10 апр 2017 в 23:02 — 8 лет назад

ПАЛЕССЕ. Пошукі стасункаў з тамтэйшымі нячысцікамі

Тема: Блукач у Вялікім Княстве Літоўскім     Сегодня: 1, за неделю: 3, всего: 1794

Хвастанула вандроўная лейчына пад хвост Блукачу Валацужнаму, і той, бы жарабец неаб’езджаны, панёсся на поўдзень Беларусі, вясной абуджанай.

 Цягнік выплюнуў бадзяўку несусветнага на калінкавіцкі перон сонечны.

 Гарадскія эцюды ды тлум – па барабану Валацужнаму, хіба маналіт у памяць аб Чарнобылі заслугоўвае ўвагі адпаведнай.

 …І хутчэй – за горад надакучлівы, туды, дзе нячысцікі хаваюцца ва ўтульным ламаччы лясным ды водарнай твані балотнай.

 У такім лесе нізінным хіба што Кікімары шабашы ладкуюць балотныя.

 Доўга цягнуцца гаем лісцёвам непрыветным не давялося – тупіком паўстала рэчка Млынок каналізаваная, Вадзянік з якой ну ніяк не хацеў фатаграфавацца вылазіць.

 Шмат сноўдаўся бадзяўка лепельскі туды-сюды па гушчарах ды балотах мясцовых, здалёк стасаваўся з нячысцікамі палескімі, аж пакуль не пацягнула ў цёплую кватэру ўтульную.

 З раніцы Чорт панёс Валацугу за ўскраіну Калінкавічаў супрацьлеглую – туды, дзе абавязкова жыве Лесавік Калінкавіцкі.

 Лесавік ужо чакаў чужынца неўтаймаванага - стол яму змайстраваў палудзенны, дроў для вогнішча насушыў дастаткова.

 Поўзаў па Палессі лепелец непрыкаяны ды клікаў нячысцікаў на інтэрв’ю давяральнае, аднак дурных не знайшлося – Багнік хіба-што фічку паказваў са смярдзючай багны тваністай.

 Блукач дае палец на адсячэнне, што ў канаве багністай нячысцікі на падбалотным капішчы тусаваліся, аднак тыя не хацелі бяды прастаку наіўнаму, а таму і не паказалі сваю натуру жахлівую.

 Але і пакруцілі нячысцікі па Палессі Гомельскім госця няпрошанага, што той ледзь пад вечар выбраўся да Калінкавічаў незразумела з якога боку невядомага.

 Блукач мужна канец дня перачакаў ды ноч пратрымаўся і раніцой зноў падаўся ў княства нячыстай сілы палескай.

 Доўга блукаў балотамі багністымі ды гушчарамі непраходнымі, пакуль не натыкнуўся на жытло суровага Балотніка Калінкавіцкага.

 Усё ж сам Гаспадар балот спрадвечных на гутарку не выйшаў грунтоўную, але з нетраў тванных паведаміў Блукачу Валацужнаму, што яму адчыняецца вуліца зялёная ў любы куток краю Палескага як сябруку лепшаму нячысцікаў паазерскіх, чым Валацуга імгненна пакарыстаўся і раскінуў бівак у самых нетрах гушчароў калінкавіцкіх.

 Сваю прыязнасць сябра Балотнік выказаў Блукачу Валацужнаму найлепшым пачастункам вясновым – спусціў яму сок бярозы.

 Не з усімі пачварамі ляснымі ды балотнымі пастасаваўся Блукач Валацужны на зямлі калінкавіцкай, аднак пошукі іх рашыў падоўжыць у Ельскім краі загадкавым.

 Каб не крыўдзіць нячысцікаў мясцовых, Блукач вырашыў наведаць музей краязнаўчы, хоць экспазіцыя ва ўсіх райцэнтрах практычна аднолькавая: дыярамы з чучаламі звяроў беларускіх, прадметы побыту старадаўняга, згадкі аб вайне апошняй, моманты будаўніцтва камунізму міфічнага…

 Безумоўна, утульны выгляд мае Ельскі парк невялічкі, аднак наўрад ці асталяваўся які нячысцік няўрымслівы ў такім вадаёмчыку маламаштабным.

 Шукаць ворагаў лютых свету праваслаўнага можна толькі ў бязлюддзі загарадным.

 Далёка зайшоў, бо ўжо і гнёзды духаў лясных з’явіліся.

 Але Блукачу трэба атрымаць дазвол на знаходжанне ў нетрах ельскіх ад самога іх гаспадара ляснога – Лесавіка сярдзітага, толькі дзе яго шукаць, грознага? Не паспеў так падумаць бадзяўка, як на дрэве заўважыў хатку казачную Гаёвіка не менш лютага і пачаў голасна прасіць таго дазволіць агледзець яго ўладанні дрымучыя. Зверху данёсся рокат прыязны рыку неверагоднага.

 Значыць, дазвол атрыманы, можна брысці на ўсе чатыры бакі свету белага, іншыя нячысцікі будуць толькі вітаць цяпер ужо сябрука самога Гаёвіка Ельскага. Так доўга блукаў Блукач Валацужны, што аж абутак стаптаў канчаткова. Назад у ім не дайсці, кінуць тут – Гаёвіка з Лесавіком узлаваць і давер іх згубіць. У заплечніку знесці на сметнік санкцыянаваны? Але дзе яго шукаць у пушчы змрочнай?

 - Спалі! – зашумелі шаты соснаў вялікіх, расхістаныя Лесавіком тутэйшым .

 “А і праўда, - прыкінуў Блукач Валацужны. – Мог і сам да таго дадумацца”.

 Вось цяпер можна з чыстым сумленнем і перакусіць у валоданнях нячысцікаў лясных.

 Удаліся стасункі ельскія з сілай лясной нячыстай. І Блукач укінуўся ў мары летуценныя аб новым бадзянні па бураломах і тванях ужо брэсцкіх.

 У музеі вандроўніку ўручылі даведнік рэкламны пра раён Драгічынскі, паводле якога можна праводіць пошукі нячысцікаў мясцовых у самых глухіх кутках гэтага краю палескага.

 І падарожнік адчаяны скіраваўся ў далячыні загарадныя.

 Доўга гойсаў на ровары арандаваным па лясных сцежках-дарожках пакручастых.

 Меў толькі стасункі віртуальныя з пачварамі ляснымі ды балотнымі. Вадзілі яны чужынца за нос доўгі, бачна, не жадаючы прызнаваць за кораша свайго, аж пакуль не наехаў на сажалку запушчаную пры глухім шляху малаезджаным.

 І падказаў голас унутраны, што тут мае прыстанішча часовае сама Кікімара Ельская, трэба спыніцца на гадзіну-другую, можа і прызнае за свайго аднадумцу закадычнага.

 Так і атрымалася, як падумалася. Забурбуліла твань сажалкавая, і з вады на траву леташнюю выпаўзла пачвара незразумелая: Чорт, не Чорт, але страшыдла неаспрэчнае.

 Заматыляў ці то хвастом, ці то галавой той гад падкалодны, усё ў адзін бок паказваючы. Блукач нутром адчуў зварот да сябе асабісты і ўключыў навігатар смартфонаўскі. У баку тым, на які ўказвала галава-хвост кудлатая, сінела плямка блакітная. Сабраў Валацуга манаткі валацужныя ды рушыў у накірунку стрэлкі навігатарнай. Адоленыя кіламетр за кіламетрам набліжалі аб’ект невядомы. Ім аказалася возера невялікае, можа нават і штучнае, бо пасярод яго з вады вылазіла трава донная – значыць, мелкае. Але ў вадаёме такога памеру ўжо павінен абавязкова жыць Вадзянік традыцыйны. Уладкаваўся Блукач на беразе травяністым і стаў у думках прасіцца да гаспадара возера на аўдыенцыю асабістую.

 Кантакт адбыўся мо праз гадзіну якую. Голас унутраны загадаў вяртацца ў горад вечаровы, наводка неабходная паступіць роўна апоўначы.

 Пасля таго, як Блукач выключыў святло электрычнае ў сваім прыстанку драгічынскім, шпалеры над ім ператварыліся ў неба зорнае.

 Настолькі соладка спалася, што нават бяссоніца хранічная не дапякала цягаўку неўтаймаванага. Быццам і не было таго кантакту начнога, аднак раніцой Блукач ужо ведаў, што яму трэба спяшацца на станцыю аўтобусную.

 Перад касай білетнай міжволі вымавілі вусны непаслухмяныя:

 - Квіток да Зарэчкі, будзьце ласкавыя.

 У Зарэчцы сілы недружалюбныя расчынілі над Блукачом неба пахмурнае.

 Аднак ногі аўтаматам панеслі на мост гарбаты цела бязвольнае. Навошта яны робяць такое? Адказ прынёс дарожны знак звычайны.

 Вось куды сяброўскія сілы нячыстыя завялі свайго прыхільніка адвечнага! Каб параўнаў стан на паўтара дзесятка гадоў старэйшага брата нашай воднай сістэмы Бярэзінскай. Вядома, параўнанне тое не на карысць сястры малодшай.

 Старэйшы брат Сістэмы хоць і састарэў прыкметна, аднак памерці канчаткова яму не далі, дагэтуль зрэдку выконвае ён свае функцыі суднаходныя. А куды цяпер кінуцца ў такое надвор´е прамозглае?

 Нейкая пачвара за спіной заварушылася, ды штурхаць наперад, уніз па плыні ўзялася. Аднак у хуткім часе дамбу так густа аблыталі хмызы акацыі, што калючкамі пачалі драць плашч непрамакальны.

 Давялося вяртацца назад сцежкай пройдзенай.

 Можа зарэцкія нячысцікі не хочуць падпускаць Блукача да свайго логава патаемнага? Аднак чаму тады падсвядома скіравалі яго ў такую далячынь несусветную? Трэба паспрабаваць абысці зараснікі акацыі вуліцай Зарэчкі доўгай і выйсці да каналу за вёскай яшчэ больш даўжэзнай. Удалася аперацыя задуманая.

 Да чаго магутны канал Дняпроўска-Бужскі! Не разваліўся, бы нашая Сістэма Бярэзінская. Можа таму, што пракладвалі яго будаўнікі вольныя Вялікага Княства Літоўскага, а Сістэму – сяляне прыгонныя ды катаржнікі змардаваныя царскай Расіі гальдштэйнаўскай? Больш трывалымі ліцвіны сумленныя зрабілі гідразбудаванні канала суднаходнага?

 Цалкам сцежку схаваў у траве леташняй Лугавік Зарэцкі, абутак Блукачоў наскрозь вымачыў вадой халадзючай.

 Куды паўзеш, Блукач Валацужны? Увалішся ў нару бабровую, Вадзянік зацягне далей, дык ніхто і астанкаў тваіх не знойдзе. Вяртайся, прыдурачны! Але упартасць валацужная не дазваляе развярнуцца ў бок адваротны. Сёмы кіламетр шляху ўздоўж берага пайшоў. Якраз паўз дамбу скончылася балота і лес пачаўся. Занырвай у яго.

 Але гэта быў не знешні голас погані клапатлівай, а Блукачова стомленасць схіляла яго заглыбіцца ў пушчу дрымучую і выйсці на якую-небудзь дарогу віхлястую. Так і зрабіў бядак стомлены. Але раптам на ствале сасны стогадовай зазіхацела незразумелае ззянне асляпляльнае.

 Ну, якраз быццам крыху скасабочаны дарожны знак “Праезд забаронены”. Папярэджанне дружалюбных нячысцікаў, каб не хадзіў у лес незнаёмы, бо бяда напаткае сур´ёзная? І Блукач паслухаўся, вярнуўся на дамбу узбярэжную. Аднак не назад пайшоў, а наперад рушыў – павінен жа быць нейкі зыход гэтаму месцу гібламу. І нарэшце перад позіркам паўстае панарама гідравузла грандыёзнага.

 Яна азначае канец пакутам дарожным. Адтуль лясная дарога завядзе ў Зарэчку цвёрдым долам сухім. Цяпер самы раз спакойна падсілкавацца грунтоўна. Хоць усё наўкола намоклае, Блукач здолеў раскласці вогнішча ратавальнае. Закіпае вар парысты. У кубках яго ўжо чакае заварка чайная і парашок супу канцэнтраванага. У свядомасць зноў усяляецца супакаенне прыемнае.

 Вось і сам гідравузел сучасны. Асабліва добра бачны ён з вышкі ахоўнай.

 Пераправа ёсць як на востраў, так і на супрацьлеглы бок каналу раздвоенага. Аднак разведаць, што гэта за аб’ект незразумелы, Блукач баіцца, бо яго тут могуць прыняць за шпіёна амерыканскага.

 Без спеху, спакойна, абдумваючы свае блуканні палесскія ў пошуках стасункаў з нячысцікамі гомельскімі ды брэсцкімі, Блукач задаволены пацёгся палямі раўністымі ды лясамі змрочнымі на супынак аўтобусны. Тым часам і дождж перастаў надакучлівы, і Зарэчка неўзабаве паказалася.

 Цэлы тыдзень блукаў Блукач па невядомых мясцінах захапляльных. Пабачыў гэтулькі загадкавага і цікавага. Меў стасункі з нячысцікамі паляшуцкімі. Шкада, што прыемнае усё адно калі-небудзь заканчваецца. Аднак і дома трэба нарэшце паказацца ды ў сям´і зафіксавацца. Часова, вядома. Да наступнага ўдару лейцамі пад хвост валацужны.

 Вось і фотаказка ўся, валацужная.

Калінкавічы – Ельск – Драгічын.

31 сакавіка – 7 красавіка 2017 году.

Валадар ШУШКЕВІЧ.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ