Нарадзіўся ў вёсцы Баброва. Вучыцца ў шостым класе Баброўскай школы. Жыве ў Баброве.
Цяпер мы з братам ужо дарослыя: ходзім у пяты і шосты класы. А калі былі маленькімі, то самым родным і любым месцам на зямлі была наша маленькая рачулка, што бяжыць за агародам дзядулевай хаты.
Жабка. Якая дзіўная назва!
- Бо многа жаб, – казала мама, калі вадзіла нас з братам купацца.
Тады, у нашым далёкім дзяцінстве, Жабка здавалася нам вялікай паўнаводнай ракой. Мама чамусьці не баялася, спакойна сядзела на беражку, калі мы і ныралі, і ў водныя даганялкі гулялі ды плавалі.
Якія пакатыя беражкі, зарослыя мяккай травой; які жоўты пясочак на дне; які высокі трыснёг расце на берагах! А яшчэ мы с братам лавілі ракаў, што зашыліся пад карчы.
Вада ў нашай рачулцы чыстая, празрыстая, хуткаплынная. Адкуль яна цячэ? Куды? Гэтымі пытаннямі ў дзяцінстве не задаецца, напэўна, ніхто. Проста атрымлівае асалоду ад вады, ад купання, ад гульняў.
Яшчэ тады і мама з татам, і дзядуля з бабуляй называлі раку Жабкай. Так казалі і мы.
Якім жа было маё здзіўленне, калі ў час падарожжа ў вёску Падаліца, дзе нарадзіліся і тата, і дзядуля, мне паказалі масток і рэчку ды сказалі:
- Глядзі, гэта наша Жабка.
Жабка? А дарожны ўказальнік кажа: “Дзіва”. Сапраўды, дзіва дзіўнае! Дык якая ж назва правільная? Дзядуля пасмяяўся:
- Экскаватарка.
Як? У адной ракі тры назвы? На нашы пытанні тата не змог адказаць. Накіраваў да дзядулі:
- Заблытаў хлопцаў, дык няхай і тлумачыць зараз.
І дзядуля растлумачыў. Нават мой непаседлівы брацік Максімка быў зацікаўлены і ўважлівы. Аказваецца, ў народзе рэчку завуць Экскаватаркай, бо даўно-даўно рашылі правесці канал паміж двума азёрамі – Катоўскім і Астроўна. Той ручай, што злучаў азёры, выпрамілі экскаватарам. Дарожнікі памыліліся і паставілі знак “Дзіва” не там, дзе трэба. Рака Дзіва злучае Катоўскае і Рагоўскае азёры. А дарожны знак перад сапраўднай Дзівай не стаіць.
Увогуле, Жабка – назва маленькай вёсачкі ў пяць двароў, што некалі тулілася да ручая.
- Дык як называць маю рачулку? – не разумеў я.
- Як хочаш, – засмяяўся дзядуля. – Як больш падабаецца. Мы завём Жабкай.
Мы выраслі. Купацца ў рэчцы стала нецікава. З сябрамі лета праводзім на пляжы возера Астроўна.
- Што, забыліся на рэчку? А яна чакае вас, – аднойчы сказаў дзядуля.
Што там робіцца? Мы ж даўно на Жабцы не былі! Ужо мы дарослыя, можна схадзіць да яе і без мамы.
Калі мы прыйшлі на беражок, то Максім аж заплакаў. Здаецца, рэчачка чакала нас і сумавала. І толькі беражкі яе зараслі без нас. Мы будзем даглядаць цябе, мілая Жабка, як у дзяцінстве.
Першы раз выкасіць берагі мы папрасілі дзядулю. Цяпер робім гэта самі.
І паўз рачулку мы прайшлі: сабралі смецце, выдралі лішнія расліны, прыбралі паваленае дрэва.
Няхай жыве мая Жабка і нясе свае імклівыя воды ў возера!
2018
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |