Вандроўныя нататкі старога валацугі
Першую частку Оды пісаў у жніўні 2001 года.
Колькі б вандроўнік ні падарожнічаў, кожнае месца начлегу назаўсёды фіксуецца ў яго памяці. І няважна, маляўнічы гарысты краявід яно сабой уяўляе, ці прыпадае на дрыготкую балоцістую купіну. За стацыянарна праведзеныя вечар, ноч і раніцу той кавалачак прыроды ператворыцца ў твой дом. І ўсё дзякуючы нязменнай спадарожніцы кожнага вандроўніка -- палатцы.
Гэтай аднамеснай Палатцы, якая мае нават уласнае афіцыйнае імя -- “Малютка”, -- месца ў музеі падарожжаў, калі існуе такі. Спіс месцаў начлегу, які яна ладкавала свайму Гаспадару -- бясконцы. Памятае Палатка зялёныя хвалі Чорнага мора, бясконцыя балоты Ноўгарадчыны, выпаленыя сонцам стэпы Пензеншчыны, некранутыя лесанарыхтоўшчыкамі лясныя нетры Сумшчыны, партызанскія мясціны Браншчыны, камарыныя нізіны Цвершчыны, лісцёвыя гушчары Калужчыны. За спіной Гаспадара правандравала Палатка ўздоўж дзесяткаў вялікіх і малых рэк, вакол шматлікіх блакітных азёр, бясконцымі стужкамі лясных дарог і сцежак, цяжкапраходным бездарожжам нерушнай запаведнай глухмені.
Неаднойчы Палатку шматалі летнія буры і палівалі праліўныя дажджы, секлі пясчаныя бураны і паліла бязлітаснае сонца, а яна толькі пажоўкла ды крыху памякчэла.
Гэтым летам Палатка святкуе свой юбілей. 15 гадоў яна валочыцца па белым свеце разам з Гаспадаром і на пенсію пакуль не збіраецца. І мяняць яе, савецкую трохкілаграмовую, на японскую паўкілаграмовую Гаспадар не збіраецца. Шкадуе ён сваю нязменную спадарожніцу і сяброўку, улічвае яе неацэнныя заслугі перад ім.
Быць да скону веку разам Гаспадару і Палатцы!
***
Мінаў час. І не стрымаў слова Гаспадар -- здрадзіў сваёй любімай сяброўцы. Правёў з ёй апошнюю ноч на беразе возера Урада з 23 на 24 ліпеня 2005 года дый купіў латышскую двухмесную, 1,8-кілаграмовую, з таксама уласным імем -- “Holiday”.
Вядома, новая зручнейшая. А старую “малютку” сыну ў спадчыну перадаў.
Першае хрышчэнне новай Палаткі адбылося… у кватэры. Як купіў яе Гаспадар 18 лютага 2006 года, паставіў у зале і спаць у ёй на ноч паклаўся. Нават Гаспадыню клікаў абнавіць пакупку, аднак яна адказала, што пакуль з глузду не з’ехала. А вось першае баявое хрышчэнне новая Палатка атрымала на курорце “Мялекіна”, што паблізу Марыупаля Данецкай вобласці. Было гэта на высачэзнай азоўскай кручы, паблізу помніка загінуўшым маракам.
І пайшло-паехала! Дзе толькі не пабывала Палатка. Але найчасцей месца сабе знаходзіла на роднай лепельскай зямлі.
Нават у небе лятала, калі Гаспадар выгрузіў з яе ўсе рэчы, а вецер надзьмуў лёгкае жытло ды ўзнёс высока ў неба настолькі, што ў кропку ператварыў. Але потым вярнуў Гаспадару яго каштоўнасць.
78 разоў ставіў новую Палатку Гаспадар. Апошні раз гэта адбылося 16 чэрвеня на Эсенскім абрыве за Забаенскімі могілкамі.
Гаспадар ужо на пенсіі, але адпраўляць на заслужаны адпачынак сваю любімую сяброўку пакуль не збіраецца. Няхай яшчэ доўга служаць адзін другому Гаспадар і Палатка.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2010 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |