30 июня 2012 в 08:37 — 1 год назад

ПЛАШЧАДКА, або ДАВАЕННЫ СЭРВІС НА МІНСКАЙ ШАШЫ

Тема: Природа Лепельского края     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1622

Вандроўныя нататкі старога валацугі

На шляху з Мінска ў Віцебск за паўтара кіламетра да комплексу прыдарожных паслуг “Гасцінны двор”, прама насупраць рэкламнага бігборда знаходзіцца стаянка для вялікагрузных аўтамабіляў.

Не ўзнімаецца рука перакладаць назву гэтага ўрочышча на беларускую мову, бо Пляцоўкай тутэйшую Плашчадку ніхто ніколі не называў. А назву мясцовасці надала не сучасная аўтастаянка, а стаўшы ужо легендай гістарычны аб’ект, які знаходзіўся якраз на яе месцы.

Плашчадка займае пік баравога ўзвышша, аточанага спалучанай нізкай поймай Эсы з былой Бярэшчай і нізінай перад Рудняй. Стаянка абстаўленая кантэйнерамі для смецця, таму транзітнікі наваколле практычна не забруджваюць. Да 2008 года, увогуле, у бары стаялі альтанкі для калектыўнага сілкавання і адпачынку, аднак лесаахоўнікі іх прыбралі, каб адпачывальнікі наўкола не раскідвалі смецце. А так яно размяркоўваецца па ўсім лесе і ў вочы не кідаецца.

Цяпер закінутая лясная дарога з Верабак да Плашчадкі раней служыла самым блізкім шляхам на Мінскую шашу -- 1,4 кіламетра. Яшчэ на мяжы 50-х -- 60-х гадоў мінулага стагоддзя на месцы цяперашняй аўтастаянкі стаяў аднапавярховы чырвоны мур без даху і шыбаў. Унутры яго ў падлозе знаходзіліся аглядныя ямы для рамонту аўтамабіляў. На сценах зялёнай фарбай была намаляваная вялікая свастыка -- сведчанне гаспадара будынка часін вайны. Тады ж, у пачатку 60-х гадоў, за непатрэбнасцю дарожнікі ДЭУ-736 разабралі збудаванне на цэглу. Да гэтага часу на ўзлеску ляжыць бетонная глыба -- частка падмурку ці сцяны.

Гісторыю з’яўлення ўрочышча з назвай Плашчадка ведаў даўно, аднак для большай дакладнасці звярнуўся па тлумачэнні да тады 79-гадовага жыхара Верабак Антона Дзёмкі (цяпер нябожчыка), працоўны шлях якога ў нейкай ступені звязаны з гэтай мясцовасцю. Антон працаваў абходчыкам Мінскай шашы. Яго пяцікіламятровы ўчастак доўжыўся ад Плашчадкі да возера Плоч, што за Рудняй. Удзельнічаў дарожнік і ў разбурэнні мура.

Брукаваная шаша Мінск -- Віцебск будавалася ў 1928 -- 1932 гадах. Галоўнымі будаўнікамі лічыліся гарбары. Імі былі прыезджыя людзі, вольнапасяленцы, зэкі. Пясок для дарожнага насыпу падвозілі на конях. Праезную частку масцілі колатымі камянямі. У 1938 годзе насупраць Верабак эксплуатацыйная служба пачала ўзвядзенне сэрвіснага комплексу, па-сучаснаму -- станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, што супярэчыць кпінам, быццам да вайны за суткі па шашы праязджала адна “палутарка”. Невядома, з чыйго трапнага слова пляцоўку тую сталі называць Плашчадкай.

Узвялі мур. Абсталявалі станцыю па апошнім слове тагачаснай тэхнікі. На задворках закапалі ёмістасці для бензіну. Аднак запусціць сэрвіс не паспелі -- пачалася вайна.

У муры на Плашчадцы акупанты размясцілі казарму. Антон Дзёмка сцвярджаў, што пажылі там фашысты ўсяго з год. Пасля ж актывізацыі партызанскага руху перамясціліся ва ўрочышча Усохі (цяпер там “Гасцінны двор”) у жылы дом работнікаў дарожнай службы, бліжэй да горада і далей ад лясных воінаў.

Наўрад ці так было на справе, паколькі Плашчадку і Усохі падзяляў усяго кіламетр шашы. Такая мізэрная адлегласць не магла стрымаць націску партызанаў. Перамяшчэнне нямецкай казармы было звязана хутчэй за ўсё з тым, што ў вайну рух па дарозе Мінск -- Віцебск практычна адсутнічаў з-за разбураных мастоў цераз Бярэзіну, Бузянку і Кесту. Транспартная сувязь паміж Лепелем і поўднем Беларусі ажыццяўлялася па старадаўнім Барысаўскім тракце, які праходзіў праз Забаенне, Чарнаручча, Юшкі, Вілы, Слабаду, Гадзіўлю,

Сталюгі, Аношкі, Замошша, Адамаўка, Латыгалічы, Маісееўшчына…

Найбольш верагоднай прычынай высялення немцаў з Плашчадкі можна палічыць блізкасць Усохаў да Барысаўскага тракту -- паўкіламетра.

Доўгі час ваколіцы Плашчадкі лічыліся грыбным месцам. Паміж ёй і Верабкамі стаяў невялікі лясны масіў Пеліца або Галодныя Могілкі, які ў грыбны сезон поўніўся дарункамі прыроды. Адразу за шашой таксама раслі грыбы ўсіх відаў, чарніцы, брусніцы. Два дзесяткі галоў таму назад бары выразалі. Цяпер на дзялянках расце маладняк з адпаведным відам грыбоў.

Мала хто ведае, што насупраць Плашчадкі, за лапікам бору і дзялянкай, лясная дарога скочваецца на маляўнічы ўзлесак і ўпіраецца ў вузкі сухі поплаў, які разразае хуткаплынная Эса з абрывістым берагам. Цудоўнае месца для адпачынку!

Ад гарадскога кафэ “7 вятроў” да Плашчадкі -- 8,2 кіламетра.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год ЛЕПЕЛЬ.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


71-я бродяжья новость. МУХА В БАТОНЕ. Валацуга  — 3 дня назад,   за неделю: 419 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ