Лепельскія бадзяўкі Блукач і Скалаброд загарэліся ахвотай штурмаваць самую высокую вяршыню Лукомскага ўзвышша вышынёй 279,4 метра над узроўнем мора, што згубілася ў чатырохкутніку Грыгаравічы-Вялікія Таронкавічы-Ляхавічы-Пахомлевічы.
Дарога была гразкая, таму да задуманай мэты рушылі пехатой.
Дапамагала пракладваць маршрут падрабязная касмічная мапа.
З поля скрозь лясную верацейку выйшлі на раллю.
Ішлі лесам, які забіраўся ўсё вышэй і вышэй у неба.
Без навігатара не знайшлі б макаўку гары ў бярозавым гушчары.
А як адшукалі, дык абурыліся.
Геадэзічны знак падпёрла складня спарахнелых і ўжо нікому не патрэбных дроў, быццам для яе не знайшлося іншага месца.
Ад былога трыганаметрычнага пункта застаўся валун-пастамент з мантажнай дзіркай.
Сам бетонавы знак з адлітым крыжом па версе валяўся ў кустах. Бадзяўкі паставілі маналіт на аснову, аднак узгрувасціць на ранейшае месца не здужалі.
Грунтоўна адпачылі, бо стаміліся.
За кубкам гарбаты разважалі аб лепельскай бездухоўнай абыякавасці: не надаваць вядомым спакон вякоў прыродным і гістарычным аб’ектам уласных назваў, а таксама забывацца на тыя, што прыдумалі прашчуры – маглі б гару хаця б прымітыўна ахрысціць Грыгаравіцкай.
Спускацца да падножжа было лягчэй, чым караскацца на вершаліну.
Але ўздыхаць з палёгкай было рана – колы нашага Мата наперадзе пільнавалі глеістыя лужыны і коўзкая квашаніна.
На зваротнай дарозе завярнулі ў двор старой Грыгаравіцкай школы, з якога савецкі храм навукі ў асобе яго дырэктара Васіля Паўлавіча Бародзіча спіхнуў каменныя надмогільныя маналіты і крыжы ў кусты. Пасля смерці школы свядомы бульдозер трактарыста аграсэрвісу Колі Сцяпанавіча Тухты выцягнуў пліту 1864 году нараджэння і паставіў прыкладна на ранейшае месца.
Падрабязна аб тым з расшыфроўкай каменнай эпітафіі чытайце тут: “ЭКСПЕДИЦИИ. Некрополи Григоровичского края”.
6 лістапада 2017 году.
НРАВИТСЯ 1 |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Молодцы! Я пару раз бывал тут. Было желание подняться, да непроходимые кусты отбивали охоту