17 июня 2012 в 04:53 — 1 год назад

ВЫХАДНЫ НЕПАСЕДЫ, або БУДЗЕНЬ ПЕНСІЯНЕРА

Тема: Прырода Лепельскага краю     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 1311

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Бензін у баку на рэзерве, хмары на небе ненадзейныя… Куды кінуцца ў вольны дзень? Вядома, бліжэй да прыроды і далей ад цывілізацыі. На Эсу! За Забаенне.

За Забаенскімі могілкамі спусціўся з гары ў эсенскую пойму. Упёрся ў брод ці пераезд, які зрабіў нейкі бульдазерыст, з абодвух бакоў ракі зрэзаўшы бераг. Няхай мне мае паганскія багі язык адсякуць, калі пакрытыкую чалавека за такую дзейнасць -- трэба ж людзям неяк перабірацца на той бок, дзе раскінуўся бор пад назвай Бор з процьмай ягад ды грыбоў. Паспрабаваў пераходзіць брод. Але маёй рашучасці ў заўсёды халоднай Эсе хапіла толькі да трусоў. Там жа, ведаю, можна і па шыю схавацца ў сцюдзёнай вадзе.

Не, купанне мне адмяняецца -- састарэў. Паеду лепш на блізкі абрывісты бераг, дзе зручна палатку паставіць. Хаваю яе ў засень разлапістай ракіты, аб чым потым пашкадую, бо ўвесь час з густой лістоты будуць падаць дажджом слінькі ракітавай тлі. Вуду з чарвяком закідваю ў добры рыбны закабай. Не клюе.

Камары заядаюць. Мой сусед Толік Ставіцкі, які на Цюменшчыне нафту ці то газ здабывае, навучыў замест усялякіх безэфектыўных афіцыйных рэпелентаў карыстацца сумессю дзіцячага крэму з ванілінам -- для камароў быццам атамная бомба. Зрабіў такую сумесь. Намазаў лысіну, твар, рукі. Быццам не кусаюць. Але ж спёка вымушае распрануцца да трусоў. Астатняе цела з’ядаюць ушчэнт камары, сляпні і авадні. Таму эфект Толікавага рэпеленту так і не магу пацвердзіць. У палатцы заедзь лёгка пабіць, зашпіліўшы ўваход. Але ў ёй душна, хочацца на ветрык. А ён так блізка -- на абрыве, куды плынь прыплывае з-за Халопенічаў Крупскага раёна.

Тут рака робіць паварот пад прамым вуглом, утварае вялікі вузкі паўвостраў, вяртаецца назад, зноў паварочвае на 90 градусаў і ў Лепель імчыць.

З вудай пераходжу на халопеніцкі бок паўвострава.

А тым часам у прысаку загорнутая ў фольгу бульба пячэцца. Пакуль яе правяраю, акунь сам праглынае кручок ляжачай на беразе вуды.

Толькі паспеў засмажанага з соллю акуня з’есці, як дзве верхаводкі выцягнуў. Таксама смачныя неверагодна.

Пачалі дакучаць забаенскія дзеці. Дзеўкі паплылі ў мой бок па рацэ, а два дзецюкі на роварах прыкаціліся на мой бівак ды іх чакаюць. Яшчэ адзін падшыванец пачаў шнырыць па маім табары ды да рэчаў прыглядацца. Давялося згарнуцца, бо дзень і так да вечара стаў набліжацца.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2010 год. ЛЕПЕЛЬ.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 235 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ