Вандроўныя нататкі старога валацугі
Сфатаграфаваны не вясновы гай, які яшчэ не паспеў апрануцца ў лістоту, а наганяючы журбу засохлы гушчар, лісце ў якім ніколі не з’явіцца, а дрэвы гэтыя – засохлыя ствалы былых алешын, бяроз і асін. З цягам часу камлі перагніюць, і яны ўпадуць у новаўтворанае балота. Віноўнікі гэтага прыроднага разбурэння – бабры. Перагарадзілі яны плацінай рэчку-ручай, што бяжыць з-пад вёскі Доўгае паўз вёску Косцінка ў возера Заружань. Утварылася вадасховішча, якое больш нагадвае запоўненае вадой балота. Карэнішчы дрэў затопленага гаю ад празмернага пераўвільгатнення, быццам тыя пакаёвыя кветкі, згнілі, а ствалы засохлі.
Побач са знішчаным гаем знаходзіцца невялікая выспа. Раней яе сядлаў чысты асінавы гай, які часта любілі засяляць чырвонагаловыя падасінавікі. Цяпер з выспы тырчаць толькі вострыя пні. Асіны спілавалі зубатыя звяры і сцягнулі на плаціну. А тыя, што не спатрэбіліся, ляжаць, паваленыя крыж на крыж, утвараючы непраходны хлуд.
Вось і думай цяпер, ці настолькі бабры карысныя, каб іх празмерна ахоўваць. Дарэчы, паляванне на гідратэхнічных дойлідаў ужо дазволена – агледзеліся ахоўнікі прыроды, што надта шмат гэтых звяроў развялося, і надта значную шкоду яны прыносяць прыродзе і людзям.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2010 год. ЛЕПЕЛЬ.
На здымку: знішчаны бабрамі гай на аселіцы Косцінкі.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
УБЕЙ БОБРА-СПАСИ ЛЕС!