Вымушаныя нататкі старога валацугі
Гэты тэкст у рэдакцыю “Лепельскага краю” прынёс ураджэнец Верабак, а цяпер лепяльчанін Коля Тухта. Аднак з ідэалагічных меркаванняў публікацыя да друку не дапушчана. Прычына ў тым, што апісаная таямнічая тройца чырвонаармейцаў, якая чыніла расстрэлы мясцовых партызанаў, была аператыўнай групай “Дружная” капітана дзяржбяспекі Д. Фралова, закінутай у тыл для ліквідацыі камбрыга Камінскага – камандзіра Рускай вызваленчай народнай арміі. З 12 кастрычніка 1943 года фралоўцы асталяваліся ў лагеры партызанскай брыгады імя Сталіна.
Прыхаваная праўда аб вайне
Мой бацька Сцяпан Тухта з Верабак быў разведчыкам у партызанскай брыгадзе імя Сталіна, якая знаходзілася ў вёсцы Вокана. Ад яго я даведаўся аб невядомым пахаванні часін вайны на верабскай аселіцы. Пераказваю тую гісторыю.
Аднойчы стомленая група партызанаў-падрыўнікоў вярталася з дыверсіі на чыгуначным пераездзе на дарозе Сянно – Бурбін. Стомленыя маршам дыверсанты спыніліся ў Верабках, каб у цемры не блукаць па непраходнай багне Бярэшчанскай поймы. Занялі дзве хаты. Ляглі на падлозе. Але не паспелі звесці вочы, як пачулі звонку жаночы голас:
-- Сыночкі вы нашы! Нарэшце мы вас дачакаліся.
У хату ўвайшлі вайскоўцы ў добрых вопратцы, абутку, маскхалатах, з зоркамі на шапках. Не паспелі партызаны ўзрадавацца прыходу “сваіх”, як начлежнікаў раззброілі. Прычапіліся з пытаннямі: чаму не выставілі вартавога, чаму не пачысцілі зброю пасля паходу і іншымі. Тады старшы групы падрыўнікоў рашуча адказаў:
-- Мы знаходзіліся на заданні не для чысткі зброі, і не вам нас вучыць.
На што галоўны з прышэльцаў сказаў:
-- За парушэнне воінскай дысцыпліны расстраляць. Ты пойдзеш з намі ў атрад, там разбяромся.
Зброю партызанам вярнулі, але таварыша забралі з сабой і па агародах падаліся ў бок лесу.
Не паспелі партызаны выйсці з вёскі, як за агародамі пачулі стрэлы. Колькі іх было, дакладна не памятаюць. Магчыма 12.
Дыверсійная група ў колькасці сямі чалавек прыйшла ў Вокана. Узятага невядомымі таварыша там не было. Больш яго ніколі не бачылі.
На наступны дзень у атрадзе з’явіліся тры загадкавыя вайскоўцы ў шыкоўнай форме – тыя, што расстралялі партызана ў Верабках. Яны прычапіліся да рабочага па гаспадарцы Курылы Шушкевіча з Верабак за сказаныя ўслых словы:
-- Ці дажывуць верабчане да вызвалення, бо іх удзень трасуць немцы, а ўначы – партызаны.
Галоўны з прышэльцаў загадаў камандзіру пастроіць партызанаў, і перад строем сказаў, што так аб партызанах гаварыць яны нікому не дазволяць. Курылу загадаў расстраляць.
Праз месяц пасля гэтых падзеяў у Верабкі завіталі карнікі і ўзяліся падпальваць менавіта тыя дзве хаты, дзе невядомыя воіны заспелі партызанаў-падрыўнікоў. Гаспадары блізка размешчанай сядзібы пачалі плакаць, казаць, што і іх пабудовы згараць. Тады афіцэр загадаў разабраць тую хату і сабраць у аддаленні. Так за ўсю вайну ў Верабках былі спаленыя ўсяго дзве хаты, хоць практычна з кожнай хтосьці быў у партызанах. Дакладна невядома, ці быў той падпал звязаны з групай таямнічых вайскоўцаў, што невядома якім чынам уварваліся ў партызанскае жыццё.
Цяпер з верабчанаў адзін я ведаю, дзе знаходзіцца магіла расстралянага чужынцамі партызана. Вядома, што ён з вёскі Запружаны Чашніцкага раёна. Не складзе цяжкасцяў устанавіць імя героя чальцам гуртка “Нашчадкі” са Слабадской школы, а байцам пошукавага батальёна -- перазахаваць астанкі.
Мікалай ТУХТА,
ураджэнец Верабак, цяпер лепяльчанін. 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |