Звесткі аб аўтары глядзець тут.
На здымках адсек чалавеку галаву, каб не выдаваць яго знаёмым.
Збіраюся выходзіць з музею. Забягае жанчына. Кажа, што за вуліцай Максіма Горкага ляжыць веласіпедыст пад слупам. Можа разбіўся. Трэба разам паглядзець.
Дзве супрацоўніцы музею ідуць на месца здарэння. Я – за імі.
На ўзбочыне вуліцы Калініна ляжыць чалавек з веласіпедам. Ногі спушчаныя ў сцёкавую канаву. З канавы расце электрычны слуп. Такое ўражанне, што веласіпедыст у яго ўрэзаўся.
Жанчыны пачынаюць лёгенька штурхаць ляжачага. Не рэагуе. Тады адна кажа:
- Трэба хуткую дапамогу выклікаць.
Непрытомны просіць:
- Не трэба нікога выклікаць.
Падумаў, што ён паламаў ногі. Пытаю, ці баляць яны. Адказвае, што не.
- Тады ўставай, - загадваю.
- Не магу, - бармоча.
Адзін выцягнуць яго з канавы не магу. Тады жанчыны клічуць мужыка ад суседняга дома. Той кажа, што не трэба чапаць: сам праспіцца. Аднак маладзіцы ўгаворваюць яго і прахожага мальца дапамагчы. Утрох выцягваем бедака з канавы. На нагах стаіць, але толькі пры падтрымцы. Самастойна не можа, падае. І зноў просіць нікога не выклікаць, пакінуць яго. Тады кажу:
- Калі мы цябе кінем ляжачага, нехта ўсё адно выкліча міліцыю ці хуткую дапамогу. Не кладзіся. Апусці ногі ў канаву і сядзь на бераг. Вады ў ёй няма. Працверазееш і пойдзеш.
П’яны паслухмяна выконвае загад з маёй дапамогай. Адна жанчына пытаецца:
- Можа патэлефанаваць каму-небудзь з родных, каб цябе забралі?
- Я жыву адзін, - адказвае. – Адсяджуся і зайду.
- Ты разважаеш, бы цвярозы, - кажу. – А на нагах не трымаешся…
- Не слухаюцца яны, - адказвае. – Усё будзе нармальна.
Мы пайшлі. Ужо ад музея я вярнуўся, каб упэўніцца, што п’яны не лёг. Той сядзеў роўна, панурыўшы галаву.
Чапаць яго не стаў. Адсядзіцца і дойдзе да дому. Каб толькі ніхто не выклікаў міліцыю. Шкада небараку.
Мне спадабаліся паводзіны жанчын з музею. Не пакінулі чалавека ў бядзе. Прапанавалі свае паслугі. І толькі калі ўпэўніліся, што з п’яным будзе ўсё добра, пайшлі ад яго. Каб усе паступалі так, менш няшчасцяў было б.
19 кастрычніка 2018 году.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |