19 мар 2012 в 20:19 — 1 год назад

ПЕРШЫ ЗАГАР, або ВЯСНОВЫ ДЗЕНЬ У ВІЛАЎСКІМ ЛЕСЕ

Тема: Природа Лепельского края     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1170

Вандроўныя нататкі старога валацугі

У суботу 17 сакавіка вудзіў рыбу на лёдзе возера Доўгае. Сонца нагрэла паветра ў засені да 12 градусаў цяпла. Заазёрныя далячыні здаліся амаль голымі ад снегу. Таму ў нядзелю вырашыў ехаць не на возера, а на лясную паляну ці ўзлесак, дзе ўжо снег сышоў, і вецер не гуляе, паставіць палатку, распаліць вогнішча і адпачываць – загараць, піць піва, скварыць сала на агні, чытаць, драмаць у палатцы.

Назаўтра ў 10 гадзін раніцы з-за туману стаяла змрочнае надвор’е. Усё адно паехаў у бок Мінска шукаць утульнае месца. Не так гэта лёгка было зрабіць. Ускраіны ўзлескаў ад шашы сонца агаліла, а воддаль ляжаў даволі глыбокі снег. Насупраць Мацешавай стаянкі высечка пад лініяй электраперадач цалкам заснежаная. Абапал верабскай жвіроўкі – снег. Паехаў Барысаўскім бальшаком. Перад Юшкамі звярнуў на лясную дарогу ў былы кар’ер пад Казламі. Праталіны ёсць, але скрозь сасновыя шаты сонца не праб’ецца. За Віламі пад ЛЭП – таксама снег. Вярнуўся. У адваротным кірунку праехаў Вілы і адразу звярнуў управа на ледзь прыкметную лясную дарогу. З цяжкасцю двухколавы “Дракон” пераадолеў прыціснутыя да зямлі сумёты. Праз некалькі соцень метраў знайшоў зручны ўзлесак амаль на самай дарозе. На ўзбочыне паставіў палатку. Развёў вогнішча. А сонца на небе толькі-толькі вымалёўваецца.

Чакаю яго ў палатцы. Цёпла. Чытаю газету “Народная воля”. Засынаю. Будзіць сонечнае ззянне нейлонавага верху і прыемная цяплынь. Сонца вызірнула!

Месца цудоўнае. Узлесак-верацяя. З аднаго боку старыя сосны збягаюць у захмызнячанае балота. З другога – вузкая палоска маладога хвойніку спускаецца на заснежанае поле ці поплаў рэчкі Свядзіцы. Бачныя вілаўскія хаты. На бальшаку гудуць машыны. А тут цішыню парушаюць хіба што спевы прыляцеўшых з выраю птушак.

Гадзіны ў дзве дня нават распрануўся, каб крыху пазагараць. Не сказаць, што надта цёпла было – шэсць градусаў усяго, аднак прымаць сонечныя ванны ўжо можна. На падсцілцы, бо пад тонкім пластам іглісты і моху трымалася мерзлата.

У чым смак менавіта такога адпачынку? Сотні, калі не тысячы разоў праязджаў Барысаўскім бальшаком, а не ведаў, што такое прыроднае хараство знаходзіцца за некалькі соцень метраў ад яго. Нават калі б праходзіў тут пехатой, хутка забыўся б на гэтае месца. А вось пражыўшы на ўлонні прыроды дзень у палатцы і ля яе, падзея і навакольныя краявіды адкладуцца ў памяці на ўсё жыццё.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.

На здымку: над галавой сонца, а пад задам лёд.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ