08 мар 2018 в 08:27 — 7 лет назад

556. ПАД МАЛЯВАНЫМ КРЫЖАМ. Храмцова Варвара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 1336

Вучыцца ў 9-м класе Баброўскай школы. Жыве ў Баброве.

      Паданні і легенды перадаюцца ў кожнай мясцовасці ад старэйшага пакалення да маладзейшага, ад дзядоў і прадзедаў да ўнукаў. І так з пакалення ў пакаленне. Шкада, але мае аднагодкі ўжо амаль што не ведаюць ні легенд, ні паданняў мясцовага паходжання.

     Мне ж пашанцавала. Хоць і не мясцовыя мае бацькі, а “прыезджыя – чарнобыльцы”, усё ж я, хутчэй за ўсё, ведаю больш назваў палёў і ўрочышчаў, лясочкаў і пералескаў, вёсачак і былых хутароў, чым мае аднагодкі.

     Чаму так? Ды ўсё вельмі проста. Мой тата – дырэктар саўгаса “Баброва”. Яго праца – гэта паездкі, паездкі, паездкі па ваколіцах Баброва і Матырына. Як жа я люблю пакатацца з ім!

     Уяўляеце: раніца, сонца толькі ўзыходзіць, а на полі танец жураўлёў. Або спыніць папа машыну, знакамі пакажа, каб ціха ішла за ім – і мы слухаем такаванне цецерукоў.

     І ўсё ж я больш люблю слухаць розныя аповяды пра розныя мясціны.

     Ведаю іх шмат-шмат. Але, напэўна, больш уразіла адна: чаму маленькае балоцістае поле мае назву Пад Маляваным Крыжам?

     З гісторыі мы ведаем, колькі войнаў прайшло праз нашы землі. Не абыходзілі ваенныя дзеянні і нашу Лепельшчыну, Баброўшчыну.

     Вайну 1812 года – Айчынную вайну – у народзе называюць Французскай.

     Не захавала памяць народа, як наступалі французы, як рабавалі народ. Памяць чалавека такая, што дрэннае забываецца хутчэй. А вось пра тое, як ганебна ішлі французы дамоў, расказвалі бясконца і са смехам.

     Французы былі змардаваныя, “галодныя і халодныя”, абкручаныя рыззём. Адны ішлі групамі, іншыя групкамі, а хто і самотнікам. Яны не стараліся днём ісці, бо баяліся людзей. А ноччу рабавалі, каб хоць што з’есці.

     І была ў людзей дамова: не выпускаць французаў з нашай зямлі, каб не згрупаваліся больш, не пайшлі зноў вайною.

     Трэба іх забіць. Але ж наш народ заўсёды ўсіх шкадуе. Таму, забіўшы, хавалі французаў у адным месцы, склаўшы штабялямі. А потым абсыпалі зямлёю. Атрымліваліся такія высокія насыпы – курганы, якія народ і дагэтуль называе французскімі пахаваннямі ці валатоўкамі.

А адзін француз ішоў самотнікам. Убачылі яго нашы. Прыбеглі. А ён, небарака, стаіць, плача і знакамі паказвае, што не хоча на неба, хоча тупаць па зямлі. І мармыча, мармыча нешта па-свойму.

     Пашкадавалі яго людзі. Ведама ж, чалавек. Шкада. Паклалі ў знак згоды вілы і рыдлёўкі ўбок. Але з–за спін выскачыў адзін селянін і як дасць таму небараку па галаве рыдлёўкай! Накінуліся сяляне на свайго аднавяскоўца: што ж ты нарабіў? Але француза не вернеш.

     Выкапалі яму, пахавалі па ўсіх хрысціянскіх звычаях. Нават святара з Макараўскай царквы запрасілі. Але, каб адрознівалася пахаванне ад нашых, каб бачна было, што тут пахаваны вораг, зрабілі яму крыж чырвонага колеру. Не, не пафарбавалі ў чырвоны колер, а з дрэва, якое пры зрэзе чырванее – з крушыны.

     І стаяў гэты маляваны крыж больш за паўтараста гадоў.   І даглядалі магілу вяскоўцы. А поле, дзе была магіла, называлі Пад Маляваным Крыжам.

     Сумная і прыгожая легенда. А можа паданне? Яго распавёў тату адзін заляшанскі трактарыст.

     А яшчэ, аказваецца, непадалёку праходзіла “панская дарога да касцёла”, што ў Губіне. І стаяла ля дарогі карчма. А непадалёку ад поля, якое завуць Пад Маляваным Крыжам, знаходзілася прыгожая чырвоная арка – брама, якая паказвала межы панскіх уладанняў.

Якая легенда дала назву полю – не ведаю. Але ж яны абедзве прыгожыя.

2018



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ