных ляшак. Толькі незразумела свядомаму люду, якое дачыненне мае міфічная істота да Лепельскага возера ці гарадскога парку. Так, жывуць Нячысціцы ў кожным вадаёме. Безумоўна, шмат іх і ў Лепельскім. Але ж ніводная з іх нічымасаблівым не вызначылася, інакш была б народам прыдуманая нейкая там легенда або паданне аб незвычайных паводзінах ці дзеяннях напаўмаладзіцы-напаўрыбіны. Так што Русалка ў парку – усяго толькі пустая скульптура.
Аднак Лепельскае возера, паводле рамана беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, кішма кішэла Цмокамі – страшнымі і брыдкімі істотамі.
На сваю бяду, а можа і на наша шчасце, у даўніну яны ўсе выдахлі. Хаця ў масавую смерць нячысцікаў многія не вераць – хоць некалькі іх, хоць адзін на развод ды павінен быў застацца. Так думаюць ва ўсёй краіне. Нездарма ўвосень у Лепель прыязджала шукаць Цмока экспедыцыя сталічнай газеты “АВТОбизнес”. Бачылі пачвараў і многія лепяльчане, у тым ліку і ваш верны слуга Валацуга. Аб тым шмат распавядалася ў яго вандроўных нататках у блозе “Прырода Лепельскага краю”.
Дык вось, са скульптуры Русалкі атрымаўся пшык – ніякага фору яна гораду не надала. А цяпер уявіце, што каля Русалкі прыладкаваўся Цмок.
Вось вам і легенда, вось і гісторыя, вось і сапраўдны брэнд Лепеля. Ніводзін госць горада не праміне двух Нячысцікаў, абавязкова сфатаграфуецца з імі. І запаланяць фотаздымкі інтэрнэт, і паедуць спецыяльна ў Лепель паглядзець на лепельскае цуда-юда спачатку з бліжэйшых гарадоў, потым з далейшых, а пазней і з іншых краін. Турысты нарасхват пачнуць купляць сувеніры з выявай пары Нячысцікаў. Мастакі не будуць паспяваць маляваць, іншыя народныя майстры – вырабляць Цмокаў і Русалак.
І стануць называць наш горад Нью-Русацмокам спачатку неафіцыйна, а з часам і афіцыйная такая назва будзе яму нададзена. Ва ўсякім выпадку Нью-Русацмок стане накшталт легендарных ільфапятроўскіх Нью-Васюкоў.
На поўным сур’ёзе Лепелю можа прынесці такую славу братэрства ці сэксапільства пары Нячысцікаў.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |