Сведения об авторе смотреть здесь.

Ва ўтульным прыкасцёльным будынку адбылася чарговая сустрэча лепельскіх парафіян.

Дакладней кажучы, не парафіян, а парафіянак, бо спаткаліся жанчыны. Гэта сустрэча мела канкрэтную мэту – памаліцца за сваіх дзетак.

Ініцыятыва малення за дзяцей пачалася з наведвання лепельскага касцёлу арганізатаркамі сусветнага руху "Маці ў малітве" з Віцебскай дыяцэзіі. Тады віцяблянкі заахвочвалі лепяльчанак далучыцца да малітвы за сваіх дзетак і аб’яднацца пад агульным дэвізам руху, з’яднаўшыся ў малітве “Мы выратуем нашых дзяцей". Вядома ж, такі заклік не мог застацца не пачутым, і каардынацыю руху "Маці ў малітве" на Лепельшчыне на сябе ўзяла парафіянка Алеся Азаранка.

Спантанасці тут быць не павінна, таму рыхтаваліся хоць і нядоўга, але дасканала. Удзельніц руху напачатку сабралася шэсць чалавек. Гэта няшмат, але кожную сустрэчу далучаюцца яшчэ матулі. Ды ўвогуле, галоўнае не колькасць, а бязмежная любоў.

Словамі спадарыні Алесі Азаранкі: "На сустрэчы кожная матуля піша ў кружочку імя свайго дзіцяці, хроснага дзіцяці, ненароджанага (па нейкай прычыне) дзіця. Мы агулам молімся, спяваем песні, разважаем над прачытаным фрагментам са Святога Пісання. Складаем кружочкі з імёнамі дзяцей у скрыначку і з даверам аддаём іх Пану Богу (кладзецца скрыначка ля абраза Езуса Міласэрнага).

Яшчэ мы п’ём гарбату, разважаем над рознымі жыццёвымі сітуацыямі, дзелімся думкамі, уражаннямі, практыкай. Гэтыя сустрэчы вельмі аб’ядноўваюць, дапамагаюць пазнаёміцца, пазнаць адзін другога. Я лічу, што ў гэтых сустрэчах ёсць і псіхалагічны аспект. Калі хочацца падзяліцца нейкай жыццёвай абставінай, думкамі, праблемамі, сітуацыямі – гэта давер, дзе цябе не абразяць, нікому не распавядуць, не пасмяюцца з цябе.

Наша супольнасць – месца, куды можна прыйсці, калі табе цяжка, ты не ведаеш, што рабіць, і ў хвіліне маўчання пачуць адказ на свае пытанні. Гэта не проста гучныя словы – гэта сапраўды так.

Я вельмі радая, што ў нас пачаў дзейнічаць такі гурт. Справа не ў колькасці чалавек, а ў адкрытым сэрцы кожнай маці, якая давярае сваё дзіця Богу".
Снежань-2025.
![]() НРАВИТСЯ 2 |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |