Звесткі пра аўтара глядзець тут.
Кожны раз, скіроўваючыся ў вандроўку, імкнешся як мага болей даведацца цікавага аб мінулым свайго краю. У чарговае падарожжа з дзецьмі Сяргеем і Дзімам Падабедамі, Дзімам Гацурам падаліся на веласіпедах.
Раніцай, калі барвовы сонечны дыск толькі-толькі паказаўся на гарызонце, рушылі ў дарогу. Бойкая жвіроўка яшчэ была скаваная невялікім начным марозікам. У хуткім часе стаялі з веласіпедамі ля мастка праз Эсу. Дзе-нідзе ў пойме ракі ззялі лужыны, асветленыя першымі промнямі сонца – сведкі нядаўняй паводкі.
Паспяхова пераадолелі прыродныя перашкоды і выбраліся на лясную дарогу, якая прывяла ў Валатоўкі. Зусім нядаўна гэтую вёску пакінулі апошнія жыхаркі – дзве бабулі. Вырашылі прайсціся, паглядзець, як жылі і чым займаліся людзі ў гэтай лясной глухмені. Распятымі дзвярыма сустрэла нас самая старая, але яшчэ даволі моцная будыніна. Такія хаты будавалі яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Гэта так званае трохкамернае жытло: пасярэдзіне сенцы, па адзін бок – жылая палова, па другі – памяшканне для гаспадарчых патрэб ці варыўня.
Усяго ў Валатоўках захавалася сем хацін і толькі адна была зачынена на замок. На астатніх запоры ўвогуле адсутнічалі ці былі па-варварску выдраныя. У хатах усё параскіданае, нібыта штосьці шукалі.
Праз некалькі кіламетраў за Валатоўкамі перасякаем Байну, якая сваімі водамі сілкуе Эсу. Пакідаем убаку Рэўтполле і зноў хаваемся ў лясным гушчары.
Спыняемся ў вёсцы Красналучка, хочам даведацца пра гісторыю паселішча. На жаль, памерлі старажылы Красналучкі, забраўшы з сабой звесткі аб мінулым паселішча. Далей праз Новыя Валосавічы накіроўваемся да Таронкавічаў. 3 невялікімі дапаўненнямі гэтую назву носяць тры паселішчы: Малыя Таронкавічы, Двор-Таронкавічы і Вялікія Таронкавічы.
Скаціўшыся на веласіпедах са стромкага схілу, аказваемся ў вёсцы Двор-Таронкавічы. Тут месціцца будынак канца XIX – пачатку XX стагоддзяў - бровар.
Да нядаўняга часу ў гэтым помніку гісторыі знаходзіліся складскія памяшканні, таму добра захаваліся не толькі сцены, але і драўляныя перакрыцці пад дахам.
Падумалася, што пры пэўным укладанні грашовых сродкаў можна аднавіць будынак.
За пару кіламетраў ад Двор-Таронкавічаў у глухім змрочным гушчары хаваецца вялікі Рабінавы камень.
У народзе назву прыпісваюць чырванаватаму колеру камлыгі. Аднак сталічныя навукоўцы лічаць, што называцца так камень пачаў ад слова “рабін”. Рабін - служыцель культу, духоўны кіраўнік вернікаў у яўрэйскай рэлігійнай абшчыне. А ў наваколлях Таронкавічаў у даўніну жыло шмат яўрэяў.
2002 год.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |