Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Слабадскія даследчыкі мінулага падарожнічаюць па розных кутках Лепельшчыны. Аднаго разу яны са сваіх лясных нетраў - Свядскай Пушчы - выбраліся ў мясцовасць, багатую на старажытную гісторыю.
Калі паглядзець на карту, то можна заўважыць, што рака Ула, якая бярэ пачатак з Лепельскага возера, і прылеглыя да яе восем азёр утвараюць своеасаблівы азёрны рэгіён. Наяўнасць блізкай вады і ўрадлівых зямель наўкол вадаёмаў вабілі ў даўнія часы нашых продкаў. Пра гэта сведчаць і шматлікія помнікі археалогіі ў тых мясцінах.
З шумлівага Віцебскага бальшака збочваем на бойкую дарогу. Праз два кіламетры на крутым пагорку паўстаюць хаты вёскі Жарсцвянікі. Паселішчаў с такой ці падобнай назвай дастаткова сустракаецца ў розных рэгіёнах Беларусі. Назва гэта ўказвае на навакольны характар глебы, у якой пераважае жарства – буйны пясок ці дробныя каменьчыкі з разбуранага граніту. У даўнія часы адмыслова выраблялі жарству, перапальваючы камяні і апускаючы іх у халодную ваду. Потым здрабнялі на зерняцёрках. Атрыманая сыравіна выкарыстоўвалася ў якасці дамешка ў гліняны посуд. Гэта павялічвала яго трываласць пры гатаванні ежы на вогнішчы.
З высокіх пагоркаў паўстаюць прыгожыя навакольныя краявіды. Стромкія ўзвышшы, дзе-нідзе парослыя кустоўем, саступаюць месца палям з культурнымі раслінамі, а бліжэйшы лясны масіў выцягнуўся зялёнымі абрысамі амаль на лініі небасхілу. Дзеці, якія выраслі ў атачэнні лясоў, адразу гэта заўважаюць.
Скрозь кусты прабіваюцца сонечныя водблескі воднай роўнядзі возера Глыбочыца. Спускаемся ўніз да вадаёму. Рухаючыся ўзбярэжжам, выходзім да пратокі, якая злучае азёры Глыбочыцу і Бораўна. Адразу за пратокай, рэчышча якой нагадвае рукатворны канал, пачынаецца ўрочышча Княгінкі.
Менавіта тут у 1859 годзе археолаг Міхаіл Кусцінскі раскапаў некалькі курганоў. Былі знойдзены жалезныя сякеры і капьё, жаночыя ўпрыгожванні. У 1951 годзе Княгінкі даследаваў археолаг Аляксей Мітрафанаў. Ён раскапаў адзін курганны насып з жаночым пахаваннем, якое датаваў ХІІ стагоддзем. Да нашага дня захавалася шэсць круглявых па форме насыпаў, якія хаваюцца ад цікаўных вачэй сучаснікаў у гушчары алешніку.
Далей шлях ляжыць да аднаго са старых паселішчаў – вёскі Бораўна. Назва паселішча сведчыць пра тое, што тут калісьці быў вялікі сасновы лес. Цяпер пра гэта мала што нагадвае. У наваколлях няма значных па плошчы лясных масіваў, бо іх высякалі на працягу некалькіх стагоддзяў. Плыты з будаўнічым лесам у Заходняю Дзвіну сплаўлялі і ў пачатку ХХ стагоддзя.
Каля Бораўна знаходзіцца гара пад назвай Царкавішча. У першыя стагоддзі нашай эры на ўзвышшы тубыльцы збудавалі ўмацаванае паселішча дзеля абароны ад ваяўнічых суседзяў. Для гарадзішча было абранае зручнае месца – круглая і плоская па форме пляцоўка на высокім марэнным пагорку.
З паўднёвага боку паселішча было ўмацавана высокім валам і ровам. З паўночнага і паўночна-ўсходняга боку існавала прыродная перашкода - безыменная рачулка, прыток Улы. У 1972 і 1976 гадах помнік, датаваны VІІІ стагоддзем, даследаваў археолаг Аляксей Мітрафанаў.
Калі пагроза знешняй небяспекі перастала існаваць, насельнікі перасяляюцца ў больш зручнае месца. Туды, дзе зараз і знаходзіцца Бораўна.
На поўнач ад сучаснага паселішча, у лясным масіве, паводле апісання мясцовых жыхароў, мы адшукалі чатыры курганныя насыпы, якія па часе можна аднесці да Х – ХІ стагоддзяў.
Два дні, праведеныя ў археалагічнай экспедыцыі, сталі добрай палявой школай для слабадскіх следапытаў. На свае вочы пабачылі тое, пра што раней толькі чыталі ў падручніку гісторыі, нават і не здагадваючыся, што гісторыя тая зусім побач.
Напісана ў 2018 годзе.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
Валерый, это не та гора Церкавища с каменным крестом на вершине, что находится с правой стороны трассы Минск- Витебск нне доезжая моста череэ реку Улла. Если смотреть с горы на юг были видны склады со взрывчаткой, дальше
озеро с раками, а впереди ещё озеро и там дальше Боровно (не видно ) . Последний раз лет тридцать назад был там
был там, место интересное, не о нём ли Вы рассказываете? Дед-всевед.