ВКЛЦ - Вяликае княства Лепельскага Цмокаі
А што адкрываць, калі, здаецца, ужо ўсё аблазіў? Але ці ўсё? Напрыклад, не абследаваў мясцовасць у квадраце Вялікі Поўсвіж - Залессе - Баравенскія Хутары - Паддуб’е, паколькі лічыў, што там, апрача раллі і хмызу, нічога цікавага няма. Прасцей кажучы, буду даследаваць прастору паміж дарогай на Валосавічы і Аршанкай.
Амерыку не адкрыю, але для сябе і наведнікаў сайту штосьці незвычайнае знайду. Пачну з Паддуб’я.
Перад Паддуб’ем трэба крыху даць назад, каб звярнуць на прасёлак. Хутка пачынаецца вёска-прывід Масцішча.
Усё, што засталося ад доўгай вёскі - гэта старыя садовыя дрэвы ды падмурак хаты Леаніда Трубчанкі.
Падрабязна пра вёску-прывід можна прачытаць у маім рэпартажы Мостище - деревня-призрак
Ішоў полем.
Ішоў балотам.
Ішоў джунглямі.
А адкрыцця ўсё не было. Але, што гэта за след?
Несумненна, бабёр спілаваў дрэва і цягнуў яго да сваёй хаты па свежым снезе. Вось яно, адкрыццё! Усё жыццё думаў, што бабры будуюць хату звонку. Аказваецца, што пасля здачы яе ў эксплуатацыю працягваюць упарадкаваць жыллё знутры, зацягваючы будматэрыялы праз нару пад лёдам. След ад голля вядзе ў дзірку.
Адкрыццё для сябе зрабіў. Але не паспеў ацаніць яго значнасць, як здзейсніў другое: леснікі лес пасадзілі на месцы неўрадлівага поля.
Чым далей у лес, тым болей дроў. Пачынаецца вялікі ельнік.
Хто ведаў, што ў гэтай бязлеснай мясцовасці ў хуткім часе зашуміць пушча? Бясконцай будзе яна - канца краю няма лесапасадкам. Нават малакаштоўныя лісцёвыя дрэўцы выразаюць, каб не заміналі расці елкам.
Вось дзе сапраўднае адкрыццё! Не паспеў яму нарадавацца, як яшчэ болей уразіўся - і сасновы бор расце.
Але раней за мяне тут пабылі быдларусы і палову сосніку спалілі.
І ўжо непадалёк ад Капішча знайшоў схаваную ў кустах і балоце невядомую дагэтуль сажалку. Можна ўлетку на рыбу прыйсці.
Таксама адкрыццё! Задача выкананая. Можна спакойна наведаць Капішча.
Маркотна, мабыць, Перуну зімаваць у самоце. Як і Следавіку, бо яны адзін другому не пара - культавыя аб’екты пакланення з розных эпох.
А цяпер можна і адпачыць пад Перуновай гарой.
Дзень прайшоў выдатна – процьму адкрыццяў зрабіў. Вось і вер пасля ўсяго, што ўжо адкрываць няма чаго, бо ўсё даўно адкрыта. Але Вяікае княства Цмока Лепельскага вялікае, нават Блукач Валацужны не ў кожным куточку пабыў. Што тады казаць пра пафігістаў?
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |